Свет33

У Польшчы на гарышчы прыватнага дома знайшлі два арыгіналы Брэсцкай Бібліі 1563 года

Рэдкія экзэмпляры Бібліі, надрукаванай у друкарні ў Брэсце на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, знайшлі недалёка ад Аполе.

Берасцейская Біблія, якая захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі. Фота: Wikimedia Commons

На гарышчы дома ў мясцовасці Покуй непадалёку ад Аполя ў канцы 2024 года знайшлі два арыгінальныя экзэмпляры Берасцейскай Бібліі. Кнігі былі выдадзены ў 1563 годзе для пратэстантаў у друкарні ў Брэсце на грошы канцлера Вялікага княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. 

Дырэктар Дзяржаўнага архіва ў Аполе доктар Славамір Мархель пацвердзіў, што гэта арыгіналы Бібліі, датаваныя 1563 годам. З прыблізна тысячы выдадзеных экзэмпляраў да нашых дзён захавалася менш за 140.

Берасцейская, або як яе яшчэ называюць Радзівілаўская, Біблія — гэта першы сучасны пераклад Святога Пісання на польскую мову і адзін з першых поўных перакладаў Бібліі ў Еўропе новага часу. Гэта шматстаронкавы фаліянт з прадмовамі, каментарыямі і прадметным паказальнікам. Некалькі захаваных экзэмпляраў Радзівілаўскай Бібліі знаходзяцца ў Беларусі: у бібліятэцы Акадэміі навук у Мінску, а таксама ў Брэсцкай абласной бібліятэцы і Музеі гісторыі Брэста.

На думку спецыяліста па старапольскай літаратуры, прафесара Дарыуша Хемперака з Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, прысутнасць кніг, выдадзеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Верхняй Сілезіі мае гістарычнае тлумачэнне, інфармуе Radio ZET.

«Берасцейская Біблія стала першым перакладам Святога Пісання на польскую мову, прызначаным для пратэстантаў, якія выкарыстоўваюць гэтую мову. Трэба памятаць, што асабістае чытанне Бібліі з'яўляецца адным з краевугольных камянёў веры для евангелікаў, таму непісьменнасць лічылася грахом.

Для палякаў, якія жылі ў Верхняй Сілезіі (гэта значыць за межамі Рэчы Паспалітай) і вызнавалі пратэстантызм, Брэсцкая Біблія была адзінай магчымасцю адпавядаць гэтаму патрабаванню. Да таго ж яна была перакладзеная на цудоўную польскую мову, а над яе стварэннем працавала група біблеістаў, якія ведалі тры свяшчэнныя мовы. Сярод іх былі не толькі тэолагі, якія сачылі за дакладнасцю перадачы сэнсу, але і паэты, якія ўмелі перадаць як «літару», так і «дух» арыгінала», — распавёў прафесар.

Берасцейская Біблія была вельмі дарагой кнігай. Яе кошт ацэньваўся ў гадавую зарплату слугі таго часу. Хутчэй за ўсё, знойдзеныя два экзэмпляры Бібліі належалі польскім евангелічным пастарам і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Вядома, што ў XIX стагоддзі недалёка ад месца, дзе былі знойдзены кнігі, працавала пратэстанцкая школа, дзе дзеці вучыліся на польскай мове. Верагодна, знойдзеныя экзэмпляры Берасцейскай Бібліі неяк звязаны з гэтай школай. Таксама існуе верагоднасць, што гэтыя старадрукаваныя кнігі былі часткай княжацкай бібліятэкі Вітэнбергаў, чый палац знаходзіўся ў Покуі. Але пакуль гэта толькі гіпотэзы, якія яшчэ трэба вывучыць.

Абодва знойдзеныя экзэмпляры былі накіраваны ў Катавіцы, дзе іх падверглі дэзінфекцыі і ўзялі ўзоры паперы для мікрабіялагічных даследаванняў. Кнігі чакаюць шматмесячныя рэстаўрацыйныя работы.

Каментары3

  • Гісторык
    10.02.2025
    Папраўце, калі ласка, першую ўрэзку паўтлустым – Берасьцейская біблія не зьяўляецца першым польскім перакладам (першы паўстаў стагодзьдзе раней, т.зв. Biblia królowej Zofii; дарэчы, Соф’я гэтая выводзіцца з Друцкіх і Гальшанскіх). Далей пра гэта правільна кажа Хэмпэрэк – гэта першы пераклад для польскамоўных пратэстантаў. Па-другое, друкаваны твор – ён паўстае адразу ў шматлікіх экзэмплярах, ён ня мае арыгіналу. Арыгінал – гэта першы закончаны экзэмпляр дакумэнту, які мае звычайна адзін асобнік (напрыклад, арыгінал пісьма, арыгінал квітанцыі, арыгінал пашпарту і г.д.)
  • Жвір
    10.02.2025
    Гісторык, тут арыгінал, у сэнсе, што не падробка.
  • Hrynia
    10.02.2025
    Гісторык, Біблія каралевы Сонькі была перакладам Старога Запавету, а Берасцейская -- Новага. Усё адно гэта не першы пераклад на польскую, першы выйшаў некалькімі гадамі раней. Але першы з арыгінальнай мовы, а не з лаціны.

Цяпер чытаюць

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі26

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі

Усе навіны →
Усе навіны

Пасажыры будуць ведаць кошт паездкі ў таксі да яе пачатку?2

У Беларусі другі месяц запар падаюць продажы новых аўто. Чаму так адбываецца2

Аляксандр Кныровіч вылучаецца ў спікеры Каардынацыйнай рады10

Зяленскі 15 мая прыляціць у Стамбул, нават калі Расія адмовіцца ад спынення агню1

Паглядзелі, колькі просяць за арэнду лецішча недалёка ад Мінска. Ёсць варыянты ад 250 рублёў за месяц6

Кальцавая лінія мінскага метро будзе з 17 станцый. Якія будуць назвы і калі пачнецца будаўніцтва12

Брышцель стаў найлепшым бамбардзірам ЧС па пляжным футболе, Аўгустоў — галкіперам1

«Гэтая партыя прайграная». Беларускія даследчыкі — пра тое, у што ператварылася Акадэмія навук11

Трамп запатрабаваў ад Украіны пачаць перамовы з Расіяй3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі26

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць