Архіў

Зьмея прыбралі

№ 44 (253), 29 кастрычніка 2001 г.


Зьмея прыбралі

Сьвяткаваньне 80-годзьдзя БДУ будзе не такім шыкоўным, як меркавалася

Сьвята мусіла стаць самым шыкоўным упрыгожаньнем сёлетняй восені. БДУ меў велічэзныя пляны: арэнда Палацу Рэспублікі на некалькі дзён, арэнда двух (!) гелікоптэраў, якія мусілі раскідваць сьвяточныя ўлёткі над горадам, запрашэньне зорак расейскае папсы (у прыватнасьці, Кіркорава), некалькi гіганцкіх студэнцкiх дыскатэк.

 

Рэкляма футбольнага матчу паміж зборнай “зорак” расейскай эстрады й беларускай камандай, складзенай з нашых “зорак” і каманды КВЗ БДУ, даўно ўжо мазоліць вочы пасажырам мэтро. Да юбілею БДУ прымеркаваны канцэрт рок-гурту “Чайф”. На некалькi дзён унiвэрсытэт мусiў сысьцi на своеасаблiвыя вакацыi — не працаваць, не навучацца, а толькi гуляць ды сьвяткаваць. Словам, проста казка нейкая цi песьня. А ва ўнiвэрсытэцкiм дворыку мусіла паўстаць новая скульптура. Помнiкi — своеасаблiвая візытоўка БДУ: у дворыку стаіць Эўфрасiньня Полацкая, сядзяць Францiшак Скарына, Мiкола Гусоўскі і параю Сымон Будны ды Васiль Цяпiнскі. (Дарэчы, Эўфрасiньня ня толькі стаiць, яна яшчэ трымае на адной руцэ кнiгу. Ведаючы, што кнiгi таго часу, пiсаныя на пэргамэне ды з драўляным пераплётам i такой самай вокладкай, важылi некалькi кiляграмаў, можна зазначыць: магутная была баба!). Новым помнiкам будзе ўганараваны Кiрыла Тураўскi. I гэта будзе адзiны “стаячы” мужчынскi помнiк на ўнiвэрсытэцкiм падворку.

У чаканьні юбілейных бакханаліяў унiвэрсытэцкi дворык упрыгожыла адмысловая iнсталяцыя — голае сукаватае дрэва з разьвешанымi на iм шарамi з назовамi факультэтаў. Аднак прастаяла яна толькі два дні.

Пляны рэктара Казулiна парушыліся: неўзабаве пасьля выбараў 9 верасьня БДУ страцiў ранейшыя прывiлеi, а праграму сьвяткаваньня, як кажуць, падрэдагаваў асабiста Лукашэнка. Былi “выкрасьленыя” гелiкоптэры, арэнда Палацу Рэспублiкi, колькасьць дыскатэк скарацiлася да аднае.

“Iмпэрыя БДУ” пачала разбурацца на вачах. Неўзабаве пасьля скасаваньня “мiнiстэрскага” статусу ўнiвэрсытэту адбылася такая сцэнка. На паседжаньнi рэктарату Аляксандар Казулiн, якi да гэтага часу ўваходзiў у склад ураду, абвясьцiў, што яго (а разам з тым i БДУ) “панiзiлi”.

— I выдатна, цяпер вам не давядзецца столькi часу марнаваць на ўрадавых пасяджэньнях, — выказаўся нехта з падхалімаў.

— Ну што ж, тады й вялiкага сьвяткаваньня таксама наладжваць ня будзем. Абмяжуемся толькi ўнiвэрсытэцкiмi чытаньнямi! — пажартаваў у адказ рэктар.

Тады ён яшчэ ня ведаў, наколькi блiзкае да праўды будзе ягонае выказваньне.

У кiраўнiцтве БДУ запанавала разгубленасьць. Ранейшы непадкантрольны статус (Белдзяржунiвэрсытэт папярэдне быў вызвалены ад выплаты ўсiх падаткаў) пачаў пагражаць непрыемнасьцямi. Сытуацыя ўзмацнялася няпэўнасьцю ва ўрадавых колах: доўгi час было невядома, хто стане мiнiстрам адукацыi — зьверхнiкам над БДУ.

Тым часам праграма сьвяткаваньня працягвала зьмяняцца: скасавалі меркаваны канцэрт Кiркорава, юбiлейнае ўрачыстае пасяджэньне перанесьлi ў залю Опэрнага тэатру. Інсталяцыя зь яблыкамі-факультэтамі на дрэве відавочна ўспрымалася зусім не як райскае дрэва пазнаньня, хоць для ўзмацненьня “райскай” аналёгii на дрэва паклалi зялёнага зьмея.

Прызначэньне новага мiнiстра адукацыi дадало нотку гiстэрыкi ў перадсьвяточны ажыятаж. А як жа ж! Пятро Брыгадзiн, колiшнi падначалены Аляксандра Казулiна, стаў вышэйшы за свайго былога шэфа. Дый намесьнiкам новага мiнiстра адукацыi стаў Аляксандар Жук — пераемнiк Брыгадзiна на пасадзе першага прарэктара БДУ.

Любоў да помнiкаў — не адзiная “незвычайная” прыхамаць Аляксандра Казулiна. Другая — нежаданьне гутарыць з журналiстамі. Усе iнтэрвiю, якiя зьяўляюцца ў прэсе, — вынiк працы ўправы аналiтычнай работы БДУ, якая рыхтуе пiсьмовыя адказы на загадзя пададзеныя пiсьмовыя пытаньнi. Кажуць, што прычына такой нелюбовi Аляксандра Казулiна да журналiстаў — у даўнiм прэсавым скандале вакол абароны ягонай доктарскай дысэртацыi. Таму той факт, што напярэдаднi юбiлею ўсё ж быў арганiзаваны брыфiнг для журналiстаў i прэсавая канфэрэнцыя, можна расцаніць як адчуваньне няўтульнасьці і няміласьці ў вышэйшай улады. Галоўнае ж у Казуліну — ягоная незвычайная схільнасьць да бізнэсу. БДУ пры ім стаў з проста ўнівэрсытэту трыццаткам юрыдычных асобаў! Пад яго дахам працуюць мадэльнае агенцтва Сашы Варламава, расейскамоўная FM-станцыя “Юністар”, тэатар “На бальконе” і г.д. Толькі замежныя студэнты летась прынесьлі ў касу ўнівэрсытэту 700 тыс. даляраў. Казулін адрамантаваў біяфак, фізфак і геафак, два інтэрнаты, пабудаваў яшчэ адзін. Ён перамог “Макдональдз” у барацьбе за пляц на Прывакзальнай плошчы. Пры ім унівэрсытэт стаў падобны да ўнівэрсытэту па сваім багацьці. Адбылася паўнавартасная кампутарызацыя.

Інсталяцыя прастаяла ў першапачатковым выглядзе нядоўга: шарыкi з назовамi факультэтаў паздымалi, а зьмея прыбралi. Унівэрсытэт стаіўся ў прадчуваньні зьмяншэньня заробкаў і прэміяў.

Аркадзь Шанскi


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Каго больш палонных: украінцаў ці расіян?1

Каго больш палонных: украінцаў ці расіян?

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць гадоў таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў

Беларускі спецыяліст дапамог «Фларыдзе» другі год запар стаць уладальнікам Кубка Стэнлі2

ЗША прывялі войскі на Блізкім Усходзе ў павышаную гатоўнасць пасля экстраннай нарады Трампа з генераламі

Нечаканая зброя супраць раку — супрацьзапаленчыя прэпараты2

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў19

400 балаў на ЦТ і ЦЭ атрымалі адразу дзве дзяўчыны з Ліды1

Сацыяльныя сеткі робяцца галоўнай крыніцай навін, і гэта выгадна палітыкам-папулістам1

400 балаў на ЦТ набраў Мацвей з барысаўскай гімназіі2

Падчас саміту G7 Трампа не ўдалося пераканаць пастрожыць санкцыі супраць Расіі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каго больш палонных: украінцаў ці расіян?1

Каго больш палонных: украінцаў ці расіян?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць