Культура2020

Мінчанка ў ЗША выдаткавала свае зберажэнні і ўзяла крэдыт, каб паказаць свету беларускі фальклор

Этнографы лічаць традыцыйныя беларускія напевы найбольш старажытнымі на тэрыторыі Еўропы. «Гэта як егіпецкія піраміды, прычым многія песні — іх равеснікі», — кажа беларуска Воля Дземка, якая больш за дзесяць гадоў жыве ў ЗША.

Да прыкладу, падчас вяселля, якое магло доўжыцца два тыдні, пачынаючы сватаўством і заканчваючы святочным застоллем, выконвалася да 500 песень. На жаль, вельмі мала людзей нават у Беларусі ведаюць, наколькі старая і ўнікальная наша спеўная культура.

Воля Дземка. Фота з facebook.com

Спеўная традыцыя Беларусі легла ў аснову дакументальнага праекта выпускніцы Інстытута мастацтваў амерыканскага горада Сіэтла Волі Дземкі.

Воля нарадзілася і жыла ў Мінску, шмат часу праводзіла з бабуляй і дзядулем у вёсцы на Палессі. У Беларусі яна скончыла хімічны факультэт БДУ, а з 2003 года жыве ў Сіэтле. Там у 2010 годзе скончыла Інстытут мастацтваў па спецыяльнасці «камерцыйная фатаграфія», прымала ўдзел у шэрагу конкурсаў і выстаў. Працавала прадзюсарам, рэжысёрам, асістэнтам рэжысёра і аператарам-пастаноўшчыкам кароткаметражных фільмаў, рэкламных ролікаў і музычных кліпаў.

Вольга кажа, што закахалася ў народныя песні яшчэ на радзіме, калі пачула выступленне маладых дзяўчат з калектыву Guda, пасля чаго некалькі гадоў сама спявала ў яго складзе. У Сіэтле яна кіруе фальклорным калектывам Volya. Дзяўчына распавядае, што ў ЗША калектыў выступае не вельмі часта: як і ў Беларусі, культурныя праекты такога плану практычна не акупляюцца. Некалькі гадоў запар Volya выступала на адным з найбуйнейшых фолк-фэстаў Ціхаакіянскага ўзбярэжжа — Northwest Folk Festival. Паслухаць беларускую народную музыку ў асноўным прыходзяць амерыканцы, а з рускамоўных жыхароў Сіэтла прыходзяць толькі родныя дзяўчат і сябры.

«Нашы песні — гэта як піраміды для егіпцян, некаторыя з іх нават паходзяць з таго ж часу, але большасцю беларусаў успрымаюцца як нешта непапулярнае, ці «калгас». Я веру, што гэта ўсё ад недахопу ведаў, для гэтага і здымала фільм, каб распавесці людзям усяго свету пра нашы песні», — распавядае Воля.

Дзяўчына лічыць, што грэблівае стаўленне беларусаў да нацыянальнай культуры з'яўляецца штучна створаным: «Вельмі цяжка заставацца самім сабой, калі табе кажуць, што нічога каштоўнага, акрамя мяжы з суседнімі дзяржавамі, у цябе няма».

Фільм «Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні» стане першай працай аб беларускім фальклоры, створанай на тэрыторыі ЗША і менавіта для ангельскамоўных гледачоў. Карціна стваралася і здымалася па стандартах тэлеканалаў National Geographic і Discovery. Цяпер даступны трэйлер фільма.

У 2011 годзе Воля ненадоўга прыязджала ў Беларусь са здымачным абсталяваннем, каб адправіцца ў этнаграфічную экспедыцыю па аддаленых вёсках Гомельшчыны і Брэстчыны.

«Бабулі былі вельмі радыя, што да іх прыехала рэжысёрка з Амерыкі, а калі даведваліся, што мае бабуля і дзядуля з вёскі Вялікі Малешаў, якая знаходзілася літаральна за дваццаць кіламетраў ад іх вёскі, ганарыліся: «Наша дзяўчына!», — вспоминает Воля. — Вельмі хваляваліся, ці патрапяць яны ў фільм хаця б на пару секунд, ці пабачаць іх людзі з іншых краін. Не так даўно я тэлефанавала ў вёску Дзятлавічы і даведалася, што за апошні год ажно два мае спеўныя анёлы сышлі ўжо ў іншы свет».

Фальклорны гурт «Світанак», в. Дзятлавічы, Лунінецкі р-н. Брэсцкай вобласці

Фільм зняты па канонах дакументальнага кіно, але стваральнікі абяцаюць здзівіць гледачоў анімацыяй і камп'ютарнай графікай. Частка здымак праходзіла на поўначы Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША. Там шукалі пэўныя месцы, якія нагадвалі б беларускую прыроду. Таксама ў карціне будуць прадстаўленыя ўнікальныя архіўныя кадры пачатку і канца 20 стагоддзя і экспедыцыйныя хронікі 90-х.

Першы амерыканскі фільм пра беларускі фальклор можна лічыць народным і міжнародным. На яго стварэнне ахвяравалі і дапамагалі людзі з розных куткоў Беларусі і Амерыкі. Каб скончыць яго вытворчасць, Воля ўклала свае зберажэнні, якія збірала, працуючы перакладчыкам у кампаніі Майкрасофт, і ўзяла крэдыт у банку.

«Колькі нам яшчэ гадоў засталося? Мабыць, 10, можа, 15, покуль сыдуць апошнія нашы бабулі, а разам з імі песні, — лічыць Воля. — Гэты фільм і ўвогуле гэты праект з такіх, якія робіш, таму што не рабіць немагчыма, а часу застаецца ўсё менш».

Падчас мантажу фільма былі выкарыстаныя 102 музычныя кампазіцыі і песні. У стварэнні 60-хвіліннай карціны прымалі ўдзел заснавальнік групы «Троіца» Іван Кірчук, лідар гурту «Палац» Алег Хаменка, беларускія навукоўцы Акадэміі навук і мноства беларускіх народных музычных калектываў.

Ева Паўлаўна Прыходзька (1932 г. н.) і Ганна Іванаўна Сакалоўская (1935 г. н.), в. Іванава Слабада, Лельчыцкі р-н

Амерыканская прэм'ера фільма прызначаная на 9 красавіка, пасля чаго аўтары плануюць адправіць яго для ўдзелу ў фестывалях. Распаўсюджвацца фільм будзе па прынцыпе «Назаві сваю цану»: гледачы змогуць спампаваць фільм як бясплатна, так і ўнесці любую суму падчас запампоўкі. Фільм выйдзе на англійскай і беларускай мовах з рускімі субтытрамі.

Воля распавядае, што ад першых гледачоў атрымала вельмі пазітыўныя водгукі. Замежнікам падабаюцца незвычайныя для іх вуха народныя беларускія гармоніі. І кажуць, што вельмі пазнавальна, бо многія да знаёмства з Воляй і гэтым праектам не ведалі, што ёсць такая краіна. Дзяўчына спадзяецца, што фільм будзе паспяховым і гэта дазволіць ёй часцей прыязджаць у Беларусь.

Падтрымаць праект можна на афіцыйным сайце.

Каментары20

Цяпер чытаюць

«Ніякіх святынь не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары па Расіі

«Ніякіх святынь не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары па Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

У Пухавіцкім раёне «Дажынкі» нечакана перанеслі на тыдзень. Ужо выпечаныя да свята караваі могуць да яго не дажыць3

Колькі сёлета трацілі на вяселлі ў Беларусі? Сабралі рэальныя лічбы тых, хто пабываў у ЗАГСе18

Метэазонд з беларускімі цыгарэтамі прызямліўся проста каля гіпермаркета ў Беластоку8

Нетаньяху выступаў у ААН з к'юар-кодам на пінжаку ФОТАФАКТ16

Альпініст з Польшчы стаў першым чалавекам, які спусціўся з Эверэсту на лыжах без кіслародных балонаў2

Трамп загадаў увесці войскі яшчэ ў адзін амерыканскі горад7

Лукашэнка захацеў мець яшчэ адзін цукровы завод9

У Францыі мяркуюць, што свіныя галовы да мячэцяў падкідалі сербы, звязаныя з Расіяй6

У гаспадарцы пад Гроднам шосты год вырошчваюць ягады годжы. У нашым клімаце гэта няпроста

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ніякіх святынь не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары па Расіі

«Ніякіх святынь не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары па Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць