Усяго патроху4545

Яраслаў Пясецкі: «Мяркую, за тэрактам стаіць большае зло, чым гэтыя двое»

Падчас тэракта ў мінскім метро Яраславу Пясецкаму адарвала ногі. Праз амаль год 27-гадовы мужчына распавёў, што ён адчуваў, калі прыйшоў у сябе, чаму сумняваецца ў вінаватасці Дзмітрыя Канавалава і як жыве цяпер.

Дзверы ў кватэру адчыніла, як я зразумеў адразу, мама Яраслава. Унутры мяне сустрэў сціпла ўсмешлівы чалавек. На кухні-гасцёўні за гарбатай і цукеркамі ён шчыра імкнуўся адказаць на ўсе пытанні, якія прыемнымі ніяк быць не маглі.

- Яраслаў, раскажы трохі аб сабе, якім было тваё жыццё да тэракту?

-- Я магу па-беларуску размаўляць.

– Выдатна. Давай па-беларуску.

-- Нарадзіўся і вырас у Мінску.
Маці выхоўвала нас траіх – у мяне ёсць сяcтра і брат. Сваю адукацыю пачаў у гімназіі №20, якая потым стала гімназіяй №8. Пасля 9-га класа пайшоў у Ліцэй БДУ – у хімічны клас. Чаму хімія? Бо мне гэта цікава, хімія мне лёгка давалася, у школе ў падручнік амаль не глядзеў.

Скончыў хімічны факультэт БДУ, паехаў у Магілёў працаваць інжынерам-тэхнолагам цэнтральнай даследчай лабараторыі «Магілеўхімвалакно». Захацелася самастойнасці, свет паглядзець
(усміхаецца). Два з паловай года прапрацаваў у Магілёве.

– Чаму вярнуўся ў Мінск?

– Бо будавалася гэтая кватэра. Сям’я атрымоўвала ільготны крэдыт, банк паставіў умову, мне трэба было тут прапісацца.

Вярнуўся за год да тэракта.
Апошняя праца – у кампаніі «Вишнев», хімік-аналітык.

– Узгадай, калі ласка, той дзень тэракту 11 красавіка 2011 года. Як ён прайшоў для цябе?

– Звычайны панядзелак. Прыйшоў на працу на 8.30.

Дамовіўся са сваёй дзяўчынай сустрэцца вечарам. Сустрэчу прызначылі на станцыі метро «Кастрычніцкая».
Сустракаліся там перыядычна – гэта пасярэдзіне паміж яе домам і маім.

А пятай гадзіне скончыў працу. Сеў у метро на станцыі «Магілёўская», надзеў слухаўкі.

Сустрэцца мы павінны былі ў шэсць гадзін, я прыехаў раней, таму сеў чакаць на «Кастрычніцкай» на лаву. Здаецца, заўсёды там сядаў…
Чалавека, падобнага на Канавалава, ці сумку пад нагамі не бачыў – у метро ні на што не звяртаеш увагу. Побач, здаецца, сядзелі іншыя людзі. Праз хвіліну адбыўся выбух. Гэта было ў 17.53 – я тады на гадзіннік паглядзеў.

– Што памятаеш з моманту выбуху?

– Я сядзеў тварам да платформы. Раптам у вушах – дзыньк!
У вачах пацямнела. Адчуў, што падаю назад. Падумаў: усё, п…ц.

Калі пасля страты прытомнасці прыйшоў у сябе, пабачыў дым, святла амаль не было.

Зразумеў, што ляжу на спіне (пасля даведаўся, што мяне перакінула на іншы бок платформы). Абмацаў твар. Глянуў, што ў мяне далей па целу – далей нічога не было…

Вырашыў ляжаць, клікаць на дапамогу. Крычаў: «На помощь! Люди, на помощь!».

– Ты адчуваў боль?

– Не. І пазней не адчуваў.

– Іншыя крычалі?

– Не ведаю. У мяне была баратраўма – нічога не чуў.

Слых толькі нядаўна аднавіўся. Месяц таму маці яшчэ размаўляла са мною гучна.

…Крычаў 2-3 хвіліны, можа 5. Нарэшце, мяне падабралі.

– Хто?

– Я бачыў толькі столь. Бачыў толькі, як столь мяняецца, зразумеў, што мяне выносяць.
Помню, як неслі па эскалатары, помню, як на вуліцы стала холадна. Убачыў неба – шэрае такое… Пагрузілі ў хуткую, задалі некалькі пытанняў. Спыталі хто такі, у выніку ў спісы патрапіў спачатку не як Пясецкі, а як Яіцкі. Пасля, відаць ад страты крыві, мяне вырубіла. Адчуў, як мяне павезлі і ўсё знікла…

– У наступны раз прыйшоў у сябе пасля аперацыі?

– Значна пазней пасля аперацыі. У бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі мяне на восем дзён пагрузілі ў хімічную кому, каб я не адчуваў болю. Пасля важна было зразумець, дзе рэальнасць – мне працягвалі нешта капаць.

Двое сутак у мяне была тэмпература ў 40 градусаў, я быў на мяжы.

Пабачыў маю Таню. Пазней, калі мы з ёй размаўлялі, яна сказала, што гэтай сустрэчы ў рэальнасці не было…

Калі мяне канчаткова вывелі з комы, то на наступны дзень зноў паклалі пад наркоз і на аперацыю.

– Колькі аперацый ты ўсяго перажыў?

– Адразу пасля тэракту мне ампутавалі дзве нагі да каленаў. Пасля ўкарацілі левую: ампутавалі калена.

Усяго ў красавіку ў мяне было 9 аперацый: 11, 13, 15, 18, 20, 22, 25, 29 і 30 чысла. Затым яшчэ адна была 10 чэрвеня.

– Калі наступіў той момант, калі ты цалкам усвядоміў, што не маеш абедзвюх ног?

– Я зразумеў гэта яшчэ ў метро. Ніякага здзіўлення і страху не адчуваў.

Мне было папярэджанне, што ног у мяне не будзе. Задоўга да тэракта, летам. Не памятаю, ці то прымроіў, ці то ўбачыў у сне: ляжу на ложку і мне адпільваюць ногі з гэтым ложкам.

…Толькі я думаў, што гэта адбудзецца па-іншаму: у аварыі, напрыклад. А тут тэракт.

Дактары думалі, што Яраслаў не ведае, што ў яго няма ног. Калі яго выводзілі з комы, яны мне сказалі: мы яму яшчэ нічога не паведамілі. Яны думалі, што паколькі Яраслаў нармальна выглядае, то ён не ў адэкваце, не ўспрымае сітуацыю. А ён усё ведаў. [Кажа Наталля Паўлаўна Букач, маці Яраслава Пясецкага.]

– Каго ў рэальнасці ты пабачыў з блізкіх першым пасля тэракта?

– Бацьку.

– І што ты яму сказаў?

– А я не мог размаўляць. У мяне быў апёк легкіх, мне зрабілі трахеатамію – уставілі ў трахею трубку. Пісаць таксама не было чым – меў апёк рук. Вачыма толькі міргаў, калі трэба было адказаць «так».

Трубку дасталі з трахеі праз два тыдні, тады змог загаварыць.

– Што за гэты год для цябе было самым цяжкім?

– Самым цяжкім было ляжаць у гіпсе (смяецца). Ён цягнуўся ад грудзей аж да самых ног. Вялікі, цяжкі, я не мог паварушыцца, сагнуцца. Паварочвалі на бок мяне іншыя.

– А ў маральна-псіхалагічным плане?

– Дні глюкаў, калі я не ведаў дзе я, дзе рэальнасць, дзе астатнія людзі. Калі прыйшоў у сябе і зразумеў дакладна – вось гэта я, вось гэта дактары, вось мяне лечаць – стала нашмат лягчэй.

– Ампутаваныя ногі адчуваў?

– І зараз ёсць такое. Дактары сказалі, што гэта назаўжды.

Я адчуваю, што яны ёсць, баляць, чэшуцца. Бывае адчуванне, што пасля таго, як ты доўга пасядзеў, нага занямела, колецца.

– Як ты сябе адчуваў, калі цябе наведвалі знаёмыя? Ім жа, відаць, таксама цяжка было цябе ў такім стане бачыць.

– Ды я радасны быў. Прыходзілі калегі па працы, адкакурснікі, сямейнікі. Сапраўды, яны былі моцна ўражаныя. Але нягледзячы на своеасаблівую абстаноўку, іх быццам бы прымагнічвалі, размовы цягнуліся і цягнуліся. Калі ўжо ў мяне падымалася тэмпература, давала пра сябе знаць рана, то мы сустрэчу сканчалі.

Людзі сышлі, я гляджу на Яраслава, а ён ужо ўвесь спацеў, знямогся. Хаця перад гэтым маўчаў, ніякага знаку не падаваў, што яму цяжка размаўляць. [Кажа Наталля Букач, маці Яраслава Пясецкага.]

– Сачыў за працэсам над Канавалавым і Кавалёвым?

– Не, мне гэта было непрыемна. І на судзе я не выступаў. Сцапалі кагосьці, пачалі судзіць… Хай разбіраюцца.

– Яраслаў, ты сам хімік. Верыш, што Канавалаў мог сам зрабіць такую бомбу?

– Бомбу мог зрабіць хто заўгодна.

Інфармацыі зараз у інтэрнэце дастаткова. Але каб быць такой сволаччу, каб гэта зрабіць… Што павінна было ў яго галаве зламацца, каб ён яе падклаў… Не ведаю. Калі ў Расіі такое адбываецца, я яшчэ разумею, краіна пастаянна з кімсьці ваюе, нехта можа тачыць на яе зуб. А ў нас хто? Мне, як нармальнаму чалавеку, гэта незразумела.

– Як лічыш, чаму Канавалаў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні?

– Гэта яго асабістыя справы.

Мне гэты чалавек незразумелы, як і сам працэс.

Калі справа дайшла да таго, каб вынесці смяротную кару гэтым абаім, я і маці падпісалі ў інтэрнэце петыцыю за адмену смяротнага пакарання.

– Чаму ты падпісаў гэтую петыцыю?

– Я думаю, што гэта занадта малыя малакасосы, каб учыніць такое.

Думаю, за тэрактам стаіць больш вялікае зло, чым гэтыя двое. Можа, да прыкладу, ім заплацілі: а занясі ж ты, хлопчык, сумачку вунь туды…

Пастаў каля мяне дакладна вінаватага – сам задушыў бы. А калі ўзнікаюць сумненні… не магу сказаць, што яны вінаватыя.

– Дзе была ў момант выбуху твая дзяўчына?

– Яна, калі накіроўвалася на сустрэчу са мной, затрымалася: не змагла сесці ў перапоўненую электрычку. Дзякуй богу. Да «Кастрычніцкай» Таня прыехала з плошчы Якуба Коласа па версе. Там пабачыла сцэну ўратавання ахвяр. Яе фатаздымак з заплаканым тварам пасля быў на сайце Бі-бі-сі.

– Твая траўма змяніла вашыя адносіны?

– Не. Усё як было, так і засталося.

Да тэракта мы сустракаліся паўгода.

– З кім ты жывеш?

– Я, мама і брат. У нас двухпакаёвая кватэра з кухняй-гасцёўняй.

– На вуліцу выбіраешся?

– Самастойна не.

Дом наш пад мае патрэбы абсалютна не прыстасаваны.
Ні пандусаў няма, ні іншага. У доме насупраць гэта ёсць, там кватэры адведзеныя для сем’яў з інвалідамі, а ў нас на гэтую сітуацыю не разлічвалі...

Калі брат дома, то можа мяне выкаціць. Мы з ім ездзілі на першы кантрольны здымак, на Новы год да сястры ў госці – у суседні дом на 10-ты паверх (усміхаецца).

У плане самаабслугоўвання навучыўся мне дапамагаць. Пакуль я дачапаю, ён вакол мяне пракаціцца туды-назад. [Кажа Наталля Букач, маці Яраслава Пясецкага.]

– Які ў цябе зараз распарадак дня?

– Як прачынаюся, сядаю ў крэсла (яго даў «Чырвоны крыж»). Напачатку гэта было маёй марай – сесці ў крэсла самастойна. Пасля гіпсу не мог нават сагнуцца. Першы раз як сеў у крэсла, зладзіў сабе экскурсію па кватэры (усміхаецца). Бо як гіпс быў, занясуць мяне, пакладуць на ложак – і ўсё, ляжу...

Цяпер пры наяўнасці безлімітнага інтэрнэту можна шмат чым заняцца.
Гуляю, фільмы качаю. На чытанне не хапае цярпення. Толькі кароценькае нешта чытаю: навіны альбо каментары.

Калі Таня перад працай прыходзіць, раблю ёй сняданак.

– Што далей у плане здароўя?

– Праз месяц кантрольны здымак. Затым буду думаць пра пратэзы. Ногі ў мяне нармальныя, пад пратэзы падыдуць. Адзін пратэз будзе таннейшы, другі даражэйшы (смяецца – Р.Г.).

– Грошы на іх ёсць?

– У другой палове жніўня ўлады далі нам грошы – гэта была даволі значная сума. Тое, што народ сабраў, пералічылі нам на рахунак, тое, што выдзеліў Мінгарвыканкам – пакуль у Мінгарвыканкаме. Гэтыя сродкі пойдуць на пратэзы. Прыходзілі з пратэзнага завода, мерку знялі. Пра грошы пытанне яны не падымалі.

– Сітуацыя, ў якую ты трапіў, змяніла цябе?

– Дрэнна не.

– А як?

– Я хаця б раслабіўся, што на працу ісці не трэба (смяецца). Не трэба рана ўставаць, кудысьці перціся. Праўда, на вуліцу не трапіць… Будзе ж вясна, лета.
Трэба будзе неяк умудрыцца туды выбрацца.

– Якая ў цябе зараз мэта?

– Стаць на ногі і пайсці на працу. Хочацца, каб усё стала як раней.

Каментары45

Цяпер чытаюць

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай32

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі перасталі прадаваць зімовае дызельнае паліва «Арктыка». І зрабілі гэта свядома2

Невялічкі эцюд Мікеланджэла прадалі за 27,2 мільёна даляраў. Гэта рэкорд1

«Бро, не купляй сабе бульбяны мяшок — ідзі ў залу»: беларускі вядучы ТНТ раскрытыкаваў мужчынскія касцюмы оверсайз13

Беларуска Марына Зуева заняла на Алімпіядзе 15‑е месца2

«Чароўны трусік» Юрый Дземідовіч узначаліў расійскі правінцыйны оперны тэатр13

Ціханоўская прызналася, што мала чым можа памагчы беларусам у Грузіі10

Адключэнне ад Starlink запаволіла тэмпы расійскага наступлення. Але ці надоўга?6

На Магілёўшчыне будуць вырабляць чырвоную ікру, але не для таго, каб яе есці5

Заходнія спецслужбы сумняюцца, што за замахам на генерала Аляксеева стаіць Украіна4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай32

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць