Архіў

Вадзім Карцаў. Адукацыя й палітыка

№ 19 (140) 1999 г.


 

Вадзім КАРЦАЎ

Адукацыя й палітыка

 

З тым, хто скажа, што адукацыя й палітыка — паняцьці, не зьвязаныя наўпрост, хто думае, што адукацыя па-за палітыкай, спрачацца ня стану. У ідэале можа яно й так: калі б правіцелі й кандыдаты на іхнае месца не краналі сьвятога, кшталту царквы ды школы, дык хоць нешта, нейкія грамадзкія інстытуцыі, функцыянавалі б у трэцім тысячагодзьдзі паводле традыцыяў і гістарычнага досьведу, а не на падставе кан’юнктурнага інтарэсу нейкіх асобаў, вельмі да таго ж нестабільных, прыкладам, наш узурпатар.

Адылі, магічная прывабнасьць слова «рэформа» не дае спакою сыстэмам асьветы па ўсёй плянэце: ад Злучаных Штатаў, дзе Біл Клінтан ішоў да перамогі на выбарах і ўладарыў першы тэрмін пад сьцягам тае рэформы, да Беларусі, дзе Лукашэнка ладны кавалак свайго славутага рэйтынгу набыў, вызваляючы бацькоў ад гвалтоўна насаджанай іхным дзецям беларускай мовы навучаньня.

Дарэчы, і тут Беларусь выглядае ўнікальнай краінай. Паўсюль спрэчкі пра адукацыю палягаюць у рамках «платная – бясплатная» і «абавязковая – неабавязковая», а ў нас менавіта моваю навучаньня, бы мечам, сякуць палітычных апанэнтаў.

Хай даруюць тэарэтыкі адраджэньня, але, на мой погляд, далёка ня мова навучаньня фармуе нацыянальную самасьвядомасьць, бо навучаньне — гэта найперш авалодваньне інфармацыяй, а ня духам. Наперадзе павінна стаяць якасьць ведаў. Рабіць са школы вялізны нацыяналістычны клюб у часы інтэрнэту й камунікацыйнае рэвалюцыі выглядае анахранізмам. Якая мова самая папулярная ў навуцы й культуры, на той і трэба вучыцца, каб не адгароджвацца ад цывілізацыі. Зрабіць беларускую абавязковым прадметам ад першае клясы да чацьвертага курсу з пэрыядычным жорсткім тэставаньнем — на цяперашнім этапе было б болей чым дастаткова. А вось у перадвыбарчай барацьбе паабяцайце пераводзіць школы на... ангельскую, галасоў прыдбаеце ці не найболей: я дык першы, усьведамляючы непазьбежнасьць глябалізацыі, скажу «за» магутнай альтэрнатыве расейшчыне без намёку на ўшчымленьне беларускасьці.

Годзе пра мову, важней высьветліць, за чые грошы й колькі гадоў найлепей вучыцца.

Сама прырода некаторых галінаў эканомікі, нягледзячы на надзвычайную важнасьць, разумее іхную выключанасьць з сфэры свабоднага прадпрымальніцтва: экалёгія, вялікая навука, асваеньне космасу, будаўніцтва дарог і трубаправодаў, рэстаўрацыя помнікаў даўніны... Інвэстыцыі ў гэтыя галіны нерэнтабэльныя, у лепшым выпадку грошы вяртаюцца толькі празь дзесяцігодзьдзі, увесь прыбытак спажываецца не абазначанымі сёньня нашчадкамі. Адной з такіх галінаў ёсьць адукацыя.

Толькі тады чалавецтва пераадолела непісьменнасьць, а тэхнічны прагрэс набыў незваротную дынаміку, калі веды сталі агульнадаступнымі й гарантаванымі дзяржавай.

Адзінае, чым можа пахваліцца платная адукацыя – індывідуальны падыход да навучэнца, але ці так гэта важна, калі канцавым прадуктам усяе сыстэмы мусіць быць сярэдні ўзровень IQ цэлай нацыі дзеля ейнае канкурэнтаздольнасьці сярод іншых.

Калі сапраўды дбаць пра дабрабыт народу, дык трэба зрабіць абавязковаю дзесяцігадовую сярэднюю адукацыю, а вышэйшую, у тым ліку недзяржаўную, ставіць на датацыі дзеля шырэйшае даступнасьці. Гэта не сацыялістычная практыка. Наадварот, калі ў 1979 годзе ў Вялікабрытаніі кансэрватыўны ўрад Маргарэт Тэчэр, прыйшоўшы да ўлады, распачаў шырокую прыватызацыю, якая да канца 80-х сягнула тых сэктараў, якія раней ня марылі прыватызаваць і самыя правыя з ангельскіх палітыкаў, напрыклад, водазабесьпячэньне й каналізацыя, дык у адносінах да сыстэмы адукацыі праводзілася адваротная палітыка – нацыяналізацыя – паступовае гаспадарчае й адміністратыўнае падпарадкаваньне дзяржаве й перавод на бюджэтнае фінансаваньне. Сёньня тамтэйшая адукацыя — прыклад для ўсяго сьвету.

А што датычна тэрміну навучаньня, дык дванаццацігадовы, на які хочуць перавесьці нашу школу, — далёка ня дбаньне пра здароўе й вольны час дзяцей. Гэта дбаньне пра вольны час юнакоў, якія, выйшаўшы з-за парты ў 16 гадоў, ня могуць знайсьці сабе працы. Заняць чымсьці моладзь, як мага даўжэй трымаць яе на бацькоўскім карку, бо новых рабочых месцаў у краіне няма й не прадбачыцца – вось галоўная прычына падаўжэньня тэрміну. Праз гэткія хітрыкі спрабуюць зьнізіць яшчэ і ўзровень моладзевай злачыннасьці, трымаючы хлопцаў пад каўпаком і на танным пайку школы й войска да дваццаці гадоў, не пакідаючы часу для самастойнага жыцьцёвага выбару.

Цьвяроза перагледзеўшы праграмы, можна скараціць сярэдняе навучаньне да вышэй памянёных дзесяці гадоў: і дзяржаве таньней будзе, і вызваленыя грошы можна пусьціць на тое ж самае датаваньне недзяржаўных ВНУ.


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Разагнаць дармаедаў! Аддаць людзям зямлю!» Трактарыст з Хойнікаў, які цяпер жыве ў Латвіі, параўнаў сельскую гаспадарку там і ў нас11

«Разагнаць дармаедаў! Аддаць людзям зямлю!» Трактарыст з Хойнікаў, які цяпер жыве ў Латвіі, параўнаў сельскую гаспадарку там і ў нас

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі значна скарацілася колькасць абортаў

Супрацьбункерная бомба ЗША: што пра яе вядома і ці сапраўды яна можа разбурыць ядзерныя бункеры Ірана?2

Работа беларускага кампазітара стала альбомам тыдня ў Аўстраліі2

Міністр адукацыі прызнаў за бацькамі права купляць школьную форму дзе заўгодна1

У сабакі, закапанага жыўцом у лесе пад Светлагорскам, аб'явілася гаспадыня1

Пасля адхілення Іранам ультыматуму Трампа ЗША пасылаюць на Блізкі Усход трэці авіяносец3

Лукашысты спрабуюць дабіцца выдачы ім беларусаў праз Інтэрпал, пазначаючы непалітычныя артыкулы4

У Іране амаль цалкам адключылі інтэрнэт1

Блогерка параіла, як набываць мацарэлу танней. Лайфхак ацанілі не ўсе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Разагнаць дармаедаў! Аддаць людзям зямлю!» Трактарыст з Хойнікаў, які цяпер жыве ў Латвіі, параўнаў сельскую гаспадарку там і ў нас11

«Разагнаць дармаедаў! Аддаць людзям зямлю!» Трактарыст з Хойнікаў, які цяпер жыве ў Латвіі, параўнаў сельскую гаспадарку там і ў нас

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць