Сёлета на Гомельшчыне зарэгістравалі хлопчыкаў з імёнамі Тэа-Луіз, Білал-Амір, Анджэй-Лукаш. Спіс арыгінальных жаночых імёнаў папоўнілі Марыя-Мішэль, Ганна-Марыя, Палiна-Лея, Аміна-Альбэртыя, Эола-Эрыка.

Валерыя, маці маленькай Палiны-Леі, першапачаткова марыла назваць дачку Ларэлеяй, паведамляе ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
«Гэтае імя сугучнае з маім імем і імем бабулі Лоры. Але мы падумалі, што Ларэлея — імя складанае, і вырашылі пакінуць толькі яго частку, назваўшы малую Леяй. Так мы і звярталіся да яе ўсю цяжарнасць», — дзеліцца Валерыя.
Аднак бліжэй да родаў сям’я задумалася над імем Паліна. Поўнасцю адмаўляцца ад Леі бацькі не захацелі. Кампрамісам стала двайное імя Паліна-Лея.
«Зараз муж часцей называе дачку Палінай або Полі, а я — Леяй. Сваякі ўспрынялі наша рашэнне з здзіўленнем і называюць дзяўчынку тым імем, якое ім больш па душы», — з усмешкай расказвае мама.
Жыхарка Гомеля Ірына і яе муж, грамадзянін Турцыі, выбралі для сына імя Тэа-Луіз. У ім спалучыліся сямейныя традыцыі і любоў мужа да футбола
Па словах Ірыны, муж прапаноўваў назваць сына Луіз у гонар знакамітага футбаліста. У гэтым відзе спорту ён бачыць і будучыню сына.
Прозвішча футбаліста не ўдакладняецца, але, магчыма, назвалі ў гонар былой зоркі ПСЖ, «Арсенала» і «Чэлсі» бразільца Давіда Луіса, які зараз гуляе за кіпрскі «Пафас». Калісьці ззяў у Еўропе знакаміты «зубасцік», найлепшы бамбардзір зборнай Уругвая Луіс Суарэс, які зараз ганяе за «Інтэр Маямі». Ёсць іспанец Луіс Перэс, які гуляе ў гэтым сезоне за турэцкі «Газіянтэп».
Другая частка імя — Тэа — з’явілася як скарачэнне ад турэцкага імя Тэаман. Двайное імя Тэа-Луіз адразу спадабалася сваякам-замежнікам. Нестандартны выбар у выніку падтрымалі і бацькі Ірыны.
«Спачатку гэтае імя здавалася беларускім бабулі і дзядулі нязвыклым, нават блыталіся, — прызнаецца маладая мама. — Зараз яны ўжо не забываюць, як завуць унука. Аднак у паўсядзённым жыцці называюць яго каротка і ласкава — Тэа».
Каментары