Свет2424

Януковіч, Цімашэнка і ўсе-ўсе-ўсе

17 студзеня ва Украіне адбудуцца выбары прэзідэнта. Ці здолеюць трэція сілы ўступіць у барацьбу за ўкраінскі прэзідэнцкі фатэль?

Роўна праз тыдзень, 17 студзеня, ва Украіне адбудуцца выбары прэзідэнта. Як звычайна, першым турам кампанія не абмяжуецца.

Ніводны з кандыдатаў не мае падтрымкі абсалютнай большасці насельніцтва.
У лідэрах «вялікая двойка» — Віктар Януковіч і Юлія Цімашэнка. Цяперашні прэзідэнт Віктар Юшчанка сярод іх стаў трэцім лішнім. Ягоны рэйтынг, які вагаецца ў раёне 5%, не дазволіць сур’ёзна ўдзельнічаць у барацьбе. А змаганне мае быць напружаным.

Знаёмыя твары

Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 18 кандыдатаў. Тут сітуацыя стабільная — на папярэдніх выбарах было 20 прэтэндэнтаў. Пяцёра кандыдатаў удзельнічалі і ў выбарах-2004. Гэта Юшчанка, Януковіч, Аляксандр Мароз, Пятро Сіманенка і Міхаіл Бродскі. Чатыры першыя з іх тады агулам набралі 90% галасоў выбарцаў.

Кожны кандыдат мусіў унесці заклад памерам 300 тысяч даляраў, гэтым адсейваліся самавылучэнцы-клоўны і «гарадскія звар’яцелыя». Хоць жарцікаў хапае — напрыклад,

у спісе прадстаўлены Васіль Процівсіх. Па гучанні ягонае прозвішча супадае з украінскай фразай «супраць усіх».
Раней ён быў Гуменюком, але вырашыў вылучыцца сярод канкурэнтаў эпатажам.

«Аперацыя Прафесар»-2

Лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч утрымлівае ўпэўненае першае месца па выніках усіх апытанняў. Але радасці ягоным прыхільнікам гэта не прыносіць — эксперты сыходзяцца да думкі, што новых выбарцаў у Януковіча ўжо не з’явіцца.

А вось аб’яднацца супраць палітыка са скандальным мінулым (дзве судзімасці і падроблены дыплом) і спрэчнай будучыняй (нявызначаныя статус расійскай мовы і стаўленне да збліжэння з Еўропай) могуць ледзь не ўсе палітычныя сілы Украіны. Прафесар, які пяць гадоў таму ў анкеце назваўся «праФФесар», выклікае ў маладога пакалення толькі смех. Тым не менш сусветныя букмекерскія канторы вераць у ягоную перамогу. Прынамсі, ў першым туры сваю перамогу ён, відаць, здабудзе.

Былая аранжаваная грамада

Ідэалы дэмакратычнай Украіны хоча адзінаасобна ўвасабляць Юлія Цімашэнка. Усю перадвыбарную кампанію яна прасядзела на другім месцы, і цяпер гатовая да скачка на вяршыню. Надзіва, падлашчванні да Крамля не адштурхнулі ад яе Заходнюю Украіну. Цімашэнка ўмее ўдала выкарыстоўваць папулізм. Жанчыны ёй вераць, праўда, мужчыны — не заўсёды.

Аб’яднанне іншых кандыдатаў супраць Юліі не дасць плёну, бо інтарэсы іншых палітыкаў настолькі розныя, што капраміс немагчымы. А вось стаць «адзінай дэмакратычнай» кандыдаткай Цімашэнка можа.

Шматмільённая армія падтрымкі Віктара Юшчанкі разбеглася па канкурэнтах. Ягоны рэйтынг часам не перавышаў 2%. Тым не менш мабілізацыя перад выбарамі і адміністратыўны рэсурс могуць дазволіць усё яшчэ дзейснаму прэзідэнту пазмагацца з «моладдзю» за трэцяе месца.

Украінцы, стомленыя ад Юшчанкі, Цімашэнкі і Януковіча, былі гатовыя паверыць ў новых людзей у палітыцы. Хто з іх заявіў аб сваіх прэтэнзіях на вышэйшую дзяржаўную пасаду?

«Краіну выратуе Арсеній»

Малады палітык, 35-гадовы Арсеній Яцанюк імкліва ўварваўся ў вялікую палітыку. Ён паспеў пабыць міністрам эканомікі, міністрам замежных спраў і спікерам Вярхоўнай Рады і лічыўся самым перспектыўным палітыкам Украіны. Яцанюк выступіў на электаральным полі Юшчанкі і пачаў імкліва набіраць рэйтынг, аднімаючы працэнты яшчэ і ў Цімашэнкі. Год таму яго рэйтынг перавысіў 15%. Толькі праз некалькі месяцаў, калі рэйтынг пачаў падаць, выявілася, што кандыдат пачаў агітацыю зарана.

Імідж Яцанюка-супермэна, які выратуе краіну, быў успрыняты насельніцтвам з усмешкай.
Да перадвыбарнай кампаніі заставаўся яшчэ год, і гэтага часу канкурэнтам хапіла каб «патапіць» Арсенія. Рабіў памылкі і ён сам. Каб залагодзіць усходніх выбарцаў, ён выступіў у падтрымку расійскай мовы. Новых выбарцаў палітык гэтым не знайшоў, а частка старых, патрыятычных, ад яго адвярнулася.

На баку Яцанюка застаецца мужчынская частка электарата, верная дэмакратычным каштоўнасцям і курсу на далейшае збліжэнне з Еўропай. Жанчыны галасуюць за Цімашэнку, а мужчыны на баку Арсенія.

Мільярдэр у свабодным плаванні

Яшчэ адзін альтэрнатыўны кандыдат, Сяргей Цігіпка, таксама быў міністрам эканомікі, яшчэ за часамі Леаніда Кучмы. Пяць гадоў таму Цігіпка ўзначальваў выбарчы штаб Януковіча, але пасля паразы шэфа адправіўся ў свабоднае плаванне.

Мільярдэр Цігіпка — ягоны бізнэс ацэньваецца ў $1,3 мільярда — меў магчымасці, каб правесці гучную агітацыйную кампанію. Калі Яцанюк падбірае галасы тых, хто расчараваўся ў Юшчанку, то Цігіпка працуе з электаратам Януковіча. Паводле вынікаў некаторых сацыялагічных апытанняў, ён займае другое месца ў спісе перавагаў гарадскога насельніцтва Украіны.

Хутчэй за ўсё,

Цігіпка будзе змагацца з Яцанюком і Юшчанкам за трэцяе месца.
У другі тур яны не патрапяць, але шоргату наробяць. Іх электарат спатрэбіцца і Януковічу, і Цімашэнцы ў рашаючай бітве.

Старая гвардыя

Уладзімір Літвін, Аляксандр Мароз і Пётр Сіманенка — пастаянныя ўдзельнікі палітычных кампаній. У ёсць іх ўстойлівы электарат, які складае трохі менш за 5%, і магчымасць гандлявацца гэтымі працэнтамі з лідэрамі прэзідэнцкай гонкі. На сур’ёзныя пасады яны не прэтэндуюць, але сваё месца на палітычным полі маюць.

Асаблівасць украінскага палітычнага працэсу ў тым, што выбары — гэта больш за проста выбары.

Пераможца можа зноў вызначацца не Цэнтральнай выбарчай камісіяй, а Майданам.

Каментары24

Цяпер чытаюць

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА36

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Добрушы школьны прыбіральшчык вырабіў сметніцу з парасонам і сабачкам ФОТАФАКТ1

У Гомелі беларусам прапануюць за 500 рублёў паляжаць у труне5

У цэнтры Гомеля расіяне паставяць помнік князю Паскевічу4

Польскі фермер расказаў, як набыў трактар Belarus, а цяпер пакутуе1

Міністр унутраных спраў Польшчы: Закрыццё мяжы будзе часовым, але адменяць яго не аўтаматычна10

У Польшчы затрымалі беларускага шпіёна і высылаюць аднаго з дыпламатаў2

Беларуская чыгунка прадае вагоны, якімі раней абслугоўваліся маршруты ў Еўропу1

Да чаго прывядзе поўнае закрыццё мяжы з Польшчай19

У Непале жонку аднаго экс-прэм'ера пабілі разам з мужам, а жонку другога спалілі жыўцом10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА36

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць