Гісторыя99

Кісель. І сон па раскладзе. Як апошні кароль Рэчы Паспалітай жыў пасля фінальнага этапу «інтэграцыі» з Расіяй

Перад апошнім падзелам Рэчы Паспалітай і паўтара года пасля яго Станіслаў Аўгуст Панятоўскі жыў у Гродне. Кацярына ІІ не магла дачакаць, калі ён адрачэцца ад трону. Імператрыца прыставіла да Панятоўскага агентаў, якія мусілі дакладаць у Пецярбург пра кожны крок караля. Іх паведамленні — каштоўная крыніца для сённяшніх гісторыкаў, піша Наталля Васілюк. З іх мы бачым, што кароль, нягледзячы на нягоды, не пакідаў каралеўскіх звычак і вёў здаровы лад жыцця.

Новы замак у Гродне. Фота: Wikimedia Commons.

Вядома, што прагулкі на свежым паветры станоўча ўплываюць на стан чалавека. Мабыць, таму ад цяжкіх думак кароль ратаваўся штодзённымі шпацырамі. Адразу пасля прыезду ў Гродна ў пачатку 1795 года Станіслаў Аўгуст гуляў па двары Новага замка і па беразе Нёмана. Далей не хадзіў і не ездзіў. Магчыма, проста баяўся паказвацца перад людзьмі, якія вінавацілі яго ў страце краіны.

Але 15 сакавіка Панятоўскі ўсё-такі выправіўся за горад, першы раз. Ехаў ён у адкрытай карэце ў суправаджэнні расійскіх «сяброў». Карэту акружалі некалькі прыдворных і канвой з 24 чалавек. Вялікая колькасць аховы можа сведчыць, што апошні манарх сапраўды баяўся выязджаць за горад, і гэты выезд стаў для яго сур’ёзным выпрабаваннем. Картэж адправіўся да вёскі Грандзічы за 4 км ад Гродна. Вяртаючыся дахаты, кароль заехаў у госці да галоўнакамандуючага расійскімі войскамі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай Мікалая Рапніна, а з чатырох гадзін вечара да захаду сонца гуляў па тэрасе над Нёманам. Праўда, пасля гэтай прагулкі кароль прастудзіўся і некалькі дзён не выходзіў са спальні, але ўжо з 26 сакавіка аднавіў шпацыры.

Ян Чэслаў Манюшка (1853—1908). «Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў Пецярбурзе». Аўтар карціны — сын кампазітара Станіслава Манюшкі. Асноўны матыў яго жывапісу — пастаральныя, настальгічныя сцэнкі з апошняга перыяду Рэчы Паспалітай. Фота: Нацыянальны музей у Варшаве.

Летам Станіслаў Аўгуст праводзіў на паветры цэлыя гадзіны. Ён бываў у недалёкіх ад Гродна Панямуні, Ласосне, Аўгустове, Караліне, Путрышках, Адамовічах, а таксама на лясной дачы князя Любецкага ў Пышках. Панятоўскі займаўся верхавой яздой, таму часам ездзіў на прагулкі конна. Апошні манарх Рэчы Паспалітай не раз праязджаў прыгараднымі дарогамі — віленскім і скідзельскім трактам, а таксама па азёрскай дарозе (мястэчка Азёры знаходзіцца за 30 км на ўсход ад Гродна). Акрамя таго, Панятоўскі нярэдка наведваў сядзібу ў Станіславове (цяпер яна ў межах Гродна, па вул. Церашковай, 29).

Асабліва любіў Станіслаў Аўгуст вёску Ласосна. Тут ён падоўгу заставаўся адзін. Але часта гуляў і ў кампаніі. Напрыклад, 9 мая кароль разам з Рапніным гулялі ў Панямуні, дзе назіралі за яўрэйскім вяселлем.

Нягледзячы на тое, што Станіслаў Аўгуст любіў балі, у яго быў дакладны распарадак дня: адпраўляўся спаць а 23-й гадзіне, прачынаўся а 6-й. Да распарадку дня ставіўся сур’ёзна. Ідучы адпачываць, Панятоўскі патрабаваў, каб у замку была цішыня.

Таксама Станіслаў Аўгуст трымаўся правільнага харчавання. На сняданак, а 6-й, піў кісель з арабін. У палацы быў спецыяльны кухар, які ўначы гатаваў каралю ежу для сняданку. Перыядычна кароль абедаў на свежым паветры — на балконе над Нёманам. Спажываў і віно, аддаючы перавагу французскаму. На адным прыёме пакаштаваў венгерскае — не спадабалася, папрасіў замяніць.

У апошнія гады жыцця кароль страціў нюх, таму жадаў, каб яго талеркі заўсёды праціралі асафецідамі.

Станіслаў Аўгуст не вельмі любіў бываць на чужых абедах. Да каго б ён ні хадзіў, разам з ім быў ягоны кухар, які ў чужым доме гатаваў каралю некалькі страў на каралеўскі густ.

У лютым 1795 года каралю прывезлі з Варшавы більярд ды іншыя гульні. З гэтага дня Станіслаў Аўгуст гуляў часта, амаль кожны дзень.

У більярд Станіслаў Аўгуст гуляў часта, амаль кожны дзень. Фота: daelmans.be.

Вясной 1797-га на запрашэнне новага імператара Паўла І Панятоўскі выехаў у Пецярбург. Жыў ён там у Мармуровым палацы, які Кацярына будавала для графа Аляксея Арлова, — шыкоўным звонку, але сырым і брудным знутры. Нягледзячы на нібыта неблагое здароўе, праз год апошні кароль Рэчы Паспалітай памёр ад інсульту ва ўзросце 66 гадоў.

* * *

Асафеціда — гэта расліна, якая мае вельмі востры пах, падобны да часночнага. Калі дадаць асафеціду ў ежу, смак і пах расліны будзе вельмі добра адчувацца. Яго адчуе нават той, у каго не вельмі добры нюх. Для таго і дадавалі ў ежу Панятоўскаму гэтую прыправу — каб ён хоць штосьці адчуваў.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Дачка Надзеі Ермаковай пастаўляе рыбу ў калоніі, бальніцы і сілавікам2

Дачка Надзеі Ермаковай пастаўляе рыбу ў калоніі, бальніцы і сілавікам

Усе навіны →
Усе навіны

Польская пракуратура пацвярджае, што напад на расійскага апазіцыянера Волкава рабіўся «пад уплывам» Леаніда Неўзліна3

Лукашэнка прыгразіў ураду адказнасцю за «свавольствы» з цэнамі5

Украіна ракетным ударам пакінула расійскую элітную брыгаду марпехаў без камандавання4

Ілан Маск заявіў, што штучны інтэлект ужо сёння разумнейшы за большасць людзей5

Зяленскі прапанаваў узначаліць урад Украіны Юліі Свірыдзенка

Лябедзька пра сына-палітвязня: Гэта не бравада, я гатовы абмяняць сябе на яго12

Лукашэнка праверыў фізпадрыхтоўку генералаў. «Усе паказалі толькі выдатныя вынікі»17

У Краматорску збеглі з-пад украінскага канвою чацвёра расійскіх вайскоўцаў3

На раскопках у Крэўскім замку знайшлі некалькі кукуцяў. Што гэта такое?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дачка Надзеі Ермаковай пастаўляе рыбу ў калоніі, бальніцы і сілавікам2

Дачка Надзеі Ермаковай пастаўляе рыбу ў калоніі, бальніцы і сілавікам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць