Паводле інфармацыі «Беларускага партызана», у прадпрымальніка сканфіскавалі 900 тысяч долараў і 600 тысяч еўра.
Паводле інфармацыі «Беларускага партызана», 29 снежня быў арыштаваны скандальна вядомы наваполацкі прадпрымальнік Уладзімір Захараў.
Нагадаем, 22 і 23 снежня ў Наваполацку не працавалі гандлёвыя дамы «Стралецкі рынак», «Еўралюкс» і «Капітал», які належаць Захараву. Уладальнік тады растлумачыў гэта тым, што «не бачыць сэнсу працы ў такіх жорсткіх ўмовах, якія яшчэ горш узмацняюцца ў Беларусі».
Прадпрымальнікі, якія арандавалі ў Захарава памяшканні, пазбавіліся праз гэта вялікіх даходаў і нават рыхтавалі калектыўны зварот у Гаспадарчы суд.
“Ён ні з кім не ідзе на кантакт, яго ніхто не можа знайсці! Ён гаворыць, што яму надакучылі праверкі”, – казаў у тыя дні адзін з наваполацкіх прадпрымальнікаў.
“Партызан” перадае, што той бунт мог быць звязаны з тым, што Захараў ужо ведаў, што супраць яго заведзеная крымінальная справа. Сайт паведамляе, што пры вобшуку ў бізнесмена было знойдзена 900 тысяч долараў і 600 тысяч еўра.
Цяпер ён нібыта знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага.
Намеснік начальніка прэс-службы МУС Алег Слепчанка не змог ні абвергнуць, ні пацвердзіць гэтую інфармацыю, толькі параіў звярнуцца ў Віцебскую абласную міліцыю. Тэлефон тамашняй прэс-службы маўчаў. Вядома, Новы год.
Дарэчы, весткі пра арышт Захарава праслізгвалі на некаторых інтэрнэт-форумах.
Уладзімір Захараў – адзін з найбольш уплывовых людзей Наваполацку. Нярэдка ён крытыкаваў мясцовыя ўлады. Апроч гандлёвых цэнтраў ён валодае газетай “Інформ-Плюс”, а таксама тэлеканалам “Квант” і шмат чым яшчэ ў горадзе. Цяпер усяго гэта Захараў можа пазбавіцца.
Каментары