У Гомелі праваахоўныя органы зачынілі адзін з найбуйнейшых мясцовых клубаў — «Еўропа». Па словах аднаго з работнікаў установы, гэта адбылося яшчэ ў чацвер, 27 сакавіка, пасля візіту нейкіх сілавікоў.
«Прыйшлі людзі ў масках і з аўтаматамі — абышлі ўвесь комплекс, — распавяла крыніца на ўмовах ананімнасці. — Затым усіх, хто быў: і персанал, і наведвальнікаў — сабралі ў «Cafe De Paris» (уваходзіць у склад КЗЦ) і перапісалі звесткі з пашпартоў. Пасля чаго ўсіх адпусцілі, акрамя кіраўніка персаналу і сказалі, што клуб «зачыняецца на праверку». Усё. Аб канкрэтных прычынах ніхто нічога не ведае — нават чутак няма.
У нядзелю ўвечары на дзвярах пустога комплексу вісела аб'ява аб закрыцці па тэхнічных прычынах і выбачэннямі перад наведвальнікамі за нязручнасці.
На галоўнай старонцы сайта КЗЦ апошняя навіна датаваная 10 студзеня і запрашае на бясплатнае навучанне ў школу круп'е юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Пры гэтым ні адзін з указаных на сайце кантактных тэлефонаў не адказвае.
Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня ўстанова функцыянавала ў звычайным рэжыме, а ў канцы пазамінулага правяло клубны конкурс прыгажосці «Міс Еўропа». Сярод членаў журы прысутнічаў і дырэктар КЗЦ Мікалай Пятроўскі.
Па звестках з некалькіх неафіцыйных крыніц, сілавікамі, што закрылі «Еўропу», былі супрацоўнікі дзяржбяспекі.
Магчыма, прычына іх цікавасці — нейкія фінансавыя правапарушэнні ў дзейнасці КЗЦ. Нібыта падчас наведвання клуба ці то з службовых камп'ютараў, ці то з гульнявых аўтаматаў канфіскоўваліся носьбіты інфармацыі.
У ЦІГС КДБ Беларусі ад каментароў з гэтай нагоды пакуль устрымліваюцца, запэўніваючы, што калі паступіць афіцыйная інфармацыя, яе паведамяць.
Каментары