«Хто настолькі дурны, каб скрасці ўнітаз?» У Вялікабрытаніі абвінавацілі тых, хто скраў залаты ўнітаз з палаца Уінстана Чэрчыля
Унітаз раптоўна знік з Бленхеймскага палаца яшчэ ў верасні 2019 года. Крадзеж тады прывёў да затаплення ўсяго маёнтка, а вінаватых шукалі некалькі гадоў.

Чатыром брытанцам былі выстаўленыя абвінавачванні ў крадзяжы дарагой мастацкай інсталяцыі, а менавіта 18-каратнага залатога ўнітаза, які знаходзіўся ў радавым маёнтку былога прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля. Аб гэтым піша выданне The Telegraph.
У 2019 годзе ў Бленхеймскім палацы, які з'яўляецца рэзідэнцыяй Уінстана Чэрчыля, праходзіла выстава італьянскага мастака Маўрыцыа Катэлана. Цэнтральным элементам выставы быў 18-каратны залаты ўнітаз коштам 5 з паловай мільёнаў еўра, які называўся «Амерыка».
Туалет тады ўсталявалі проста насупраць тых пакояў, дзе нарадзіўся Чэрчыль. Выстава мелася прайсці добра, але дарагі экспанат нечакана скралі, што выклікала затапленне палаца, бо ўнітаз быў падлучаны да каналізацыі дома.
«Хто настолькі дурны, каб скрасці ўнітаз?» — спытаў пасля крадзяжу мастак Маўрыцыа Катэлан, спадзеючыся, што гэта быў проста чыйсьці жарт.
Але рэч так і не вярнулі. Афіцыйных абвінавачванняў тады таксама нікому не выставілі, але за чатыры гады паліцыя арыштавала 7 чалавек.
У панядзелак 6 лістапада, як піша The Telegraph, Каралеўская пракурорская служба Вялікабрытаніі заявіла, што выставіла абвінавачванні брытанцам Джэймсу Шыну, Майклу Джонсу, Фрэду Доў і Боры Гучуку за крадзеж унітаза. Усе чацвёра паўстануць перад судом Оксфарда 28 лістапада.
Сам залаты ўнітаз пры гэтым так і не быў знойдзены.
Каментары