Грамадства1212

«Лукашэнка зладзіў дзяржаўны пераварот і практыкаваў палітычныя забойствы». За што біяграфію Нямцова маглі прызнаць «экстрэмісцкай»

Кніга расійскага журналіста Міхаіла Фішмана пра Барыса Нямцова, якая свабодна прадаецца ў Расіі, у Беларусі трапіла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Невялікі расказ пра Лукашэнку там дакладна не кампліментарны.

Барыс Нямцоў. Фота: Wikimedia Commons

Кнігу «Пераемнік. Гісторыя Барыса Нямцова і краіны, у якой ён не стаў прэзідэнтам» напісаў расійскі журналіст, вядоўца «Дождя» Міхаіл Фішман. 

Сам ён характарызуе кнігу як палітычную біяграфію ў шырокім кантэксце — расказ пра гісторыю сучаснай Расіі праз прызму асабістай гісторыі аднаго з тых, хто гэтую гісторыю дапамагаў пісаць. Выйшла гэтая біяграфія ў 2022 годзе — праз сем гадоў пасля забойства Нямцова ў самым цэнтры Масквы.

У тым жа 2022-м Фішман быў прызнаны ў Расіі замежным агентам, але кнігу ўсё яшчэ можна купіць на расійскіх маркетплэйсах, ёсць яе старонка і на сайце выдавецтва. Але што ў гэтай кнізе магло пакрыўдзіць беларускіх сілавікоў? Акрамя, вядома, самога апрыёры адмоўнага стаўлення да постаці Нямцова — аднаго з лідараў расійскай дэмакратычнай апазіцыі Пуціну і паслядоўнага крытыка Лукашэнкі.

Цалкам магчыма, уся справа ў адным з раздзелаў, прысвечаным падзеям 2002 года. Фішман расказвае пра скандальнае затрыманне Нямцова ў Мінску і прымусовае выдварэнне тады дэпутата Дзярждумы з Беларусі. Але для пачатку заглыбляе расійскага чытача ў добра знаёмы беларусам кантэкст у параграфе пад назвай «Апошні дыктатар Еўропы». І «крамолы» — з пункту гледжання беларускіх сілавікоў — тут дастаткова.

«Улетку 1994 года Лукашэнка здолеў ажыццявіць тое, чаго ў Расіі не ўдалося дамагчыся ні Хасбулатаву ў 1993-м, ні Зюганаву ў 1996-м: пад лозунгамі згортвання рэформаў і рэстаўрацыі сацыялізму, а таксама ўз'яднання з Расіяй ён упэўнена перамог на выбарах і перахапіў уладу. У краіне адразу пачаліся рэпрэсіі, была ўведзена цэнзура, а ўжо праз год Лукашэнка зладзіў дзяржаўны пераварот, праз рэферэндум прысвоіўшы сабе права распускаць парламент і абнуліўшы свой прэзідэнцкі тэрмін», — расказвае Фішман.

Там жа ён цытуе прарочыя словы Васіля Быкава:

«Ужо відаць, што ў Беларусі не будзе парламента, не будзе выбараў, знікнуць рэшткі свабоднай прэсы. Краінай будзе кіраваць прэзідэнцкая хунта».

Аўтар адзначае, што ўсё так і адбылося:

«Лукашэнка разагнаў парламент і ўзнавіў у краіне паліцэйскую дзяржаву, дзе таемная паліцыя — у Беларусі яна так і называлася: КДБ, як у савецкім мінулым, — пераследвала апазіцыянераў і дысідэнтаў. Пераследвала — гэта мякка сказана: рэжым Лукашэнкі практыкаваў палітычныя забойствы».

Фішман коратка ўспамінае пра знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. А затым расказвае папулярны сюжэт пра тое, як Лукашэнка «хацеў атрымаць шапку Манамаха», узначаліўшы Саюзную дзяржаву, і як яму ў гэтым перашкодзіў Пуцін, які прыйшоў да ўлады. 

Нямцоў лічыўся адным з магчымых пераемнікаў Ельцына, аднак першы расійскі прэзідэнт вырашыў зрабіць стаўку на маладога і не моцна вядомага сілавіка. Спачатку Нямцоў Пуціна падтрымаў. Але адначасова расійскія лібералы актыўна крытыкавалі Лукашэнку і наладжвалі сувязі з беларускай апазіцыяй.

Барыс Нямцоў і Анатоль Лябедзька. Фота: «Еўрарадыё»

У 2002 годзе Нямцоў разам з калегам па партыі СПС і віцэ-спікерам Дзярждумы Ірынай Хакамадай, а таксама палітолагам Сяргеем Маркавым прыляцелі ў Мінск на канферэнцыю, якую арганізавала Аб'яднаная грамадзянская партыя. Але як толькі самалёт з Расіі прызямліўся, да трапа пад'ехаў аўтазак. З яго выйшлі сілавікі і затрымалі Нямцова.

Хакамада адмовілася ехаць на канферэнцыю без свайго калегі і таксама села ў міліцэйскі УАЗік, туды ж адправілі Маркава. Іх траіх доўга каталі па Мінску, потым павезлі кудысьці за горад. У выніку аўтазак прыехаў у аэрапорт, дзе беларускія сілавікі зладзілі правакацыю:

«Раптам у зале з'явіліся людзі з нейкай скураной папкай у руках і спыталі ў Нямцова, ці не забыўся ён яе ў машыне. Нямцоў сказаў не. Звярнуліся з тым жа пытаннем да Хакамады. Яна таксама сказала не. Усё гэта здымалася на відэа. «А пасля гэтага кажуць: давайце ўсё ж такі паглядзім яе змесціва, — расказвае Хакамада. — Камера пад'язджае да стала, пачынае здымаць. Адкрываецца папка, у ёй пачкі даляраў і матэрыялы, і буйнымі літарамі напісана СПС. І тут я ўсё зразумела. Я ўпершыню ўбачыла тое, што раней чытала ў Салжаніцына. Цяпер убачыла, як гэта робіцца ў жыцці».

Нямцоў пацягнуўся да папкі — праверыць, што ў ёй, — але Хакамада своечасова яго спыніла, каб не пакінуць на папцы адбіткаў. Гэта брудная правакацыя, абуралася яна, яны з Нямцовым патрабуюць адваката. Праз дзесяць хвілін іх пасадзілі на рэйс, вылет якога спецыяльна затрымлівалі з раніцы, і выдварылі ў Маскву».

Беларускае МЗС заявіла, што Нямцова выдварылі праз «неаднаразовыя грубыя факты ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, накіраваныя на падрыў дзяржаўнага ладу». Яго абвінавацілі ў тым, што ён вёз грошы для АГП. 

Затрыманне віцэ-спікера і дэпутата Дзярждумы выклікала тады сур'ёзны рэзананс. Расійскае МЗС паабяцала адэкватную рэакцыю, а навіна была галоўнай на ўсіх расійскіх тэлеканалах.

Ужо ў эпілогу аўтар мяркуе, што Нямцова, будзь ён жывы, натхнілі б мірныя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе.

«Нямцоў быў бы вельмі натхнёны падзеямі ў Беларусі, дзе тым жа летам 2020 года сотні тысяч людзей па ўсёй краіне выйшлі пратэставаць супраць свайго нязменнага дыктатара. Нямцоў верыў, што шлях да свабоды — гэта не лабірынт і не бег па крузе, у яго ёсць фінішная прамая.

У беларускіх падзеях Нямцоў бы ўбачыў пацвярджэнне сваім прагнозам: сітуацыя змянілася, і вось ужо скаланаюцца непарушныя, здавалася б, аўтарытарныя рэжымы, якія прыйшлі на змену савецкай уладзе, ёсць межы зносу ў дэспатыі, народы не гатовыя вечна трываць тыранаў».

У сучаснай Беларусі для прызнання чаго-небудзь «экстрэмісцкім» шмат не трэба: хапіла б і гэтых спачувальных да пратэстаў-2020 абзацаў, нават без аповеду пра дзяржаўны пераварот Лукашэнкі, ягоныя «эскадроны смерці» і паліцэйскую дзяржаву.

Каментары12

  • Алесь
    20.12.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Fgs
    20.12.2024
    Мы все знаем, что лукашенко сделал переворот с помощью продажных вояк и ментов. Будьте вы вместе с лукашенкой прокляты!
  • Алесь
    20.12.2024
    Як дабіцца дэмакратызацыі Беларусі ў умовах, калі ў рэжыму за плячыма Пуцін? Мне здаецца, што варыянт з агульнанацыянальнай забастоўкай — самы аптымальны. Бо такі пратэст немагчыма задавіць сілай. Нельга да кожнага слесара на заводзе паставіць аўтаматчыка і прымусіць працаваць. Што рабіць, каб агульнанацыянальная забастоўка адбылася? Трэба ўвесці дапамогі для працоўных, роўныя медыяннай заробцы. Логіка ў простага работніка такая: навошта мне працаваць за 500 долараў, калі можна не працаваць і атрымліваць 500 долараў? Забастоўку трэба абвясціць паступова — да яе можна далучыцца пасля заканчэння кантракта, пасля звальнення па пагадненні бакоў або звальнення па артыкуле. Напрыклад, з міліцыі проста так не звольнішся, можна сесці, але чалавек можа проста не падоужыць кантракт і далучыцца да забастоўкі. Галоўнае пытанне — дзе ўзяць рэсурсы на гэта? Я прапаную дамовіцца з спецслужбамі заходніх краін, каб яны дапамаглі друкаваць арыгінальныя расійскія рублі. Прыцэдэнты ўжо ёсць, https://en.wikipedia.org/wiki/Superdollar. Потым гэтыя рублі ўвозіць у Беларусь партыямі па 10 000 долараў у эквіваленце, з дапамогай чалнокаў, акумуляваць іх у краіне і буйнымі партыямі ўвозіць у Расію, там іх мяняць на биткойны (у РФ шмат сэрвісаў па абмену наяўных грошай на биткойны) і ўжо биткойнамі плаціць дапамогі забастуючым. Такім чынам можна паралізаваць краіну і патрабаваць дэмакратычных выбараў. Але трэба разумець, што з заходнімі краінамі трэба нармалізаваць адносіны, каб адкрыліся пагранпераходы, выдаваліся візы і г.д.

Цяпер чытаюць

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню16

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Усе навіны →
Усе навіны

«Казахстанскі квартал» і новабудоўлі ў Чыжоўцы, Масюкоўшчыне, Лошыцы. Як будзе забудоўвацца Мінск3

Галоўны трэнер «Нёмана» выканаў дзіўны танец пасля перамогі ў матчы Лігі канферэнцый

«Змагла развітацца па-людску». У Польшчы ў беларускі памёр муж — яна расказала, як даставіла прах на радзіму і арганізавала пахаванне

Банкаўскія інсайдары лічаць новыя санкцыі супраць чатырох беларускіх банкаў малазначнымі. І вось чаму11

Францыя вырашыла прызнаць Палесцінскую дзяржаву. Ізраіль заявіў, што гэта «ўзнагарода за тэрарызм»15

Каранавірус паскорыў старэнне мозгу нават у тых, хто не хварэў4

Мінскае «Дынама» без шанцаў прайграла албанскай «Эгнаціі»2

Тавары з «Пагоняй» прадавалі, нягледзячы на забароны11

Стала вядома, як рагачоўскі завод працуе на расійскую вайсковую прамысловасць5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню16

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць