Свет1313

Няўжо Майдан САМАарганізуецца? Механіка доўгатэрміновага плошчавага пратэсту

Беларусаў на Еўрамайдане ўражвае арганізацыя і прадуманасць. Вось сям'я прыехала з Львоўскай вобласці на пікапе, і багажнік у яе загружаны дровамі. А вось аптэка з агромным выбарам бясплатных лекаў. Хто і што за ўсім гэтым стаіць, высвятлялі рэпарцёры «Нашай Нівы» ў Кіеве.

Актывіст з Львова прыехаў у Кіеў са сваімі дровамі.

Касцяк пратэстоўцаў на Майдане літаральна залеплены наклейкамі «Я тут не за грошы» з галавы да пятаў. Гэтым яны паказваюць, што апазіцыя ім нічога не плаціць, і яны мерзнуць на галоўнай плошчы Украіны па ўласным жаданні і за ідэю.

Кухары-валанцёры гатуюць ежу на Майдане Незалежнасці ў вялікіх катлах. А прадукты? Прадукты падвозяць бізнэсоўцы або закупляюць лідары апазіцыі.

Інфраструктура Еўрамайдану паўстае надзіва хутка, на вачах. Адзін украінскі журналіст назваў Еўрамайдан «махноўскай рэспублікай». Сапраўды, з прадстаўнікоў «улады» тут прысутнічае хіба што «хуткая дапамога».

Міліцыянтаў на Майдане Незалежнасці і нават побач з ім няма. На ўваходах на Майдан пастаўленыя барыкады. На іх дзяжурыць варта. На самой плошчы раздаюць цёплыя рэчы, гатуюць і разносяць гарачую ежу і напоі. Нядаўна падагналі і сапраўдную палявую кухню.

Вядома, усё гэта стала магчымым таму, што ўлады гэта дазваляюць. Узгадваецца, як у 2006 годзе ў Мінску сотні кадэбістаў і спецназаўцаў пераглядалі кожнага, хто ішоў у намётавае мястэчка на Плошчы. І затрымлівалі, садзілі ў турму за «нецэнзурную лаянку» кожнага, хто нёс з сабой нейкую ежу ці цёплыя рэчы.

Самаахова

Перад разгонам Еўрамайдану 30 лістапада ён быў малалюдны, але пасля выхадных сюды з'ехаліся тысячы. Цяпер пад ганкам каардынацыйнага штаба, што размясціўся ў Доме прафсаюзаў, стаіць чарга ахвотных.

Барыкады ахоўваюць афіцэры запасу і казакі.

На Еўрамайдане дзейнічае і сапраўдная самаахова. Афіцэры запасу, казакі, былыя афганцы, дэсантнікі арганізавалі падрадзяленні аховы плошчы ад правакацый ці спробы сілавога разгону — яны гатовыя біцца з «Беркутам». Украінскія СМІ паведамляюць, што склад аховы дасягае дзвюх тысячаў чалавек.

Людзі нясуць адзенне, вопратку, коўдры і гігіенічныя сродкі ў пункт прыёму ў захопленым будынку гарвыканкама.

У Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі — яшчэ адным цэнтры грамадскага супраціву — таксама кіпіць праца. Працуюць пункты па прыёме адзення і вопраткі, ежы, вады. Можна пакінуць гігіенічныя сродкі ці проста грошы.

Аптэка

У гарвыканкаме кругласуткава вядуць прыём народныя дэпутаты ад апазіцыі. У вочы кідаецца вялізны стол, застаўлены лекамі — сюды можна звярнуцца па неабходныя медыкаменты.

Выдача лекаў у адной з залаў гарвыканкама.

Каардынатар «пратэстоўскай аптэкі» Андрэй кажа, што медыкаментаў у іх цяпер нават больш, чым трэба.

Пункт псіхалагічнай дапамогі
Пункт псіхалагічнай дапамогі.

«Людзі самі нясуць лекі, іх нават асабліва і не заклікаюць. Прычым гэта як прыватныя асобы, так і людзі, звязаныя з фармацэўтычным бізнэсам, якія прывозяць адразу многа», — кажа ён.

У захопленым будынку гарвыканкама для прыліку «вядуць прыём» дэпутаты.

Бясплатная медыцынская дапамога

Побач з аптэкай працуе медпункт — там дзяжураць адразу некалькі лекараў. Пагутарыць з журналістам выходзяць Уладзімір — яго жартаўліва прадстаўляюць як «прэс-сакратара» — і Аляксей.

Аляксей (злева) дапамагае жанчыне з парэзаным пальцам.

«А, вы з Беларусі! Нам бы вашага «бацьку» хоць на пару дзён. Ён бы хоць бандытаў пастраляў. У вас у краіне крадзе адзін чалавек, а ў нас — дзясяткі», — жартуе ён.

Уладзімір кажа, што стан медыкаў ва Украіне вельмі цяжкі.

«Я анастэзіёлаг вышэйшай катэгорыі з 16-гадовым досведам працы. У гэтым плане мне няма куды расці, але я зарабляю 300 даляраў. Зразумела, мне гэта не падабаецца».

У медпункце захопленай мэрыі Уладзімір працуе бясплатна.

Анастэзіёлаг Уладзімір працуе на Майдане за ідэю, хоць у сябе ў бальніцы зарабляе ўсяго 300 даляраў.

«Я ўзяў адпачынак за свой кошт — так да мяне фармальна не можа прад'явіць ніякіх прэтэнзіяў. Амаль усе валанцёры так робяць».

Матэрыяльны стан Аляксея, які выявіўся хірургам, значна лепшы — ён пенсіянер і ўладальнік прыватнай клінікі ў Казяціне. Аднак пасля пачатку Еўрамайдана Аляксей закрыў клініку і паехаў у Кіеў. Яго цікавіць сітуацыя ў Беларусі — у Лідзе ў яго жывуць сваякі.

Аляксей кажа пра крызіс аховы здароўя.

«Дэкларуецца бясплатная ахова здароўя, але гэта абсалютная няпраўда. Там дабрачынны ўнёсак, там заплаці за даведку, дый доктар не стане на цябе глядзець, пакуль яму грошы не сунеш. Таму людзі ходзяць у прыватныя клінікі і здзіўляюцца, што ў выніку паслугі выходзяць таннейшыя за бясплатную дзяржаўную медыцыну».

Тут з'яўляецца жанчына якая пашкодзіла палец на кухні, і Аляксей сыходзіць аказваць ёй дапамогу. Лекары паспяваюць запэўніць, што будуць сядзець, колькі спатрэбіцца — калі месяц, дык месяц.

Бясплатная кава са слімака

Усе неабыякавыя падтрымліваюць Еўрамайдан па магчымасцях. Нехта нясе туалетную паперу, нехта працуе «ў мінус».

У Кіеве вельмі папулярныя рухомыя кавярні-аўтапрычэпы. Некаторыя іх уладальнікі пачалі разліваць каву ў месцах дэманстрацый бясплатна.

Раздача бясплатнай кавы пратэстоўцам

Прадпрымальнік Іван стаіць ля барыкад. Ён адкрыты кругласуткава.

«Каву я прадаю за грошы, бо яе за валюту важу з-за мяжы. Але чай і печыва — бясплатна».

Прадпрымальнік Іван налівае чай бясплатна, а вось кава — за грошы.

Іван кажа, што разліваць каву за так — рашэнне саміх прадпрымальнікаў, якія падтрымліваюць грамадзянскі пратэст.

«Гэта ўсё ж мая краіна, і мне важна, што тут адбываецца», — кажа ён, а затым доўга расказвае пра данбаскія крымінальныя кланы, якія захапілі ўладу.

Каментары13

Цяпер чытаюць

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ12

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Ад экс-палітвязня Ігара Карнея патрабуюць пагасіць запазычанасць за побыт на Валадарцы3

У Мінску купілі кватэру за паўмільёна даляраў

МЗС пра зніклую ў М’янме Веру Краўцову: Дакументы аб смерці падробленыя3

«Ваўкі, якія доўга жылі з людзьмі». Пароды сабак пачалі развівацца яшчэ ў Каменным веку

На Камароўцы ўпалі цэны на хурму і ананасы: што выгадна купляць1

Новы «Франкенштэйн» культавага Гільерма дэль Тора — бадай, самы прыгожы фільм года3

Зборная Беларусі больш за суткі дабіралася з Мінска да Капенгагена5

Пад Астраўцом прыбралі помнік паўстанцам 1863 года, пастаўлены жыхарамі раёна24

Міліцыя распрацавала свой мабільны дадатак для прыёму паведамленняў ад грамадзян3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ12

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць