Меркаванні1111

Віктар Марціновіч: Каму ў Беларусі жыць добра

Віктар Марціновіч на budzma.by прыгадвае Някрасава і задаецца адвечным пытаннем: «Каму жывецца весела, вальготна ў Беларусі?»

Не так даўно ў аўтобусе ў Вільню стаў сведкам адной вельмі цікавай гутаркі.

Гаманілі два гастарбайтары, што ехалі на працоўную змену ў суседнюю краіну. Былі яны, здаецца, будаўнікамі-альпіністамі. Карацей, нешта звязанае з цяжкай работай на вялікай вышыні. І вось вынікала з іхных словаў, што плацяць ім не тое каб вельмі добра, але нармальна. Так, як даўно ўжо не плацяць у Беларусі. Што жывуць яны не тое каб надта камфортна, але прымальна. Каб захаваць сёе-тое для вяртання дадому. І што з сем’ямі сваімі яны не бачацца, і што доляю сваёй не тое каб вельмі задаволеныя. Але праз збег абставінаў кароткатэрміновыя кантракты на чужыне — адзінае, што ім застаецца.

Паступова іх размова перайшла да пытання, пазначанага ў назве гэтага артыкула. І ўзяліся яны прымяраць на сябе лёсы іхных знаёмцаў. І замяраць, шчаслівыя тыя ці не. І ніхто ў іхнай размове не быў абсалютна задаволеным.

«Час цяпер такі. Добра жывецца хіба што во гэным айцішнікам. Ну і міліцыі, зразумела», — падсумаваў першы. «На пенсію ў 45, жытло ў крэдыт яшчэ могуць узяць», — зазначыў другі. Я вырашыў не ўмешвацца ў гаману, не пераказваць слушныя словы пра «дабрабыт айцішнікаў», якія не так даўно прачытаў у стужцы: маўляў, калі ў доктара ў шпіталі пантофель пераматаны скотчам, дык той доктар у пераматаным пантофлі будзе і нас з вамі, грэшных, лекаваць, і тых самых айцішнікаў, як бы яны сябе ні ўяўлялі нейкай асобнай блаславёнай кастай. Дабрабыт у краіне ці ягоная адсутнасць — гэта ж пра ўсіх.

Я не здолеў перастаць думаць над гэтым пытаннем, пастаўленым 150 гадоў у дачыненні да іншай краіны паэтам Някрасавым: «Каму жывецца весела, вальготна ў Беларусі?»

Як там у Някрасава? «Раман крычыць: памешчыку, Дзям’ян крычыць: чыноўніку, Лука крычыць: папу. Купчыне таўстапузаму, — крычаць братаны Губіны, Іван і Мітадор; Пахом крычыць: святлейшаму вяльможнаму баярыну, міністру гасудараву. А Проў крычыць: «цару»!»

З памешчыкамі у нас усё зразумела, іх як раскулачылі ў 1930-я, дык цяпер на іхнае шчасце можа прэтэндаваць хіба які рахманы дырэктар калгаса.

Прычым прэтэндаваць вельмі кароткі час: прагнозныя паказнікі, лічбы па ўраджайнасці, тэрміны пагашэння крэдытаў ці якая-небудзь нечаканая праверка, якая зафіксуе недастаткова чыстыя азадкі ў кароваў — і ўсё, капец шчасцю. Пра фермераў нават успамінаць не хочацца — іхны хлеб дужа горкі, набрынялы штодзённым змаганнем з такой процьмай інстанцый, што нам і не снілася. Пра выкінутыя на зямлю клубніцы вы ж, напэўна, чыталі.

«Купчына таўстапузы» — гэта наогул не пра нас, бо няма ў Беларусі такога таўстапузага, які хаця б раз не выпраўляўся на экстрэмальнае пахудзенне па крымінальных артыкулах, фармулёўкам якіх парадаваўся б Кафка (напрыклад, «ілжэпрадпрымальніцтва»). То нават тыя, што [яшчэ] не сядзелі, «радасна, вальготна»дакладна не пачуваюцца.

Хто там наступны? «Міністры? Чыноўнікі»? Тыя мудрацы, з аўтобуса пра іх нават не згадвалі: чалавеку працоўнаму і так ясна, што дзяржслужба — гэта сінонім вечна перапужаных вачэй і непакою за ўласнае заўтра, не супастаўляльнага з непакоем нават нізкааплатнага гастарбайтара. Сёння ты ціснеш, заўтра — цябе.

Недарэмна ж яны ўсе паўціскаліся ў замкнёныя катэджныя пасёлкі, каб нават у крамы нармальныя не хадзіць ды з такімі Дзям’янамі і Мітадорамі нават здалёк не бачыцца.

Я тут наўмысна не хачу кранаць паняцці «агульнае шчасце» ці «асабістае шчасце». Хай індэксамі шчасця займаюцца сацыёлагі, мая задача — цалкам пісьменніцкая: зразумець, ці ёсць тут хто шчаслівы не дзякуючы трапятанню ранішніх прамянёў на суквеццях ліпы, а дзякуючы прафесіі, уласнаму статусу. Што там аўтобусныя казалі? «Міліцыя»? Калі шчаслівая катэгорыя — міліцыя, дык адкуль там столькі самагубстваў? «Цар»? Вось праўда, каму не зайздрошчу проста ні разу — дык гэта яму. Асабліва цяпер, у чэрвені 2019-га. 

Някрасаў не дае нам адказу, хто ж на Русі 1863—1873 гг. шчаслівы. Тут ёсць авансы і намёкі — напрыклад, падслуханае Леніным абяцанне, што адзін з герояў, «семінарыст», «народны заступнік», калі-небудзь прынясе Расіі «шчасце» праз рэвалюцыю і асвету. «Семінарыст» сапраўды быў. І скарыстаўся ён Някрасавым як кабурой для расстрэльнага маўзера.

Канчаецца паэма Някрасава «пірам на весь мір» пасля смерці «дрэннага памешчыка», пры тым, што з папярэдняй часткі бачна, што абяцаныя паплавы мужыкам не аддадуць. І ўсё будзе як было — то бок беспрасветна. І вось раптам той самы «семінарыст» Грыша пяе песню ўласнага сачынення — песню пра тое, што такое ягоны народ і краіна. Што «сэрца народнае зроблена з золата», што сіла — у «спакойным сумленні» і «праўдзе» («Бэн, гэта Даніла, ай нід хэлп»). Спеўшы гэта, Грыша Дабрасклонаў разам з аўтарам нечакана заключае, што шчасце — гэта і ёсць тая песня.

Парадаксальна!

Але калі падумаць — дужа прымяняльная да Беларусі. Мы — ёсць. Мы — «пад адным дахам», і гэты дах — наш. Мы можам спяваць (хаця і спяваем рэдка) свае песні. То час працуе на нас. Шчасце будзе. І, магчыма, без усякіх семінарыстаў з наганамі. Хаця я асабіста прызвычаіўся шукаць яго выключна ў трапятанні ранішніх прамянёў на суквеццях ліпы. 

Каментары11

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Нябензя назваў расійскі «мемарандум» «найлепшай прапановай» для Кіева

Мілыя ці пачварныя? Чаму лялькі Labubu сталі сусветнай сенсацыяй4

Колькі каштуе хатняя аптэчка ў Беларусі, Літве і Польшчы? Параўналі цэны1

Трамп: Я арганізаваў мірную дамову паміж Конга і Руандай. Але Нобеля мне за гэта не дадуць8

Мінгандлю абурылася завышэннем у 8 разоў цаны на чырвона-зялёныя сцяжкі5

У Іране адбыўся землятрус магнітудай 5,2. Адразу пайшлі чуткі2

«Доўгая дарога па ўсім свеце». Беларуска з адным заплечнікам аб'ездзіла 40 краін2

Будучыня Ірана: тры сцэнары пасля магчымага краху рэжыму мулаў4

Беларускі дальнабойшчык замовіў намаляваць герб родных Баранавіч перад Кёльнскім саборам17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сяргей Ціханоўскі выйшаў на волю91

Сяргей Ціханоўскі выйшаў на волю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць