№ 2 (211), 8 — 15 студзеня 2001 г.
Ня “наш” і ня “ваш”
Пра Расею, людзей расейскае культуры і будучыню беларуска-расейскіх адносінаў
Сямён Букчын – публіцыст, літаратуразнаўца, дасьледчык беларуска-расейска-польскіх літаратурных сувязяў, творчасьці Пушкіна і Гогаля і іхнай сувязі зь Беларусяй. Працуе ў Польшчы.
— Ці не ўзьнікае ў Вас адчуваньня, што дасьледаваньні расейска-беларускіх літаратурных сувязяў былі фактычна інтэлектуальнай безадказнасьцю, бо празь іх мацаваўся комплекс непаўнавартасьці беларускай нацыі, сьцьвярджалася, што яна можа існаваць толькі ў цеснай сувязі з расейскай нацыяй?
— Я не адчуваю ніякай адказнасьці за фармаваньне каляніяльнага сьветапогляду, бо апэраваў толькі гістарычна праўдзівымі фактамі. Быў Пушкін, быў Гогаль, які выкарыстаў беларускі матэрыял, ствараючы сюжэт “Мёртвых душаў”. Гістарычныя, мастацкія, чалавечыя сувязі…Чаму гэта ня можа быць матэрыялам для дасьледаваньня? Іншая справа, што надбудаваць над гэтым.
— Цераз што Вы ўсьвядомілі сябе беларускім інтэлігентам? Што сталася штуршком да такой унутранай эвалюцыі, Вашага асабістага звароту да беларускай культуры?
— Калі я пачаў крытыкаваць Лукашэнку, адзін нацыянальны дзеяч нават сказаў: “Сямёне, цяпер я пабачыў, што ты – наш”. Я ня “наш” і ня “ваш”. Не хачу сказаць, што я такі ўжо мудры, але мне, не беларусу паводле нараджэньня, пры канцы 80-х было дадзена ўбачыць пэўныя хібы і тое, да чаго яны вядуць. І калі нацыяналісты лічылі, што чым больш мы дзяўбем Расею і ўсё расейскае, тым хутчэй балтыйскім шляхам патрапім у Эўропу, мне, чалавеку, якому балела і расейскае, і беларускае, было бачна, што гэта ня так. Я памятаю спрэчкі на вучоных радах Інстытуту літаратуры, дзе нават былыя кагэбісты, што пісалі даносы на Адамовіча, адчуўшы зьмену ветру, пачалі нападаць на мяне як на абаронцу імпэрскіх інтарэсаў Расеі. А мне проста здавалася, што трэба нейкі трэці шлях знайсьці, ураўнаважаны. Але Лукашэнка кінуўся ў другую крайнасьць, і я, згодна з традыцыяй клясычнай расейскай літаратуры, застаўся з пакрыўджанымі. Не хачу сказаць, што ў выпадку перамогі Пазьняка я зрабіўся б публіцыстам “Славянского набата”, барані Божа. Але крытыкаваў бы.
— А чаму, па-вашаму, Пазьняк не перамог?
— Памятаю, на пачатку 90-х ён у адным са сваіх артыкулаў напісаў, што, маўляў, уся расейская літаратура прасякнутая нянавісьцю да іншых народаў. Я даволі жорстка адказаў яму, а пасьля мне патэлефанаваў Рыгор Барадулін і сказаў: “Сямёне, ня ў час!”
Я глыбока перакананы ў тым, што такая вострая антырасейская пазыцыя зашкодзіла перш за ўсё самому Пазьняку, а зараз перашкаджае адбывацца нармальным палітычным працэсам у Беларусі. Я не хачу сказаць, што, калі б Пазьняк прамаўляў іншае на пачатку 90-х, калі б ён быў папулярны, мы ня мелі б таго, што маем сёньня. Можа, тое самае было б. Але разам з тым мяне не пакідае думка, што Лукашэнка пэўным чынам манапалізаваў сяброўства з Расеяй і займеў на гэтым не абы-якія палітычныя дывідэнды.
— Якімі Вам бачацца беларуска-расейскія адносіны ў ідэале?
— Час ужо, канечне, страчаны, і мы можам разважаць толькі пра тое, якімі яны маглі б быць. Можна было карыстацца дапамогай Захаду, перш за ўсё эканамічнай, і разам з тым разьлічваць на расейскую сыравіну, дый нават і па нейкую палітычную падтрымку можна было б да яе зьвяртацца. Не раздражняць. Так, як робіць Літва, Латвія, у меншай ступені Эстонія.
— Латвія сёньня стаіць на парозе новага нутранага расколу ў грамадзтве, спрычыненага пранікненьнем у краіну расейскага капіталу, які выклікае палітычныя і культурныя скандалы, расейскай злачыннасьці, расейскіх брудных грошай, карупцыі. Усё гэта моцна зьніжае давер да Латвіі з боку эўраатлянтычных структураў. Ці не азначае гэта, што тое дабро, якое нясе расейская культура для сябе, ператвараецца ў няшчасьце для суседніх народаў?
— Але ж мы ня можам пабудаввць сьцяну і сказаць: “Усё. Адсякаем”. Ну, уявіце сабе, што мы пачынаем выкладаць расейскую літаратуру як замежную.
— А во палякі пабудавалі гэтую сьцяну, культывавалі непрыманьне ўсяго, што зьвязана з Расеяй.
— Я шчэ з 80-х гадоў добра знаюся ў польскай русістыцы. Насамрэч, быў такі час – пачатак 90-х, калі літаральна адбывалася выгнаньне расейскай мовы са школаў. Потым, праўда, палякі схамянуліся. Зараз польская русістыка — адна з найлепшых у сьвеце. Але гэта ня мае ніякага палітычнага дысанансу. Дый, зрэшты, трэба разьмяжоўваць палітыку й культуру. А культура расейская насамрэч разьвітая – хто будзе адмаўляць? На чым, як не на ёй, вырасла на пачатку стагодзьдзя беларуская інтэлігенцыя? Па-ангельску, па-француску чыталі адзінкі, свае фальклёрныя рамантыкі безнадзейна састарэлі. На чымсьці ж трэ было кшталціць свой розум. А мова блізкая. Увогуле, на маю думку, добра было б зрабіць у Беларусі расейскі ўнівэрсытэт, каб русістыка была на эўрапейскім узроўні, і ўспрымаць яго як частку беларускай культуры, а не як нейкія выспы расейшчыны.
— Як вы думаеце, ці можа стацца так, што ў ХХІ ст. людзі расейскай культуры у Беларусі пагодзяцца, каб беларуская мова зрабілася сымбалічнай мовай улады, а беларуская культура – сымбалічнай культурай улады? Ці яны будуць увесь час дабівацца, каб расейская мова, расейская культура былі носьбітамі нейкага сымбалічнага сэнсу?
— З асабістага досьведу скажу, што ў маёй душы адначасова жывуць і чалавек расейскай культуры, і беларус. Таму мне, з аднаго боку, не падабаюцца няслушныя нападкі на расейскую літаратуру як на “імпэрскую”, “азіяцкую”, але, зь іншага боку, калі я пабачыў, што тут прыйшлі да ўлады людзі, якія бэсьцяць усё беларускае, мая беларуская годнасьць пачала перажываць. Мне здаецца, што такой пазыцыі павінны прытрымлівацца ўсе так званыя “расейскамоўныя” – людзі расейскай культурнай арыентацыі. Мы павінны памятаць, што жывем у Беларусі, што ёсьць народ, ягоная культура, гісторыя. Хаця і маргіналы, кшталту “Славянскага набату”, будуць заўсёды, але мне здаецца, што яны складаюць мізэрную частку, тады як астатнія знаходзяцца на нармальным культурным узроўні й разумеюць (ці падсьвядома адчуваюць), што беларускія прыярытэты тут маюць права быць, што гэта трэба прыняць як норму, і ад гэтага карона ні з кога ня зваліцца. Толькі, каб пераканаць кагосьці ў гэтым, трэба апэляваць да нармальных чалавечых пачуцьцяў. Не станавіцца ў ганарлівую пазыцыю, маўляў, я – носьбіт нацыянальнай ідэі, трэба проста рабіць сваю справу – выдаваць газэту, часопіс...
Расейская культура – хочам мы гэтага ці не – ёсьць фактам агульнабеларускай культуры: гэта тэлебачаньне, Internet і г.д.
Значыць, трэба шукаць нармалёвых дарог да нейкага калі не ўзаемапранікненьня, дык суіснаваньня. Нават у малапрыемных побытавых сытуацыях трэба дэманстраваць сваю вышэйшасьць. Не дакараць, ня крыўдзіцца, не станавіцца ў позу. Сваю годнасьць трэба захаваць. Няма іншага выйсьця беларускаму інтэлігенту.
— З чым, на Вашую думку, беларусы ўваходзяць у ХХІ ст.? Якія ёсьць спадзяваньні і якія праблемы засталіся ў спадчыну ад мінулага?
— Нарадзілася пакаленьне маладых беларускіх інтэлігентаў – зь веданьнем замежных моваў, зь іншымі поглядамі, хаця ў іх я таксама сустракаў варожасьць да ўсяго расейскага, крытычную засяроджанасьць. Мне здаецца, ня трэба кідацца ў крайнасьці, зьвязваючы ўсё злое, адмоўнае, з расейскім альбо абагаўляючы расейскае. Трэба знайсьці нармальны беларускі тон, а мы вось пакуль ніяк ня можам зрабіць гэта. Напрыклад,“Яблоко” Вольгі Абрамавай спрабуе капіяваць расейскі лібэралізм. Для мяне гэта проста сьмешна. Я не хачу сказаць, што гэтыя лібэралы грэбуюць усім беларускім, хаця ў пэўным сэнсе і грэбуюць.
Сутыкнемся мы ў наступным стагодзьдзі й з праблемай нармальнага спалучэньня расейскай культуры зь беларускай. Мы ж ня будзем сьцьвярджаць, што Чэхаў і, напрыклад, Фолкнэр займаюць у сьвядомасьці культурнага беларуса аднолькавае месца. Першы нашмат бліжэйшы, даступнейшы – праз мову. Гэта будзе доўгая па часе й цяжкая для вырашэньня праблема, і будуць спэкулянты кшталту Лукашэнкі. Парадаксальна: абсалютна антыкультурная асоба бароніць расейскую культуру!
— А беларуска-габрэйскі дыялёг? Ці, па-Вашаму, ягоныя пэрспэктывы зьвязаныя з пэрспэктывамі беларуска-расейскага дыялёгу?
— Ён выглядае як натуральны пачатак вырашэньня складанай праблемы. Складанай, бо няма каму весьці гэты самы дыялёг: габрэі паразьяжджаліся, а сярод беларусаў няшмат знойдзецца спэцыялістаў належнага ўзроўню. Між іншым, польска-габрэйскі дыялёг вядуць самі палякі, яны прамаўляюць і за палякаў, і за габрэяў. А тут проста няма каму яго весьці. У Польшчы, нягледзячы на пэрыядычныя антысэміцкія выступы, выходзіць штогод сьвет кніжак па габрэйскай гісторыі, культуры, матэрыялы пра сынагогі, пра паўстаньне ў гета – акіян літаратуры, я купляю і купляю, ужо няма дзе ставіць у маёй варшаўскай кватэры, прычым палякі не саромеюцца, яны публікуюць абвінавачваньні супроць саміх сябе – у польскіх выдавецтвах! У Беларусі ж, па вялікім рахунку, дыялёг покуль што не пачынаўся. Тое, што іншым разам зьяўляюцца нейкія абразкі з габрэйскага жыцьця, творы габрэйскіх мастакоў у “Arche” ці “Нашай Ніве”, успрымаецца як вяртаньне да квяцістай, эксцэнтрычнай тэмы — што во была гэтая Атлянтыда. Яна зьнікла, але не было яшчэ ніводнага артыкулу, у якім былі б балюча, востра, можа часам несправядліва пастаўленыя карэнныя пытаньні і праблемы беларуска-габрэйскага суіснаваньня. Каб прыйшоў нейкі габрэйскі публіцыст, пісьменьнік, гісторык, і прынёс вам сапраўды палемічны артыкул, а беларускі аўтар яму б адказаў.
— Мы кажам, што Вы перажылі эвалюцыю поглядаў, бо ў сваіх новых працах Вы ўпісваеце Беларусь не ў постсавецкі, як раней, а ў сярэднеэўрапейскі кантэкст, суадносячы яе з Польшчай, Сэрбіяй... Насамрэч падзеі, што адбываюцца ў гэтых краінах, маюць надзвычайнае значэньне для нас. Асабліва гэта тычыцца апошняй, з прычыны блізкасьці – да нядаўняга часу – ідэалёгій. Што, на Вашую думку, адыграла галоўную ролю ў перамозе сэрбскай апазыцыі – дапамога звонку, шырокая грамадзкая падтрымка, міжпартыйная салідарнасьць або штосьці іншае?
— Найбольшым дасягненьнем сэрбаў зьяўляюцца не шматтысячныя маніфэстацыі – апазыцыйныя лідэры, відаць, самі не спадзяваліся, што кампанія грамадзянскага непадпарадкаваньня набудзе такія маштабы, хаця яна й была сплянаваная, хаця яе й падтрымалі дырэктары буйных прадпрыемстваў і нават хто-ніхто са службы бясьпекі... Больш істотным падаецца мне тое, што сэрбская апазыцыя здолела ахвяраваць асабістымі амбіцыямі дзеля супольнай справы. Бо яшчэ ў сярэдзіне жніўня, падчас агульнае нарады, на якую сабраліся прадстаўнікі 18 партыяў, большасьці, асабліва сацыял-дэмакратам, быў вельмі несымпатычны Каштуніца. Але яны разумелі, што на выбарах трэба вылучыць адну кандыдатуру, адну – каб грамадзтва ўбачыла рэальную альтэрнатыву дзейнай уладзе. Цуд дый годзе – адкінулі людзі ўсе супярэчнасьці, усе сымпатыі-антыпатыі – і крайні нацыяналіст Каштуніца, фактычна, другі Мілошавіч, вымушаны быў ператварыцца ў анты-Мілошавіча, зрабіцца зброяй у руках дэмакратычнай апазыцыі.
Запісаў Барыс Тумар
Цяпер чытаюць
«У выніку ён сказаў мне: «Хопіць мяне шантажаваць, я хачу палюбавацца гэтымі дрэвамі». Аксана Колб расказала, пра што размаўляла са Статкевічам на мяжы

Каментары