КНДР упершыню пацвердзіла, што накіравала сваіх вайскоўцаў у Расію для ўдзелу ў вайне з Украінай, паведамляе Yonhap са спасылкай на Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (KCNA).

Паводле даных KCNA, перакідка войскаў была ажыццёўлена «па загаду паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына» ў адпаведнасці з дамовай аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж дзвюма краінамі.
«Перамогай завяршыліся аперацыі па вызваленні Курскай вобласці для адбіцця авантурнага ўварвання ўкраінскіх уладаў у Расійскую Федэрацыю», — гаворыцца ў паведамленні KCNA.
Там дадаецца, што падраздзяленні Узброеных сіл КНДР удзельнічалі ў аперацыях «згодна з загадам кіраўніка дзяржавы Кім Чэн Ына».
Кім Чэн Ын паабяцаў, што армія КНДР будзе і далей дапамагаць Расіі.
«Пхеньян і надалей будзе нязменна і поўнасцю падтрымліваць свяшчэнную справу арміі і народа Расіі, заўсёды будзе заставацца адданым любым дзеянням, заснаваным на духу міждзяржаўнай дамовы паміж КНДР і РФ», — цытуе словы правадара Паўночнай Карэі Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва.
У суботу кіраўнік расійскага Генштаба Валерый Герасімаў, дакладваючы Уладзіміру Пуціну пра сітуацыю ў Курскай вобласці, заявіў, што «паўночнакарэйскія вайскоўцы аказалі значную дапамогу пры вызваленні рэгіёна».
Заява Герасімава стала першым афіцыйным пацвярджэннем перакідкі войскаў КНДР у Расію, нагадвае Бі-бі-сі.
Каментары