Partyzone, 2002

Гэты альбом яшчэ раз пацьвердзіў тую тэзу, што музыкі сёньня папросту ня могуць існаваць без запазычаньняў (ня важна, усьвядомленыя яны ці не).
Вось і тут мы сустракаем устаўкі з «System of Down», «Iron Maiden» і г.д. А паралелі з «Rammstein» «партызоны» й самі не адмаўляюць: на вокладцы дыску зьмешчана выказваньне беластоцкага беларуса Міколы Ваўранюка: «У Беларусі гэты гурт называюць «беларускі Rammstein з усьмешкай у душы». Я б сказаў болей: «Гэта часам нават лепш за Rammstein». Вось такім чынам «Partyzone» сам сябе прэзэнтуе.
У прафэсіяналізьме музыкаў няма сумневу — яны пайгралі ў шмат якіх іншых гуртах («Wasted», «Aquamorta», «Калі Юга» і г.д.), дый самому праекту «Partyzone» ўжо болей за 8 год. Толькі вакал Дзяніса Вячэрскага месцамі выклікае нараканьні: у некаторых песьнях альбому і асабліва на «жывых» трэках ён не дацягвае да прымальнага ўзроўню, а часам гучыць неяк па-карчомнаму («О-о, сэрца як трымціць і галава баліць...»).
Гэты год пакажа, ці здолее «Partyzone» замацаваць свае пазыцыі на беларускай музычнай сцэне.
Тры гіты: «Завіруха», «Хто я?», «Не пасьпеў у лес».
Каментары