Архіў

Расейская пагроза Гомелю

Лятальныя талеркі па-ранейшаму атакуюць ускраіны Гомелю. «Беларусь сегодня» ня грэбуе гарачанькай зьвесткаю пра тое, што ў паўночным крыле палацу Румянцавых-Паскевічаў жыве (губа ня дура) «астральная істота з космасу». Ня ведаю, ці вядуць касьмічныя засланцы вайну за Гомель. Але штодня адчуваецца змаганьне за родны горад іншых, зусім зямных, сілаў. Увесь час здаецца, што расейцы хочуць адарваць першай менавіта нашую частку Беларусі.

У цэнтральных газэтах апошнім часам модным стала любіць Беларусь. У тутэйшых жа пэрыёдыках спрэс і побач — русский, российский, московский, отечественный... З нумару ў нумар. Апэратаркі пэйджынгавых станцыяў, спасылаючыся на суровы наказ начальства, ня хочуць прымаць паведамленьні ў беларускай. Мясцовыя FM-станцыі самазабыўна малпуюць адлучаныя кагадзе маскоўскія. На адной зь іх адсутнасьць у этэры беларускай мовы тлумачаць «жаданьнем спонсара». На другой ніяк не маглі дапяць, чаму гэта заганна круціць песьню пра Пуціна, калі яна «нават нам самім падабаецца». Па горадзе разьвешваюць расейскамоўныя шыльды.

Улады чамусь не «асаджаюць пугаўём» гэтае пуставойцтва, хаця самі спрабуюць фармаваць нейкую гарадзкую традыцыю. Навобмацак рухаюцца ў цямрэчы, бо мала што пра гісторыю і «так называемую спадчыну» ведаюць.

Грамадзкія арганізацыі другі год ці то ня могуць ачомацца ад 9.09.01, ці проста здаліся перад расейскім патопам. Прынамсі, дзейнасьць многіх зь іх заўважыць надта праблематычна. Міжволі згадваюцца 1998—99 г., як апатэоз іх актыўнасьці — ня толькі кулюарна-сэмінарскай, але й публічнай, якая запомнілася правядзеньнем разнастайных канцэртаў ды вечарын. Сёньня гэта чамусь (мабыць, грошай няма) запрапала. Выняткі (канцэрт «Старога Ольсы», вечарына да ўгодкаў БНР) вельмі рэдкія і расхістаць цяперашні расейскі фармат Гомелю няздатныя. Неабходная сыстэматычнасьць. Хай гэта будзе кропля, але яна мусіць ці не штодня тачыць той закляты камень. У гэтым пляне аптымальнай выглядае пазыцыя гомельскай «Талакі». Арганізацыя рэгулярна ўказвае сваю прысутнасьць у гарадзкім жыцьці, у партнэрскіх дачыненьнях зь мясцовымі ўладамі па канкрэтных справах, важных для ўключэньня Гомелю ў беларускі кантэкст. Гэтае кантактаваньне ані не зьмяняе прынцыпова беларускіх пазыцыяў талакоўцаў.

Гомелю не стае сваёй нармальнай беларускай газэты. Недзяржаўным арганізацыям па-ранейшаму выгодна разьменьвацца на бюлетэньчыкі «дзьвесьце дзевяноста дзявяткі» зь няпэўнай аўдыторыяй і накладам 299 ас. Ранейшыя цікавыя праекты зьніклі, не атрымаўшы разьвіцьця. Няма цяперака ў Гомелі выданьня, якое б распавядала па-беларуску пра панкаў, кіслотнікаў, рэпэраў, пра сэкс урэшце, што ў 1999—2001 г. рабіў «Undergroўnd». Адкуль чакаць прыходу новых сілаў, амаладжэньня, калі дзеці сталеюць у горадзе, дзе нават візуальна адсутнічае Беларушчына? Спадзявацца на такіх апантанцаў-настаўнікаў, як ваш пакорлівы слуга, наўрад ці выпадае. Мукі бо з таго зерня, што спрабуем змалоць на жорнах Беларушчыны, вобмаль. Спрацоўваюць фактары адчужэньня, дый бацькоўскія стэрэатыпы палымнеюць у глуздох малых. Як у дрэнным фільме, застаюцца спадзевы на дзяржаву, на яе новы ідэалягічны нахіл, з каторага трэба няшчадна карыстаць у працы для Беларусі цэлай і для Гомелю ў прыватнасьці.

Сяргей Балахонаў, Гомель

Каментары

Цяпер чытаюць

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй5

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй

Усе навіны →
Усе навіны

Павел Вінаградаў за час адседкі схуднеў на 40 кг ФОТАФАКТ14

«Жывём тут як у танку». Беларусы з памежжа расказалі, як перажываюць закрытую мяжу і вучэнні4

У ААН прагаласавалі за стварэнне палесцінскай дзяржавы17

У Беларусі расце запазычанасць насельніцтва па банкаўскіх крэдытах

У Расіі рэзка вырас попыт на беларускія пеністыя віны1

У Гомелі на Дзень горада тысяча чалавек станчылі пад песню «Касіў Ясь канюшыну» ВІДЭА4

У тыктоку завірусіўся «кідок кобры» ў Беларусі ВІДЭА

Пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў загарэўся Новаўфімскі НПЗ у Башкартастане2

У Літве пакуль што не зафіксавалі ніякіх правакацый у сувязі з вучэннямі «Захад-2025»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй5

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць