Грамадства22

«Там ты багацейшы, а тут — шчаслівейшы». Айцішнік 25 гадоў жыве ў Славeніі — закахаўся (у краіну) у камандзіроўцы

За апошнія гады беларусы па аповедах і на асабістым досведзе многа даведаліся пра жыццё ў суседніх (і не толькі) краінах. Але застаюцца лакацыі, не вельмі далёкія і экзатычныя, пра якія вядома зусім мала. Адна з такіх — Славенія. Пра яе Devby.io расказаў праграміст Жан, які пераехаў у гэтую краіну амаль чвэрць стагоддзя таму.

— У пачатку нулявых я працаваў праграмістам у беларуска-славенскай кампаніі, якая займалася тэлекамунікацыйным абсталяваннем, і вось аднойчы паехаў у двухтыднёвую камандзіроўку ў Славенію.

Тады мяне ўразіла, наколькі Славенія развітая ў параўнанні з Беларуссю і наколькі яна разнастайная. У Славеніі ёсць мора, горы, азёры, замкі, пячоры. У той час я якраз пачынаў захапляцца фатаграфіяй і падумаў: як жа шанцуе славенцам, што ў іх такія дэкарацыі для фотаздымкаў.

А яшчэ мяне здзівілі славенскія дарогі з добрай разметкай: яны моцна кантраставалі з беларускімі ўзору 2001 года. Чамусьці я таксама добра запомніў асобныя смеццевыя бакі для шкла, пластыку, паперы.

Праз год я зноў паехаў у камандзіроўку ў Славенію і там прапанаваў кіраўніцтву мяне рэлакаваць. І яны пагадзіліся. У той фірме я адпрацаваў 10 гадоў. Потым уладкаваўся ў іншую, у банкаўскай сферы, дзе адпрацаваў больш за 13 гадоў. Зараз я зноў разважаю над тым, чым заняцца.

Самі славенцы называюць Славенію сонечным бокам Альпаў. Яна ляжыць у паўднёва-ўсходняй частцы Альпаў, і гэтыя горы закрываюць Славенію ад цыклонаў, якія гуляюць па Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе. Клімат тут дастаткова мяккі з-за блізкасці мора. Вясной, восенню і зімой у Славеніі звычайна на 5‑10 градусаў цяплей, чым у Беларусі.

Нягледзячы на тое, што Славенія была часткай Югаславіі, мясцовыя заўсёды размаўлялі паміж сабой па-славенску. А афіцыйная мова экс-Югаславіі — серба-харвацкая — выкарыстоўвалася толькі на тэлебачанні, у дакументазвароце, у арміі і г. д.

Славенская адносіцца да заходняй галіны паўднёваславянскіх моў. Нешта па-славенску нашым будзе зразумела, але падчас першай сустрэчы славенцы і руска/беларускамоўныя адно аднаго не разумеюць.

Мора ў Славеніі не вельмі шмат — каля 45 км Адрыятычнага ўзбярэжжа паміж Італіяй і Харватыяй. Сюды, вядома, часам прыязджаюць дзеля марскога адпачынку, але турызм у Славеніі — гэта таксама тэрмальныя крыніцы, горы, замкі, актыўны адпачынак: ровары, рафтынг, каньёнінг і т. д. Зімой адкрытыя некалькі гарналыжных курортаў. Праўда, на самым вялікім усяго 25‑30 кіламетраў трас. Гэта няшмат, але затое тут ёсць усё і ўсё блізка. З аднаго канца Славеніі ў іншы даязджаеш максімум за 3 гадзіны.

Што ідэальна

У нейкім сэнсе Славенію можна лічыць вялікай вёскай. Яе так многія і называюць. Тут няма мегаполісаў, жыццё вельмі спакойнае і размеранае. Я б сказаў, гэта краіна для тых, хто любіць прыроду, не любіць шуму і гламурнага шопінгу.

Славенцы вельмі гасцінныя, але крыху менш, чым астатнія балканцы. Мне здаецца, гэта нейкі кампраміс паміж аўстрыйска-нямецкай закрытасцю і празмернай сербска-баснійскай адкрытасцю.

Абсалютная большасць славенцаў жадае жыць у сваім уласным загарадным доме. Таму вельмі многія жывуць у сваіх вёсках, а на працу ездзяць у горад.

Славенцы прачынаюцца куды раней за шостую раніцы і рана пачынаюць працаваць. Паміж 6‑й і 7‑й раніцы на аўтабане ўжо ненармальны паток машын. Заканчваюць працаваць яны таксама рана — а другой-чацвёртай пасля абеду. Пасля гэтага ўсе спяшаюцца дадому да сям'і ці сядаюць на ровары і едуць у горы, каб атрымаць ад гэтага дня штосьці яшчэ. Рэдка можна ўбачыць хаця б напалову запоўнены офіс пасля 15‑16 гадзін.

Мне Славенія падабаецца тым, што тут заўсёды ёсць куды паехаць і чым заняцца. З аднаго боку, шмат замкаў, гор, азёр, рэк, пячор, лясоў, недаследаваных куткоў, з другога — спартыўных актыўнасцяў. Славенцы — фанаты паходаў у горы, веласіпедных прагулак і горных лыжаў. Многія спрабуюць з трох гадоў ставіць сваіх малых на лыжы.

А я тут адкрыў для сябе яхтынг. Для яхтсменаў адна з галоўных пераваг Славеніі — суседства з Харватыяй з яе 1000 + астравамі.

Што не ідэальна

У Славеніі ўсё было б цудоўна, калі б не заробкі ніжэй за заходнееўрапейскія і праблемы з медыцынай. Маю на ўвазе страхавую медыцыну, якая ўтрымліваецца за кошт абавязковых страхавых узносаў і ў якой вельмі вялікія чэргі. Год-два чакаць прыёму ў некаторых лекараў тут у парадку рэчаў. Вядома, ёсць клінікі, якія лечаць за нестрахавыя грошы — там усё даражэй.

Славенія — у еўразоне, і гэта шмат у чым вызначае цэны. Якраз нядаўна абмяркоўвалі з прыяцелямі кошт жыцця. Калега кажа, што ў іх у сям'і на ежу сыходзіць каля 300 еўра на чалавека. Ну, у яе — дзеці, якія растуць і шмат ядуць.

Жыллё тут вельмі дарагое: сярэдняя цана квадратнага метра ў Любляне — 4500 еўра. Арэнда, адпаведна, таксама высокая.

Зразумела, што гэтыя праблемы пагоршыліся ў 2022‑м з прытокам бежанцаў — жыллё падаражэла адсоткаў на 20. Недарагое жыллё ў Славеніі ўсё яшчэ можна знайсці — напрыклад, на мяжы з Венгрыяй, але да цывілізацыі адтуль дабрацца будзе няпроста. Сем'ям з дзецьмі, якіх трэба вазіць у садок/школу, такое не падыходзіць.

Усе хочуць жыць альбо ў Любляне, альбо ў так званым Гораньскім рэгіёне, на паўночным захадзе Славеніі, каля гор, альбо на ўзбярэжжы. А там самая дарагая нерухомасць. Камунальныя плацяжы таксама дастаткова высокія, 150‑350 еўра. Дадайце да гэтага кошт арэнды ( 500‑1000 еўра за кватэру), і набярэцца вельмі прыстойная сума.

Я сам здымаў жыллё на працягу 20 гадоў. А апошнія пару-тройку гадоў жыву ў сваёй партнёркі (не ведаю, як зараз па-руску называюць пазашлюбныя адносіны). Купілі сабе дачу ў гарах, на якой можна жыць, калі пачнецца армагедон. Выплачваю за дачу крэдыт.

Што з ІТ

Працы ў Славені, у прынцыпе, хапае для ўсіх, пытанне — за якія грошы. Калі казаць пра ІТ, многія працуюць у мясцовым аўтсорсінгу (ведаю кампаніі, якія абслугоўваюць славенскіх кліентаў, і такую, якая працуе на аднаго аўстрыйскага кліента) альбо ў замежных кампаніях. Але замежныя кампаніі аддаюць перавагу плаціць па славенскіх мерках, а не па амерыканскіх ці, напрыклад, нямецкіх.

Па маіх суб'ектыўных адчуваннях, больш за 3000 еўра нета зарабляць у Славеніі вельмі цяжка. Мая грубая ацэнка такая: сеньёры — да 3K, мідлы — да 2К. Але я магу памыляцца, бо рэдка мяняў працу. 

Дарэчы, у Славеніі ёсць добры закон: усе фірмы павінны кампенсаваць супрацоўнікам кошт праезду да працы і назад, а таксама кошт абедаў. У маёй кампаніі, напрыклад, даплачвалі 8+ еўра ў дзень на ежу.

Акрамя аўтсорсу, у Славеніі ёсць некалькі паспяховых стартапаў, ужо вядомых у свеце. Напрыклад, калісьці папулярная мабільная гульня «Гаворачы Том», у якой анімаваны кот есць і спіць і паўтарае за карыстальнікам фразы, альбо біржа крыптавалют Bitstamp. Стартапы з'яўляюцца пастаянна. Тут працуюць некалькі бізнес-інкубатараў і тэхналагічных паркаў.

Так, крызіс закрануў ІТ-галіну і тут: многія кліенты ўразаюць расходы. Але, гутарачы са звольненымі айцішнікамі, я прышоў да высновы, што на працягу 3‑4 месяцаў усе так ці інакш знаходзяць працу. Чым больш дасведчаны і здольны супрацоўнік, тым хутчэй. Былы калега расказваў, як на інтэрв'ю яму прапанавалі на лістку ў прысутнасці інтэрв'юера напісаць нейкі C++ код.

На некаторыя тэхналогіі, мяркуючы па LinkedIn, попыт зараз асабліва вялікі. Усе шукаюць ШІ-спецыялістаў і спецыялістаў па воблачных сэрвісах. 

Ці патрэбная айцішніку на працы славенская мова? Па-мойму, не must have, але пажадана. Шмат што залежыць ад кампаніі. 

Пра міграцыю і адносіны мясцовых

У апошнія гады ў Славенію прыехалі людзі зусім розных катэгорый. Украінскія бежанцы, прадпрымальнікі, якім немагчыма працаваць у Расіі/Беларусі, якія бягуць ад мабілізацыі і/ці рэпрэсій. А таксама тыя, каму проста надакучылі непрадказальнасць і адчуванне небяспекі — у кожнага свая гісторыя і матывацыя.

Рускай мовы вакол стала прыкметна больш. Пашпарты ва ўсіх розныя, але ў паўсядзённым жыцці я не заўважаў якой-небудзь дыскрымінацыі па гэтай прыкмеце, да ўсіх ставяцца нармальна. На ўзроўні ўладаў было некалькі праблемных кейсаў з адкрыццём рахункаў беларусам і расіянам. Але, здаецца, усё вырашылася, у апошні час не чую такіх гісторый.

Спачатку ўсе па прыездзе імкнуліся заняцца турбізнесам, каб вазіць сюды турыстаў, але, здаецца, гэты трэнд прайшоў. Адны дыстанцыйна кіруюць бізнесам на радзіме і проста жывуць, іншыя шукаюць тут працу. З працай цяжка, асабліва без ведання мовы. Бежанцам, наколькі ведаю, прапаноўвалі працу на заводзе за мінімальны заробак (930 еўра «чыстымі»).

Я пастаянна сутыкаюся з нядаўна прыехаўшымі рускамоўнымі псіхолагамі/коўчамі, спецыялістамі па пазногцях/вуснах/валасах, касметолагамі, фатографамі і інш. Рускамоўная і ўкраінскамоўная дыяспара вырасла, і з'явіўся попыт на руска/ўкраінамоўных спецыялістаў у сферы паслуг.

Але ІТ-спецыялісты звычайна знаходзяць працу ў ІТ.

У пытаннях легалізацыі я не надта, але нейкіх гучных скаргаў на непераадольныя складанасці з атрыманнем ДНЖ я не чуў. Не без цяжкасцяў, але атрымліваюць. ДНЖ часта прывязаны да месца працы, таму многае залежыць ад таго, колькі чалавек гатовы «цярпець» сваё месца працы для прадаўжэння ДНЖ.

Хтосьці атрымлівае ДНЖ па вучобе ці па аб'яднанні сям'і. Некаторыя, у каго ёсць грошы, адкрываюць фіктыўныя кампаніі і сябе ў іх працаўладкоўваюць. Ведаю, што ёсць фірмы, якія дапамагаюць у легалізацыі.

На грамадзянства Славеніі можна падаць пасля 10 гадоў легальнага жыцця ў краіне. Ад папярэдняга грамадзянства прыйдзецца адмовіцца. Прычым трэба ўлічваць, што працэдура адмовы і атрымання займае год-два. Прыехаўшы ў Славенію ў 2002 годзе, грамадзянства я атрымаў толькі ў 2014-м.

Славенцы ў асноўным зычлівыя. Я чуў шмат сардэчных гісторый пра тое, як славенцы дапамагаюць камусьці з прыезджых. Але часам назіраю і раздражненне. Напрыклад, калі месца ў садку аддаюць дзіцяці бежанца, а не дзіцяці славенца. Памятаю яшчэ, як раздражняла мясцовых першая хваля ўкраінскіх бежанцаў на дарагіх машынах. Забяспечаныя маглі ў першыя дні хутка з'ехаць з Украіны, а тыя, хто з адным заплечнікам на цягніках доўга дабіраўся да Славеніі, ім на вочы, відавочна, не трапляліся.

Большасць «нашых» мігрантаў не размаўляе па-англійску, што спачатку ўскладняе інтэграцыю. Але праз годзік-другі людзі звычайна ўжо прыстойна размаўляюць па-славенску.

Фанфакты пра Славенію

Славенцы аддаюць перавагу ездзіць на мора ў Харватыю, а не ў Славенію. 

Калі я працаваў з дому, фірма плаціла мне 2 еўра ў дзень за выкарыстанне майго кампа і электрычнасці.

Славенцы не фанаты дарагіх/прэстыжных машын, у іх няма паняцця «маральна састарэла». Мая былая начальніца (кіравала аддзелам на 40 чалавек) ездзіла на 12‑гадовай маленькай машыне. Людзі аддаюць перавагу «рэно» і «пасатам», а не дарагім уседарожнікам і BMW. 

Студэнты да 26 гадоў маюць розныя льготы, аж да зніжак у кавярнях, таму многія не спяшаюцца атрымліваць дыпломы і спецыяльна застаюцца «на другі год».

Замест рэзюмэ

Праз дваццаць тры гады я вельмі задаволены сваім рашэннем пераехаць у Славенію. Асабліва пасля наведвання маіх аднакурснікаў і калег у Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі. Там, магчыма, жывецца багацей, але тут цікавей і шчаслівей.

Каментары2

  • Satan
    21.11.2025
    Ну прам такі экзатычная... наконт разумення паміж славенцамі і ру/бел моўнымі. З адной толькі ру мож і ня зразумеюць, але калі ты ведаешь бел і павярхоўна яшчэ некалькі славянскіх моў... ды нармалёва я з уладальнікам гатэлю ракію піў)) дарэчы, там была адна з мск, яе не запрасілі xD Справа яшчэ да вайны была.
  • Славенец
    21.11.2025
    Satan, "Але застаюцца лакацыі, НЕ ВЕЛЬМІ далёкія і экзатычныя..."

    Што не так?

Цяпер чытаюць

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы

Усе навіны →
Усе навіны

З пачатку поўнамаштабнай вайны Еўрасаюз заплаціў Расіі на 124 мільярды еўра больш, чым выдзеліў на падтрымку Украіны8

Сталі вядомыя падрабязнасці пра двух украінцаў, якія здзейснілі дыверсію на польскай чыгунцы і ўцяклі ў Беларусь11

Памятаеце ўкраінку, якую расіяне прывязалі да слупа? Тыя, хто яе катаваў, за гады вайны амаль усе загінулі. А вось што робіць цяпер яна23

Памідоры па 30 рублёў і хатняя каўбаса па 55: што прадаюць на элітным рынку Валяр'янава1

Літоўскія фуры сутыкаюцца з праблемамі пры выездзе з Беларусі6

Ва ўніверсаме «Суседзі» заўважылі торбачкі з лагатыпам Louis Vuitton ФОТАФАКТ1

Прайшло лёсаванне стыкавых матчаў чэмпіянату свету па футболе5

У Турцыі да 25 гадоў асудзілі адэсіта, які насмерць збіў двух узброеных рабаўнікоў15

Межы адкрываюцца. А што з візамі? Вось якія краіны іх выдаюць ахвотней2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць