Усяго патроху1919

Уладзімір Скрабатун. Варапаева — настальгія па 1950-х + ФОТЫ

Варапаева, хоць і вельмі, вельмі аддалена, але нагадвае латвійскі гарадок Сігулду. Сігулда — «турыстычная Мека» Латвіі, горад-парк, там — тры замкі, і шмат, шмат розных цікавостак, такіх як, напрыклад, пячора Гутманя. Варапаева, таксама — горад-парк.

Ну і што з таго, што ў Варапаеве няма ніводнага замка. Затое быў пампезны палац эпохі рамантызму, які не перажыў апошнюю вайну. Яго можна было б аднавіць, ну, хоць бы пад санаторый. Два ж сігулдскія замкі часоў Лівонскага ордэна, таксама некалі ляжалі крушнямі камянёў. І толькі напрыканцы савецкіх часоў іх пачалі пакрысе адбудоўваць. Калі ў Варапаева няма горада пабраціма, то можна параіць і Сігулду.

Ёсць шмат класічных прыкладаў, асабліва ў Заходняй Беларусі, калі з усталяваннем савецкай улады ў 1939 годзе, нейкі дужы маёнтак, раптам, становіцца спачатку цэнтрам калгаса, затым шляхам ссялення хутароў — дарастае да вялікай вёскі, пару дзесяцігоддзяў, і гэтае паселішча ўжо — цэнтр сельсавета. Напрыклад, Азерцы пад Глыбокім, колішні маёнтак Аскеркаў.

Варапаева яшчэ вышэй ўзнялося «па кар’ернай лесвіцы»! З маёнтка, які на мапах 1860-х адзначаны як Двор Рапаева, дарасло аж да «сталіцы» раёна. Праўда, раён называўся Дунілавіцкі. І менавіта ў Дунілавіцкім раёне да 1955 года паліў сельсаветы і наводзіў жах на савецкія ўлады апошні беларускі антысавецкі партызан Яўген Жыхар.

Узлёту Варапаева, яшчэ 120 гадоў таму, паспрыяла будаўніцтва чыгункі Свянцяны — Беразвеч (так называлася станцыя ў Глыбокім). А ўжо за «польскім часам», у 1932 г., Варапаева становіцца вузлавой станцыяй. Пабудаванае адгалінаванне чыгуначнай лініі Варапаева — Друя.

На Варапаева заўсёды квапіліся два такія канкурэнты, як Паставы і Глыбокае. Узбуйненне раёнаў: з 20 студзеня 1960 г Варапаева на два гады трапляе ў Глыбоцкі раён, а потым, і да сёння, – у Пастаўскі. Сам Дунілавіцкі раён, па-брацку, у 1960-я гг, падзялілі між сабой Паставы і Глыбокае, а нешта прыхапілі і Докшыцы, напрыклад, Ваўкалату.

Аднак, колькі раёнаў на Беларусі не было скасавана — рэдка дзе засталіся артэфакты «раённага перыяду». Варапаева — выключэнне!

У цэнтры мястэчка — два дыхтоўныя будынкі ў стылі «сталінскага ампіру», безумоўна — райкам і выканкам. У адным з іх цяпер — дзіцячы садок, іншы і даўжэйшы — не падае прыкметаў жыцця, а да помніка Леніну пры ім – зарасла «народная тропа».­­

Калі б не сучасныя аўтамабілі на вуліцах, спадарожнікавыя антэны, і вокны ПВХ, то можна было б сказаць, што Варапаева так і да сёння засталося са сваімі ўспамінамі аб 1950-х гг, калі яно было райцэнтрам.

І гэта вельмі файна, што да Варапаева не дайшла «цывілізацыя»! Інакш, як у Глыбокім, ці па прыкладзе іншых гарадоў Беларусі, сюды прыйшлі б людзі са «шведкамі» ды паклалі б долу: сосны, бярозы, таполі, дубы і вязы… І навокал было б – «дужа пекна»! Дзякаваць Богу, усё Варапаева засталося адзіным суцэльным прыгожым і цяніс­тым паркам! Векавыя сосны, у два абдымы, растуць тут, нават у дваровых частках прыватных сядзібаў! Калі што й папілавалі, аб чым сведчаць вялізныя пні на некаторых вуліцах, – аварыйныя старыя таполі. Было б у залік сённяшняй «мэрыі» Варапаева займець сабе такіх фундатараў як Глыбоцкі ці Пастаўскі лясгасы, якія маюць саджанцы каштоўных парод дрэваў: піхты, кедра, лістоўніц, дуба, ясеня… Аднавіць страчаныя прысады! Традыцыі горада-парка варта і надалей працягваць!

Што ў Варапаеве адразу кідаецца ў вочы, дык гэта – вялікая колькасць людзей на роварах!

Нейкі «мурашнік»! Калі стаць, напрыклад, у цэнтры мястэчка, на галоўным скрыжаванні, ды пачаць перыядычна падлічваць: колькі людзей адначасова, з 4-х бакоў, едзе да яго і ад яго, то атрымаюцца такія вынікі: 11, 13, 19 чалавек…

У Глыбокім, ці Паставах такога не ўбачыш! Падобнае, у паселішчах гарадскога тыпу, можна ўбачыць толькі ў Мёрах, а таксама ў касцельных вёсках, накшталт Мосара ці Удзела, калі на імшу з’язджаецца цэлая парафія раварыстаў з розных паселішчаў.

Куды ўвесь гэты варапаеўскі «мурашнік» на роварах рухаецца? На працу, у касцёл, натуральна – на рынак. І ў дзень прыезду аўтара гэтых радкоў, як раз быў чацьвер, – рынкавы дзень.

Сюды, у адрозненне ад Паставаў і Глыбокага, дзе маюцца цэлыя ансамблі архітэктурных помнікаў, рэдка заязджаюць экскур­санты. Варапаева бoльш прыдатнае для індывідуальных вандровак, прывабнае тым, хто цікавіцца даўнінай, краязнаўствам, хто хоча пабачыць Беларусь ва ўсёй яе разнастайнасці. Ёсць у Варапаеве на што паглядзець, найперш, гэта – будынкі эпохі Рамантызму!

У Варапаеве захавалася з дзясятак будынкаў ад колішняга маёнтка графаў Пшаздзецкіх.

Так! Калі Паставы ўдзячныя сваімі помнікамі даўніны Тызенгаўзам, Глыбокае – Язэпу Корсаку, Нясвіж – Радзівілам, то Варапаева за сваё рамантычнае аблічча, передусім, Пшаздзецкім! Да таго ж тут – шмат шэраговых будынкаў «польскіх часоў», што накрытыя цэментавай дахоўкай, якія і надаюць Варапаеву своеасаблівы каларыт. На жаль, шмат якія ўжо абкладзеныя белай цэглай, некаторыя сайдынгам, паздыманыя аканіцы…

Калі прайсціся па цэнтральнай вуліцы Варапаева, то ствараецца такое ўражанне, што ты, раптам, патрапіў у Старую Рыгу, ці то апынуўся ў Нямеччыне. Шкада толькі, што асноўны элемент усёй гэтай рамантычнай забудовы – вялікі палац Пшаздзецкіх у разлеглым парку – не захаваўся.

Між іншым, у часе свайго падарожжа па Віленшчыне, 25.06.1930 года, у палацы Канстанты Пшаздзецкага, са сваім атачэннем, заначаваў прэзідэнт 2-й Рэчы Паспалітай Ігнацы Масьціцкі.

У цяперашні прыезд у гэтае мястэчка аўтар, першым чынам, вырашыў наведаць варапаеўскі парк, бо ўсе папярэднія паездкі сюды давалі, хіба што, крыху больш за гадзіну – пакуль зваротна не вяртаўся дызельцягнік з Паставаў на Глыбокае. На парк жа ніколі не ставала часу. Апошні раз аўтар наведваў Варапаева чатыры гады таму, узімку. Гэта была просьба нашчадкаў Пшаздзецкіх з Гданьска – з’едзіць пафоткаць тое, што засталося ад маёнтка, даслаць ім фоты.

Разлеглы парк пры колішнім палацы складаецца ў асноўным з хваёвых пародаў, хаця ёсць тут і дуб, і ліпа, і клён. Уздоўж галоўнай алеі парка стаіць некалькі навюткіх прыстойных лавак.

Да спінак прымацаваныя шыльдачкі, якія паведамляюць, што гэтыя лаўкі «пастаўленыя коштам Еўрапейскага Саюза». Далей – мост праз сухі яр, які некалі стаяў перад палацам. Мост – у рыштаваннях. Зноў жа шыльдачка – «Гэты мост адрамантаваны коштам Еўрапейскага Саюза». Побач – металічная бытоўка з вывескай «ААТ Белрэстаўрацыя».

У парку стаіць помнік загінулым савецкім жаўнерам, якія палеглі за вызваленне Варапаева. – Вечная памяць героям, якія прынеслі нам свабоду!– кажу гэта шчыра. Толькі за шмат дзесяцігоддзяў я так і не зразумеў савецкую паганскую традыцыю – хаваць на Беларусі загінулых жаўнераў ў цэнтры гарадоў! Што Паставы, што Глыбокае, што Варапаева – усё адно! У той жа Латвіі загінулым савецкім жаўнерам на гарадскіх могілках – адведзены адмысловы сектар. І паверце, там стаяць не «бетонныя жаўнеры», як ў нас, якія перыядычна трэба мяняць, а сапраўдныя творы мастацтва з граніту, а побач з помнікамі – добраўпарадкаванне з кветнікамі і газонамі, што пазайздросціш! (Бачыў 3 тыдні таму ў Сігулдзе пад Рыгай).

Дарэчы, Іван Паўлавіч Сікора (7 верасня 1885, в. Малыя Алашкі, Шаркоўшчынскі раён – 26 верасьня 1966), слынны беларускі садавод і свядомы беларускі патрыёт, служыў садоўнікам графа Пшаздзецкага ў Варапаеве, дзе і пачаў весці сваю даследчую працу па садаводстве.

За пяць гадзінаў свайго знаходження ў Варапаеве ­– пакуль дачка Надзея, ІПэшніца, гандлявала школьнымі прыналежнасцямі напрыканцы лета — аўтару пашанцавала «апоўзаць»­ ледзьве не ўсё Варапаева.

Агульнае ўражанне – дадатнае. Сапраўды, пекнае мястэчка! Тут не толькі ў шыльдах Пастаўскага райпа, але і ў вуснах жыхароў прысутнічае беларуская мова.

Каля новапабудаванага з чырвонай цэглы касцёла, на ўсёй прылеглай тэрыторыі, дзе — сажалкі з лілеямі, масткі, прысады, скульптуры – ўсё яшчэ адчуваецца уплыў слыннага мосарскага ксяндза Ёзаса Булькі. І ўсё гэта, ізноў жа, арганічна ўпісваецца ў агульны вобраз Варапаева, як горада-парка.

У Варапаеве існуюць і прамысловыя прадпрыемствы. Напрыклад, дрэваапрацоўчы камбінат, у яго свая гідраэлектрастанцыя, электраэнергія для прадпрыемства – абыходзіцца бясплатна. Ёсць і завод жалезабетонных вырабаў. Але, хіба, ужо яны даўно не працуюць, ці працуюць няпоўны рабочы тыдзень. Зрэшты, тое не тэма нашага апавядання.

Аўтар апісання гэтага падарожжа – напэўна, невылечны, хранічны рамантык… Вось ідзе па вуліцах Варапаева, а ў думках паўстае нейкі віртуальны вобраз будучыні мястэчка…

Тыя счарнелыя 2-павярховыя 8-кватэрныя «хрушчоўкі» з белай цэглы – трэба патынкаваць, пафарбаваць, накрыць металадахоўкай і яны будуць вельмі файна – візуальна – дапасаваныя да агульнай рамантычнай карціны мястэчка! Рака Заражанка? Можна арганізаваць сплаў на байдарках! Спілавалі старыя аварыйны прысады з таполяў… Пустка! Добра было б пасадзіць на іх месца платаны ці дубы! Разбурылі палац… Вось бы яго аднавіць – пад санаторый, турыстычную базу, дом паляўнічага і рыбака… Варапаеву патрэбны нейкі фестывальчык. Можа і праўда – Фэст паляўнічых і рыбаловаў? Дзясяткі азёраў побач!

Годзе! Сканчаю фантазіраваць!

Каментары19

Цяпер чытаюць

Стрыжак усё ж пакідае «Байсол»31

Стрыжак усё ж пакідае «Байсол»

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску прайшлі модныя паказы. Як выглядалі госці ФОТЫ21

Гэтыя птушкі могуць знішчаць каларадскіх жукоў2

Джэй Дзі Вэнс: Расіянам трэба прачнуцца і змірыцца з рэальнасцю. Рашэнне пра «Тамагаўкі» прыме Трамп19

«Я займаюся гэтым». Джон Коўл пра вызваленне Алеся Бяляцкага1

Брытанскі палітык прызнаўся, што браў хабар за прасоўванне расійскіх наратываў. Яго справа ўскрыла механізм, як гэта робіцца6

Памер шкоды пры ДТЗ будуць вызначаць па-новаму з 15 кастрычніка2

Чаму Украіна перамагае ў вайне35

У Мінску правялі кірмаш «ЛНР»10

Афнагель расказаў пра вялікі здабытак 2020-га, заўважны па супрацоўніках Унутраных войскаў, якія ахоўвалі калоніі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стрыжак усё ж пакідае «Байсол»31

Стрыжак усё ж пакідае «Байсол»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць