Фракцыя Пятра Парашэнкі прапанавала забараніць пастаўкі электраэнергіі з Беларусі

У Вярхоўнай Радзе Украіны 4 снежня агучана прапанова фракцыі Пятра Парашэнкі забараніць пастаўкі электраэнергіі з Расіі і Беларусі, піша Радыё Свабода.
Колішняя віцэ-прэм’ерка ўкраінскага ўрада, дэпутат фракцыі партыі Пятра Парашэнкі «Еўрапейская салідарнасць» Івана Клімпуш-Цынцадзэ лічыць, што аднаўленне паставак электраэнергіі з Беларусі і Расіі пагражае нацыянальнай бяспецы Украіны і прапануе на заканадаўчым узроўні забараніць такія аперацыі.
«Украіна патрабуе ад заходняга свету санкцый супраць Расійскай Федэрацыі, у той жа час сама, насуперак гэтым санкцыям, пачала набываць расійскую электраэнергію. А сёння, пры дапамозе чарговай змены (у закон пра рынак электраэнергіі) будзе працягваць набываць электраэнергію ў Беларусі. Я хачу нагадаць, што такім чынам, мы з энергадэфіцытнай краіны будзем пастаўляць тую ж расейскую энергію з атамнай станцыі, якая пабудавана на расейскія грошы», — заявіла Івана Клімпуш-Цынцадзэ сёньня ў парламенце.
Дэпутатка падкрэсліла, што прыярытэтам украінскай энергасістэмы ёсьць аб’яднанне з еўрапейскай энэргетычнай сыстэмай. Паводле Клімпуш-Цынцадзэ, прапановы фракцыі «Еўрапейская салідарнасць» ёсьць жыццёва важнымі для Украіны:
«Калі мы іх не ўхвалім, то паставім пад пагрозу нашу нацыянальную энергетычную бяспеку. Я вельмі прашу вас падтрымаць гэтыя зьмены».
Беларусь цягам ліпеня-кастрычніка стала найбольшым пастаўшчыком электраэнергіі ва Украіну — украінскія спажыўцы атрымалі 644,9 мільёна кілават·гадзін беларускай энергіі. Але ў ноч з 30 лістапада на 1 снежня Украіна спыніла пастаўкі электраэнергіі з Беларусі. Афіцыйнай прычына — яна стала даражэйшая, чым на ўнутраным украінскім рынку.
У лістападзе Міністэрства энергетыкі і аховы наваколля Украіны паведаміла, што ў прагнозным балансе электрычнай энергіі Аб’яднанай электрычнай сістэмы Украіны ў 2020 годзе прадугледжаны закуп у Беларусі 2,1 мільярда кілават·гадзін электраэнергіі. Гэта амаль траціна ад запланаванага ў наступным годзе аб’ёму вытворчасьці электраэнергіі БелАЭС.
Згодна з Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі Беларусі, БелАЭС у 2020 годзе будзе выпрацоўваць 7,1 мільярда кілават·гадзін. Пры гэтым агульны аб’ём вытворчасці электраэнергіі ў Беларусі, як мяркуецца, складзе 39,9 мільярдаў кілават·гадзін.
Каментары