Гісторыя22

Сто гадоў таму святар-беларус трапіў у Польшчу па абмене палітвязнямі. Цяпер беларусы адшукалі яго магілу

Ксёндз Адам Лісоўскі распаўсюджваў творы Францішка Багушэвіча і перакладаў на беларускую мову Святое Пісанне. У 1922 годзе камуністы ледзь не расстралялі яго ў Мінску. Святар выйшаў з турмы і трапіў у Польшчу дзякуючы абмену палітвязнямі, піша Ян Рамэйка ў выданні Most.

Адам Лісоўскі
Магіла Адама Лісоўскага. Фота: Most

Адам Лісоўскі нарадзіўся ў 1882 годзе ў вёсцы Каранды каля Крэва. Пасля духоўнай семінарыі ў Вільні працягваў вывучаць тэалогію ў Санкт-Пецярбургу, Інсбруку і Мюнхене. Быў адным з першых каталіцкіх святароў, якія адкінулі прынцып «каталік — гэта паляк» і падтрымалі беларускае адраджэнне. У час вучобы пісаў лісты бацьку па-беларуску. Калі прыязджаў на канікулы ў родную вёску, раздаваў сялянам «Дудку беларускую» Францішка Багушэвіча.

Жыў ксёндз Лісоўскі сціпла. Пра яго казалі, што ён не меў ні ботаў, ні сутаны — хадзіў у тым, што хтосьці аддаваў ці пазычаў. Затое, калі меў грошы, то аддаваў іх бяднейшым вучням і студэнтам. Адзін з галоўных беларускіх дзеячаў першай паловы ХХ стагоддзя ксёндз Адам Станкевіч успамінаў, што карыстаўся з дапамогі Лісоўскага.

Адам Лісоўскі стараўся паслужыць беларусам і сваімі ведамі, здабытымі ў еўрапейскіх універсітэтах. Ён пераклаў на беларускую мову частку Новага Запавету — Апакаліпсіс, Дзеі Апосталаў і чатыры лісты апостала Паўла. Зрэшты, ён дапамагаў не толькі беларусам — у 1910-1912 гадах у Мінску працаваў у таварыстве Oświata, якое закладала польскія пачатковыя школы.

Адам Лісоўскі
Адам Лісоўскі. Фота: Wikimedia Commons

Як асудзілі ксяндза і як яго абменьвалі

У 1922 годзе ксёндз Адам Лісоўскі зноў служыў у Мінску — быў пробашчам касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У той год савецкія ўлады пад маркай дапамогі галадаючым сталі забіраць касцельныя і царкоўныя каштоўнасці — ксёндз Лісоўскі гэтаму супрацьстаяў. За гэта бальшавікі асудзілі яго да смяротнай кары, якую нечакана замянілі на пяць гадоў турмы.

Пра вызваленне святара стала рупіцца польская дыпламатыя. Яго ўключылі ў спіс палітычных вязняў для абмену. Пасля доўгіх месяцаў перамоў 28 красавіка 1924 года ксёндз Адам Лісоўскі ў групе са 108 савецкіх палітвязняў аказаўся на памежным пункце Коласава каля Стоўбцаў. За іх Польшча перадала Саветам 33 чалавек, арыштаваных за камуністычную дзейнасць і шпіянаж.

абмен вязнямі паміж СССР і Польшчай
Брама і савецкая памежная застава ў Коласаве, 30-я гады ХХ ст. Фота: Wikimedia Commons.

У Польшчы ксёндз Адам Лісоўскі служыў у вёсцы Вышкі, за 35 кіламетраў ад Беластока. Хварэў на сэрца. Памёр 9 кастрычніка 1929 года ва Уяздоўскім шпіталі ў Варшаве. Пры смяротным ложку быў прысутны ксёндз-беларус Пётра Татарыновіч, пазнейшы дырэктар беларускай службы Ватыканскага радыё.

Лісоўскі распарадзіўся, каб яго пахавалі ў мястэчку Кляшчэлі. Ён хацеў ляжаць на могілках побач са сваім «апекуном і дабрадзеем» ксяндзом Адольфам Пласкавіцкім, які служыў у Кляшчэлях пробашчам і памёр там у 1915 годзе.

Як знайшлі магілу

Згадка пра тое, што ксёндз Адам Лісоўскі пахаваны ў Кляшчэлях, прыводзіцца ў часопісе Chryścijanskaja Dumka за 1929 год. Усе пазнейшыя публікацыі пра святара спасылаліся на гэты часопіс.

Здаецца, ніхто з беларусаў не спрабаваў шукаць магілу ксяндза Адама Лісоўскага. Ва ўсялякім разе пра гэта не ўдалося знайсці ніякіх згадак. Таму едзем у Кляшчэлі.

У Беластоку сядаем на цягнік, які ідзе па чыгунцы, што калісьці вяла ў Брэст. Цяпер цягнікі ходзяць толькі да памежнай станцыі Чаромха. Праз 70 кіламетраў выходзім на прыпынку Кляшчэлі. Па ідэальна ўпарадкаванай вуліцы ідзём у цэнтр паселішча, якое мае статус горада, хоць ледзьве налічвае тысячу жыхароў. Гарадскія правы Кляшчэлям надаў яшчэ ў 1506 годзе Жыгімонт Стары — яго бюст цяпер узвышаецца ў цэнтры Кляшчэляў.

Жыгімонт Стары
Бюст Жыгімонта Старога ў Кляшчэлях. Фота: Most

Дзе шукаць магілу ксяндза? Найперш ідзём да касцёла, бо святароў, як і іншых заслужаных людзей, часта хавалі побач са святынямі. Тутэйшы касцёл у стылі неакласіцызму быў збудаваны ў 1907-1910 гадах, бо старую святыню пасля разгрому паўстання 1863 года забралі царскія ўлады, разабралі і паставілі на тым месцы царкву. Вакол касцёла ёсць некалькі магіл, але мы не знаходзім там ні магілы ксяндза Лісоўскага, ні яго «апекуна і дабрадзея» ксяндза Пласкавіцкага.

Касцёл у Кляшчэлях
Касцёл у Кляшчэлях. Фота: Most

Затое на дошцы аб’яў каля брамы знаходзім адрас плябаніі — дома ксяндза. Ён тут не побач з касцёлам, як звычайна, а пры галоўнай вуліцы мястэчка. Падымаемся на ганак, стукаемся ў дзверы. Ксёндз, здаецца, здзіўлены нечаканым візітам незнаёмага чалавека.

— Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус! — кажам. — Шукаем магілу ксяндза Адама Лісоўскага.

Ксёндз-пробашч запрашае ў канцылярыю. Расказвае, што пра Адама Лісоўскага не ведае, але памятае, што нейкія два святары пахаваныя на могілках за мястэчкам.

— Адзін ксёндз [з пахаваных там] быў аднекуль з-пад Вільні… Можа, гэта ён. Увойдзеце на могілкі праз браму, падымецеся наверх, потым павернеце ўлева. Магіла там такая характэрная, з металічнай агароджай.

На могілках знаходзім патрэбнае пахаванне. На магіле дваіх святароў стаіць супольны помнік.

Магіла Адама Лісоўскага
Магіла Адама Лісоўскага. Фота: Most

«Святой памяці. Кс. Адольф Пласкавіцкі. Ганаровы канонік, пробашч Кляшчэльскага касцёла. Нарадзіўся 17 чэрвеня 1886 года, заснуў у Госпадзе 11 студзеня 1915 года. […] Кс. Адам Лісоўскі. Канонік Пінскай капітулы. Жыў 45 гадоў. Памёр 9 кастрычніка 1929 года».

Магіла Адама Лісоўскага
Магіла Адама Лісоўскага. Фота: Most

«Мы ў 2020 годзе так спадзяваліся, што ў вас атрымаецца»

Цягніка ў Беласток прыйшлося б чакаць да вечара, таму вырашаем пад’ехаць аўтаспынам. Праз некалькі хвілін спыняецца машына — за рулём настаўніца, якая працуе ў Чаромсе і вяртаецца дамоў у Бельск.

— У вас хтосьці пахаваны на гэтых могілках? — пытаецца кіроўца.

— Не. Прыехалі сюды, каб знайсці магілу ксяндза, які ў пачатку ХХ стагоддзя падтрымаў беларускае адраджэнне і перакладаў Святое Пісанне на беларускую мову.

— А, дык вы з Беларусі? А мы ж у 2020 годзе так спадзяваліся, што ў вас атрымаецца…

Каментары2

  • Tak
    08.07.2025
    "спіс палітычных вязняў для абмену..." Нiчога не мяняецца. Усё iдзе па колу...
  • Жвір
    08.07.2025
    Tak, палітычных пакуль што ні на каго не мянялі ...

Цяпер чытаюць

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін гатовы да пагаршэння адносін з Трампам і не будзе спыняць вайну10

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць