Грамадства44

«VIP-кліентка» КДБ. Гісторыя шведскай беларускі, якую арыштавалі на радзіме і вызвалілі разам з Ціханоўскім

Беларуска Галіна Краснянская, якая больш за 20 гадоў жыве ў Швецыі, увесну 2023 года прыехала наведаць бацькоў і трапіла на пяць гадоў за краты — «за фінансаванне ўзброенага фармавання ва Украіне». Праз 2 гады і 2 месяцы яе вызвалілі, нагадвае Радыё Свабода.

Беларуска Галіна Красьнянская з 2003 году жыве ў Швэцыі, даўно мае швэдзкае грамадзянства. Кардынальна сваё жыцьцё Галіна зьмяніла, калі мела 47 гадоў. Зараз ёй 69.

«У мяне ёсьць такая рыса: калі няма руху ні наперад, ні назад, я буксую, мне некамфортна. Я працавала тады ў Менску ў турызьме. Знаёмая жанчына сказала, што ў Швэцыі лёгка ўладкавацца зь дзіцем. Муж мяне не зразумеў і не паехаў, а мы з малодшым сынам рызыкнулі. Прыехалі ў Швэцыю, падалі дакумэнты на часовае жыхарства. Спачатку суд нам адмовіў: маўляў, «у Беларусі ўсё нармальна, няма ваенных дзеяньняў — няма падставаў».

А тут выходзіць закон, пад які падпадаюць асобы зь непаўналетнімі дзецьмі. І мы атрымалі дазвол на жыхарства — дзякуючы малодшаму сыну. Пазьней зь Беларусі да нас прыехаў муж. А вось старэйшы сын, ужо дарослы, ня мог узьяднацца зь сям’ёй», — апавядае Галіна.

«Тутэйшыя», амбасадар Эрыксан, арышт

Беларуская сям’я пачала паціху інтэгравацца ў швэдзкае грамадзтва. Галіна пазнаёмлася зь іншымі беларусамі Швэцыі, разам яны ладзілі калядныя ялінкі для дзетак, іншыя імпрэзы.

«З намі сябраваў швэдзкі амбасадар у Беларусі Стэфан Эрыксан. У суполцы мы вырашылі заняцца тэатральнымі пастаноўкамі. Калі Эрыксану не працягнулі працу ў Беларусі, у 2015 годзе мы паставілі спэктакль паводле п’есы «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Там ёсьць пэрсанажы — Заходні Вучоны і Ўсходні Вучоны. Дык Эрыксан граў Заходняга Вучонага, а я выконвала мужчынскую ролю — Усходняга Вучонага. Эрыксан часта прывозіў з канцэртамі Зьмітра Вайцюшкевіча, беларускіх пісьменьнікаў. Стэфан Эрыксан, дарэчы, адным зь першых прыслаў мне віншаваньне з вызваленьнем», — кажа беларуска.

У Швэцыі Галіна Красьнянская працавала пастаянна. Апошняе месца працы — міжнародная фінансавая арганізацыя. У 2021 годзе жанчына выйшла на пэнсію. У Беларусі ў яе заставаліся пажылыя бацькі і сям’я старэйшага сына.

«Я ўвесь час езьдзіла ў Беларусь — як толькі зьявіліся дакумэнты, дазвол на жыхарства. Падчас пратэстаў 2020 году мяне ў Беларусі не было, але пасьля ўжо адчувалася нейкая небясьпека, калі прыяжджала. Едзеш — і ня ведаеш, як вернесься», — апавядае Галіна.

Апошні раз яна паехала ў Менск увесну 2023 года. 27 красавіка зьбіралася вяртацца ў Швэцыю, раніцай сьнедала ў менскай кватэры, літаральна праз 10 хвілін зьбіралася выклікаць таксоўку. І тут раптам званок у дзьверы.

«Я падумала: нібыта нічога не замаўляла. А яны ж звоняць так характэрна, яшчэ пару разоў грукнулі ў дзьверы — адразу зразумела, што прыйшла непажаданая публіка. Адчыніла дзьверы — уваліліся чалавек 5. Але ўсё адбывалася спакойна — мяне не клалі тварам у падлогу. Сілавікі размахвалі нейкай паперкай — маўляў, дазвол на ператрус у іх ёсьць. Прывялі яшчэ двух маладых людзей у якасьці панятых.

У мяне быў беларускі тэлефон, дзе не было ніякіх мэсэнджараў. Але яны адкрылі кампутар і знайшлі там перапіску з адной украінкай, якая калісьці мне пісала, што людзі зьбіраюць грошы на дроны для Ўкраіны. А беларускія сілавікі палічылі, што гэта «фінансаваньне экстрэмісцкіх фармаваньняў», — успамінае Галіна візыт няпрошаных гасьцей.

Яшчэ перад тым, як учыніць ператрус, няпрошаныя госьці запатрабавалі паказаць, дзе ляжаць каштоўнасьці: валюта, залатыя ўпрыгожаньні. На другі дзень яны зайшлі ў кватэру з прадстаўнікамі ЖЭС і ў адсутнасьць гаспадароў забралі ўсе каштоўныя рэчы, расказвае жанчына.

«Я пытаюся — на якой падставе? Відаць, калі б мне быў выстаўлены пазоў, каштоўнасьці пайшлі б на кампэнсацыю», — кажа Галіна.

7 месяцаў у «Амэрыканцы», 32 дні ў карцэры

Спачатку Красьнянскую прывезьлі ва Ўправу КДБ, забралі завушніцы, пярсьцёнак, ключы. Але не было ані допыту, ані нават размовы, узгадвае яна. А ўвечары даставілі ў СІЗА КДБ — Галіна жартуе, што яна VIP-кліентка, бо мае замежны пашпарт.

Суразмоўца расказвае, што першую ноч правяла адна ў «Амэрыканцы», у камэры зь мяккімі сьценамі, абабітымі дэрматынам.

«Я адразу падумала: мабыць, біць будуць. Але мне далі пасьцельную бялізну — я ўзрадавалася. На наступны дзень перавялі ў звычайную камэру. Там я сядзела з прыстойнымі, адукаванымі людзьмі: эканамістам, юрыстам, псыхолягам. Мяне яны як родную прынялі, дзяўчаты адразу далі шкарпэткі, бо ў мяне забралі калготкі — «не паложана». Боты былі на босую нагу. Накармілі, напаілі гарбатай», — з удзячнасьцю ўзгадвае Галіна сваіх сукамэрніц.

У ШЫЗА жанчына не трапляла, а вось у карцары давялося пасядзець.

«Я свой упарты характар выпрабавала на начальніку СІЗА КДБ і атрымала ў суме 32 дні карцару. У такім «мяккім» пакоі, пра які я ўжо сказала. Але ўсё адно гэта не ШЫЗА. Днём я была там адна, не дазволена было чытаць, пісаць, ляжаць, драмаць. Начавала ў звычайнай камэры. Потым 10 дзён перапынак — і зноў 10 дзён карцару», — узгадвае жанчына.

«Бог мяне пачуў і не дазволіў агаварыць сябе»

Паколькі паказаньняў з прызнаньнем Галіна не дала, сьледчы быў вельмі злы, — узгадвае суразмоўца. Сын заключыў дамову з адвакатам, абаронца патлумачыў Галіне, што яна можа наагул не даваць паказаньняў.

«Мяне абвінавачвалі ў «фінансаваньні экстрэмісцкіх фармаваньняў». Яны нібыта знайшлі нейкія допісы, карцінкі — але банкаўскіх пацьверджаньняў не было! Таму казаць аб правасудзьдзі ў Беларусі не выпадае. Усё будуецца на меркаваньнях, здагадках, на чымсьці яшчэ — але не на доказах. Тое, што яны ня маюць беспасярэдніх доказаў, іх не засмучае. З майго боку прызнаньня віны не было. Я нават рада, што мне не давялося пераступаць церазь сябе, пісаць «памілоўку». А што я там напішу? Я ж віны не прызнаю! А тут я нібыта пагаджаюся, што я сякая-такая… Мая існасьць з гэтым ня можа пагадзіцца.

І таму, калі ўжо адбылося вызваленьне, я падумала, што Бог мяне пачуў і не дазволіў агаварыць сябе», — прызнаецца Галіна.

Потым быў месяц у СІЗА жодзінскай турмы, дзе таксама былі затрыманыя з палітычных матываў. Пасьля Жодзіна — «Валадарка».

«І ў Жодзіне, і на «Валадарцы» сядзяць прыстойныя людзі. Нават махляры вельмі прыстойныя — была маладая дзяўчына, якую ўзялі ў фірму на выпрабавальны тэрмін. Яна раздумвала, заставацца альбо не, а яе затрымалі паводле эканамічнага артыкулу. Шэфы яе махляры, а не яна! Палову людзей проста бяруць у палон. Калі сустракаеш палітычных у СІЗА, у турме і дазнаесься, за што чалавека ўзялі, валасы на галаве варушацца, думаеш: Божухна, сьвет перакуліўся — хапаюць за ўсё запар, як кажуць, за кожны чых», — успамінае Галіна Красьнянская.

Непрызнаньне віны

З 4 па 12 студзеня беларуску з швэдзкім пашпартам судзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу — за «фінансаваньне ўзброенага фармаваньня ва Ўкраіне». Старшынявала на працэсе судзьдзя Алена Ананіч.

«На судзе пракурор зачытаў нібыта сьведчаньні пяцёх прадстаўнікоў беларускай суполкі ў Швэцыі. Ніводзін зь іх не сказаў, што мяне ведае! Што значыць зьбіраць грошы ў Швэцыі? Там ніхто нічога не зьбірае. Прывялі ў якасьці доказу прыклад маёй размовы зь дзяўчынай з Украіны, якая напісала, што яны зьбіраюць на дроны. А гэта прыпісалі мне! Абсурд!» — апавядае пра свае ўражаньні ад суду спадарыня Галіна.

Прысуд — 5 гадоў пазбаўленьня волі — Галіна ўспрыняла спакойна. Яна кажа, што гэта ня самая страшная лічба, а мінімум у яе артыкуле. Падала апэляцыю ў Вярхоўны суд.

«Я віны не прызнала. Калі б прызнала віну — атрымала б ня пяць, а восем гадоў! І яшчэ адзін важны момант: я ў Беларусі не ўчыняла ніякага злачынства! Я перад Беларусьсю чыстая — ніякіх дзеяньняў крымінальнага характару я не ўчыняла. Толькі таму, што я не прызнала нічога, я атрымала пяць гадоў. Некалі я працавала з жанчынай, у якой муж быў міліцыянтам. Ён казаў, што «ўсё дазнаньне грунтуецца на прызнаньні». То бок, не было доказаў ані з банку Швэцыі, ані з банку з Украіны. Сьведкаў маіх дзеяньняў няма. Вось такое ў Беларусі правасудзьдзе!» — эмацыйна апавядае Галіна пра суд і прысуд.

Яна падазрае, што беларускія сілавікі проста ўзяліся за беларусаў замежжа, за прадстаўнікоў дыяспары.

Адно бідэ на 100 жанчын

Адзін год і адзін месяц Галіна адседзела ў гомельскай жаночай калёніі № 4. Яна як пэнсіянэрка трапіла ў катэгорыю так званых «дамашніх», то бок не хадзіла працаваць на фабрыку. У першым атрадзе, дзе апынулася Галіна, былі вельмі добрыя, спагадлівыя палітычныя. Параілі ёй, як выжыць у турме з «экстрэмісцкім прафіляктычным улікам», як дзейнічаць: спачатку да яе не даходзілі лісты, бо ўсе сваякі жывуць за мяжой.

Асобныя рэчы зьдзівлі беларуску, якая больш за 20 гадоў жыве ў Швэцыі.

«У гомельскай калёніі вельмі вялікія атрады — па 100 чалавек, але «рыльна-мыльная» культура — жах! Адно бідэ на 100 жанчын — і гэта ў ХХІ стагодзьдзі. Вы сьпіце на другім паверсе — прыбіральня на першым. Унітазы адзін насупраць другога, але гэта ж інтымная рэч! Усё навідавоку ўва ўсіх. Чалавек ня можа пабыць адзін. Вочка відэакамэры накіраванае на прыбіральню. Там бы дзьверкі павесіць замест яе», — абураецца Галіна.

У менскім СІЗА № 1 была самая нясмачная ежа з усіх чатырох установаў, дзе яна пабывала, узгадвае Галіна. У гомельскай калёніі з прыходам новага начальніка Таўсьцянкова карміць сталі лепш. А ў «Амэрыканцы» кармілі добра, лічыць Галіна.

«На сьняданак кашы. На абед — не паверыце — вельмі смачныя супы: расольнік, боршч. У СІЗА КДБ на вячэру кожны дзень бульба ў мундзірах і селядзец. Раз на тыдзень малочны суп. У «Амэрыканцы» ўва ўсіх шмат ежы зь перадачаў сваякоў — у нас быў «абшчак»: дзяўчаты гатавалі салаты, бутэрброды, усякую смакату.

На Валадарцы макарона заўсёды перавараная, была адна жахлівая страва з рыбы, мы называлі яе «магіла». Але дзяўчаты рабілі вельмі смачныя торты з каржоў з турэмнай крамы. Як мне хацелася яечні — не перадаць! Яйкі вараныя даюць, а я яечню хачу!» — апавядае Галіна.

У цэлым беларуска, якая больш за 20 гадоў жыве ў Швэцыі, была шакаваная ўстановамі пэнітэнцыярнай сыстэмы радзімы. І цяпер у якасьці экскурсанткі хоча наведаць жаночую турму ў Швэцыі, каб параўнаць умовы ўтрыманьня вязьняў.

«Мне здалося, што я трапіла на 70 гадоў назад. У СІЗА КДБ — жалезныя ложкі, усё замшэла-старажытнае. І людзі, якія працуюць у гэтай сыстэме, вельмі далёкія ад прагрэсу, яны жывуць яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. У большасьці пэрсаналу — прага ўлады, жаданьне прынізіць, напружыць. Ёсьць людзі, якія са скуры лезуць, каб знайсьці парушэньне, як тыя аўчаркі, выконваюць каманду «фас», настроеныя на правакацыі. Але зрэдку сустракаюцца і спагадлівыя, добрыя супрацоўнікі», — кажа жанчына.

Больш за ўсё ў гомельскай калёніі Галіну ўразілі жоўтыя біркі ў «палітычных» — усе яны былі прызнаныя «экстрэмістамі». Астатнія вязьні былі зь белымі біркамі.

«Гэта адразу наводзіць на асацыяцыю з «зоркай Давіда» — я лічу, гэта блюзьнерства. Бо пастаянна нас дзяўбуць Вялікай Айчыннай, пастаянна галосяць пра яе, а дзейнічаюць як у канцлягерах — вешаюць на зьняволеных жоўтыя біркі!» — абураецца Галіна.

«Мяне проста ўзялі ў палон»

21 чэрвеня Галіну Красьнянскую і яшчэ 13 палітзьняволеных вызвалілі з турмаў Беларусі і прывезьлі ў Літву. Гэта адбылося пасьля сустрэчы Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам ЗША для Ўкраіны генэралам Кітам Келагам. Галіна кажа пра сваю тагачасную перакананасьць у тым, што пяць гадоў яна ня будзе сядзець.

«Я чалавек аптымістычна настроены, верыла, што гэта вечна працягвацца ня можа. Мяне проста ўзялі ў палон. Я свайму апэрытыўнаму супрацоўніку так і казала, што я ў палоне. Ён пастаянна запытваўся, ці надумала я пісаць прашэньне аб памілаваньні, а я казала: «Чаму я павінна штосьці пісаць, калі мяне ўзялі ў палон?» У мяне такое ўражаньне, што ён бярэ палітычных у палон, каб потым штосьці вытаргоўваць», — мяркуе Галіна Красьнянская.

Але вызваленьне для яе стала цалкам нечаканым. Галіна прызнаецца, што нічога не прадчувала.

«Літаральна за дзень да майго вызваленьня мы з адной «палітычнай калегай» абмяркоўвалі, што ўжо чэрвень 2025-га, а мы сядзім. Тая пажартавала: маўляў, нічога, «большая кампэнсацыя будзе за несправядлівую пасадку». Пасьмяяліся разам. І яшчэ адзін цікавы момант я заўважыла — перад нейкімі падзеямі кшталту памілаваньня ў мясцовай тэлевізіі калёніі паказваюць прапагандысцкія фільмы, і ў чацьвер таксама штосьці такое паказалі.

У пятніцу прыходзіць афіцэр, якога я недалюблівала (бо празь яго атрымала першае спагнаньне). «Зьбірайце рэчы», — кажа. Бачу — Натальля Дуліна таксама чакае. Мы ў неўразуменьні поўным», — апавядае Галіна пра апошні дзень у калёніі.

Мяхі на галовах

Жанчыны чакалі гадзіны тры, па іх прыехаў бусік, надзелі кайданкі на рукі і мяхі на галовы. Ехалі даволі доўга. Зноў чакалі гадзіны дзьве ў бусіку.

«У мяхах і кайданках нас прывялі ў памяшканьне. Я адразу зразумела, што гэта КДБ. Усе супрацоўнікі ў балаклавах, але я іх пазнала: і Мікітоса, і маладога рудога (супрацоўнікаў КДБ, зь якімі Галіна сустракалася раней — РС). Завялі нас з Наташай ў добра знаёмы мне «мяккі пакой», а потым разьвялі па розных камэрах. Я трапіла ў камэру да дзьвюх палітычных. То бок адных выпускаюць, а яшчэ больш забіраюць.

Раніцай нам зноў надзелі мяхі на галовы, кайданкі на рукі, пасадзілі ў бусік. Паехалі. Вырадак у балаклаве крычыць: «Галовы ўніз!» Спыніліся. Высадзілі нас і ўчынілі пераклічку. Чую прозьвішча: Ціханоўскі. Думаю — ого! Перасадзілі нас ужо ў амэрыканскі бусік. І кажуць: «Вы вольныя, едзем у амэрыканскую амбасаду ў Вільні — амэрыканскі ўрад вас вызваліў»», — апавядае Галіна.

На мяжы нейкі час затрымаліся — беларусам рабілі візы. Красьнянскай вярнулі два пашпарты — беларускі і швэдзкі. Але ніякіх іншых дакумэнтаў, папераў не аддалі.

«Не далі даведку аб вызваленьні. Не аддалі пастанову суду, мае сшыткі з запісамі. Я займалася нэўраграфікай — усе карцінкі забралі, кнігі аб маляваньні, лісты ад мужа, сыноў. Вярнулі толькі пашпарты. На наступны дзень я вылецела зь Вільні ў Швэцыю. Мне пашанцавала, што мяне вывезьлі зь Беларусі. У мяне ў Швэцыі дом, сям’я, а ў іншых цяпер няма дому. Натальлі Дулінай вельмі цяжка… Але добра, што ўсё скончылася. Уся мая сям’я шчасьлівая, сёлета зноў зьбяромся на Новы год разам, будзем на лыжах катацца. А то спачатку нашай традыцыі перашкодзіў ковід, потым мая турма. Але будзем тую добрую традыцыю аднаўляць», — цешыцца жанчына.

Галіна прызнаецца, што пастаянна думае, для чаго ёй быў дадзены сумны досьвед зьняволеньня.

«Здавалася б, я ўжо не маладая жанчына, шмат у жыцьці бачыла. Мне з гэтым цяпер жыць. Але для чагосьці мне трэба было ў турму трапіць, для чагосьці гэты досьвед даецца…» — разважае яна.

Каментары4

  • Попала в разработку
    15.07.2025
    Самое интересное во всей этой истории - на каком основании с уже готовыми документами на обыск (а это значит, что было возбуждено уголовное дело по какой-то статье на основании какой-то первичной информации) пришли силовики к этой беларуске? Об этом в статье - ни слова. То, что силовики нашли постфактум на ее компьютере и попытались натянуть сову на глобус и сшить, как говорят, - "дело белыми нитками" - это другая история.
    Что было первопричиной внимания к ее персоне? Вероятно, она где-то "засветилась" в каких-то чатах шведской диаспоры (которые мониторят силовики) либо кто-то ее "подслил" из шведских знакомых иммигрантов и недоброжелателей, что мол такая неблагонадежная и протестная дама собирается ехать в Беларусь - обратите на нее внимание!
  • Юрась Зянковіч
    15.07.2025
    У Андрэя Небаяна (палкоўнік, начальнік “амэрыканкі”) ад бязкарнасьці і садызму дах пачаў ехаць. Раней, у мой першы заезд туды ў 2021-2022, нягледзячы на перапоўненасьць, “мяккі пакой” ня ўжываўся для карцэра. Для гэтых мэтаў ёсьць сьпецыяльна вызначаная камера нумар 2, якая па сваім уладкаваньні адпавядае паняцьцю “карцар”. А прамое прызначэньне “мяккага пакою” - супакойваць буйна-агрэсіўных. Ды і атрымаць ня тое што карцар, вымову пры папярэднім начальніку гэта трэба было моцна пастарацца. Небаян стаў в.а. недзе ў канцы 2020, а поўнавартасным начальнікам летам 2022. І пачаў “чудзіць”.

    Недзе ў 2023 годзе Андруша прыдумаў новую практыку - пакараньні раздаваць направа-налева, а “мяккі пакой” выкарыстоўваць пад карцар у выглядзе “пакоя тартураў” - чалавека там прымушаюць стаяць на нагах цэлы дзень. Гэта і так цяжка, а на мяккай падлозе - гэта сапраўдная тартура!

    У “мяккім пакоі” транзітам пры “заездах”-“выездах” я асабіста быў шмат разоў. Адзін раз ночыў такім самым чынам, як гераіня: прывезьлі позна, дык каб сярод ночы ў камэру не заводзіць, далі пераночыць там. А пра тартуры чуў ад іншых, да каго іх прымянялі.
  • щоцебуло
    15.07.2025
    в жодинской тюрьме лютая дичь сидит - ей просто повезло не нарваться на неадекватных,а американка и володарка просто санаторий

Цяпер чытаюць

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі9

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрасаюз увёў поўную забарону на фінансавыя транзакцыі ў дачыненні да некалькіх банкаў Беларусі78

Наталлю Говараву з траімі дзецьмі экакуявалі з Беларусі. Ёй пагражала чатыры гады хіміі

Сяргей Ціханоўскі папрасіў аб дапамозе60

Жонка кіраўніка IT-кампаніі, якога заўважылі на канцэрце з калегай-каханкай, адрэагавала на сітуацыю17

«Маму трымалі проста ў яме, марылі голадам». Гісторыі ўкраінак, выкрадзеных расейцамі са сваіх дамоў7

Ціханоўская: «Мы расказалі Сяргею, як сябе паводзіць на сустрэчах высокага ўзроўню. Ён жа эмацыйны, як агонь, як ураган»18

У 18-м пакеце санкцый — чатыры беларускія кампаніі і завод «Легмаш», прадугледжваюцца захады супраць беларускіх банкаў19

Сям’я з Беларусі на сваёй машыне праехала каля 10 тысяч кіламетраў дзеля Эгейскага мора6

Беларуска ў 36 гадоў паступае ва ўніверсітэт на дзённае4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі9

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць