«Першы месяц мяне шакаваў». Беларуска распавяла, колькі зарабляе на здачы кватэры на суткі ў Гродне
Маладая жанчына, якая вырабляла торты на замову, вырашыла кінуць кулінарыю і пачала здаваць у арэнду сваю кватэру ў турыстычным горадзе. Пасля першага месяца гарадзенка ў захапленні.

Пра свой шлях Іна распавядае ў тыктоку. Яна падзялілася, чаму вырашыла здаваць у арэнду двухпакаёвую кватэру. Першапачаткова такіх планаў у іх з мужам і блізка не было. У свой час яны набылі нерухомасць для сябе, рамонт рабілі пад свае патрэбы, не эканомілі на якасці будаўнічых матэрыялаў.
Але атрымалася так, што цяпер сям’я жыве ў доме за горадам. Таму і ўзнікла пытанне, а што ж рабіць з кватэрай? Ажно год пасля таго, як рамонт быў завершаны, тая стаяла пустой. Іна спрабавала працаваць там як дамашні кандытар, але ёй гэта ўжо надакучыла.
— Трэба было нешта рабіць. Па-першае, рамонт губляе актуальнасць. Па-другое, кватэру набывалі ў крэдыт, плюс некаторую мэблю, тэхніку мы таксама бралі ў растэрміноўку.
Пасля доўгіх роздумаў нерухомасць вырашылі ўсё ж здаваць у арэнду.
— Менавіта для мяне гэта было вельмі складанае рашэнне. Бо я яе рабіла цалкам пад сябе, успрымаю кватэру як сваё гняздо. Таму цяжка пускаць сюды чужых людзей.
Рашэнне здаваць кватэру на суткі Іна называе дарослым. Абралі менавіта такі варыянт па відавочнай прычыне: Гродна — турыстычны горад, дзе не хапае арэндных кватэр і гатэляў, у сезон попыт значна перавышае прапанову.
Здаваць кватэру Іна пачала сёлета з 9 жніўня — забраніраванымі аказаліся 16 начэй. Жанчына прызнаецца, што былі прастоі, бо яна толькі пачала займацца арэндай і не вельмі ведала, як і дзе рэкламавацца.
Але ўсё роўна даход у першы месяц так шакаваў жанчыну, што ўсе сумневы зніклі. Яна атрымала больш за 2700 рублёў. Гэтага хапіла, каб цалкам закрыць усе крэдыты, плюс і зверху прыбытак застаўся.
Нехта з каментатараў піша, што не стаў бы напружвацца дзеля такой сумы. Але Іна лічыць, што гэта даволі неблагія грошы.
28-гадовая беларуска купляе ўжо пятую кватэру для здачы ў арэнду — прычым у розных гарадах і краінах
Сярэдні кошт арэнды кватэры ў Мінску павялічыўся на 10-15%
Дзяўчына хацела арандаваць у Мінску стыльную двухпакаёўку за $380, але западозрыла нядобрае
Якое жыллё купіць, каб яно прыносіла даход — эксперт дае парады
Каментары