Меркаванні2424

Віктар Марціновіч: Ці варта капірайтару чытаць Купалу?

Я хачу вам расказаць пра брэнд, які мяне ўразіў. «Нацыянальны прадукт Беларусі», напісана на ім. А ніжэй пазначана: «За людскасць і каханне». Брэнд гарэлачна-настоечны, але не, не ўгадалі! Гэта не «Бульбаш».

На этыкетцы выяўлены пейзаж з даляглядам стандартнага беларускага гарадка. На першым плане — па-старасвецку апранутая парачка. Ля іх — дрэва, за імі — масток. Назва — бдышч (фанфары!) — гарэлка «Тутэйшая»! На літары «й» — саламяны мужчынскі капялюш кшталту таго, у якім выяўлены «мужык-беларус» на этыкетцы «Бульбаша».

Гарэлка «Тутэйшая» — гэта трэці, канчатковы, крок эвалюцыі беларускіх брэндаў. Крок, самы цікавы для культуралагічнага аналізу.

Першым крокамбыла каша «Сувораўская» — світанак крэатыўнасці, россып фэйспалмаў, поўны капец.

«Сувораўская» ўжо стала карыкатурай на сябе, яе імя носіць пагардлівая анты-намінацыя конкурсу «Аднак». Але такіх брэндаў, якія з асалодай упісваюць беларускае спажыванне ў кантэксты падручніка па гісторыі імперскай Расіі 19-га стагоддзя, — цэлы пук! Згадайма, напрыклад, кампанію «Западная губернія», якая займаецца пасажырскімі перавозкамі. «Западная губернія заўсёды рада вам» — кажацца ў вітальным слове на яе інтэрнэт-старонцы. Каб падкрэсліць патрэбнае гучанне, «Западная  губернія» напісана гэткім былінным славікам, ад якога чалавека, хаця б трохі знаёмага з крывавай гісторыяй выраза «Западная губернія», цягне зачытаць уладальнікам кампаніі лекцыю па гісторыі 17-19 стагоддзяў.

Дарэчы, па маім прыватным адчуванні, пісаць назвы брэндаў царкоўным славікам у Беларусі — тое самае, што ствараць іх «гатычным шрыфтам», які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Трэцім рэйху.

Другім крокам эвалюцыі беларускіх брэндаў стала з’яўленне цікаўнасці да ідэнтычнасці і спроба яе неяк вызначыць. У гэтым сэнсе каша «Сувораўская» і «Западная губернія» працавалі ў межах рускага космасу.

З’яўленне «Бульбаша» адкрыла новую старонку — старонку ліхаманкавых спробаў сябе неяк вызначыць і назваць. Неглыбокае веданне гісторыі, хранічная неначытанасць, прыводзіла да такіх вось мутанцкіх назваў, як гарэлка «Бульбаш» ці пельмені «Вкус бульбаша».

Дарэчы, у мяне ёсць для вас добрая навіна. Пасля таго, як у 2010-2011 гадах з пельменяў «Вкус бульбаша» праіржалася ўсё сеціва, яны змянілі назву! Цяпер яны называюцца «Вкус ад бульбаша». Гэта значыць адну прынцыповую рэч. Тое, што крыэйтарам і капірайтарам, якія стварылі гэты цуд, сорамна. Значыць, яны разумеюць, хай сабе і пасля вялікай хвалі, што прайшла па сеціве, што называць суайчыннікаў грэблівай мянушкай, а потым яшчэ запускаць брэнд, які прапануе пачаставаць смак гэтых самых суайчыннікаў — справа не надта годная.

Цяпер вернемся да трэцяга кроку нацыянальнага брэнд-білдзінга. Беларусь ужо не змяшчаюць у тапаніміку рускага космасу. Беларусаў ужо не абражаюць ідэяй пабудовы на костках продкаў забаўляльнага цэнтра са зневажальнай для нацыі назвай (дасведчаныя крыніцы шэпчуць, што «Бульбаш-хола» не будзе, а будзе іншая назва). Болей за тое, ёсць спроба сабе азначыць неяк у межах нацыянальнага свету.

Бярэцца Купала. Бярэцца бедны Янка Купала! Прыгадваецца, што ён там накарэбаў. І паўстае брэнд, які для большасці выглядае вельмі прыстойна.

«Тутэйшыя» — гэта ж наш Купалаўскі тэатр, хай сабе ў Купалаўскім п’есу і забаранілі! Але, ведаеце, застаецца вялікае пытанне. Пытанне такое: ці чыталі брэнд-менеджары і капірайтары\нэймеры, якія забабахалі настойку «Тутэйшая», аднайменную п’есу Янкі Купалы?

Патлумачу. Вось быў у 18 стагоддзі ў Ірландыі свой Купала. Яго звалі Джонатан Свіфт. Можа быць, нават аўтары брэнда «Тутэйшая» нешта чулі пра творы Свіфта? Але размова не пра гэта. Размова пра тое, што ў 1729 годзе ў Ірландыі адбыўся вялікі неўраджай, а праз яго — голад. А Ірландыя была, як і некалі «паўночна-заходняя губернія» Беларусь, калоніяй Англіі. І Англія нічога не зрабіла, каб дапамагчы людзям Ірландыі. А Свіфт — такая ж неспадзяванка, — быў святаром і гуманістам. І ўвесь час спрабаваў дамагчыся незалежнасці Ірландыі ад Англіі. І вось у 1729 ён напісаў памфлет «Сціплая прапанова, што ставіць мэту не дапусціць, каб дзеткі беднякоў у Ірландыі былі цяжарам для сваіх бацькоў і, наадварот, як зрабіць іх карыснымі для грамадства».

У гэтым памфлеце святар і гуманіст Свіфт высоўваў ідэю вырашыць праблему голаду ў Ірландыі простым і вытанчаным шляхам: ужываннем усіх дзяцей “у пішчу”. У памфлеце са смакам апавядалася, які гэта добры прадукт — немаўля, прыгатаванае ў смажаным ці вараным выглядзе. «Я не сумняюся, што ён таксама выдатна пойдзе на фрыкасэ ці рагу», — дадаваў святар і гуманіст Свіфт.

Растлумачу — адмыслова для брэнд-менеджараў, якія зацвердзілі назву настойкі «Тутэйшая», а таксама капірайтараў і нэймераў, якія яе прыдумалі. У дадзеным выпадку Джонатан Свіфт карыстаўся такім інструментам, як сарказм. І, канечне ж, ён, гуманіст і святар, рабіў гэта для таго, каб улады Англіі звярнулі ўвагу на галечу ў Ірландыі і дапамаглі людзям. А не для таго, каб ірландцы сапраўды пачыналі есці ўласных дзяцей.

Дык вось, такім жа сарказмам прасякнуты і твор «Тутэйшыя» Янкі нашага Купалы. «Тутэйшыя» — гэта грэблівая мянушка людзей, якія не разумеюць, дзе яны жывуць. Якія маюць сваю зямлю, але адчуваюць сабе хто палякамі, хто рускімі.

Называць гарэлку «Тутэйшай» ды дадаваць «Нацыянальны прадукт Беларусі» — гэта тое самае, што ў Дубліне выпускаць пельмені «Смак ірландскага немаўляці» і пляскаць на іх лагатып партрэт святара і гуманіста Свіфта.

Хаця традыцыя самаядзення, мяркуючы са згаданага брэнда ад «Бульбаша», вельмі развітая на нашай прасторы.

А самы галоўны прыкол ў тым, што большасць беларусаў абсалютна шчасліва карыстаюцца маршруткамі «губерніі», п’юць «Бульбаш», ядуць «Бульбаш» і класці хацелі на нашыя інтэлігенцкія енкі.

Спажыўцы ніякай трохкрокавай эвалюцыі  не праходзілі. Яны будуць уздыхаць на Купалу, але піць гарэлку, якая смяецца над ідэямі Купалы і болем Купалы.

І вось у галаве нудзіцца некалькі пытаннечкаў: і чаму я не такі? Чаму некалі прачытаў кніжкі дзядзькі Янкі? Чаму не магу быць шчаслівым, побач са снулай нацыяй? Веды — гэта шчасце ці праклён? І чаму аднойчы прачытаўшы пра тое, што рабіў тут Сувораў ці Пётр, ніколі ўжо не будзеш здольным наесціся «кашай Сувораўскай»? Чаму гісторыя наша — гэта неспакой?

Дык можа лепей нэймерам і капірайтарам трымацца далей ад нацыянальнага? Ці пачытаць Купалу?

 

Каментары24

Цяпер чытаюць

Студэнтка, якая ўцякла ад арышту ў 2020-м, працуе на крайняй поўначы Нарвегіі і зразумела скандынаўскі рэцэпт шчасця17

Студэнтка, якая ўцякла ад арышту ў 2020-м, працуе на крайняй поўначы Нарвегіі і зразумела скандынаўскі рэцэпт шчасця

Усе навіны →
Усе навіны

Прайшлі вобшукі ў былога міністра абароны Украіны Рэзнікава4

Праверка «БайХэлпа» выявіла ўцечку даных20

«Засталася трывога, якая не адпускае нават ноччу». Былы палітвязень Сяргей Шэлег просіць аб дапамозе7

У Замбіі звар'яцелая сланіха забіла дзвюх турыстак3

Беларус узяў крэдыт «На родныя тавары», каб купіць матацыкл «Мінск». Той аказаўся кітайскім2

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні20

Віцэ-прэзідэнт расійскай «Транснафты» загінуў, выпаўшы з акна7

Партугальскі футбаліст, які загінуў у аўтакатастрофе, паехаў машынай, бо ляцець самалётам забаранілі дактары3

Расія атакавала Кіеў «шахедамі» і балістыкай. Дзясяткі параненых, пажары і перакрытыя вуліцы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Студэнтка, якая ўцякла ад арышту ў 2020-м, працуе на крайняй поўначы Нарвегіі і зразумела скандынаўскі рэцэпт шчасця17

Студэнтка, якая ўцякла ад арышту ў 2020-м, працуе на крайняй поўначы Нарвегіі і зразумела скандынаўскі рэцэпт шчасця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць