Меркаванні2828

Як бэля рускія

Не мною заўважана, мова — гэта мысленне. Думанне, уяўленне, «стан мазгоў». Каб зразумець, што адбываецца з намі, можна слухаць ацэнкі палітыкаў, а можна сачыць за асаблівасцямі мовы, якія часта па‑здрадніцку выдаюць фальш нашых грамадскіх стэрэатыпаў, нашых уяўленняў пра саміх сябе, нашага мыслення. Піша Сяргей Дубавец.

Не мною заўважана, мова — гэта мысленне. Думанне, уяўленне, «стан мазгоў». Каб зразумець, што адбываецца з намі, можна слухаць ацэнкі палітыкаў, а можна сачыць за асаблівасцямі мовы, якія часта па‑здрадніцку выдаюць фальш нашых грамадскіх стэрэатыпаў, нашых уяўленняў пра саміх сябе, нашага мыслення.

Беларусы ў мове сваёй фальшывяць па поўнай праграме і па вялікім рахунку. Я не пра тое, што гавораць больш па‑расійску, чым па‑беларуску, а яшчэ больш — на дзвюх мовах адразу. Гэта якраз не самая вялікая праблема. Бяда, калі белае называюць чорным, злое — добрым, а чужое — сваім. Пачынаючы з назвы краіны — Рэспубліка Беларусь. Нехта ж дадумаўся другое слова ў гэтай назве — не скланяць. Што атрымалася? Што слова «Беларусь» у нас не скланяецца — як замежнае. У Рэспубліцы Беларусь, пасол Рэспублікі Беларусь, ганаруся Рэспублікай Беларусь. Сваё (а дакладней, самае сваё з усяго, што можа быць) выглядае як запазычанае. Як Зімбабве ці Марока. Больш за тое. У такім (абсалютна афіцыйным, канстытуцыйным) варыянце слова Беларусь — як нязменнае — просіцца, каб яго ўзялі ў двукоссе — у Рэспубліцы «Беларусь»! А ў аўдыёварыянце так і гучыць у двукоссі, ці то з іроніяй, ці то з намёкам.

Каб вычуць гэты дысананс, да якога мы даўно прывыклі, звярніцеся да іншых славянскіх моваў і ўявіце, каб паляк сказаў: В Жэчпосполітэй Польска; ці каб расіянін карыстаўся выразам — прэзідэнт Федэрацыі Расія…

Здавалася б, што за дробязі! Але якраз гэткія дробязі фармуюць адносіны беларусаў да сваёй краіны на самым глыбокім, падсвядомым узроўні. Выглядае як што чужое і не надта добрае. Не сакрэт, што беларусы ставяцца да дзяржавы Беларусі не так, як французы да Францыі ці чэхі да Чэхіі, а — з пэўным глыбока схаваным недаверам. Што, натуральна, зусім не спрашчае ім жыцця і адносінаў з навакольным светам.

Наша сённяшняя афіцыйная міжнародная назва — Belarus — лацінкай па‑нашаму ж, па‑беларуску, чытаецца як — Бэлярус

Са школы мы ведаем (хто не забыў), што назву Беларусь у яе сучасным разуменні замацаваў за краінай Францішак Багушэвіч у 1891 годзе. Багушэвіч пісаў па‑беларуску лацінкай — як да яго Кастусь Каліноўскі і яшчэ многія пачынальнікі нацыянальнай ідэі. Беларуская мова доўгі час вагалася паміж лацінскай графікай і кірылічнай. Словам, прынцыпы пісьма па‑беларуску лацінкай распрацаваныя дасканала і нават лепш, чым кірыліцай. Дык вось (прывітанне Багушэвічу!) наша сённяшняя афіцыйная міжнародная назва — Belarus — лацінкай па‑нашаму ж, па‑беларуску, чытаецца як — Бэлярус. Прынамсі, і Багушэвіч, і Каліноўскі прачыталі б менавіта так. А Лявон Вольскі іранічна ператлумачыў — гэта як п’яны рускі (п’яны як бэля). Зноў атрымліваецца дэструкцыя. Альбо гэта нам ніяк не ўдаецца «называць рэчы сваімі імёнамі», альбо нехта нешта напартачыў з нашымі чароўнымі словамі, без якіх наш дружны народ неяк не зусім, не да канца, не з поўным даверам разумее, хто ён, што ён і дзе ён.

У кантэксце такой дэзарыентацыі часта забаўна гучыць азначэнне «беларускі». Скажам, у паведамленнях «варожых галасоў» можна было пачуць: беларускі прэзідэнт адабраў Дом літаратара ў Саюза беларускіх пісьменнікаў. Натуральнае пытанне — мабыць, нехта з іх — ці то прэзідэнт, ці то пісьменнікі — усё ж не беларускі, інакш у чым канфлікт? Альбо вось яшчэ з тых «галасоў» — пра беларускі ўрад, які з году ў год планамерна змяншае колькасць беларускіх школ…

Нічога падобнага не пачуеш і не пабачыш у нашых суседзяў. Усеагульны рогат магло б выклікаць наступнае паведамленне «варожага голаса»: «Літоўскі прэзідэнт заявіў сёння журналістам, што літоўцы — гэта тыя самыя палякі, толькі са знакам якасці»… А ў нас такія рэчы праходзяць, прычым ледзьве не як норма. Бо ў аснове нашага мыслення і грамадскіх стэрэатыпаў — не трывалыя базавыя паняцці, а зыбучы пясок.

На нядаўняй прэс‑канферэнцыі многія звярнулі ўвагу на «свінушнік», у якім, нібыта, жылі бабруйскія яўрэі. Але ніхто не заўважыў ніяк не меншай крыўды свайму ўласнаму народу.

Да прыкладу, на нядаўняй прэс‑канферэнцыі многія звярнулі ўвагу на «свінушнік», у якім, нібыта, жылі бабруйскія яўрэі. Але ніхто не заўважыў ніяк не меншай крыўды свайму ўласнаму народу. Было сказана: «Мы не можам адмовіцца ад расійскай мовы, хоць таму, што па‑беларуску няма некаторых тэрмінаў у прыродазнаўчых дысцыплінах».

Гэтак «нечыстаплотныя» яўрэі апынуліся побач з «непрыдатнай» беларускай мовай. Дык за першых, дзякуй Богу, ёсць каму заступіцца. Што да другой, дык хоць бы я тут не прамаўчу.

Навуковыя тэрміны не бяруцца з народных песень або твораў Шэкспіра і Чэхава. Як правіла, іх ствараюць у акадэмічных інстытутах па меры ўзнікнення новых паняццяў і адкрыцця новых з’яваў. У найбольш дружных народаў новы тэрмін прыдумляюць усёй нацыяй, праводзячы ўсеагульны конкурс і абмеркаванне. Гэтак эстонцы ўсе разам прыдумалі, як па‑эстонску будзе камп’ютэр. Між іншым, вельмі творчы занятак, падымае дух і аб’ядноўвае народ. Шкада, што ўявіць сабе нешта падобнае ў сённяшняй Беларусі немагчыма. У нас «некаторых тэрмінаў няма» — гучыць як прысуд: і быць не можа! Таму, таварышы расіяне, паколькі вы свае тэрміны ўжо прыдумалі, дазвольце сказаць, што і нам расійская мова не чужая.

Не мною заўважана: як карабель назавеш, так ён і паплыве. Так і плывем, «бэлярусы» ў спыненай вадзе.

Сяргей Дубавец, «Белорусские новости»

Каментары28

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў32

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Усе навіны →
Усе навіны

Акцыянеры Tesla ўхвалілі патэнцыйную выплату Маску амаль трыльёна даляраў3

Пад Мінскам на гродзенскай трасе пашкоджаны мост2

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады35

Гіганцкі зубр, якога месяц таму везлі па трасе М1, прызямліўся ў Баранавічах4

У Белым доме мужчына страціў прытомнасць у прысутнасці Трампа6

Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?16

Для беларускіх кадэтаў фармуюць культ генерала, які аддаў жыццё за Расійскую Імперыю7

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці9

Як жыве прымежная польская Кузніца ў прадчуванні адкрыцця мяжы з Беларуссю8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў32

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць