Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»11

Халасты цыкл

Калі не памыляюся, галоўны начальнік упершыню завуалявана пасыпаў галаву попелам у сувязі са змарнаванымі магчымасцямі заходняга вектара. Піша ў сваім блогу Аляксандр Класкоўскі.

18 снежня, размаўляючы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "адносіны з ЕС трэба выраўноўваць". Ён дадаў: у тым, што ў свой час не зусім інтэнсіўна развіваліся адносіны з Еўропай, віна еўрапейцаў не меншая за нашу. Карацей, фіфці-фіфці. Калі не памыляюся, гэта першае завуаляванае пасыпанне галавы попелам у сувязі са змарнаванымі магчымасцямі заходняга вектара.

Увогуле намер выправіць "дзікі крэн на ўсход" беларускі афіцыйны лідэр упершыню дэклараваў — вы не паверыце! — яшчэ летам 1999 года. Але тады гэта было выключна страшылкай для Масквы, якая не хацела ўсталёўваць пасаду саюзнага прэзідэнта. Праз некалькі месяцаў, аднак, падпісалі вялікі саюзны дагавор, і праект "братняй інтэграцыі" ўвайшоў у новую фазу.

Сёння мы расплачваемся за шматгадовую сляпую прывязку да Расіі. Яе рынак пад уплывам крызісу на вачах скурчваецца, і нашы "МАЗы", трактары, не гаворачы ўжо пра халадзільнікі і тэлевізары, проста няма куды падзець. На заходніх рынках тым больш нічога не свеціць.

А на прадукцыю сусветнага класа мы, па сутнасці, так і не выйшлі. Найспрыяльнейшы час, калі можна было адносна бязбольна рэфармаваць эканоміку, зладзіць мадэрнізацыю, на жаль, змарнаваны. Здавалася, нафтагазавая "дурніца" будзе вечнай — дык нашто "даўніну бурыць"?

Цяпер вось даводзіцца ў пажарным парадку абвяшчаць лібералізацыю.

"Трэба спыніць бюракратычны здзек над эканомікай, — заявіў кіраўнік дзяржавы ў тым жа інтэрв'ю дзяржаўным СМІ. — Не мусіць быць засілля бюракратыі ў гэты перыяд, калі вакол шугае фінансава-эканамічны крызіс". Ён дадаў: "Не мусіць быць залішняга адміністрацыйнага ціску на эканоміку, неабходна лібералізаваць усе гэтыя працэсы і даць магчымасць людзям спакойна працаваць".

Вядома, рытарычным з'яўляецца пытанне: а маглі б шкодныя бюракраты душыць эканоміку ўсе гэтыя гады, калі б адміністрацыйная мадэль не вызнавалася найвышэйшымі інстанцыямі?

Але лепш позна, чым ніколі. Лёд кранаецца. Лукашэнка паведаміў, што падпісаў важныя дакументы адносна лібералізацыі эканомікі. Неўзабаве яны будуць апублікаваны. Пабачым.

Іншая рэч, што крызіс, падштурхнуўшы да змякчэння бізнес-клімату ў Беларусі, адначасова звужае магчымасці хутка атрымаць выйгрыш на Захадзе. Тамтэйшыя багатыры самі перажываюць не лепшыя часы. Ды і імідж небяспечнай для інвестараў краіны так хутка не выправіш.

Да таго ж Захад хоча і змякчэння палітычнага клімату ў краіне з ярлыком "апошняй дыктатуры Еўропы". І вось тут справа ідзе асабліва туга. У тым жа інтэрв'ю Лукашэнка зазначыў, што ролю нашай дзяржавы ў свеце дыктуе яе геаграфічнае становішча ў цэнтры Еўропы. "Адсюль нашы перспектывы ў адносінах з Захадам. Мы знаходзімся ў цэнтры і таму павінны мець нармальныя адносіны і з Еўропай, і з Расіяй", — зазначыў ён.

Як бачым, упор — на геаграфію, у той час як патрабавальная Еўропа цвердзіць аб стандартах у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

Але вось тут Мінск вельмі засцерагаецца не перабраць. Пакуль мы бачым толькі імітацыю адлігі: вярнулі ў кіёскі дзве газеты, зарэгістравалі рух Мілінкевіча… Пра сістэмныя крокі і гаворкі няма.

Паказальная фармулёўка, якая прагучала 18 снежня з вуснаў віцэ-прэм'ера ўрада Андрэя Кабякова на сустрэчы ў Мінску з кіраўніком прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Украіне і Беларусі Жазэ Мануэлем Пінту Тэйшэйра. "Беларускі бок зацікаўлены ў паўнавартаснай і прагматычнай супрацы з ЕС з упорам на эканамічны складнік", — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Карацей, Брусель схіляюць да прагматызму і "эканамізму". У заявах дзяржаўных мужоў на еўрапейскую тэму адзін і той жа падтэкст: адсунуць падалей "эфемерныя матэрыі" тыпу дэмакратыі і правоў чалавека.

І падаецца, што Еўропа гатова крыху адысці ад прынцыпаў. Яна разлічвае на эрозію тутэйшай мадэлі — спачатку эканамічнай, а потым (кропля камень точыць!) і палітычнай. Хто каго перахітрыць — пытанне адкрытае.

Паводле слоў Кабякова, "мэтазгодна падумаць над афармленнем адносінаў і пачаць распрацоўку новага пагаднення аб партнёрстве і супрацы паміж Беларуссю і ЕС".

Во калі спахапіліся! Старое пагадненне было замарожана адразу пасля рэферэндуму-96, які шакаваў Захад. А ўсё ж так добра пачыналася! І малады прэзідэнт Лукашэнка ў Бруселі падпісваў той першы дакумент.

А потым наступіў ледавіковы перыяд даўжынёй 12 гадоў. Поўны цыкл па ўсходнім календары. У плане ж дачыненняў Беларусі з супольнасцю дэмакратый Старога Свету гэты цыкл атрымаўся практычна халасты.

Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Апетыты Расіі і фінансавы крызіс вымусілі шукаць шляхі да замірэння з Захадам. Працэс хісткі. Застаецца толькі спадзявацца, каб танны газ у 2009 годзе (торг за яго будзе на днях) не абышоўся занадта дорага ў плане дыялогу з ЕС.

Урэшце, галоўны тормаз — у самой сістэме ўлады. Начальства хоча зрабіць з Беларусі прыгожы мост паміж Расіяй і Еўропай. Але тут дэкаратыўным рамонтам не абысціся. Капітальна ж перабудоўваць краіну пад еўрастандарт страшна. А паўмоста па-ўсходняму, паўмоста па-заходняму — так наўрад ці атрымаецца.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Дачка суддзі, якая жыўцом згарэла ў судзе ў Слуцку ў 1967-м, расказала, як склалася жыццё іх сям’і пасля гучнай трагедыі5

Дачка суддзі, якая жыўцом згарэла ў судзе ў Слуцку ў 1967-м, расказала, як склалася жыццё іх сям’і пасля гучнай трагедыі

Усе навіны →
Усе навіны

«Ліміт перавышаны». Візавы цэнтр Італіі аднавіў запіс па жывой чарзе1

На фоне адкрыцця Польшчай мяжы Мінск прапануе адкласці тэхнічныя перамовы з Літвой11

Ціханоўская: Я вітаю планы Польшчы адкрыць памежныя пераходы25

Расійская радыёстанцыя «Суднага дня» сціхла з-за ўдару беспілотніка4

Рыбак злавіў у Беларусі гіганцкага судака — гэта рэкорд2

Прэм'ер Літвы: Мы павінны быць гатовыя да новых пагроз з Беларусі2

Зяленскі паказаў запуск ракет «Доўгі «Нептун» па тэрыторыі Расіі3

«Чаго з людзей здзекуецеся?!» Лукашэнка загадаў прыбраць маршруткі57

Заўтра чакаюцца моцныя дажджы, мокры снег, пахаладае да мінус 8°С

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дачка суддзі, якая жыўцом згарэла ў судзе ў Слуцку ў 1967-м, расказала, як склалася жыццё іх сям’і пасля гучнай трагедыі5

Дачка суддзі, якая жыўцом згарэла ў судзе ў Слуцку ў 1967-м, расказала, як склалася жыццё іх сям’і пасля гучнай трагедыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць