Заснавальніка і шматгадовага кіраўніка Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова на пасадзе старшыні змяніла Алена Сіпакова.
Былы і новы кіраўнікі тлумачаць, чаму так адбылося і што будзе далей з адным з найбольш буйных цэнтраў беларускай дыяспары.
Беларусы масава засялілі Іркуцкую вобласць у пачатку XX стагоддзя падчас Сталыпінскай рэформы, калі з Беларусі ў Сібір пераехала некалькі сотняў тысяч чалавек. Затым былі пераселенні беларусаў у 30-х і пасляваенным перыядзе.
Сёння беларусаў Прыбайкалля аб’ядноўвае Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. 27 красавіка адбыўся яго чарговы з’езд. На ім даволі нечакана склаў свае паўнамоцтвы заснавальнік арганізацыі Алег Рудакоў, які амаль 17 год узначальваў таварыства. Новым старшынёй да красавіка 2015 года абраная Алена Сіпакова. Прадстаўнік ад Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і кампаніі «Будзьма!» накіраваўся за 6 тысяч кіламетраў ад Беларусі, каб даведацца, што будзе далей з адной з найбольш актыўных беларускіх дыяспар у свеце.
– Спадар Алег, чаму вы вырашылі пакінуць пасаду старшыні?
– Па-першае, я заўсёды марыў, каб у нашым таварыстве знайшліся пераемнікі, якія будуць развіваць арганізацыю далей. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) перарасло ў актыўную, дзейсную, самастойную арганізацыю, у якой шмат актыўных і цікавых лідараў, якім трэба даць магчымасць праявіць сябе. Па сваіх поглядах я – дэмакратычны чалавек. Нельга аднаму чалавеку доўга знаходзіцца на адной пасадзе, нават на грамадскай. Для развіцця патрэбны нейкія змены, рух наперад.
– Што пакідаеце пасля сябе?
– Калі 17 год таму я заснаваў ІТБК, у Іркуцкай вобласці мала што ведалі пра беларусаў. Нашыя беларускія вёскі называлі «хахляцкімі». Цяпер жа наша прысутнасць у Прыбайкаллі даволі значная і ўплывовая. Шмат і палітыкаў, і інтэлігенцыі называюць сябе беларусамі. У нас ёсць свае пісьменнікі і кампазітары, цудоўна працуе моладзь.
Найбольш падабаецца, што нашыя суполкі ў розных рэгіёнах Іркуцкай вобласці навучыліся працаваць амаль самастойна. Няма патрабаванняў: дайце нам грошы – і тады мы будзем нешта рабіць. Ёсць разуменне, што трэба працаваць з мясцовымі ўладамі.
На сёння ў нас афіцыйна ў Іркуцкім гарадскім аддзяленні 135 сяброў. А па вобласці – прыкладна 500 чалавек. Але патэнцыял большы. У многіх вёсках трэба вырашыць арганізацыйныя пытанні для стварэння аддзяленняў.
На сёння маем 11 аддзяленняў. Было 12, але суполка ў горадзе Чарамхова зарэгістравалася як асобнае грамадскае аб’яднанне. У нас былі з ёю супярэчнасці, і яны вырашылі развівацца самастойна.
Нашы суполкі расцягнутыя на 1000 кіламетраў – ад горада Слюдзянка на ўсходзе да вёскі Чарчэт у Тайшэцкім раёне на захадзе.
Маем 17 творчых калектываў, якія былі заснаваныя пры нашай дапамозе, таксама супрацоўнічаем з іншымі гуртамі.
Мне падаецца, што цяпер у нас цудоўная арганізацыя, якую чакае светлая будучыня.
– Якой інфраструктурай валодае таварыства?
– Горад нядаўна даў нам адзін кабінет, 20 квадратных метраў. Але ўсё перамясціць з ранейшай сядзібы, дзе мелі 5 кабінетаў, мы не маглі. Таму арандуем дом у сябра нашай арганізацыі. Там месціцца музей-майстэрня «Беларуская хата», дзе захоўваюцца экспанаты з этнаграфічных вандровак у беларускія вёскі Іркуцкай вобласці.
Працяг гутаркі, а таксама каментар Алены Сіпаковай чытайце тут.
Каментары