Меркаванні4545

Беларусізацыя ў Мінску: адчуванне надыходзячай лавіны

У лістападзе я прыехала ў Мінск пасля амаль што двух гадоў еўрапейскай эміграцыі. Беларускую мяжу мне давялося тады пераходзіць літаральна пешшу. Супрацоўніца літоўскай мытні махнула рукою кудысьці ў шэрую вільготную пустэчу: «Ідзіце проста, уздоўж вось гэтай белай лініі, праз метраў пяцьсот будзе Беларусь…»

І я пайшла, цягнучы свой невялікі багаж. Цяжка дыхаючы, размазваючы слёзы, нахіляючыся ад ветру ды хістаючыся, я ішла «ў Беларусь». І з кожным крокам дзесьці ўнутры, пад рэбрамі, нарастала вядомае мне пачуцце набліжэння да чагосьці хвалюючага і небяспечнага, але разам з тым непазбежнага. Як у дзяцінстве, калі стаіш у чарзе на прышчэпку.

Падобнае было і два гады таму — мой самалёт «Мінск — Парыж» адарваўся ад узлётнай паласы, і я ўпершыню апынулася паміж зямлёю і небам… Так разважаючы, я ішла. Тыя «пяцьсот метраў» здаваліся неверагоднай адлегласцю. І вось наперадзе паказаўся дзіўны, з вялікімі брудна-залатымі літарамі знак «Беларусь» — як непрацуючы маяк на востраве пасярод акіяна. Ты можаш плысці ў гэтым кірунку толькі калі пэўны, што там сапраўды ёсць суша. Да гэтай шчымлівай карціны пасавала ўсё наваколле, яно было як у чорна-белай драме невядомага рэжысёра — шэранькі дожджык, чорны асфальт, голыя дрэвы абапал дарогі. Вось я і дома.

Вось і Мінск. Мне цяжка было адразу пазнаць горад.

Першае ўражанне — аднатыповыя шматпавярхоўкі, недарэчныя крышталёвыя збудаванні свінцовых адценняў выраслі як грыбы за час маёй адсутнасці. Незнаёмыя раёны, людзі з нязвыклымі для мяне выразамі твару… Не, усё гэта было і раней, але цяпер успрымалася па-новаму. Людзі, якія жылі доўгі час далёка ад роднага горада, зразумеюць…

За колькі тыдняў я зразумела, што ў Мінску змянілася не толькі архітэктура спальных раёнаў, а аб’явы у метро цяпер гучаць і па-англійску. Ёсць і нешта яшчэ. На вуліцы хлопчыкі ды дзяўчаткі майго веку раздавалі стужкі з беларускім арнаментам. Па радыё спявалі беларускія гурты. Нават прэзідэнт намагаўся прамовіць па-беларуску, пераадольваючы «трасянку». Вядома, гадзіны праз дзве атрымалася б увогуле шыкоўна, проста трэбы было падрыхтавацца…

Падрыхтавацца. Гэтае слова не выходзіць у мяне з галавы. Падрыхтавацца, каб размаўляць на роднай мове? Ці да чаго яшчэ?

Да чаго і да каго трэба рыхтавацца беларусам? Так, не хочацца рабіць апакаліптычныя філасофскія высновы.

Але калі запытаць у сябе — ці я падрыхтавалася, адказ невядомы.

Бачна, што маладыя беларусы, шматлікія мае знаёмыя, адчуваюць у сэрцы цікавую сумесь са страху і адвагі. Страх перад невядомым —гэткае дагістарычнае пачуццё, і адвага — жаданне ісці наперад са стужачкай на запясці. Але наперадзе — востраў з непрацуючым маяком. Памятаеце — толькі калі ўпэўненыя…

Насамрэч сучаснай моладзі цікава быць сведкамі так званай палітыкі «мяккай беларусізацыі». Менавіта цікава, бо з’яўляюцца розныя цікавосткі накшталт стужак з арнаментам, праекта «Арт-сядзібы»; таксама ёсць вышымайкі і вышыванкі, бел-чырвона-белыя налепкі і бірулькі — поўны набор юнага патрыёта. Цікава, бо можна паспрабаваць свае творчыя здольнасці ў якасці фатографа, журналіста ці нават каардынатара культурнай ініцыятывы. Гэта добра. Гэта радасна. Гэта для нас як глыток свежага паветра, ведаеце? Менавіта так.

З такімі вось думкамі я прыйшла 13 снежня на мерапрыемства «Дзень вышыванкі» ў Палац мастацтваў.

Шмат народу, суцэльны натоўп на ўваходзе: тут і моладзь, і сем’і з дзеткамі, і пенсіянеры! Працэнтаў семдзесят ад усёй гаворкі, што была чутна навокал — на мове. Апранутыя з элементамі нацыянальнага каларыту вясёлыя людзі падыходзяць адзін да аднаго, вітаюць з добрай усмешкай, пытаюцца ці засталіся яшчэ стужачкі. На сэрцы становіцца незвычайна лёгка, а ў паветры лунае нешта, нешта нябачнае — забыты водар сканцэнтраванай, згуртаванай беларускай свядомасці.

У цэнтры пляцоўкі на першым паверсе ўсталяваная невялічкая трыбуна, на якую па чарзе ўзбіраюцца прыгожыя дзеці, каб прачытаць вершы Купалы ды Багдановіча, дзяўчыны танчаць і пяюць: «Купалінка, купалінка, цёмная ночка…» На другім паверсе жыва ідзе гандаль вырабамі беларускіх мастакоў і дызайнераў — кашулі, вышымайкі, кераміка, ільняныя анёлы… Побач стаяць два міліцыянеры, няёмка прыхіліўшыся да сцяны. І вось, праціскаючыся праз натоўп на лесвіцы, я пачула наступнае:

— Каго любіш? — пытаецца з трыбункі Франак Вячорка. Зала нешта загула.

— Яшчэ раз, не чую! Каго любіш?!

Зала зараўла:

— БЕЛАРУСЬ!

— То ўзаемна, — адказвае словамі Каліноўскага Вячорка.

Зала раве. Цяжка апісаць, што асабіста я адчула ў гэты момант. Спачатку — экстатычны ўсплёск у грудзях, а пасля — страх. Халодны агідны страх забіўся, запульсаваў у скронях. Быццам бы я стаю каля падножжа гары і назіраю, як у вышыні нада мною збіраецца лавіна. А я — не падрыхтавалася.

…Неяк праціснуліся у канферэнц-залу, дзе праходзіў майстар-клас па беларускіх народных песнях. Тут таксама паветра было наэлектрызавана. Людзей было столькі, што мне з сябрам прыйшлося сесці на падлогу. На ўваходзе ў залу хлопчыкі-валанцёры выдалі нам паперу з алоўкамі:

— Намалюйце, калі ласка, Беларусь, якой вы ўяўляеце яе сабе праз дваццаць гадоў.

Сябар намаляваў сумны тварык, а я чамусьці — дарогу, шашу з нікуды ў нікуды. Мабыць, астаткавыя праявы няўдалай эміграцыі — пасмяяўся сябра. На сцэне Алесь Таболіч распавядаў пра віды і асаблівасці татуіровак з беларускім арнаментам: «Калі рабіць дробненькія малюначкі, выцінанкі, праз год яны разпаўзуцца і на гэтым месцы застанецца адна каляровая пляма». І тут зайгралі «Пагоню». Спачатку мне захацелася плакаць, але потым я згадала, што казаў мне адзін разумны чалавек: там, дзе пачынаецца празмерная сентыментальнасць, знікае сапраўдная любоў.

Спускаюся зноў у вестыбюль, там сядзяць дзяўчыны і займаюцца бодзі-артам, робяць часовыя малюнкі-татуіроўкі ўсім ахвотным. Арнамент, «Пагоня», старажытная паганская руна Сонца… Зразумела. Татуіроўкі — гэта модна. І ўжо другі раз адчуванне надыходзячай лавіны навісла над маёй галавою.

«Мяккая беларусізацыя» — гэта цалкам зразумелая, прадуманая і натуральная ў сучасных геапалітычных умовах палітыка нашай дзяржавы.

Бараніць свае, але без рэзкіх штуршкоў, каб і суседзяў не пакрыўдзіць. І так магло б працягвацца і далей, але ці камфортна сядзець на дзвюх табурэтках адначасова і як доўга можна трымаць раўнавагу?

Як паказвае досвед — кароткі час, пакуль суседа не пачне незадавольваць якасць беларускіх каўбасаў ці солі. Тут быццам бы трэба зрабіць крок назад, умацаваць сяброўства ў саюзнай дзяржаве. Але не, не ўсё так проста. У нас таксама ёсць гонар! Нас нельга вось так проста нахіліць! «Нахіляючыя» могуць змяняцца, але мы трымаемся, мы ж беларусы, а не якія- небудзь «русские со знаком качества».

«Мяккая беларусізацыя» — справа добрая. Так чалавек, які вырашыў скончыць жыццё самагубствам і ў апошні момант перадумаў, чапляецца нагою за табурэтку, але яна ўжо падае на падлогу, збітая той жа нагою.

Да такога мы не рыхтаваліся.

 

 

Каментары45

Цяпер чытаюць

За палітыку асудзілі шматдзетнага бацьку-верніка. Яго жонка памерла два гады таму2

За палітыку асудзілі шматдзетнага бацьку-верніка. Яго жонка памерла два гады таму

Усе навіны →
Усе навіны

Гісторыя ў ЕГУ — гэта гістфак вашай мары. Еўрапейскі дыплом з навучаннем на беларускай мове пры інтэнсіўным вывучэнні англійскай. І поўная свабода1

У выніку ўдараў Ізраіля па Іране ліквідаваныя дзевяць вядучых фізікаў-ядзершчыкаў4

Рабаванні, згвалтаванні і нават крадзеж адзення з труны: Мінск крымінальны пры Сталіне2

Зяленскі: Лукашэнка баіцца і перанясе вучэнні далей ад мяжы з Украінай16

Ініцыятыва Maldzis вяртае старадрук Сімяона Полацкага11

Марадона падчас свайго візіту ў Беларусь не захацеў сустракацца з Румасам1

Лукашэнка пракаментаваў збіццё сабакі ў Гродне і расказаў пра сваё трапяткое стаўленне да жывёл10

Дроны УСУ ўдарылі па двух расійскіх аб’ектах ВПК

Уладальніца беларускага брэнду жаночага адзення Moshe здзівілася шалёным цэнам канкурэнтаў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За палітыку асудзілі шматдзетнага бацьку-верніка. Яго жонка памерла два гады таму2

За палітыку асудзілі шматдзетнага бацьку-верніка. Яго жонка памерла два гады таму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць