Рыэлтар: У параўнанні з мінулым годам арэнда жылля падаражэла на 20—30%
Апошнім часам у сацсетках часта з’яўляюцца абураныя допісы, натхнёныя аб’явамі аб арэндзе жылля ў Мінску. Нават адкрыта бабуліны варыянты людзі спрабуюць здаваць выгадна, бо калі ёсць агульная тэндэнцыя падаражання — грэх ёю не скарыстацца.

У чым прычына росту цэн і што будзе далей, распавяла Onliner.by начальніца аддзела арэнды групы кампаній «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая.
— За мінулы год кошт арэнднага жылля ў беларускай сталіцы вырас на 10—15%, — кажа Маргарыта Пачыцкая. — Гэту інфармацыю мы давалі ў маі 2025 года. Можна сказаць, што ў параўнанні з маем цэны павялічыліся яшчэ на 10—15%. Даляр ужо паспеў істотна патаннець, і кошт для некаторых арандатараў адпаведна змяніўся.
Магчыма, падаражанне абумоўлена яшчэ і тым, што «бабуліны» варыянты з кожным годам «вымываюцца» з рынку. Усё больш з’яўляецца новабудоўляў, і, адпаведна, расце попыт на іх.
Арандатар маладзее, і ў прыярытэтах у яго акуратныя сучасныя кватэры з поўнай камплектацыяй.
Паводле даных спецыялістаў аддзела арэнды агенцтва «Твая сталіца», кошт аднапакаёвых кватэр у старым жыллёвым фондзе стартуе ад $300. За звычайную «двушку» просяць ад $350. Мэбляваныя «тройкі» — ад $400.
Пры прывабна нізкай цане за арэнду «бонусам» можа быць адсутнасць рамонту ці мэблі. А вось у свежых новабудоўлях, якія знаходзяцца ў самых папулярных раёнах, зусім іншыя цэны. У топе ў арандатараў цяпер «Мінск-Мір», «Маяк Мінска», раён Грушаўка і «Новая Баравая». У гэтых лакацыях шмат камфортных кватэр з дызайнерскімі інтэр’ерамі, з поўным наборам бытавой тэхнікі, адпаведна, і кошты на іх даволі высокія. Кошт такіх «аднушак» стартуе ад $350 і дасягае $500.
— Гэты сегмент запатрабаваны ў замежных студэнтаў, ІТ-спецыялістаў, менеджараў з добрым заробкам, — удакладняе рыэлтар.
Дарэчы, менавіта «аднушкі» — самы папулярны ў арандатараў варыянт на рынку. А што наконт прэміяльных кватэр? Тых самых, якія часта трапляюцца ў падборках жылля з крутымі інтэр’ерамі і зашкальваючым коштам арэнды? Паводле слоў спецыялісткі, з імі ўсё цудоўна. Попыт на іх круглагадовы, праўда, гаворка зусім не пра студэнтаў і звычайных рабочых.
На доўгатэрміновыя тэрміны такія прапановы разглядаюць беларускія і замежныя бізнэсмены, прадстаўнікі дыпмісій, прыезджыя супрацоўнікі буйных кампаній.
— Для гэтай катэгорыі арандатараў важныя закрытая тэрыторыя, падземны паркінг, дызайнерскі рамонт, лакацыя. «Левада», Depo, D3, «Алімпік парк», мікрараёны Дразды і Лебядзіны, раён вуліцы Старажоўскай і праспекта Пераможцаў, вуліца Язмінавая і г.д. — гэта адны з самых запатрабаваных лакацый у гэтым сегменце. Кошт такіх аб’ектаў пачынаецца ад $1000.
Для тых, хто аддае перавагу загараднай нерухомасці, важныя наступныя крытэрыі: непасрэдная блізкасць да Мінска, развітая інфраструктура пасёлка, навакольнае асяроддзе, наяўнасць лазні, саўны, басейна, маляўнічыя мясціны, лес, вадаём у непасрэднай даступнасці.
Прыблізна праз месяц пачнецца новы навучальны сезон у сталічных студэнтаў. Звычайна гэта даволі гарачы час, калі арэнднае жыллё разлятаецца як гарачыя піражкі. Аднак Маргарыта ўпэўнена: у гэтым годзе студэнцкі перыяд пройдзе спакойна:
— Набліжэнне новага навучальнага года заўсёды адбівалася на рынку актыўным попытам з боку студэнтаў. Аднак апошнія гадоў пяць запытаў на жыллё ад гэтай катэгорыі арандатараў становіцца менш. Я думаю, што гэта абумоўлена павелічэннем колькасці інтэрнатаў і месцаў у іх. На дадзены момант студэнты-бюджэтнікі ўжо вызначыліся з выбарам ВНУ, а ў платнікаў яшчэ ёсць такая магчымасць. Так што сітуацыя яшчэ можа змяніцца. Будзем сачыць за ёй.
Каментары
Значыць, па большасці той рост коштаў арэнды на 20-30% і ёсць кампенсацыя за долар.
Астатняе - тыя вымыванне бабушатнікаў, агульная інфляцыя.
Пра "арандатар маладзее" - сапраўды так? Бо ўвогуле насяленне Беларусі толькі старэе (сярэдні ўзрост павялічваецца).
Або гэта і ёсць замяшчэнне мясцовых прыезджымі? Пераязджаюць (і арандуюць кватэры) па большасці не старыя, а маладыя або людзі сярэдняга ўзросту.