Эканоміка22

«За 30 хвілін — 30 еўра»: айцішнік са стажам 25 гадоў навучыўся класці плітку, пакуль шукае працу

Андрэй лічыць, што рынак зламаны. Яго гісторыю апісвае канал Dzic.

За плячыма ў Андрэя — больш за 25 гадоў досведу ў галіне дызайну, уключаючы візуальны, прамысловы і UI/UX. Акрамя таго, ён займаецца вырабам музычных інструментаў і не так даўно вырашыў навучыцца класці плітку ў рамках «дыверсіфікацыі» сваіх уменняў. 

Пачытайце інтэрв'ю, каб даведацца, чым плітачніцтва лепшае за ІТ і чаму не варта працаваць у кампаніі, дзе з табой праводзіць сумоўе менеджар, у якога выгаранне.

Трохі аб працоўным бэкграўндзе

— Я Head of Design, а таксама дырэктар па прадукце. Чатыры гады таму заснаваў сваё прадпрыемства і, пачынаючы з 2020-га, працаваў над запускам больш за 26 сваіх прадуктаў рознай скіраванасці.

Калі ж казаць не пра ІТ, то з 2001 года я раблю музычныя інструменты, гэта маё прафесійнае хобі. Летась стаў народным майстрам: ездзіў у Беларусь мяняць пашпарт, ну і заадно ўступіў у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.

Рабіць музычныя інструменты — вельмі вузкая ніша. Я першапачаткова займаўся кастамам, бо не бачыў сэнсу рабіць тое, што можна набыць у краме. Працаваў над электрагітарамі, потым пачаў займацца акустычнымі інструментамі, і затым — рабіць народныя і гістарычныя інструменты. Не скажу, што гэта прынесла нейкі фінансавы поспех.

Але я заўсёды рабіў тое, што мне падабаецца, і ў мяне заўсёды быў свой нішавы кліент. Напрыклад, адзін з маіх пастаянных кліентаў — Nine Treasures, якія летась сталі самым папулярным метал-гуртам Кітая. За ўвесь час я зрабіў для іх дзве балалайкі і два тоўшуры, прычым тоўшур прыйшлося вырабляць, нават ні разу не бачыўшы гэты інструмент ужывую, толькі па фота з памерамі.

Пазней франтмэн сказаў: «Ведаеш, ты адзіны чалавек у свеце, які зрабіў нам тое, што мы хочам». Гэта было вельмі прыемна. Але зноў жа, гэта такая вузкая ніша, і яна наогул не пра грошы.

Як перастаў працаваць у найме і чаму потым вырашыў туды вярнуцца

Я пераехаў у Польшчу вясной 2021-га, але пачаў рабіць свае праекты яшчэ раней, у 2020-м, паралельна з працай у найме. Я вельмі шмат ментарыў і ў адзіночку запусціў такую штуку, як навучальныя праекты для людзей, якія хочуць павысіць сваю кваліфікацыю, перапрафілявацца або атрымаць новыя навыкі. За тры гады праз праекты прайшло больш за тысячу чалавек. 

Усё гэта з часам перарасло ў мае ўласныя прадукты. У кастрычніку 2022 года я перастаў працаваць у найме. Тады мае праекты былі на стадыі пілотных версій, напрыклад, вялікая сістэма для рэкрутынгу, некалькі мабільных гульняў. І на той момант я цалкам сфакусаваўся на вывадзе сваіх праектаў на рынак. 

Гэта было вельмі цяжка. Многія праекты не трапілі ў рынак на стадыі праверкі гіпотэз і былі закрытыя, летась вясной я закрыў адну за адной дзве гульні, бо яны таксама не трапілі ў рынак. На гэты момант засталася экасістэма SaaS прадуктаў для рэкрутынгу, HR і партфоліа кампаній. Рэч у тым, што вялікія SaaS-прадукты трэба выводзіць на рынак гадамі, плюс атрымаць на іх нейкія інвестыцыі амаль нерэальна.

Я быў сябрам закрытага клуба фаўндараў у Варшаве; хадзіў на шмат івэнтаў для стартапаў, ездзіў па канферэнцыях, камунікаваў з венчурнымі капіталістамі. І зразумеў: недастаткова мець добрае разуменне бізнэсу або прадукт на руках, каб табе захацелі даць грошай. 

Для атрымання інвестыцый нетворк і асабістыя сувязі фаўндараў важнейшыя за прадукт. Каб атрымаць інвестыцыі на стадыі ідэі, трэба мець доступ да колаў людзей з грашыма. У іншым выпадку трэба мець гатовы прадукт, які ўжо зарабляе.

Праз некаторы час я зразумеў, што трэба вяртацца ў наём. У пасіўным рэжыме шукаў і глядзеў, куды рухаецца рынак працы, і разумеў, што ўсё стала складаней. У апошні год пераключыўся на актыўны рэжым пошуку працы.

«Такое ўражанне, што цяперашні наём проста зламаны» 

Зразумела, што калі ты рабіў прадукт для рэкрутынгу, то добра разбіраешся ў працэсе найму. Акрамя таго, на гэты момант я 8 гадоў адпрацаваў дырэктарам, фаўндарам: і наймаў каманды, і шукаў стажораў. За 4 гады тысячы дзве інтэрв'ю правёў, не менш.

І разумеючы, як гэта ўсё працуе, я гляджу на цяперашні рынак і бачу, што — цяжка. З'яўляецца нейкая вакансія — а праз пару гадзін на яе ўжо сотня заявак. У цябе і так даволі рэдкая пазіцыя, а тут яшчэ і вельмі шмат іншых прэтэндэнтаў.

Такое ўражанне, што цяперашні наём проста зламаны. Зараз набіраюць больш па софт-скілах. Усё роўна, на што ты гатовы і якая твая матывацыя, важна — наколькі ты спадабаўся. І гэта цікавы момант, таму што працу па-ранейшаму камусьці трэба рабіць, і працаваць нармальна. Але, на жаль, гэта не заўсёды адбываецца.

У выніку, па маёй статыстыцы, у мяне дзесьці паўпрацэнта канверсіі ў скрынінг (1 скрынінг на 200 заявак). За апошнія два гады было, можа, 10—12 сазвонаў. 

Прычым бывае так, што прыходзіш, нібы ўсё добра, а потым пачынаюцца дзіўныя рэчы. Дапусцім, глядзіш на таго, хто цябе інтэрв'ююе, а там чалавек, які проста выпалены ў хлам. І ты разумееш, што ў такім стане быць не хочаш, але ў гэтай кампаніі будзеш. Таму што менеджар-наймальнік у стадыі выпаленасці на інтэрв'ю — гэта маркер працы ў кампаніі.

Калі казаць пра мой досвед, я ў кучы кампаній патушыў нямала пажараў, зарабіў нервовыя зрывы, а звышпрыбыткаў на маім веку не было.

«Стрэс большае, радасць жыцця меншае» 

У выніку я больш за два гады шукаю працу «ў найме» і пакуль не знайшоў.

Я не марнатраўца, але тыя, хто жыве ў Польшчы, выдатна разумеюць, колькі там цяпер каштуе арэнда. Натуральна, калі глядзіш на гэта, стрэс большае, радасць жыцця меншае, і пачынаеш думаць, што можна яшчэ зрабіць, як дыверсіфікавацца. 

Я паглядзеў тутэйшых вытворцаў музычных інструментаў. Думаў нават уладкавацца на вытворчасць польскіх гітар Mayones, але з-за мытаў Трампа яны пакуль не плануюць пашырацца.

Разглядаў ідэю самому вырабляць музычныя інструменты, але ў кожнай краіне свае прыколы і нішы. Гэта значыць, у Польшчы мне давядзецца пачынаць практычна з нуля: будаваць тут нэтворк, знаёміцца з мясцовай Акадэміяй музыкі, адціскаць кавалак рынку.

Плюс музычная майстэрня досыць капіталаёмістая. Каб зрабіць музычны інструмент, трэба ведаць шмат вузкіх спецыяльнасцяў. І, натуральна, трэба памяшканне з асобнай фарбавальняй, каб там было абяспыльванне, сталярны, зборачны цэх і г.д. А калі гаворка пра электрагітары, то яшчэ і асобна электрыкай.

Я на гэта паглядзеў і зразумеў, што цяжка. Мне спатрэбіцца дзесьці пару гадоў, каб прыйсці да ранейшага аб'ёму заказаў. Але столькі часу і грошай у мяне няма.

«У рамонце ніякага аджайла быць не можа» 

Я пачаў думаць, што б яшчэ мог зрабіць. Паглядзеў на зрэз рынку і зразумеў, што, умоўна, будаўнік патрэбны ўсюды. Вырашыў спыніцца на плітачніку.

Чаму плітка, а не, напрыклад, электрык? Бо па электрыцы ў розных краінах розныя стандарты. А вось плітачнік — даволі ўніверсальная штука. Плітка для аздобнай працы плюс-мінус усюды аднолькавая ў залежнасці ад кліматычнай зоны. Так, ёсць нейкія нюансы па матэрыялах, але не больш за тое.

Адпаведна, я пачаў глядзець у гэты бок, бо, па сутнасці, з нішы ІТ мы выходзім на нішу, калі любы чалавек робіць у сябе дома рамонт. Прычым ты проста прыйшоў, зрабіў, атрымаў грошы і жывеш далей: не думаеш, што твой прадукт не дайшоў да рынку або што ў цябе NDA на 10 гадоў.

У ІТ вельмі высокі ўзровень фрустрацыі, таму што людзі не бачаць адчувальнага выніку таго, што яны зрабілі. Калі ты працуеш сумленна, табе важна ўбачыць, што гэта сапраўды добра і важна. А ў ІТ часта выходзіць, што ты зрабіў, а потым вынік тваёй працы выкінулі на памыйку. Ці ты проста не ўбачыў выніку, і ў цябе прычынна-следчая сувязь парушаецца. 

Што, калі замоўца скажа, што плітку паклалі дрэнна?

Гэта ўжо пра падыход. Калі правесці аналогію з аўтсорсам, то ў ІТ Sales Manager нешта там прадасць, і потым гэта становіцца праблемай каманды, як яна будзе гэта разрульваць. А ў рамонце ніякага аджайлу быць не можа. Заказчык сам купляе плітку, а твая зона адказнасці — пакласці яе па праекце. 

Гэта значыць, зразумела, што можа быць адзнака «падабаецца-не падабаецца», але плітку ж не плітачнік выбірае. Ёсць аб'ектыўныя крытэры якасці накшталт кута нахілу, роўнай паверхні, ці ёсць фізічныя дэфекты і гэтак далей. Па сутнасці, крытэрыяў нашмат менш, чым у айцішцы, дзе замоўца можа проста прыйсці не ў гуморы, і ўсё, ты стаў дрэнны.

«Попыт на паслугі будаўнікоў нашмат перавышае прапанову» 

Вядома, у гэтай сферы мне таксама прыйдзецца напрацоўваць базу кліентаў. Але тут ёсць адзін важны нюанс: попыт на паслугі будаўнікоў нашмат перавышае прапанову.

У прынцыпе, можна нават не браць вялікія аб'ёмы. На дробныя заказы попыт нашмат вышэйшы. Бо даўно працуюць брыгады, на маленькія аб'екты накшталт пакласці кавалак пліткі на кухні нават не паедуць. Вось з гэтага і можна пачынаць. 

Так, я пакуль што вучуся. Але калі падчас навучання ў ІТ ты паўгода-год усё робіш бясплатна, то тут ты і вучышся, і адразу атрымліваеш грошы. Вядома, калі я чагосьці не змагу зрабіць, то я не буду браць замову. Але ў мяне ўжо ёсць досвед: калі ў цябе свая майстэрня, ты ўвесь час нешта робіш, у тым ліку фарбуеш, штробіш, шпаклюеш, кладзеш праводку і гіпсакардон.

У мяне ўжо з'явіліся першыя замовы. Напрыклад, нядаўна паклаў кавалачак фартуха на сцяну, куды ляцелі пырскі. Атрымаў дзесьці за 30 хвілін працы 30 еўра. Думаю, з часам з'явяцца і кліенты, і людзі, з якімі можна будзе ездзіць на аб'екты і сабраць сваю брыгаду. 

Калі казаць пра майндсэт, то, вядома, мысленне чалавека з дзвюма вышэйшымі адукацыямі вельмі моцна адрозніваецца ад мыслення чалавека, які скончыў будаўнічае і ўсё жыццё працуе на будоўлі. Ты проста глядзіш на ўсё інакш і бачыш іншыя дэталі. Магчыма, нават тыя, якія на самай справе няважныя, і гэта можа перашкаджаць. 

Магчыма, у гэтай справе патрэбна нейкая таўстаскурасць, якая не ўласцівая шматлікім ветэранам інтэлектуальнай працы.

Паралельныя пошукі працы

Паколькі я дыверсіфікую, то паралельна працягваю працаваць над сваімі праектамі і шукаць працу ў найме.

Напрыклад, у згаданым раней прадукце пра рэкрутынгу мы толькі-толькі выходзім на плацежаздольных кліентаў. Думаю, пройдзе пара гадоў, перш чым мы выйдзем у нуль. А ўвесь гэты час трэба нешта есці і неяк жыць.

Так што, калі ўдасца знайсці працу ў найме, я буду рады. Але калі не ўдасца, то працягну працаваць у той бок, дзе ёсць магчымасць цяпер зарабіць грошы. Не збіраюся проста сядзець як паміраючы лебедзь і чагосьці чакаць.

Каментары2

  • Максим Дизайнер
    24.05.2025
    Что-то этот дизайнер не договаривает. Знаю тучу известных компаний, в которых на работу берут даже джунов, даже на удаленку. А здесь аж 25 лет стажа. Дяде либо нужно поумерить аппетиты, либо идти делать то, что умеет лучше всего, а не Head of Design, "дай мульен" мне на проект. Идее его рекрутинговой SaaS поделке сто лет в обед. Я еще лет 15 назад работал на точно таком европейком проекте, в клиентах которого гуляли Philips и GE. У них даже мобильного приложения еще не было. Дизайном надо заниматься на 100%, а не гитары пилить.

    [Зрэдагавана]
  • Дизайнер
    24.05.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць14

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» калекцыйную манету з Камеруна5

«Пасля нашага з табой пакалення мужыкоў няма». Лукашэнка наракае, што мужчыны-беларусы «стапталіся»23

Патрыярх Кірыл мае падатковы псеўданім Іван Захаравіч Прохараў4

Беларусаў, якія нанеслі свае бізнэсы на карту «Новай Беларусі» і вярнуліся ў краіну, прымушаюць каяцца і клясці Лібера7

Халезін незвычайна параўнаў Шрайбмана і Чалага3

«Давайце будзем паліваць». Лукашэнка расказаў пра эксперымент, які мае вырашыць праблемы з бульбай9

«Вы п**ары, у нас пратэрміноўка». У Мінску бягучы радок на мясной краме ўзбунтаваўся ВІДЭА4

Летась у Расіі затрымалі амаль тысячу чалавек, якіх шукалі ў Беларусі1

У Арлоўскай вобласці Расіі рухнуў вайсковы верталёт, які паляваў на ўкраінскія дроны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць14

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць