ЗША патрабуюць ад Украіны пагадзіцца на мірны план Уіткафа-Дзмітрыева да 27 лістапада
Адміністрацыя Дональда Трампа моцна цісне на Украіну, патрабуючы пагадзіцца на амерыканска-расійскі мірны план да Дня падзякі, які будзе адзначацца 27 лістапада. Пра гэта піша Financial Times са спасылкай на ўкраінскіх высокапастаўленых чыноўнікаў і асоб, знаёмых з ходам перамоваў.

Напярэдадні FT паведаміла, што Злучаныя Штаты патрабуюць ад Кіева зацвердзіць мірны план, распрацаваны спецыяльным пасланікам Дональда Трампа Стывам Уіткафам і дзяржсакратаром Марка Рубіа ў супрацоўніцтве з расійскімі перамоўнікамі. Дакумент з 28 пунктаў, ужо ўхвалены прэзідэнтам Дональдам Трампам, прадугледжвае істотныя саступкі з боку Украіны.
«Паводле слоў людзей, знаёмых з дэталямі пагаднення, Трамп патрабуе ад Украіны адмовіцца ад падкантрольных ёй тэрыторый Данбаса, скараціць колькасць Узброеных сіл удвая і адмовіцца ад жыццёва важных катэгорый узбраенняў».
Украінскія чыноўнікі паведамілі FT, што адміністрацыя Трампа паставіла «агрэсіўныя» тэрміны, каб паспець падаць пагадненне Маскве да канца лістапада і завяршыць працэс на пачатку снежня. Пры гэтым украінскія службовыя асобы адзначаюць, што шэраг палажэнняў дакумента з’яўляюцца непрымальнымі і зараз вядзецца праца над сустрэчнымі прапановамі.
Каментары