Грамадства1111

«Нічога не здарыцца з маімі дзецьмі, калі яны не прачытаюць Барто, Маршака, Чукоўскага». Гутарка са стваральніцай блогу «Кніжныя размовы»

Кацярына — кніжная блогерка, аўтарка інстаграм-блога «Кніжныя размовы». У сваім пабліку Кацярына піша пра беларускія кнігі, якія яна чытае альбо слухае сама і са сваімі дзецьмі. З нагоды пяцігоддзя блога Bellit.info пагутарыў з ёй пра беларускамоўныя выданні для дзяцей і дарослых у 2025 годзе, дзе і як іх знаходзіць і чаму так важна чытаць сваё.

Аўтарка блога «Кніжныя размовы» Кацярына

Блог «Кніжныя размовы» з’явіўся ў сакавіку 2020 году ў Менску. За год да гэтага Кацярына працавала ў кнігарні «Букашкин дом», у гэты ж час яна заснавала беларускамоўны кніжны клуб, падчас якога чытачы сустракаліся і абмяркоўвалі беларускамоўныя кнігі. Калі пачалася эпідэмія кавіду і кнігарня зачынілася, Кацярына, каб не сумаваць, стварыла кніжны блог. Сёння ў блога больш за 2500 падпісчыкаў. Сама Кацярына цяпер жыве ў Вільні.

 У тваім блогу вялікая колькасць пастоў, бачна, колькі кніг прачытана. Раскажы, калі ласка, як змяніўся твой блог за час існавання? Якія выданні табе зараз цікавыя?

— Я цяпер увогуле думаю — дзіва, што ў 2020 годзе блог выжыў. У жніўні, верасні я не магла чытаць, таму ў блогу было мінімальнае жыццё. Але пасля ўжо ён стаў надаваць мне сэнс — атрымлівалася весці такую паралельную дзейнасць у беларускім полі.

Мяне цікавіць беларуская літаратура агулам: паэзія, нон-фікшн, дзіцячая, мастацкая, перакладная. Я адчуваю гэту беларускую прастору, магу ўзаемадзейнічаць з ёй, мне ў ёй камфортна. І гэта тая прастора, у якой я разбіраюся — магу парэкамендаваць, што пачытаць, параўнаць, даць ацэнку.

 Такім чынам, займаешся і папулярызацыяй беларускамоўных кніг?

— Так, папулярызацыя для мяне важная. Я перайшла на беларускую мову тады, як нарадзіліся дзеці, і сама пачынала шлях з пытання, ці ёсць увогуле кніжкі па-беларуску.

Таму я разумею, калі бацькі задумваюцца — ці не абмяжоўваеш дзіця, калі гадуеш яго па-беларуску, як жа тыя прыўкрасныя рускамоўныя кніжкі з нашага дзяцінства. І ў мяне крышачку было такое, а пасля я зразумела — нічога не здарыцца з маімі дзецьмі, калі яны не прачытаюць Барто, Маршака, Чукоўскага. Тым болей, калі я зараз перачытваю іх вершы, у мяне шмат пытанняў.

Насамрэч, зараз існуе дастатковы корпус дзіцячай літаратуры па-беларуску, і калі ў цябе дзіця не надзвычайны фанат кніжак, то ты гэтай колькасцю выданняў цалкам можаш абыходзіцца. Можа быць, не хапае энцыклапедый, яшчэ чагосьці — але гэта можна і на іншых мовах набыць і перакласці.

Блогерка Кацярына з дзецьмі

З маім старэйшым сынам Захарам цалкам хапае таго, што мы маем па-беларуску. Ён сам не асабліва чытае, але любіць слухаць, з ім пасля цікава абмяркоўваць прачытанае. І ў блогу я паказваю, якія кнігі нам было цікава абмяркоўваць.

Часта таксама ўсплывае пытанне — не хапае дзіцячых кніг на беларускай мове пра эмацыйны інтэлект. Гайз, ну я пра эмоцыі магу размаўляць на падставе любой якаснай кнігі! Ёсць увогуле ўніверсальныя — «Нарнія», «Гары Потэр», «Хобіт», «Піпі Доўгая Панчоха». Такая дзіцячая класіка, чытаючы якую можна абмеркаваць любую тэму. Вядома, ёсць бацькі, якія хочуць проста адкрыць кнігу, прачытаць азначэнне эмоцый, і больш нічога не рабіць. Але мне ўсё адно хочацца паказаць, што можна пра складанае размаўляць без вялікага напружвання, проста ў такім фармаце сумеснага баўлення часу.

 Ці ёсць у тваім арсенале кнігі на іншых мовах? І калі так — якія яны ў параўнанні з беларускамоўнымі?

— Пакуль Захар не цікавіўся кніжкамі, я купляла шмат прыгожых рускамоўных кніг. Былі рускія выдавецтвы, якія выдавалі якасную літаратуру, яны, пэўна, і зараз ёсць, я проста перастала за імі сачыць. Калі мы з сынам сталі чытаць, я зразумела, што нам хапае кніг па-беларуску. Але з падарожжаў мы заўседы прывозілі кніжкі, для мяне гэта стала традыцыяй кшталту магніцікаў на лядоўню.

Зараз мы ў Літве, сын ходзіць у літоўскамоўную школу. Каб вучыць літоўскую мову — чытаем кніжкі, штосьці купляю, штосьці бярэм у бібліятэцы.

Пра літоўскамоўныя кнігі, якія я бачу — добры асартымент, часта яны суперкрута аформленыя, з цікавымі мастацкімі рашэннямі, часам смелымі тэмамі, шмат перакладной літаратуры.

Я слухала падкаст пра стан літоўскай мовы цяпер. Адна з экспертак казала, што яшчэ пятнаццаць гадоў таму дзіцячай літаратуры было значна менш, не было выбару, было складана штосьці знайсці. Пры гэтым, калі паглядзець у бібліятэцы — кніжкі пачатку 2000-х выглядаюць зусім па-іншаму, але яны ёсць. Там цэлыя серыі і вялікія наклады, якія проста мара для беларускамоўных кніг.

Зараз я таксама прывожу з падарожжаў кнігі на мовах, на якіх чытаю. Нядаўна з Малагі я прывезла кніжку пра какашку. Суперкрутая кніжка, мы з дзецьмі разглядалі, у захапленні былі ўтраіх. Гэта вельмі цікавая іспанская серыя, але, магчыма, не кожны з дарослых ацэніць, у каго можа ёсць якія блокі на гэтыя тэмы.

Ёсць некалькі перакладаў на рускую, якія прывезлі з Беларусі, крыху дзіцячых кніжак па-польску, па-англійску, але пераважна дома кнігі ўсё ж па-беларуску,

 Калі казаць пра дзяцей беларусаў у эміграцыі, асабліва пра тых, якія знаходзяцца ў Польшчы, падаецца, няпроста заставацца з беларускамоўнымі выданнямі — з польскім, еўрапейскім кніжнымі рынкамі складана канкураваць. Таксама часам выклікае пытанні якасць беларускамоўных дзіцячых кніг. Што ты думаеш на гэты конт?

— Так, трэба хацець знайсці кнігу па-беларуску і прыкласці намаганні ў пошуках, гэта наша рэальнасць.

Плюс я нядаўна бачыла фотаздымкі сяброўкі з кніжнай выставы ў Менску, стэнды «Харвеста» ці «Аверсэва». Я не разумею, як у 2025 годзе можна выдаваць вось гэта ўсё. Гэта проста марнаванне фарбы, паперы, працоўнай сілы. Таму пытанне дрэннай якасці збольшага да дзяржаўных беларускіх выдавецтваў.

Заўважыла таксама, што ў Беларусі агулам з дзіцячага новага мала чагосьці рэальна харошага выдаецца. Пры гэтым перавыдаюцца добрыя старыя выданні.

А вось незалежныя выдавецтвы выдаюць не горшыя кнігі. Зараз менш, па маіх адчуваннях, але тут, пэўна, эканамічны складнік — дзіцячая кніжка з добрымі ілюстрацыямі, паперай, вокладкай будзе каштаваць даражэй чым, напрыклад, перакладны бестсэлер.

Для мяне цяпер яшчэ пытанне — аб'яднаць бібліятэку, якая засталася ў Беларусі, і кніжкі тут.

— У цябе сапраўды была вялікая бібліятэка, як ты спраўляешся?

— Ну вось мае блізкія, калі ездзяць да мяне, увесь час возяць кнігі, і працэс гэты бясконцы, мне здаецца.

Цяпер карыстаюся бібліятэкай пры беларускім музеі Івана Луцкевіча — «Чытальняй». Там ёсць класныя кніжкі, і сучасныя, і якія выходзілі раней, напрыклад, у 90-я. Яны нават у букіністычных крамах мне ў Менску не трапляліся, і дзіцячыя таксама.

Плюс я адсочваю новыя выданні і па-магчымасці купляю. Праўда, менш, чым калі была ў Беларусі, бо там плошчы ўласнага жытла дазвалялі, а цяпер не ведаеш, куды табе пасля гэтыя кнігі везці давядзецца.

Кацярына з дзецьмі

Зараз фільтрую, што дакладна хачу мець на паліцах, а што можна ўзяць у бібліятэцы ці пазычыць у кагосьці з сяброў (хаця звычайна гэта я той чалавек, які пазычае іншым кнігі). Так і спраўляемся. Хаця мне, вядома ж, не хапае маёй кніжнай шафы, у якой ужо шмат чаго ёсць — у любы момант пагартаць, спраўдзіць штосьці, нават проста прыгожа раскласці кніжкі і зрабіць фотаздымкі.

— Якім чынам і дзе ты цяпер знаходзіш беларускамоўныя кнігі ў Вільні?

— Я пераехала ў Вільню вясной 2023 года і, хачу адзначыць, мне складаней было знаходзіць цікавыя кнігі ў Беларусі, пачынаючы з 2022 года. Зараз я намагаюся адсочваць кнігі, якія выдаюцца ў Беларусі, усё больш-менш вартае можна дастаць, гэта пытанне часу.

Раней у Менску я прыходзіла ў «Белкнігу» і шукала скарбы сярод вялікай колькасці і невялікай якасці прадукцыі. З дзяржаўных кнігарняў мне падабалася «Акадэмкніга» за вельмі добры падбор кніг. Ёсць яшчэ кнігарня выдавецтва «Тэхналогія», але там і кнігі іншых выдавецтваў, «Кніжная шафа» з класнай атмасферай і добрымі людзьмі, «Параграф 45» выдавецтва «Папуры», Oz.by.

Я гляжу кнігі беларускіх выдавецтваў, выбіраю, замаўляю, прашу набыць і пры нагодзе, калі хтосьці са сваякоў ці сяброў едзе ў Вільню — перадаюць мне кнігі.

Ці другі варыянт — дачакацца якой імпрэзы ці фестываля ў Вільні, бо прыязджаюць кнігі з Беларусі, іх можа быць не шмат, але яны ёсць. Я люблю «Стральцоўскі фэст», фестываль «Прадмова». У Вільні таксама ёсць крама «Гартайка», Kropka, літоўская кнігарня з беларускай палічкай Knygynas eureka!.

Што тычыцца кніжак беларускіх выдавецтваў, якія знаходзяцца ў Польшчы, шчыра прызнацца, я не заказваю ў Літву — мне шкада грошай на дастаўку, яна каштуе як яшчэ адна кніга. Але я карыстаюся тым, што паміж Вільняй і Варшавай пастаянна курсуюць беларусы — ці сябры, ці сваякі.

Калі едзем да сяброў у Кракаў — замаўляем на іх дастаўку. Там жа я схадзіла ў госці да выдавецтва Gutenberg Publisher, а на адрас сяброў у Беластоку можам замовіць кніжкі «Камуніката». Калі бываю ў Варшаве — абавязкова зайду ў «Кнігаўку».

Была геніяльная гісторыя з адной з кніг, выдадзенай у Кракаве. Мы замовілі яе сябрам у Беласток, пасля яны прывезлі яе да нас у Вільню, і мы падарылі яе сябру, калі паехалі да яго ў Кракаў. Вось такая хітрая лагістыка.

— Улічваючы ўсе фактары, у тым ліку і дасяжнасці, паракамендуй тры кнігі для дарослых, і тры дзіцячыя кнігі вартыя прачытання.

— Вельмі раю усім кнігу Югасі Каляды «Перамена месцаў», зусім свежы сусветны бэстсэллер пра амерыканскую літаратурную кухню «Елаўфэйс» Рэбэкі Кван у перакладзе Насты Карнацкай і «Яшчэ адзін дзень жыцця» Рышарда Капусцінскага пра вайну ў афрыканскай Анголе.

Што тычыцца дзіцячых выданняў, гэта «Чараўнік краіны Оз» Фрэнка Баўма ў выдатным перакладзе Сяржа Мядзведзева з ілюстрацыямі Каці Дубовік, комікс роўд-муві пра хваробу і нечаканае сяброўства «Трымайся, трусік!» Жазэфіны Марк і добрая ды іранічная кніга для дзяцей, якія вучаць літары, «Свет літар пані Понюшкі» Ганны Шчуко

— Што б ты пажадала беларусам напрыканцы нашай размовы?

— Трымацца, калі не разам, то бліжэй, і цікавіцца сваім, шанаваць сваё, ганарыцца сваім. Захар вучыцца ў літоўскай школе, і я бачу стаўленне літоўцаў да літоўскай мовы — што яны чытаюць, якія вершы вучаць, як да сваіх аўтараў ставяцца. Адчуваю гэты вось гонар — у нас атрымалася, у нас ёсць мова, мы ёй ганарымся. Беларусы таксама маюць сваё класнае. Так хочацца, каб мы мелі свой стрыжань, гонар за сябе і за сваё, любілі сваё, прасоўвалі і піярылі. І, вядома, чыталі свае кніжкі.

Каментары11

  • бабруйчанін
    05.04.2025
    Трапна
    Памятаю у школе Чаму у Вас нейкі " железабятонны язык " пры адказах??? Так мы Маякоўскага праходзім па руслітэратура ..з места мая рэпліка .( час дарагога Ільіча)
  • Ну, и дура
    05.04.2025
    В твоих Гишпаниях и Эвропах своих Маршаков и Чуковских толпы. И если игнорировать литературу просто по гегорафическому признаку, это надо не болшого ума человеком быть.
  • На фото какая-то овульнувшаяся сумасшедшая
    05.04.2025
    Любительница сидеть под пледом с какао. На новолурке про в статьи "институтка" таких хорошо описали.

Цяпер чытаюць

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі9

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

На Паліну Шарэнду-Панасюк завялі дзве крымінальныя справы2

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі6

Аўтобус з беларусамі перакуліўся пад Варшавай1

Які прыгожы трэнд: людзі ператвараюць свае газоны ў някошаныя лугі9

Уначы па усёй тэрыторыі Беларусі былі замаразкі, апроч аднаго горада4

Сёння Радаўніца — дзень, калі наведваюць магілы продкаў2

У беларускага А1 рэкорд па чыстым прыбытку — 369 мільёнаў рублёў. Але дзяржава зарабіла на гэтым бізнэсе яшчэ больш1

У Іспаніі і Партугаліі аднаўляюць падачу электраэнергіі і шукаюць прычыну маштабнага блэкаўту

Amazon пачала выводзіць на арбіту інтэрнэт-спадарожнікі — канкурэнты Starlink2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі9

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць