Архіў

Гастролі Янішэўскіх

Фота  OPERA NARODOWA WARSZAWA

5 лютага, у апошні тыдзень зімовых канікулаў, у пустым і змрочным вэстыбюлі Беларускай акадэміі музыкі завіравала жыцьцё. Нагодаю для гэтага сталася канцэртная імпрэза з удзелам маладых польскіх сьпевакоў Яцэка Янішэўскага і Ганны Мілеўскай-Янішэўскай, зладжаная Польскім інстытутам. Утульная заля Акадэміі музыкі, разьлічаная на паўтысячы слухачоў, запоўнілася амаль цалкам без аніякай рэклямы і продажу квіткоў. Выдатна спрацаваў наш «народны тэлеграф» — «з вуснаў у вусны». Нават у эпоху Інтэрнэту ён застаецца для менчукоў галоўным сродкам масавай інфармацыі.

Фота OPERA NARODOWA WARSZAWA
Працаўнікі й студэнты Акадэміі гэтую імпрэзу праігнаравалі. Апрача прафэсара Роўды, кампазытара Лыбіна і трох-чатырох канцэртмайстарак з вакальных клясаў не было відаць аніводнага прафэсіянала. Залю запоўнілі аматары — тыя, хто занудзіўся па яскравых музычных уражаньнях, бо Канцэртная заля Беларускай філярмоніі зачыненая з тае вясны. Муж і жонка Янішэўскія сьпявалі для мноства ўважлівых вушэй.

Іхны першы выступ у Менску адбыўся гадоў сем таму ў касьцёле Сьв.Роха. Уражаньне засталося пекнае, аднак касьцёл на Залатой Горцы — не найлепшае месца для камэрных канцэртаў. У ягоных акустычных умовах гучаньне галасоў скажаецца, дэталі выкананьня губляюцца. Заля Акадэміі музыкі ў гэтым сэнсе прыдатнейшая, але й значна большага патрабуе. Нездарма тут адбываюцца экзамены па ўсіх музычных спэцыяльнасьцях. У гэтай залі трэба сьпяваць у поўны голас, спадзеючыся толькі на свае сілы і талент, бо акустыка, антураж, асьвятленьне, суровая акадэмічная атмасфэра — усё працуе супраць артыста.

Сем гадоў таму Янішэўскія сьпявалі песьні Шубэрта. Цяперака ў першым аддзяленьні былі выкананыя шэдэўры нямецкага рамантызму — асобныя песьні з вакальнага цыклу Робэрта Шумана на вершы Генрыха Гайнэ «Каханьне паэта» (сьпяваў Яцэк Янішэўскі) і вакальны цыкл Рыхарда Вагнэра «Пяць вершаў Матыльды Вэзэндонк» (сьпявала Ганна Мілеўская-Янішэўская). За раялем была канцэртмайстарка БАМ Ала Трафімава.

Урыўкі з «Каханьня паэта» прагучалі амаль дасканала. Мяккі, прыгожа афарбаваны бас Яцэка Янішэўскага выявіўся дастаткова гнуткім. За мінулыя ад першага прыезду гады сьпявак выйграў конкурс імя Манюшкі ў Варшаве і славуты венскі вакальны конкурс «Бэльвэдэр», трапіў у фінал конкурсу імя Плясыда Дамінга ў Токіё, сьпяваў на опэрных сцэнах Нямеччыны і іншых краінаў Эўропы, стаўся салістам Нацыянальнай опэры ў Варшаве... У сьвеце цяпер вялікі попыт на галасы, прыдатныя для камэрных сьпеваў і барочнай опэры.

Янішэўскі добра выглядае на сцэне, паводзіцца жыва і вызначаецца непадробнай прыроднай музычнасьцю. Ён сьпявае сэрцам і не шкадуе намаганьняў, каб данесьці сваю задуму да публікі. Чаго ня скажаш пра ягоную жонку. У «Пяці вершах Матыльды Вэзэндонк» яна была цалкам бездапаможнай. І справа ня толькі ў тым, што ейнага сьціплага, амаль бястэмбравага, «лялечнага» мэца-сапрана не ставала для драматычных Вагнэравых песень. Не ставала найперш разуменьня музыкі, пранікненьня ў ейныя эмацыйныя глыбіні. Дый адкуль чакаць глыбокіх думак і пачуцьцяў, калі сьпявачка ўвесь час глядзела ў ноты?

У другім аддзяленьні, дзе гучала польская й беларуская музыка XIX—XX ст., спадарыня Янішэўская сьпявала значна лепей. Асабліва ўдалася ёй песьня «Пад яварам» у апрацоўцы нашага земляка Мячыслава Карловіча. Яцэк Янішэўскі сьпяваў бліскуча. Ён адкрыў нам сапраўдную прыгажосьць песень Манюшкі. Ня кажучы ўжо пра невядомыя беларускаму слухачу песьні Фрэдэрыка Шапэна, Мячыслава Карловіча й Ігната Падэрэўскага.

Яшчэ ў гэты свой прыезд Яцэк Янішэўскі з посьпехам паўдзельнічаў у спэктаклі Беларускае опэры «Князь Ігар», выступіўшы ў ролі Канчака. І хоць беларускія калегі ўспрынялі ягоную манеру сьпеву ў штыхі, гэткае супрацоўніцтва было карысным для абодвух бакоў. Аднак найболей выйграла ад гэтага нашая публіка, якую апошнім часам трымаюць на галодным пайку. Пакуль яна рэагуе нармальна — просіць духоўнае ежы. Але гэтую цікаўнасьць да духоўнага варта неяк стымуляваць.

Юлія Андрэева

Каментары

Цяпер чытаюць

«Чаго з людзей здзекуецеся?!» Лукашэнка загадаў прыбраць маршруткі

Усе навіны →
Усе навіны

З Нацыянальнага музея ў Дамаску скралі статуі часоў Рымскай імперыі

Паўлу Дураву дазволілі выязджаць за межы Францыі

Рэдактару «Вікіпедыі» далі два гады калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі»2

Абарону Пакроўска ламае расійскае падраздзяленне «Рубікон»19

Медзведзяня, якое бегала па вуліцах Віцебска, злавілі2

Стала вядома, як беларусы распараджаюцца сваім часам

Пацярпелай у Тайландзе беларусцы зрабілі пераліванне крыві

Прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» выданне Вольгі Лойкі Plan B1

У Берліне актывісты ўскараскаліся на Брандэнбургскую браму і разгарнулі банер у падтрымку Палесціны7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаго з людзей здзекуецеся?!» Лукашэнка загадаў прыбраць маршруткі17

«Чаго з людзей здзекуецеся?!» Лукашэнка загадаў прыбраць маршруткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць