Грамадства33

Следчы камітэт накрыў фірму, якая дапамагала адбыць размеркаванне. Былыя студэнты праходзяць па крымінальнай справе

Восенню 2024 года на дзяржаўным канале выйшаў сюжэт пра фірму, якая дапамагала выпускнікам «вырашыць пытанне» з размеркаваннем. Прадпрыемства прапрацавала 5 гадоў, працаўладкоўвала маладых спецыялістаў, але з мінулага года гэтай шчыліны ўжо няма. Але ёсць крымінальная справа, затрыманы прадпрымальнік, выпускнікі пад следствам, допыты і выплаты кампенсацый і штрафаў. «Медыязона» знайшла некалькі былых студэнтаў, да чыіх размеркаванняў з'явіліся пытанні ў Следчага камітэта пасля некалькіх гадоў, а таксама вывучыла, як адпрацоўкі рэгламентуе закон.

Аляксей Гурэвіч. Фота: Facebook

Схема

Цэнтрам гісторыі выступае «кансалтынгавая фірма» выпускніка БДЭУ Аляксея Гурэвіча.

«Паспяховы прадпрымальнік, які прымнажае грошы іншых і захоўвае нервы і час тым, у каго ёсць адпрацоўка», — так ён апісвае сябе ў сацсетках.

Цяпер інфармацыю пра дзейнасць фірмы, якая займалася «пошукам» працаўладкавання для студэнтаў і «дармаедаў», можна знайсці толькі праз Instagram — у ім больш за 4 тысячы падпісчыкаў. Пасты ў ім пачалі з'яўляцца ў чэрвені 2020 года. У апісанні можна знайсці спасылку на телеграм-бот і сайт, якія не працуюць.

Паўгода таму на дзяржаўным ТБ выйшаў фільм пра дзейнасць фірмы Гурэвіча. У ім расказалі пра тысячу студэнтаў, якія скарысталіся яе паслугамі.

Аляксея, мяркуючы па фільме, затрымалі летась. У сюжэце паказаны ператрус у кватэры прадпрымальніка, дзе сілавікі выявілі дакументы і працоўныя кніжкі студэнтаў.

«Выпускнікі былі фіктыўна аформленыя на 0,1 стаўкі, іх заработная плата складала не больш за 60 BYN у месяц, з якіх выплачваліся мінімальныя абавязковыя страхавыя ўзносы і падаходныя падаткі — у агульнай суме не больш за 30 BYN», — расказвае прадстаўнік СК у фільме БТ.

Выпускнік прыносіў неабходныя дакументы ў фірму Гурэвіча. Ён «афармляў» яго ў адну са сваіх «кампаній» і выдаваў заяўку для ўніверсітэта. Калі ўніверсітэт усё задавальняла, адміністрацыя зацвярджала месца адпрацоўкі. Гэта давала магчымасць студэнтам хутка знайсці месца адпрацоўкі і не ісці па размеркаванні туды, куды прапануе ўніверсітэт. Паралельна выпускнікі маглі працягнуць шукаць іншую працу, каб пераразмеркавацца ў будучыні.

Закон

«У мінулым годзе ў нас было некалькі зваротаў ад выпускнікоў, якія карысталіся паслугамі «арганізацыі па наданні месца працы па размеркаванні». Гэтая арганізацыя за пэўную плату давала выпускніку «імянную» заяўку на размеркаванне, а далей фіктыўна ўладкоўвала яго да сябе на працу на 0,1 стаўкі. Рэальна гэтыя выпускнікі ў арганізацыі толькі лічыліся, але не працавалі. Прычым дзейнасць фірмы насіла даволі масавы характар, адзін з кліентаў згадваў, што аб'явы пра іх паслугі ледзь не былі развешаныя на дошцы аб'яваў універсітэта», — расказваюць юрысты праекта LegalHub.

16 мая 2023 года ў акаўнце фірмы Гурэвіча з'явіўся пост пра тое, што яны працуюць «згодна з Працоўным кодэксам, робяць выплаты ў фонд сацыяльнай абароны, падатковую інспекцыю, «Белдзяржстрах», а таксама афіцыйна запаўняюць працоўную кніжку».

Пра гэта ж у фільме кажа і намесніца начальніка аддзела па расследаванні злачынстваў супраць уласнасці СК па Мінску Святлана Шэлямецева:

«Студэнт атрымлівае ліст у ВНУ пра тое, што Аляксей у асобе якога-небудзь са сваіх «прадпрыемстваў» гарантуе працаўладкаванне па той спецыяльнасці, па якой студэнт атрымлівае адукацыю, а таксама гарантуе, што мінімум 2 гады гэты чалавек будзе працаваць па спецыяльнасці. Гэта значыць адбудзе размеркаванне так, як гэта належыць паводле заканадаўства.

На самай справе ніякай працоўнай дзейнасці ён не ажыццяўляў, хоць на першы погляд усё выглядае законна. Надаецца выгляд афіцыйнай законнай дзейнасці: на будучага работніка афармляецца працоўная кніжка, заключаецца працоўны дагавор, выплачваюцца ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны. Пры праверцы ўсё выглядае так, што чалавек сапраўды працуе, хоць на самай справе ён толькі заробак атрымлівае», — сказала Шэлямецева.

Па словах аднаго з суразмоўцаў «Медыязоны», у ВНУ не ўзнікла пытанняў да пасады і яго будучага месцы працы. Ніхто не папярэджваў, што варыянты адпрацоўкі незаконныя.

У дакуменце, які рэгламентуе размеркаванне выпускнікоў, гаворыцца, што «размеркаванне ажыццяўляецца камісіяй па размеркаванні», якая «прымае рашэнне аб размеркаванні адкрытым галасаваннем большасцю галасоў прысутных на яе пасяджэнні членаў».

Крымінальная справа

«Усім, хто там адпрацоўваў, прыйшоў ліст з навучальнай установы аб аплаце за размеркаванне. Гэта значыць час, які ты там [аформленым на фірме Гурэвіча] лічыўся, лічыцца неадпрацаваным — адной дзяўчыне налічылі больш за 30 тысяч рублёў, якія яна павінна выплаціць. Яны [фірма Гурэвіча] пішуць у працоўнай і ў бланку для размеркавання любую пасаду, якую захочаце.

Гэта было законна, рэальная арганізацыя і гэтак далей. Проста гэта лічыцца фіктыўным размеркаваннем — адпрацоўка ідзе, а вы на яе не ходзіце. Я не хадзіла на адпрацоўку, я плаціла кожны месяц па 70-90 рублёў і нібыта лічылася. І так рабілі многія. У мяне прайшло ўжо 3 гады пасля адпрацоўкі, і нядаўна прыйшоў ліст», — расказвае адна з выпускніц.

«Студэнты, якія цяпер прыцягнутыя, цалкам кампенсавалі шкоду, якую прычынілі сваімі дзеяннямі дзяржаве. Вярнулі грашовыя сродкі, якія былі выдаткаваныя на іх навучанне. Трэба разумець, што гэтыя грашовыя сродкі ўяўляюць сабой даволі значную суму, паколькі выдаткі на навучанне залежаць ад спецыяльнасці, якую атрымалі студэнты, і складаюць каля 50 тысяч. Лепш адразу прыйсці і ва ўсім прызнацца, хоць мы ўсё адно дойдзем да кожнага», — згадвалася ў фільме БТ.

«Медыязона» пагаварыла з яшчэ адным выпускніком, які цяпер знаходзіцца за мяжой, супраць якога была заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненага групай асоб па папярэдняй змове альбо ў буйным памеры.

Аднаго з герояў сілавікі паставілі перад выбарам: альбо ён «усё зробіць правільна», выплаціўшы пэўную суму «кампенсацыі», і тады справа «ператворыцца» з крымінальнай у адміністрацыйную, альбо «будуць дрэнныя наступствы, усё дойдзе да суда і крымінальнай справы». На практыцы гэта кампенсацыя ўніверсітэту за навучанне, штраф і «данат» у дабрачынную арганізацыю.

Журналісты дзяржТБ у фільме расказваюць, што многія людзі ўжо пачалі вяртаць даўгі: «Гаворка ідзе пра прыстойную суму, якая можа вярнуцца ў бюджэт краіны». Механізм «замены крыміналкі на адміністрацыйку» існуе, ён прадугледжаны артыкулам 86 КК: «Асоба, якая ўчыніла злачынства і кампенсавала шкоду, можа быць вызваленая ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці».

«Гэтыя нормы сапраўды выкарыстоўваюцца ў практыцы беларускіх сілавых органаў. Вы, напэўна, чулі гісторыі, як бізнэсмены «адкупляліся» ад крымінальнай адказнасці. Рабілася гэта ў тым ліку з выкарыстаннем гэтага артыкула. Зыходзячы з нашых зносін з кліентамі, паўстала ўражанне, што гаворка ідзе якраз пра «кампенсацыю шкоды, нанесеную злачынствам», а памер кампенсацыі ім разлічвалі згодна з Палажэннем аб кампенсацыі сродкаў за падрыхтоўку маладога спецыяліста, зацверджанага пастановай №572», — тлумачыць LegalHub.

Забарона

У студзені «Кіберпартызаны» апублікавалі дакументы, у якіх апісаныя планы ўнясення зменаў у Кодэкс аб адукацыі. Сярод прапаноў КДК ёсць пункт «Увядзенне сістэмы кантролю за стаўленнем наймальнікаў да маладых спецыялістаў і адказнасці за паказчыкі цякучасці кадраў».

У 2019 годзе на сайце pravo.by з'явіўся артыкул (ён да гэтага часу даступны), у якім юрыстка і былая дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр адказвала на пытанні аб размеркаванні выпускнікоў. Сярод пытанняў быў і той, які закранаў размеркаванне на няпоўную стаўку, а таксама працу па сумяшчальніцтве:

«У чалавека можа быць дзве ці нават тры працы. Напрыклад, праца «А» — асноўнае месца працы. Арганізацыя «B» — праца па сумяшчальніцтве. Ці можна працаваць па размеркаванні па сумяшчальніцтве? У заканадаўстве няма забароны. Але Міністэрства адукацыі кажа, што праца па сумяшчальніцтве не ідзе ў стаж. А гэта важна — стаж працы па профілі. Таму яны больш за тое, каб студэнты працавалі па асноўным месцы працы на размеркаванні. Але забаронаў няма, даходзіць да таго, што можна размеркавацца нават на 0,1 стаўкі, гэта значыць 40 хвілін працы ў дзень», — тлумачыла Рыхтэр у 2019 годзе.

5 снежня 2024 года ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 года № 572 унеслі змены, сярод якіх ёсць пункт, які забараняе размяркоўваць выпускнікоў на дыстанцыйную працу і вызначаць ім няпоўны працоўны час.

Юрысты праекта LegalHub пацвердзілі, што размеркаванне на няпоўную стаўку да ўнясення зменаў не было незаконным. Але, па іх інфармацыі, студэнтам ставілі ў віну не адпрацоўку на няпоўную стаўку, а падробку дакументаў і прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу.

«Верагодна, сілавыя органы палічылі, што калі арганізацыя, куды выпускнікоў нібыта размяркоўвалі, фактычна не ажыццяўляла дзейнасць, тады яе кіраўнікі ў змове з выпускнікамі адабралі ў дзяржавы каштоўныя кадры, якія маглі працаваць на карысць дзяржавы. У крайнім выпадку выпускнікі маглі б пакрыць у бюджэт грошы за навучанне, каб атрымаць даведку аб самастойным працаўладкаванні, чым таксама дапамаглі б дзяржаве. Да гэтага дадаецца факт, што фірма падрабляла апавяшчэнні аб прыбыцці выпускнікоў на працу па размеркаванні, якія накіроўваліся ВНУ», — тлумачаць юрысты LegalHub.

Мяркуючы па даце выхаду фільма на БТ, справа пра фіктыўныя адпрацоўкі працягваецца мінімум з лета 2024 года. «Медыязоне» вядома пра выпадкі, калі былых студэнтаў трымаюць пад падпіскай аб нявыездзе, працягваюць выклікаць на допыты і прыцягваюць блізкіх у якасці сведак.

Каментары3

  • Clive Bonham
    08.04.2025
    -- следчы камітэт накрыу́ фірму , якая ....
    сп.рэдактар , следчы камітэт хунты дау́но накрыу́ Краіну !!!
    нашто пра іх пісаць !
  • Андрусь
    08.04.2025
    Даўно даведзена, што размеркаванне - гэта парушэнне права на працу. Працаваць - гэта права чалавекаю . Размеркаванне і абавязванне выпускнікоў працаваць у нейкім, вызначаным не самім выпускніком месцы, з'яўляецца прымусовай працай, забароненай адпаведнай канвенцыяй. А ў матэрыяле тэма падаецца так, нібыта прымусовая адпраўка чалавека працаваць у пэўнае месца - гэта нармальная прававая з'ява, тым самым рэтранслююцца наратывы незаконнай улады Беларусі.
  • -
    09.04.2025
    распределим и хитрозачосаного с его табором. найдутся для всех места

Цяпер чытаюць

Пуцін прапанаваў спыніць канфлікт па цяперашняй лініі фронту3

Пуцін прапанаваў спыніць канфлікт па цяперашняй лініі фронту

Усе навіны →
Усе навіны

У панядзелак у Беларусі было +28°С

Псеўдаэлектрыкі напалі на мінскага айцішніка, катавалі яго і патрабавалі больш за $300 мільёнаў1

Біржавыя індэксы ЗША і даляр знізіліся на фоне атакі Трампа на кіраўніка Цэнтрабанка3

Смерць важнага героя і новая небяспека. Што паказалі ў другім сезоне хітовага серыяла The Last of Us4

У ААЭ заканадаўства пачне пісаць штучны інтэлект

«З адзіным надпісам: Franciscus». Ватыкан апублікаваў завяшчанне памерлага Папы2

Трамп паабяцаў раскрыць дэталі «мірнага пагаднення» паміж Расіяй і Украінай на працягу трох дзён9

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці22

Назвалі афіцыйную прычыну смерці Папы Францішка1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін прапанаваў спыніць канфлікт па цяперашняй лініі фронту3

Пуцін прапанаваў спыніць канфлікт па цяперашняй лініі фронту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць