Свет77

Што за Мэнцэн і Зандберг і чаму маладыя палякі масава галасавалі за іх?

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы прынёс беспрэцэдэнтны поспех ультраправаму аб’яднанню «Канфедэрацыя». Ягонаму лідару Славаміру Мэнцэну ўдалася перамагчы на выбарах сярод моладзі. А сістэмныя палітыкі сярод маладых выбаршчыкаў нават не трапілі ў топ-2.

Славамір Мэнцэн. Фота: Photo by Klaudia Radecka / NurPhoto via Getty Images

1 кастрычніка 2023 года сотні тысяч палякаў выйшлі на найбуйнейшую палітычную акцыю ў гісторыі Варшавы. На вуліцы пад лозунгамі «Прагонім Качыньскага» і «Разлічым ПіС» іх вывеў былы прэм’ер Дональд Туск і ягоныя партнёры па левацэнтрысцкай кааліцыі. Праз два тыдні тыя ж людзі ў белым і з бутаньеркамі ў выглядзе сэрцайкаў выстраіліся ў чэргах на выбарчых участках — амаль як у Беларусі трыма гадамі раней. Яны прыйшлі на ўчасткі, каб скончыць васьмігадовае кіраванне партыі «Права і справядлівасць».

Апазіцыі ўдалося мабілізаваць выбаршчыкаў: яўка стала рэкорднай і рэдкай для дэмакратычнай краіны — амаль 75%. ПіС заняла першае месца, але прайграла аб’яднаным левацэнтрыстам. Туск стварыў урад з лібераламі і левымі. Здавалася, пачынаецца новая эпоха.

Але праз паўтара года многія з тых, хто тады шпацыраваў па цэнтральных вуліцах Варшавы, прыйшлі на прэзідэнцкія выбары ўжо з іншым настроем: каб сказаць кіроўнай кааліцыі «Не!». І не толькі ёй, але і дваццацігадоваму дамінаванню дзвюх партый, так званаму «ПОПіСу» (ад назваў партый — «Грамадзянская платформа» і «Права і справядлівасць» — рэд.). І найгучней тут было чуваць голас моладзі.

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі ад «Грамадзянскай платформы» і гісторык Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае «ПіС», у першым туры разам набралі крыху больш за 60%. Гэта найгоршы паказчык кандыдатаў ад дзвюх галоўных партый за дваццаць гадоў. А вось яшчэ адзін факт: кандыдаты ад партый кіроўнай кааліцыі атрымалі 39,7% — паўтара года таму на парламенцкіх выбарах у іх было 53,72%. Выбаршчыкі незадаволеныя тым, што кааліцыя не выконвае перадвыбарчыя абяцанні, многія з якіх, па шчырасці, блакуюцца прэзідэнтам Дудам. А яшчэ шмат хто проста стаміўся ад старых партый і палітыкаў, а таксама бясконцых скандалаў з іх удзелам. Маршалак Сойма Шыман Галоўня, які на выбарах цалкам праваліўся, назваў вынікі першага тура «жоўтай карткай» для ўрада. Ці ператворыцца яна ў чырвоную — шмат у чым залежыць ад другога тура.

Пакуль што казаць пра нейкую электаральную рэвалюцыю рана, але тэндэнцыя ёсць. І шмат у чым яна звязаная з маладымі выбаршчыкамі. Ёсць сталае меркаванне, што дэпутатаў і прэзідэнтаў выбіраюць людзі сярэдняга і перадпенсійнага ўзросту. Яны больш цікавяцца палітыкай і, што яшчэ важней, часцей ходзяць на выбары. Але

гэтым разам раптоўна на выбары прыйшла моладзь. І прагаласавала не за «ПОПіС», а за Славаміра Мэнцэна — кандыдата ад правапапулісцкай «Канфедэрацыі».

Мэнцэн заняў першае месца сярод маладых выбарцаў. Photo by Jaap Arriens/NurPhoto via Getty Images

Лідар партыі, якая яшчэ нядаўна лічылася маргінальнай, набраў амаль 15%. Але больш паказальна іншае: як паказваюць экзітполы, Мэнцэн упэўнена перамог сярод выбаршчыкаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. Тут у яго ажно 36%. На другім месцы не Наўроцкі і нават не Тшаскоўскі, а антысістэмны левы Адрыян Зандберг — ён атрымаў амаль 20% галасоў моладзі. То-бок больш за палову маладых выбаршчыкаў выказаліся як супраць дзвюх галоўных партый, так і супраць усіх астатніх з правячай кааліцыі.

Моладзь на мітынгу ў падтрымку Славаміра Мэнцэна. Фота: Beata Zawrzel / Anadolu via Getty Images

Поспех Мэнцэна не толькі ў тым, што яго падтрымала моладзь. Ён змог пераканаць яе ўвогуле прыйсці на выбары.

Лідар «Канфедэрацыі» перацягнуў многіх, хто чатыры гады таму галасаваў за Анджэя Дуду, а яшчэ набраў ажно 35% галасоў тых, хто на мінулых выбарах не галасаваў зусім.

Як галасавалі выбарцы ў залежнасці ад узросту. Даныя экзіт-полаў. Графік: onet.pl

Але ў чым сакрэт такога поспеху?

Менцэна можна назваць даволі тыповым, паводле сучасных еўрапейскіх мерак, правым папулістам. І набор ідэй у яго, у прынцыпе, стандартны. Ён выступаў катэгарычна супраць абортаў, нават у выпадках згвалтавання, заклікаў страляць у нелегальных мігрантаў на мяжы, а таксама абяцаў дамагчыся большай незалежнасці Польшчы ў межах Еўрасаюза.

Менцэн заклікаў зрабіць ахову здароўя і адукацыю платнымі, каб палепшыць іх эфектыўнасць, адмяніць большасць падаткаў, дазволіць прадпрымальнікам не плаціць унёскі ў фонд сацыяльнага страхавання, абяцаў знізіць цэны на электрычнасць праз адмову ад зялёнай палітыкі ЕС — таксама балючая тэма для палякаў. За палітычны стыль і прапанову стварыць дзяржаўны рэзерв у біткойнах Мэнцэна нават празвалі «польскім Трампам».

Неадназначнае яго стаўленне да Расіі і Украіны. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён паспеў наведаць Львоў, каб паказаць «культ Бандэры», выступаў за тое, каб пазбавіць украінцаў польскіх дзіцячых дапамог, а таксама казаў, што варта дамовіцца з Пуціным, каб скончыць вайну. Пры гэтым Мэнцэн лічыць, што Расія пагражае бяспецы Польшчы — таму абяцаў траціць больш на абарону.

Але што зачапіла моладзь у палітыку з такім наборам ідэй? Па-першае, маладыя палякі проста стаміліся ад галоўных партый і незадаволеныя сістэмнымі палітыкамі наогул. Моладзь расчараваная тым, што кааліцыя Туска за паўтара года не выканала амаль нічога з абяцанага. У маладых людзей наогул ёсць адчуванне, што палітыкі іх не чуюць і не ўлічваюць іх інтарэсаў. Гэтая незадаволенасць вылілася на выбарчых участках. Моладзь прыйшла аддаць пратэсны голас за таго, каго добра ведала з сацсетак.

Гэта другая прычына поспеху Мэнцэна — ён пабудаваў сваю кампанію практычна цалкам пад тыкток і іншыя сацсеткі.

На яго канал падпісаныя больш за паўтара мільёны чалавек, яго ролікі добра разыходзяцца. Калі на парламенцкіх выбарах гэта не зусім спрацавала, то цяпер гэта супала з незадаволенасцю ўрадам, і тыкток прынёс Мэнцэну галоўны поспех для ультраправых у сучаснай гісторыі Польшчы.

Па-трэцяе, некаторыя ідэі Мэнцэна сапраўды рэзануюць з настроямі польскай моладзі. Апытанні паказваюць, што маладых палякаў не надта цікавяць такія тэмы, як правы ЛГБТ, аборты або прыцягненне «ПіС» да адказнасці — галоўная тэма лібералаў апошнія паўтара года. Моладзі важна, каб дзяржавы ў эканоміцы было менш, каб паслугі аховы здароўя былі больш якаснымі. І каб мігрантаў было менш — маладыя палякі баяцца канкурэнцыі на рынку працы і сур’ёзна заклапочаныя бяспекай. Мэнцэн б’е менавіта ў гэтыя тэмы і зарабляе папулярнасць. Ён прапануе нібыта простае рашэнне ўсіх праблем, чым і падкупляе недасведчаннага выбарцу. Яскравая і зразумелая падача тут важнейшая за тое, што кажа Мэнцэн і што ён казаў раней.

Мэнцэн заняў першае месца сярод маладых выбаршчыкаў. Photo by Jaap Arriens/NurPhoto via Getty Images

Падобная сітуацыя і з другім фаварытам моладзі — Зандбергам. Гісторык і праграміст у адной асобе прыйшоў у парламент у складзе кааліцыі, але потым парваў з ёй, абвінаваціўшы партыю Туска ў блакаванні прапаноў левых.

Зандберг пайшоў у апазіцыю, чым таксама дадаў сабе папулярнасці сярод пратэсных выбаршчыкаў. Ён быў актыўны ў сацсетках, стрыміў на Твічы, як гуляў у «Майнкрафт». А яшчэ біў у важную для моладзі праблему высокіх цэнаў на жыллё.

Адрыян Зандберг. Фота: Marek Antoni Iwaczuk / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Зандберг прапаноўвае будаваць больш муніцыпальнага жылля, абяцаў увесці падатак на трэцюю кватэру і спыніць субсідаванне крэдытаў, якія толькі павышаюць цэны на кватэры. Па выніку у традыцыяналісцка-каталіцкай Польшчы лявак Зандберг усё адно стаў другім па папулярнасці сярод маладых выбаршчыкаў і абышоў сваю былую калегу па партыі Магдалену Беят, якая ішла якраз ад сістэмных левых з кіраўнічай кааліцыі.

Зусім відавочна, што наймаладзейшыя выбаршчыкі здольныя вызначыць вынік другога тура. Іх больш за чатыры мільёны, і палова з іх у першым туры не галасавала за фаварытаў. Зандберг ужо адмовіўся падтрымаць каго-небудзь з кандыдатаў і заклікаў сваіх выбаршчыкаў галасаваць «уласным розумам». Мэнцэн жа ўзяў паўзу.

Чатыры гады таму электарат «Канфедэрацыі» падзяліўся ў другім туры, але тады за кандыдата ад гэтай партыі прагаласавалі ўсяго 6%. Цяпер жа вынік выбараў вызначыць тое, каму з лідараў удасца дацягнуцца да маладых — і ці прыйдуць яны на другі тур наогул. 

Выбары ў Польшчы ўжо называюць лёсавызначальнымі. Прэзідэнт там не мае такіх шырокіх паўнамоцтваў, як у ЗША альбо Францыі, але ён адказвае за замежную палітыку і валодае правам вета, што мае значэнне ў некаторых пытаннях. Пераадолець гэтае вета кіроўная кааліцыя не можа — ёй бракуе галасоў. Таму перамога Наўроцкага патэнцыйна можа прывесці да палітычнага крызісу. А ў перспектыве — і да вяртання да ўлады «ПіС», якую апаненты абвінавачваюць у карупцыі і антыдэмакратызме. Можа быць, нават у кааліцыі з «Канфедэрацыяй».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • бабруйчанін
    19.05.2025
    Пакаленне " тік так" інса.грам" ніадукаванае абмежаванае ..тупое))
    Будзе Вам якасная платная ахова здароў'я а плаціць кто будзе??)) Працаваць ні здольны адукацыі жадання 0.Будзе муніцыпальнае жыллё і зніжэнне падаткаў)))) Супраць звяза як і супраць " саюза"?? Тааак!! Так Вы на другім месце па атрыманню коштаў € ад Брюсселя ...
  • Faraon
    19.05.2025
    Žvir, чытайце ўважліва тэкст. Інфармацыя пра ўзрост і г.д. - з экзітполу
  • Чам
    19.05.2025
    Žvir, пра таго як галасавалі проста апытанні кажуць, людзі ж звычайна не паняць за каго галасавалі. А так гэта паўплывае на палітыку адносна Беларусі. У Польшчы карайнія нацыяналісты узялі 20 працэнтаў, і гэта і так было зразумела па іншых арытаннях, бо у сацыялагічных апытанняў беларусы у палякаў трохі лепей за цыган, а украінцы трохі лепей,але 25% палякаў іх вельмі не любіць. Там іншае цікава, палякі у Нямеччыне і іншым захадзе яшчэ больш нацыяналістычныя, 30%

Цяпер чытаюць

Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам2

Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам

Усе навіны →
Усе навіны

Як за год змяніліся цэны на нерухомасць у буйных гарадах. Сталіца не ў лідарах росту

Мелоні і Макрон пасварыліся наконт Украіны. Мерц стараецца іх памірыць5

Правы кандыдат Сіміён нечакана прайграў на выбарах прэзідэнта Румыніі і ўжо прызнаў паразу3

Фермеры наракаюць: ураджай будзе малы. Такіх частых замаразкаў не назіралі апошнія 30 гадоў5

У Джо Байдэна знайшлі рак у агрэсіўнай форме3

У Польшчы ў другі тур выходзяць мэр Варшавы Тшаскоўскі і гісторык Наўроцкі 32

Экзіт-полы ў Румыніі: Цэнтрыст Дан перамагае на выбарах са значным адрывам15

Праграмістка з Мінска: Я зарабляю 12 тысяч рублёў у месяц. Пры гэтым практычна ўвесь хатні побыт на мне12

«Як купіла сукенку на смерць 38 гадоў таму, так і ляжыць». Бабуля з вёскі паказала свой куфар2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам2

Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць