У Маскве выдатнага хірурга вышэйшай катэгорыі асудзілі на чатыры гады за данаты фонду Навальнага
Маскоўскага хірурга вышэйшай катэгорыі Івана Цішчанку асудзілі на 4 гады калоніі па справе аб фінансаванні экстрэмісцкай арганізацыі (ч. 1 арт. 282.3 КК) з-за данатаў Фонду барацьбы з карупцыяй, піша Радыё Свабода.

Ён аформіў падпіску на ахвяраванні гэтай арганізацыі і не адмяніў яе пасля прызнання структур Аляксея Навальнага экстрэмісцкімі ў 2021 годзе.
Пасля гібелі палітыка ў калоніі пераслед яго прыхільнікаў працягваецца. Паводле звестак выдання Холад, апублікаваных у красавіку, як мінімум 53 чалавекі сталі абвінавачанымі па крымінальных справах, звязаных з Фондам барацьбы з карупцыяй з 2021 года. Справы на тых, хто меў хоць якое дачыненне да структур Навальнага, працягваюць узбуджаць. Доктара Цішчанку адправілі пад хатні арышт у верасні. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА №4 Масквы. Абарона хірурга абскардзіла рашэнне Пяроўскага раённага суда.
Іван Цішчанка, паводле слоў яго блізкіх, марыў стаць хірургам з дзяцінства. Ён скончыў Расійскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, у клінічнай ардынатуры займаўся экстраннай сасудзістай хірургіяй, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Ускладненыя анеўрызмы брушной аорты». Ён абраў працу практычным хірургам, не цікавячыся кар'ернымі перспектывамі.
«Цішчанка выкарыстоўвае для лячэння пацыентаў, якім пагражае ампутацыя канечнасцяў, сучасны гібрыдны падыход, які спалучае магчымасці сасудзістай і эндаваскулярнай хірургіі. Гэта дазваляе дасягаць лепшых вынікаў, выконваючы аперацыі з меншымі рызыкамі для здароўя пацыента», — напісаў калега хірурга.

Калегі Івана Цішчанкі не могуць паверыць, што яго адправілі ў турму. Па водгуках людзей, якія працавалі разам з ім, у яго выдатная рэпутацыя ў прафесійным асяроддзі. Дактары працягваюць перапісвацца з ім.
«Калі мы дзяжурылі разам, у нас была найлепшая статыстыка ў клініцы па выжыванні сярод хворых з разрывам анеўрызмы брушной аорты. У асноўным дзякуючы яго майстэрству.
Маё заданне было прасцейшае — хутка «адкрыць» жывот і пераціснуць аорту, а ён філігранна ўсё выдзяляў і рэканструяваў. Анастамозы «шыў», як на машынцы «Зінгер», мала хто так умее. У хірургічным шве вельмі важная тэхніка выканання, ад гэтага шмат у чым залежыць зыход аперацыі. Ваня валодае гэтай тэхнікай у дасканаласці. Яму падуладныя ўсе сасуды, пачынаючы ад самай буйной — аорты і заканчваючы самымі дробнымі, дыяметрам 2 мм. Цішчанка адточваў сваё майстэрства гадамі, каб даць людзям больш шанцаў на выжыванне», — напісаў іншы калега. «Ваня шмат разоў у выхадныя і па начах прыязджаў, каб дапамагчы калегам на складаных аперацыях».
Цішчанка ўдзельнічаў у канферэнцыях сасудзістых хірургаў у Еўропе і Ізраілі, праходзіў стажыроўку ў Паўднёвай Карэі. Доктар з'яўляецца членам Еўрапейскага таварыства сасудзістых хірургаў (ESVS).
Вялікая частка пацыентаў Цішчанкі — пажылыя людзі. Ён браўся за лячэнне хворых, ад якіх з-за ўзросту адмаўляліся іншыя дактары.
«Я не памятаю, з чаго пачалося, але Ваня стаў хадзіць да «бабуль» у інстытуце ў якасці практыкі. Потым ён пасябраваў з пацыенткамі і не мог іх кінуць. Так і наведваў пастаянна: перавязваў ім ногі, апрацоўваў трафічныя язвы. Сярод яго пастаянных пацыентак была ў мінулым лётчыца, яна была яму вельмі ўдзячная. Практыка скончылася, а ён працягваў да іх хадзіць. Некалькі гадоў. Яны ўсе былі пакінутыя, таму Ваня іх шкадаваў», — распавяла Радыё Свабода удзельніца групы падтрымкі Івана, даўно і добра знаёмая з ім.
Каментары