Навукоўцы выявілі, што валоданне некалькімі мовамі запавольвае біялагічнае старэнне
Паводле ацэнак, да 70% насельніцтва свету валодае больш чым адной мовай. Гэта не проста культурнае багацце ці перавага ў кар'еры. Новае маштабнае еўрапейскае даследаванне паказвае, што шматмоўе можа быць адным з ключоў да здаровага і павольнага старэння.

Навукоўцы даўно падазравалі, што веданне некалькіх моў станоўча ўплывае на мозг. Гэта звязана з канцэпцыяй кагнітыўнага рэзерву — здольнасці мозгу кампенсаваць узроставыя змены ці нават наступствы такіх хвароб, як дэменцыя. Лічыцца, што гэты рэзерв фармуецца, калі мозг рэгулярна атрымлівае інтэлектуальныя выклікі, у тым ліку праз штодзённае выкарыстанне некалькіх моў.
Папярэднія даследаванні паказвалі на такую сувязь, але часта мелі абмежаванні: малыя выбаркі ўдзельнікаў, няпэўныя крытэрыі шматмоўя, ігнараванне іншых фактараў. Новая праца, аб выніках якой піша Fitbook.de, пабудаваная на шырокай базе даных і ставіла за мэту больш дакладна ацаніць, ці сапраўды шматмоўе звязанае з больш павольным старэннем.
Замест таго, каб абапірацца толькі на дыягназы, даследчыкі вылічвалі біялагічны ўзрост кожнага чалавека. Гэты паказчык адлюстроўвае рэальны стан арганізма, у адрозненне ад каляндарнага ўзросту ў пашпарце.
Каляндарны ўзрост — гэта проста колькасць гадоў, якія вы пражылі. Біялагічны ўзрост — гэта паказчык таго, наколькі зношаны арганізм. Ён залежыць ад ладу жыцця, генетыкі, наяўнасці хранічных захворванняў і разумовай актыўнасці. Так, 70‑гадовы чалавек можа мець біялагічны ўзрост 60-гадовага, і наадварот.
Навукоўцы вылічвалі розніцу паміж гэтымі двума ўзростамі (так званы «biobehavioral age gap», або BAG). Чым меншая гэтая розніца ці чым маладзейшы біялагічны ўзрост у параўнанні з рэальным, тым больш здаровым лічыцца працэс старэння. Менавіта тут і выявілася цікавая тэндэнцыя.
Вынікі, якія ўражваюць
Даследаванне ахапіла дадзеныя больш за 86 000 людзей ва ўзросце ад 51 да 90 гадоў з 27 краін Еўропы. Для ацэнкі біялагічнага ўзросту выкарыстоўваўся комплексны алгарытм, які ўлічваў: кагнітыўныя здольнасці (памяць, увага); узровень фізічнай актыўнасці; адукацыю; наяўнасць хранічных хвароб; якасць сну і штодзённыя звычкі.
Шматмоўе разглядалася як асобны фактар. Каб пазбегнуць скажэнняў, даследчыкі кантралявалі ўплыў знешніх умоў — міграцыі, узроўню забруджвання паветра, сацыяльнай няроўнасці, палітычнай стабільнасці. Акрамя таго, аналізаваўся не толькі стан удзельнікаў на момант апытання, але і тэмпы іх старэння з цягам часу.
Вынікі паказалі: людзі, якія размаўлялі толькі на адной мове (моналінгвы), часцей дэманстравалі паскоранае біялагічнае старэнне. Іх арганізм быў у сярэднім старэйшы за пашпартны ўзрост.
Шматмоўныя людзі (білінгвы і паліглоты) ў сярэднім старэлі павольней. Іх біялагічны ўзрост часцяком быў ніжэйшы за каляндарны.
Цікава, што назіралася непасрэдная залежнасць: чым больш моў ведаў чалавек, тым маладзейшым аказваўся яго біялагічны ўзрост у параўнанні з пашпартным. Пры гэтым вынік захоўваўся нават пры вельмі грубым уліку моўных навыкаў, што сведчыць пра надзейнасць сувязі.
Нават пасля ўліку іншых фактараў — адукацыі, фізічнай актыўнасці, хранічных хвароб — шматмоўе заставалася самастойным ахоўным фактарам. У краінах з высокай міграцыяй або значнымі гендарнымі дыспрапорцыямі сувязь была крыху слабейшай, але ўсё ж выразнай.
Высновы даследавання дазваляюць разглядаць валоданне мовамі як даступны і эфектыўны спосаб падтрымкі здароўя ў сталым узросце, нароўні з правільным харчаваннем, спортам і сацыяльнай актыўнасцю. Прычым важна не толькі вывучэнне мовы, але і яе актыўнае выкарыстанне ў паўсядзённым жыцці.
Гэта можа стаць выдатным спосабам трэніроўкі для мозгу, даступным для людзей незалежна ад іх паходжання або ўзроўню адукацыі.

Абмежаванні высноваў
Нягледзячы на пераканаўчыя вынікі, важна разумець абмежаванні. Даследаванне фіксавала толькі факт валодання мовамі, але не ўдакладняла, у якім узросце яны былі вывучаныя і як часта выкарыстоўваліся. А менавіта гэтыя дэталі могуць быць вырашальнымі.
Акрамя таго, даследаванне паказвае сувязь, а не непасрэдную прычыну. Магчыма, людзі, якія вывучаюць мовы, у цэлым вядуць больш актыўны і здаровы лад жыцця. Каб канчаткова пацвердзіць прычынна-выніковую сувязь, неабходны дадатковыя даследаванні, у якіх навукоўцы будуць назіраць за людзьмі, якія пачынаюць вывучаць новую мову ўжо ў дарослым узросце.
Тым не менш, высновы відавочныя: нават пры ўліку ўсіх нюансаў сувязь паміж шматмоўем і запаволеным біялагічным старэннем выглядае вельмі трывалай. Так што калі вы шукалі прычыну, каб нарэшце пачаць вучыць новую мову, то вось яна. Гэта не толькі цікава, але і, магчыма, адна з найлепшых інвестыцый у ваша здаровае даўгалецце.
Навукоўцы зразумелі, чаму нашы вясковыя бабулі жылі даўжэй
«Жонка часам не разумее, чаго ад яе хоча дачка». Беларус і полька выхоўваюць дзіця адразу на дзвюх мовах
Чаму білінгвы могуць мець перавагу ў памяці — новае даследаванне
Білінгвізм мяняе ўяўленне дзяцей пра сусвет
Як хутка вывучыць замежную мову? Вось 11 простых парадаў
Каментары
Kali ja nia viedaŭ nivodnaj movy, ja byŭ malady-malady... A ciapier niekalki, i o, chaliera, usio rypić, traščyć i śvišča !