Літаратура33

Віктар Шукеловіч. Тое, чаго я не чакаў. Апавяданне-блюз

Мне адразу кінулася ў вочы, што старшыня сельсавета кепска паголены. Калі б ён трапіў у краіну надта маленькіх ліліпутаў, тыя маглі б палічыць касматыя лапікі валосся на ягоных шчоках аазісамі ў пустыні. Мужчына сярэдняга веку з вялікімі залысінамі, адзеты ў цеснаваты шэры касцюм нервова стукаў асадкаю па стале, пры якім сядзеў у сваім кабінеце са сценамі савецка-бэжавага колеру. У абціслым звычайна выглядаюць лепш, чым у адзенні большага памеру, але старшыні было далёка да лонданскага дэндзі — касцюм быў моцна змяты, нібыта мужчына куляўся ў ім з горкі праз галаву, як гэта рабілі дзеці на Вялікдзень.

— Чаго прыйшлі? — з вайсковай бадзёрасцю запытаўся ён. Ад ягонага аж занадта пэўнага голасу я адчуў сябе 85-гадовым дзедам Панасам з Цялежышак, што нейкім цудам трапіў на прыём да князя Манака. Ад старшыні ішоў моцны дух нетутэйшай зямлі — ці то заморскага адэкалону, ці то нейкіх экзатычных прыправаў.

— Заплаціць падатак за кароў, — найцвярдзей, як мог, сказаў я, каб верхавода нашага сельсавета не адчуў, што я прыгас, як нейкі ківайла вулічны, што прысоўгаўся да прыстойных людзей.

— Дык гэна не да мяне, прайдзіце ў бухгалтэрыю, — старшыня згубіў інтарэс да наведніка і апусціў галаву ў паперы.

— Дык я там быў, мне сказалі, што трэба плаціць за адну карову, а ў мяне дзве… рабая і рудая…

— Зараз паглядзім, — старшыня закорпаўся ў нейкіх тэчках, наваленых на стол. — Ага, Юрэвіч… Адна карова ў вас значыцца, дык і плаціце за адну карову, не дурыце галавы. Хочаце, дык плаціце за дзесяць ці за ўсю ферму…

Я заўважыў, што на старшынёвай губе была кроў. Прыкусіў язык, можа, ці шчаку. Альбо губы парэпаліся ад холаду.

— Ага, ну добра, — гадзіўся ўжо я. — Але калі б хацеў здаваць карову на ўбой, каб мне раптам не сказалі на мясакамбінаце, што карова крадзеная, — тлумачыўся я. — Дзе ж у тых паперах карова згубілася?

— Можа, паляцела быкаваць, а можа, ваўкі з’елі, — заўсміхаўся вінавата старшыня і міргнуў мне: маўляў, усё будзе добра, не бядуй — менш заплаціш. Хваля ўдзячнасці заліла мяне. Усё-такі наш старшыня — ніякі не задавака, а такі Робін Гуд, што заступаецца за бедных. Я глядзеў на яго і ягоны гарнітур, пакуль ён увішна выпісваў мне даведку. І ягоны касцюм перастаў раздражняць. Такі гарнітур меў некалі, пэўна, настаўнік Лабановіч, што сеяў асвету на Палессі.

— Вось, бярыце, — старшыня працягнуў мне паперчыну. — Аплаціце па квітанцыі ў бухгалтэрыі…

Я падышоў бліжэй да стала. Глянуў на працягнутую руку — рукаво шэрага пінжака пераходзіла ў светла-блакітную манжэту кашулі, а ўжо зусім белай, як снег, была скура на старшынёвай руцэ. Толькі што гэта? З-пад кашулі вытыркаўся пук густых і чорных валасоў. Нешта закруцілася ў маёй галаве, пачалі мяшацца літары, словы, сказы некалі прачытаных тэкстаў. Усё ясна: гэта знак ведзьмака. Я быў шчаслівы, што так хутка ўсё скеміў. Ваўкалак! І гэтая кроў на губе, і згаданыя ім ваўкі… Мяне азарыла: гэта ён зжэр маю карову… Я закалаціўся, затросся, немарасць апанавала маё нутро, я быў нібы вулкан, заведзеная бомба, перапоўнены мачавы пухір, які, здавалася, зараз разарвецца, выбухне, каб аж разнесла сцены сельсавета.

Авохці мяне! Што гэна робіцца?! Нешта не так з галавою… Які ўжо раз у галаву лезуць нейкія дзівосныя звіды — то прымроіцца, як малаказборшчыца лётае на памяле, то падасца старшыня-ваўкалак. Я патрос галавой — крыху ачомаўся. Разгледзеўся па баках — я быў у цемнаватым ды халодным сельмагу. Сытая з цела прадавачка была ў сінім халаце, накінутым на тоўстую швэдру, каўнер якой вытыркаўся ды церабіў другое падбароддзе жанчыны. Я стаяў ля паліцы з кнігамі — нешта перабіраў, гартаў. Кнігі, здавалася, ляжалі тут з часоў Савецкага Саюза — «Вайна і мір», «Палескія рабінзоны»… Рэшта асартыменту таксама не сказаць каб была надта багатая: пячэнне, мыла, шкарпэткі, вада «Дарыда»…

— Баляславаўна, ведаеш жа ты Таіску? — важачы селядзец на сініх вагах з іржавымі плямамі, запыталася мажная прадавачка ў жанчыны ў фіялетавай капоце, што падышла да прылаўка.

— Якую Таіску? Што сын з цыганкай ажаніўшыся? — кабета ў фіялетавым, пэўна, жыла недзе ў наваколлі.

— Не, гэна Тонька са Скілондзішак, у яе цяпер усе шафы на замках, бо надта нявесткі баіцца. А я пытаюся пра Таіску са Жвірблішак, што раней у магазіне рабіла, а што выгналі за нястачу…

— А-а-а, гэна тая, якую людзі ў магазіне праз парог жэргалі, бо п’яная яшчэ дзверы адамкнула, а да касы ўжо не дапаўзла?

— Тая, тая, — з адчуваннем уласнай перавагі затахкала гандлярка. — Слухай, кусок анкаголкі, а вялікай паняй носіцца, — з асуджэннем цягнула прадавачка. — Са склепа Станкевічыхі павыносіла кампоты, варэнне трускаўкавае і хадзіла па Азяранах прадавала. А Станкевічыха найбольш бедавала па грыбох марынаваных і аджыцы. Такія грыбы, казала, хрумсткія ўдаліся, а аджыку дык ставіла па рэцэпце з кнігі, і надта ж файная выйшла. А пазней Таіска, усё гэта прадаўшы, як запіла, дык з работы, з фермы, куды яе пасля магазіна ўзялі, тры дні не прыходзіла. Мужык узяў вяроўкі, сеў на ровар і на ферму даўся. Таіску на ферме спутаў, прывязаў да ровара і паехаў, а яна ляцела ззаду. Інакш ніякай рады на яе не было.

— Не кажы, Казіміраўна. Як мужык п’е — дык у хаце гарыць адзін вугал, а як баба — дык усе чатыры гараць, — уздыхнула суразмоўніца.

Дзверы адчыніліся, запусціўшы ў краму холаду. Да прылаўка прыдыбала сухая, як бадыль позняй восенню, кабеціна ў звіслай швэдры і трэніках.

— Дзевачкі, у майго Сашкі, мужа, Дзень нараджэння. Што яму купіць? Падкажыце.

— Купі адэкалон, — без вялікай пашаны сказала прадавачка, падміргнуўшы таварышцы па плётках.

— Нашто яму той адэкалон, на работу на зернясклад будзе душыцца ці што? Які ўжо з яго кавалер? — не згадзілася кабета-бадыль.

— Ну, кнігу тады, во, бяры «Палескія рабінзоны», — прадавачка працягвала даваць прапановы.

— Не чытае ён у мяне, зрок кепскі…

— Добра, вазьмі трусы сямейныя. Паглядзі, якія файныя, з добрага матэрыялу зробленыя, — гандлярка тыцнула пальцам злева ад сябе, дзе пад шклом побач з мылам ляжалі акуратна складзеныя сямейнікі.

— Ат, дзевачкі, не думайце, што ён у мяне басяк ці галадупнік які. Мае ён тых трусоў ад ліха, — зморшчыла лоб худзеліца.

— Ну, тады я ўжо не ведаю нават, — здалася крамніца.

Кабета-бадыль пачухала патыліцу ды надта штучна, але ў сваім уяўленні нібы Архімед усклікнула:

— Знайшла што! Дайце тры віна! Нармальны падарак будзе…

Прадавачка, ледзь стрымліваючы смех, схілілася да віннай скрынкі, а бутэлькі ў ейных руках задзынкалі, нібы граючы ўрачысты марш для імянінніка. Худая кабета заплаціла і хуценька, бы матыль, зляцела цешыцца толькі што купленым нектарам.

— Во яшчэ адна чыкса, зорка, што ўся ў золаце. Але золата ёй надта, мусіць, муляе, дык яна лепей у трэніках, — скаментавала гандлярка. Ейная суразмоўніца толькі пацягнула носам.

— А ты чула, Казіміраўна, што старшыня сельсавета прапаў: выйшаў вечарам з працы і дахаты не прытопаў, трэці дзень ужо няма? — падзялілася пакупніца, якая, мяркуючы па ўсім, надта любіла часаць язык сабе і мыць косткі іншым.

— І дзе ж ён мог дзецца?

— Ніхто не ведае… Я дык глядзела па тэлевізары, што людзей іншапланецяне крадуць. Прылятаюць і святло такое на чалавека напускаюць, што яго забірае. Потым яго трымаюць у звярынцах такіх спецыяльных, у цырках сваім дзецям паказваюць.

— Во як! А я дык думаю, што дзе там тыя іншапланецяне да нас на талерках маглі прыляцець, калі нават аўтобус не кожны дзень ездзіць. І чаго яны старшыню забралі, няўжо дзе ў Амерыцы не было каго лепшага, чым гэны таўкач.

— Дык яны і кралі, пэўна, такога, па кім ніхто плакаць не будзе занадта.

— Ой, цяжка паверыць, што яны над нашай вёскай віселі ў талерцы, як клёцкі нейкія, і правяралі, ці ёсць каму бедаваць па старшыні… Запіў недзе той ашавурак — ды і ўсё. А што бедаваць ніхто не будзе, дык яшчэ якая праўда. Як жа ён жонку сваю малаціў, колькі разоў яна па вёсцы з фінгаламі хадзіла. Ён для чужых неблагі чалавек: і паможа, і старым брыкету таннейшага нейкага выпіша. А для сваіх міласці зусім не мае, як кат які.

— Раўнуе жонку, — падтрымала размову пакупніца. — Надта баіцца, каб па мужыках не пайшла. А тая, бядуліна, дык дахаты баіцца прыйсці. Казалі, варыла нейкую зацірку і яму не так неяк адказала, як ён хацеў. Дык той падляцеў да яе — і ў морду, і яшчэ, і давай па галаве таўчы. Ягоная матка была прыйшоўшы, заступілася за нявестку, дык ён і яе давай кулакамі мясіць, а пазней узяў зацірку, што гатавалася, і матцы на галаву выліў…

— Сцеражы, Божа… — завохкала прадавачка.

— А сам даўся ў хлеў. Дык тая матка абвараная за ім паляцела, бо шкадавала, каб хаця не павесіўся.

— Хай бы ўжо, брыда паскудная, вешаўся…

— Жонка тым часам вызвала міліцыю. Дык матка не сказала міліцыі, што ён яе абварыў, а што сама паслізнулася. А матцы той у бальніцы потым скуру на твар з кумпяка перасаджвалі. Во як яно бывае. І гадуй тут дзяцей.

— То гэна ўжо не чалавек, хто на матку руку падымае. Гэна ўжо звяруга, ваўкалак…

— Я і кажу: прапаў — і добра, мусі, чэрці яго ўкралі, — згадзілася наведніца крамы.

Я згадаў сваю візію пра старшыню, што так здзівіла мяне. Мая падсвядомасць, відаць, падказала мне, што хаваецца за шэрым гарнітурам і мярцвяцка-белай скурай гэтага чалавека. Добры з мяне экстрасэнс, радаваўся я сваёй моцнай інтуіцыі, якая, як лічыў, дапаможа мне ў жыцці.

Я ўзяў з паліцы «Палескіх рабінзонаў». Паглядзеў на кошт — 15 тысяч. З кнігаю я падаўся да прылаўка. Працягнуў гандлярцы грошы і паказаў кнігу. Яна, не кінуўшы на мяне нават вокам, зноў звярнулася да суразмоўніцы:

— Баляславаўна, паскудства дый годзе. Валька Запраўшчыца звяла хлапца маладога Садоўшчыка, які яшчэ ў 10-ым класе вучыцца.

— Як звяла? — рытарычна запыталася жанчына ў фіялетавым. — А колькі ёй самой гадоў?

— Ды пад сорак ужо, мусі. Наняла яго дровы пакалоць, а потым дык штовечар той да яе на гарбату прыязджаў, — хіхікала прадавачка.

— Пакаштаваў малец нечага ды пасмакавала яму…

— І раз быў на танцах у клубе, і Валька прыйшла, дык яны ўжо, не саромеючыся, мацалі адно аднаго. А нехта ж данёс матцы малога — як жа яна прыляцела з кіем, як жа яна іх там чыхвосціла, не гледзячы, толькі пара з носу ішла…

— А бацька што?

— Памёршы даўно стары Садоўскі, — казала крамніца.

— Можна разлічыцца? — не вытрымаў я чакання.

— Паслухай, Баляславаўна, нейкае рэха ідзе, — натапырыла вушы жанчына.

— Ды нібы муха брузджыць ці камар пішчыць, — згадзілася размоўніца.

Я глянуў на сябе. Мае рукі былі тонкімі камарынымі ножкамі з валасінкамі. Раптам засвярбеў нос, выцягнуты ў камарыны хабаток. Здавалася, неба зараз абрынецца, сплюшчыць мяне разам з вясковаю крамай. Я адчуваў сябе так, нібы на сваіх худых камарыных плячах трымаў бяскрайнія нябёсы. Мне было сцюдзёна — я сядзеў на кнізе і тросся з холаду. Што сталася і што будзе далей — ад гэтага мае камарыныя мазгі закіпалі. Няўжо мяне нехта зачараваў? Найбольш дакучала думка: хто цяпер падоіць маіх кароў? А можа, я заўсёды быў камаром, які толькі на момант уявіў, што быў чалавекам і меў дзвюх кароў — рабую і рудую…

***

Віктар Шукеловічпісьменнік. Нарадзіўся ў 1982 у Жупранах (Ашмянскі раён). Скончыў беларускі філфак БДУ (2004), тэалагічны факультэт Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта (2011).

Каментары3

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

«Гэтае гаўно трэба спыняць». Курс, Роўда, Лойка ды іншыя беларусы пра дыкпікі Стрыжака53

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць