Жыхарка Ліды стала ахвярай тэлефоннага маньяка. Пакуль дзяўчына чакала маршрутку, незнаёмец падышоў да яе ззаду і пачаў здымаць на камеру смартфона ў яе пад сукенкай. Лідчанка ўжо напісала заяву ў міліцыю.

Гісторыю апісвае ont.by.
Усё адбылося 17 чэрвеня ў цэнтры Ліды. Жанчына чакала маршрутку на прыпынку — спяшалася дадому па справах, думала пра свае праблемы, таму асабліва не заўважала, што адбываецца вакол.
«У нейкі момант я адчула, што незнаёмы мужчына, які стаяў у мяне за спінай, робіць нейкія незразумелыя рухі — хістаецца з боку ў бок. Я падышла да дзяўчыны на прыпынку, расказала ёй пра свае адчуванні і па яе вачах зразумела — мае падазрэнні апраўдаліся», — кажа лідчанка.
Мужчыну было 36-38 гадоў, досыць высокага росту. На галаве — кепка.
«У яго на плячы вісела ці то торба, ці то невялікі заплечнік на доўгім рамяні. Ён апусціў яго да зямлі, каб той боўтаўся. У кішэню заплечніка быў устаўлены тэлефон — відаць, што дарагі, з добрай камерай. Ён ціхенька падышоў да мяне ззаду, пры гэтым камера ў тэлефоне была ўключаная і павернутая ў мой бок, і, калыхаючы торбай, пачаў здымаць тое, што ў мяне пад спадніцай», — успамінае жанчына.
Яна дастала тэлефон і пачала фатаграфаваць незнаёмца.
«Ён не спрабаваў схавацца і рабіў выгляд, што не заўважае мяне, роўна да таго моманту, пакуль я не пачала набліжацца да яго і канкрэтна не сказала: паказвай, што наздымаў. Толькі тады ён зразумеў, што я яго раскусіла, і стаў уцякаць», — дзеліцца ўспамінамі дзяўчына.
Лідчанка пасля звярнулася ў міліцыю. Таксама яна апублікавала відэа з незнаёмцам і расказала гэтую гісторыю ў сацсетках.
У Лідскім РАУС пракаментавалі, што па гэтым факце праводзіцца праверка.
Каментары