Меркаванні22

Сюр

Жанчынка, якой 4 ліпеня бомбай разарвала нагу, казала, што больш за ўсё яе ўразіла тое, што нага баліць, а канцэрт працягваецца. Вядома, яна не падумала, што канцэрт не спыняюць, каб не было панікі. У яе іншая думка мільганула — а можа, яе разарваная нага — частка мерапрыемства? Піша Сяргей Дубавец.

У начнога выбуху каля стэлы «Мінск — горад‑герой» ёсьць адна асаблівасьць — наколькі арганічна ён упісаўся ў «празьнік», у надрыўныя рэпартажы БТ, у развагі на камеру кіраўніка дзяржавы. Адзін стыль, эстэтыка, жанр. Асабліва ўразіла сьмецьце пад нагамі жыхароў самага чыстага гораду… Міжволі прыгадаліся рэпартажы БТ з Плошчы ў сакавіку 2006‑га. Карэспандэнт расказваў пра порначасопісы і шпрыцы ў намётах. І таксама была ноч, таксама паўсюль сьмецьце, таксама людзі на асфальце… Усё зьліваецца ў змазанай карцінцы. Застаецца толькі страх. Я ведаю, гэта страх пустаты. Нават вочы ў ахвяраў глядзяць аднолькава — тады, на Плошчы, і цяпер, на «празьніку». Што гэта — эфект дэжавю ці эфект прывыканьня? Усё вельмі падобнае сваім унутраным настроем. Там людзей падымае з зямлі і выносіць у аўтазакі спецназ, тут — міліцыя дапамагае зьбітым дабрацца да машыны «хуткае дапамогі». Там карэспандэнт з порначасопісамі, тут — бомба.

Усё гэта ніяк не назавеш па‑беларуску «сьвятам» — ад сьвятасьці. Самі арганізатары называюць гэта па‑руску «празьнікам» — ад празнасьці. Ад пустаты.

Сюр вырываецца з мастацтва ў жыцьцё менавіта ў тых месцах, дзе для яго ёсьць месца — дзе празнасьць і пустата.

Мы дасягнулі незалежнасьці, мы пабудавалі сваю дзяржаву — кажуць выступоўцы. Толькі ня ведаем, навошта нам гэта ўсё патрэбна, — спрабую я працягнуць іх інтанацыю. Мы ня ўмеем гэта ўсё напоўніць нейкім талковым зьместам. Дзяржаўнасьць наша — полая. Мы напіхваем яе нейкімі ашмёткамі 1930‑х, 1950‑х гадоў, «да сьвіданья, наш ласкавый Міша», балет з аўтаматамі, слабое падабенства кімірсэнаўскіх мазаік з чалавечых цел… І ўвесь гэты «зьмест» назаўтра ж зьнікае ў пустаце. Не затрымліваецца. Ну чаму не сваё й ня сёньняшняе? Чаму абавязкова нейкае савецкае кіно з калгасным шчасьцем і энкавэдэшным энтузіязмам, абавязкова з «ворагамі нашай краіны». Як калісьці — бітвы за ўраджай, на фронце вучобы, на рубяжах пяцігодак, з верагодным праціўнікам… Усё стаіць не на міры, а на вайне. Гэта значыць, на хлусьні.

Я яшчэ падумаў — хто б гэта, апроч рэпарцёра з прапагандысцкага каналу, у 20‑градусны мароз ноччу на голых бетонных плітах пасярод сталіцы ўзяўся пагартаць сабе порначасопіс? Ні нармальны чалавек, ні вар’ят да такога занятку ня дойдзе. Тут павінен быць нехта трэці. Яго задача — паказаць моладзь з Плошчы, што ўсёй душой прагне канца застою, у выварачаным сьвятле. І пачынаецца сюр. Сьмецьце і сьмерць — не разьбярэш.

Жанчынка, якой 4 ліпеня бомбай разарвала нагу, казала, што больш за ўсё яе ўразіла тое, што нага баліць, а канцэрт працягваецца. Вядома, яна не падумала, што канцэрт не спыняюць, каб не было панікі. У яе іншая думка мільганула — а можа, яе разарваная нага — частка мерапрыемства? Можа, так і патрэбна? Вось і прэзідэнт тут. Ну, напрыклад, ставіцца фрагмент інцэніроўкі вызваленьня Мінска ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў… Яшчэ адзін празьнічны сюр‑прыз…

Не, усё ж такі тут — эфект прывыканьня. Бо ў 1999‑м, калі падушыліся ў метро, нікому такія думкі ў галаву не прыходзілі. Тады таксама валяліся сярод сьмецьця зьнявечаныя целы, але карэспандэнта з порначасопісамі яшчэ не было. Ён зьявіўся на Плошчы ў 2006‑м. І цяпер мы ведаем, што… Дакладней, ня ведаем, а, як тая жанчынка, здагадваемся, што ўсё гэта, вядома, страшна, але, магчыма, так і задумана. І ніколі не даведаемся — кім.

Сто разоў паўтораную аналітыкамі версію пра тое, што выбух учыніла ўлада, ні разу ніхто рашуча не абвергнуў. У ток‑шоў «Выбар» большасьць гледачоў адказалі, што спраўцы злачынства — «беларускія экстрэмісты». Напэўна, людзі ведаюць, хто гэта такія. Я ня ведаю. Бомбы ў нас кідалі Ігнат Грынявіцкі і Канстанцін Заслонаў… А можа, гэта Станіслаў Шушкевіч? Але ж ён «украў» скрыню цьвікоў, а ня гаек…

Самае страшнае, што эфект прывыканьня будзе спрацоўваць і далей. Пакуль ахвяраў выстаўляюць злачынцамі, а за іншадумства б’юць у твар. Усе версіі здарэння складваюцца ў сюррэалістычныя кампазіцыі і зьнікаюць у пустаце. Назаўжды.

І не відаць гэтаму сюру канца. Хоць, на маю думку, зьмяніць сітуацыю магчыма. Пасяліце ў людзях любоў адзін да аднога замест зашуганае нянавісьці да ўсіх на сьвеце. І ня будзе вам выбухаў. Перастаньце дзяліць тыпы твару на славянскі і іншыя. І ня будзе вам выбухаў. Дайце тым, хто рэальна ведае і любіць Беларусь, напоўніць яе дзяржаўнасьць нармальным беларускім зьместам. І ня будзе вам выбухаў. З сюрам трэба канчаць. Ну, і з порначасопісамі таксама. Для поўнай перамогі над тэрарызмам.

Сяргей Дубавец, naviny.by

Каментары2

Цяпер чытаюць

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраільская ракета ўдарыла па рэзідэнцыі Вярхоўнага лідара Ірана Алі Сееда Хаменеі3

Падчас ізраільскай атакі на Іран забілі камандзіра спецпадраздзялення «Кудс»1

Нетаньяху ўвёў Іран у зман з дапамогай вяселля, а Трамп — сваімі заявамі8

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране12

Трамп: Незразумела, ці засталася ў Ірана ядзерная праграма3

«Раней быў смачнейшы». У тыктоку абмеркавалі мінулае і сучаснасць квасу з жоўтай бочкі6

У Мінску з'явіліся «чыстаматы». Што гэта такое і як яны працуюць?9

«Я ўжо аднойчы ўцякаў ад дыктатуры». У ЗША сына беларускага палітычнага ўцекача хочуць дэпартаваць па новай схеме Трампа31

Беларускія айцішнікі з'язджаюць з Літвы? Як змяняецца колькасць беларусаў у Літве па тыпах ДНЖ12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць