Меркаванні

Вялікі кардынал

Ён дачакаўся ўсяго, акрамя візыту папы ў Беларусь.

Ён дачакаўся ўсяго, акрамя візыту папы ў Беларусь.

Калі кардынал Казімер Сьвёнтак узначаліў у 1991 г. Менска-Магілёўскую архідыяцэзію, у сталіцы дзейнічаў толькі адзін касьцёл – на Кальварыі. Сёньня толькі ў Менску 10 каталіцкіх касьцёлаў, а ў цэлай архідыяцэзіі – 96. Агулам у 4 дыяцэзіях Беларусі налічваецца 364 парафіі – дастаткова, каб кожны дзень цягам году наведваць новую.

Кардынал Сьвёнтак нарадзіўся ў польскай шляхецкай сям’і (што моцна трымалася польскага патрыятызму) у мястэчку Котвіч у Эстоніі.

У часе Першай сусьветнай вайны сям’я эвакуявалася ўглыб Расеі. Бацька загінуў у 1921 г. у баёх за Вільню. У 1922 г. сям’я пераехала ў Баранавічы, дзе будучы сьвятар скончыў мясцовую гімназію. Пасьля заканчэньня Вышэйшай духоўнай сэмінарыі імя Тамаша Аквінскага ў Пінску К.Сьвёнтак быў высьвечаны й стаў у 1939 г. вікарыем у Пружанах.

У верасьні 1939 г. ксяндза Казімера арыштавалі як «польскага шпіёна» й пасадзілі ў Берасьцейскую турму. Седзячы ў камэры сьмяротнікаў, ён чуў, як выводзілі на расстрэл вязьняў з суседніх камэраў. Яго ад сьмерці ўратаваў фашыстоўскі напад на СССР – Сьвёнтак вяртаецца да сваіх вернікаў у Пружаны.

Прыход саветаў азначаў для Сьвёнтка прынамсі турму. Ксёндз Казімер гэта разумеў, аднак усё адно застаўся ў Беларусі, а ня ўцёк на Захад. Пры канцы 1944 г. яго арыштавалі й прысудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі за «антысавецкую дзейнасьць».

Гэты крыжовы шлях Сьвёнтка быў адзначаны спэцыяльнай узнагародай з рук папы Яна Паўла ІІ «Сьведка веры» («Fidei testis») у 2004 г. На пытаньне, як ён здолеў выжыць у ГУЛАГу, кардынал зазначыў: «Такое ж пытаньне задаў мне афіцэр КГБ, калі я выходзіў на свабоду. Я адказаў, што жыцьцё сваё даручыў Госпаду, і Ён мяне зьбярог».

Дакумэнтальны фільм пра пэрыпэтыі сьвятарскага жыцьця «Пастыр. Кардынал Казімер Сьвёнтак», зьняты польскімі кінэматаграфістамі Паўлам Вольданам і Станіславам Кролякам, быў адзначаны Гран-пры на Міжнародным каталіцкім фэстывалі фільмаў і мультымэдыя «Непакалянаў-2003».

Ён вярнуўся з сталінскіх лягераў у 1954 г. і асеў у Пінску, ператварыўшы яго ў каталіцкі цэнтар Палесься. Тут, у Пінску, яго сустрэў Караткевіч і кранальна апісаў у сваім эсэ «Званы ў прадоньнях азёр».

У 1991 г. Сьвёнтак стаў арцыбіскупам, у 1994-м – кардыналам. Першым кардыналам у Беларусі пасьля 1798 г., пасьля 196-гадовага перапынку. Біскупскае служэньне на чале Менска-Магілёўскай дыяцэзіі й Каталіцкае Царквы Сьвёнтак распачаў у веку 77 гадоў. У такія гады многія біскупы, згодна з Кодэксам кананічнага права (кан.401, §1), першы раз падаюць Пантыфіку прашэньне аб адстаўцы. Ксёндз Казімер жа распачаў надзвычай актыўную дзейнасьць. Менавіта за часамі Сьвёнтка была адчыненая Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная сэмінарыя ў Пінску (2001). Пры ім былі вызначаныя меншыя базылікі ў Горадні, Будславе й Пінску (1991–1996), адбылася каранацыя цудатворных абразоў Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Берасьці, Лагішыне, Будславе й Горадні (1996–2005), а таксама ахвяраваны й асьвячоны папам абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай у катэдральным касьцёле Менску (2005).

Адбудова касьцельнага жыцьця ў Беларусі пры кардыналу Сьвёнтку азначылася й папаўненьнем сьпісу беларускіх сьвятых. 13 чэрвеня 1999 г. Ян Павал ІІ бэатыфікаваў 11 беларускіх мучанікаў, а 5 сакавіка 2000 г. – 11 сясьцёр-назарэцянак з Наваградку.

Немалаважную ролю адыграў Касьцёл у гэтыя гады і ў нацыянальным адраджэньні Беларусі. 5 ліпеня 1992 г. была створаная мэтрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры на беларускую мову. Кардынал Сьвёнтак, паляк з паходжаньня, сказаў ксяндзам весьці набажэнствы ў той мове, у якой хочуць вернікі. Дзякуючы гэтаму Касьцёл беларусізаваўся даволі імкліва. Дапамаглі гэтаму й друкаваныя выданьні: з 1994 г. выдаюцца часопісы «Дыялог», «Ave Maria», з 1995 г. – «Наша вера» і «Каталіцкія навіны».

Адной з сваіх запаветных мараў Сьвёнтак неаднакроць называў дачакацца візыту папы ў Беларусь. На жаль, пакуль ён узначальваў Касьцёл у Беларусі, гэтая мара так і ня зьдзейсьнілася: і Ян Павал ІІ, і Бэнэдыкт XVI былі ў суседніх зь Беларусяй краінах, але да нас так і не прыехалі праз супраціўленьне праваслаўнай царквы.

Аркадзь Шанскі

Фота Юліі Дарашкевіч

Каментары

Цяпер чытаюць

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі3

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебску заўважылі мядзведзяня2

«Абрэзаная шкарпэтка за 230 даляраў». У сетцы паднялі на смех навінку ад Apple — чахол-сумку4

У Беларусі можна пажыць ва ўласнай бурбалцы. Дзяўчына паказала незвычайны гатэль сярод лесу2

«Дзіця знікла — не змог застацца дома». Шосты дзень пошукаў Максіма Зяньковіча2

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат11

Нашто блогеркі практыкуюцца ў «славянскім позірку»? Усё пачалося з Меланіі Трамп11

«Пачынаў з чатырох рублёў». Беларус за сем месяцаў страціў амаль паўмільёна ў анлайн-казіно4

Трамп падпісаў часовы бюджэт. Самы доўгі ў гісторыі ЗША шатдаўн завершаны1

Расійская блогерка пафарбавала балкон у чырвона-зялёны. У каментарыі прыбеглі жартаваць беларусы8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі3

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць