Пісьменнік Саша Філіпенка даў інтэрв'ю расійскаму выданню «Медуза» пра свой апошні раман «Слон». У ім ён сярод іншага расказаў, чаму гэты раман — «у большай ступені размова з расійскім грамадствам», але з беларускім грамадствам таксама. А таксама акрэсліў, у чым розніца паміж беларусамі і расіянамі.

— Спытаю адразу пра галоўнае: у вас раман пра сланоў, якіх усё ігнаруюць. Як нарадзіўся гэты вобраз?
— Гэта было яшчэ ў самым пачатку вайны. Я вельмі шмат піў у тыя першыя дні. Калі пачаліся падзеі ў Беларусі [гэта значыць пратэсты супраць Аляксандра Лукашэнкі 2020-2021 гадоў], я адчуваў, што магу нешта змяніць, што мы рана ці позна пераможам. А тут я адчуў вялікае бяссілле, хай гэта і не мая вайна.
Пару тыдняў я проста чакаў трэцяй гадзіны дня, і адразу напіваўся. Я тады знаходзіўся ў Швейцарыі, у вельмі маляўнічым месцы ў гарах з відам на Жэнеўскае возера. І мяне мучыла неверагоднае пачуццё віны і сораму, што я знаходжуся ў прыгажосці і бяспецы, а не са сваімі сябрамі ў Кіеве. Пару тыдняў я ляжаў пластом, а потым усвядоміў, што нікому гэта не дапаможа.
Але мяне ўразіла рэакцыя маіх былых таварышаў у Расіі, якія вельмі хутка перапалохаліся, дамовіліся паміж сабой і вырашылі, што больш нічога зрабіць нельга, што супраціўляцца страшна. Тут у мяне асабістыя прэтэнзіі да расійскага грамадства.
Я заўсёды ўдзельнічаў у пратэстах і ў Расіі, і ў Беларусі, хадзіў на адзінкавыя пікеты. У мяне дастаткова вопыту, каб параўнаць, дзе страшней. І я не разумею, калі мне кажуць, што ў Расіі было вельмі страшна. Быў вялікі адрэзак часу, калі было не страшна выходзіць, і мне здаецца, гэты момант быў прапушчаны. Расійскае грамадства абасралася на апярэджанне.
Спачатку генеральная лінія была — няма сэнсу нічога рабіць, таму што нармальна ж жывем. І потым раптам бабах — і ўсё, цяпер страшна хадзіць на пратэсты, вакол тэрор, нічога не зрабіць. Выйшлі дзясяткі тысяч чалавек, але на фоне 140 мільёнаў чалавек гэтага мала — хоць не адмяняе подзвігу гэтых людзей.
У чым розніца паміж беларусамі і расіянамі? Беларусы, як у «Пралятаючы над гняздом зязюлі», могуць заўсёды сказаць, што хаця б паспрабавалі.
— У выніку атрымліваецца, што «Слон» — гэта перш за ўсё тэкст пра Расію.
— Мне хацелася напісаць універсальны тэкст. У Амерыцы, напрыклад, яго можна чытаць як гісторыю пра прыход Трампа. Прыйшлі сланы, разносяць усё і праганяюць людзей. Мне хацелася напісаць і пра тых сланоў, якіх не заўважае нямецкае грамадства і швейцарскае грамадства.
Але вядома, у большай ступені гэта размова з расійскім грамадствам — нездарма ў мяне з'яўляецца двухгаловы слон, ён нават ёсць на адным з эскізаў вокладкі. Але і з беларускім грамадствам таксама.
Сёння я назіраю, як многія беларусы выкарыстоўваюць 2020 год як індульгенцыю. Яны суцяшаюць сябе тым, што кажуць: мы хоць нешта зрабілі ў 2020 годзе, а расіяне не зрабілі нічога. Але прайшло ўжо пяць гадоў, а ў Беларусі нічога не вырашылася. Мы не перамаглі, у нас людзі ў турмах, катаванні, арышты ўвесь час. Выехала ад 500 тысяч да двух мільёнаў чалавек. У цэнтры горада стаіць турма, дзе катуюць людзей.
Беларусы ў Мінску сапраўды гэтак жа цяпер не заўважаюць тое, што адбываецца, не хочуць заўважаць. Вырасла новае пакаленне — хлопцы і дзяўчаты, якім у 2020 годзе было 15, цяпер ім 20, і яны жывуць ужо ў іншай краіне. Яны ведаюць, што было ў 2020 годзе, але гэта не іх барацьба.
Каментары
дзякуй Богу я Літвін !! Увогуле Маскоўская імпэрыя — краіна дзіўнай, проста-такі касьмічнай гармоніі: у ёй агідна абсалютна ўсё. Улада, апазыцыя, клімат, дарогі, СМІ, эканоміка — ніводная дэталь не псуе карціны, выломваючыся з агульнага стылю.
Дзякуй Богу , ваш час прайшоў ! 96% Беларусаў за Незалежнасць, гэта афіцыйная статыстыка , яе не цяжка знайсці на БТ і на старонцы БНФ. Я разумею, калабарацыяністаў якія мараць пра маскоўскія пенсіі, балі і французскія булкі , ваш імперскі цягнік ужо далёка за хмарамі імперскіх мар , пра гэта вам нават Лукашэнка кажа. Прыміце РБ (ВКЛ) ў свае сэрца , наша дзяржава на стагоддзі