Грамадства44

«Стаяць на сваім, кожны на колькі можа!». Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі

Найлепшую італьяністку краіны, былую дацэнтку кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталлю Дуліну пасля 2020 года неаднаразова адпраўлялі на Акрэсціна, звольнілі з універсітэта, а пазней асудзілі на 3,5 года зняволення. 21 чэрвеня яна трапіла ў лік 14 палітвязняў, вызваленых з беларускіх турмаў пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага.

Чаму для яе ў свабодзе больш засмучэння, чым радасці, пра партрэт Сталіна ў ГУБАЗіКу, катаванне ў ШІЗА, Марыю Калеснікаву, сваю маці, котак і планы, якія пакуль не будуюцца — у вялікай гутарцы «Нашай Ніве», якую Наталля дала на наступны дзень пасля свайго раптоўнага вызвалення.

Наталля Дуліна ў першыя дні пасля вызвалення з калоніі. Фота: «Наша Ніва»

«ГУБАЗіК для мяне — гэта гопнікі»

«Наша Ніва»: Раскажыце, як вас затрымлівалі?

Наталля Дуліна: Раней маё затрыманне ў мяне было нумарам адзін у топе найбольш феерычных падзей. Але зараз я, вядома, зразумела, што маё вызваленне было яшчэ больш феерычным — з гэтым мяшком на галаве…

Са мной адбылася класічная рэч, пра якую я ўжо чула ад іншых. Я сава па сваіх біялагічных звычках: люблю ўначы працаваць і спаць даўжэй, калі няма нейкіх справаў. У той дзень было недзе бліжэй да 11-й гадзіны дня, і тут званок — спачатку на мой кнопкавы тэлефон, на які я нават не стала рэагаваць. А каля ложка ў мяне ляжаў іншы тэлефон, і патэлефанавалі на яго — сказалі чамусьці, што з РУУС Кастрычніцкага раёна наконт падзей 2020-га года і спыталі, ці магу я да іх прыехаць. Я кажу: «Ой, я не ведаю, калі…». І пасля яны прапаноўваюць: «Ну, мы можам да вас прыехаць. Мы вам яшчэ ператэлефануем».

Я падумала тады: нешта не тое. І не, каб мне адразу адскочыць, прыбраць латкі тыя ж — у мяне ж каты. Не, я яшчэ ляжу там сабе, а тут грукат у дзверы — «Адчыняйце!». Я падскочыла, трэба ж апрануцца неяк. А там працягваюць: «Адчыняйце! Зараз выламім дзверы». І я крычу: «Так-так, дайце толькі надзець на сябе нешта».

Значыць, я нацягваю туніку, адкрываю гэтыя дзверы, бачу там касманаўтаў, кладуся на падлогу. А ў мяне такі маленькі калідорчык, і яны там перамяшчаюцца маленечкімі крокамі, адзін за адным, строем. Яны нават крыху па мне патапталіся, не спецыяльна, проста ў іх месца не было. Праверылі, ці няма каго яшчэ дома, упэўніліся, што я была адна.

Пасля мяне паднялі, частка сышла, і застаўся ГУБАЗіК. Для мяне з усіх органаў сілавых, калі апісваць, гэта такія гопнікі. У іх такое перакручанае ўяўленне пра тое, як можна чалавека падкалупнуць — быццам бы і жарт, але разам з тым вам павінна быць не вельмі прыемна. І яны сябе і паводзілі прыкладна такім чынам — нічога не разбуралі, але пачалі зневажаць мяне тым, што: «Ой, тут яшчэ з часоў развалу Савецкага Саюза не было рамонту, вы жывяце ў нейкім бамжатніку і ад вас увогуле нечым пахне…». На што я ўласна не рэагавала, бо што, прыйшлі сюды правяраць, як я жыву?

Яшчэ яны задавалі мне пытанні наконт сімволікі. Што яшчэ ў мяне ёсць? Ім трэба было правесці ператрус, але яны яго не праводзілі, дзякуй Божа. Проста здымалі, як у мяне ўсё дрэнна, пакуль я ў ваннай пераапраналася.

І як аказалася, пасля яны выклалі фотаздымак майго калідора са знешняга боку, дзе ўся гэтая каманда рыхтуецца мяне браць. Маці мне пра гэта расказала на адным з першых спатканняў. Яна тады падзялілася, што як пабачыла, як мяне затрымлівалі, то ёй стала дрэнна — за тое, які жах я павінна была перанесці. Але ў мяне абсалютна не было страху, бо я ўжо цудоўна ведала, як гэта адбываецца. Гэта каты мае былі ў шоку — яны агулам баяцца гучных гукаў і чужых людзей.

«Сядзіць опер, а ў яго над галавой вісіць ксеракопія партрэта Сталіна»

Пасля мяне вывелі ў кайданках у двор у напаўсагнутым стане. Мы пад’ехалі да ГУБАЗіКа, мяне папярэдзілі, што надзенуць капюшон, і сказалі, каб я не падымала галаву. Завялі ў пакой, там рабілі патрэбныя дакументы. І тут я гляджу, значыць, сядзіць там опер, а ў яго над галавой вісіць ксеракопія партрэта Сталіна і цытата прыблізна такая: «Я думаў, што дэмакратыя — гэта ўлада народа, але спадар Рузвельт мне патлумачыў, што дэмакратыя — гэта ўлада амерыканскага народа». Гэта зрабіла на мяне вялікае ўражанне. І потым у цэнтральным Следчым камітэце, калі я следчаму спрабавала пра гэта расказваць, казаць, што Сталін жа забойца, у яго рукі па локаць у крыві, ён мне адказваў, што было тады і добрае, эканоміка была добрая. Для мяне ўсё гэта было вельмі паказальным эпізодам, пасля якога многія пытанні адпалі самі сабой.

«НН»: Хто ў выніку займаўся вашымі катамі? За іх лёс шмат хто перажываў.

НД: Мая маці, яна ў мяне вельмі бадзёрая і актыўная. У яе не проста бацькоўскае каханне, а ведаеце, такое, заснаванае на тым, што ты адчуваеш, што ты не можаш сваё дзіця кінуць, гэта менавіта твая адказнасць.

Я ведала, што з жывёламі ўсё будзе добра, і сапраўды — увесь гэты час мая мама (у яе генеральная даверанасць) займалася ўсім, прарабіла нечалавечую, грандыёзную працу. І ёй трэба працягваць далей, таму што я цяпер за мяжой.

«НН»: У самой калоніі вы ўжо не працавалі праз пенсійны ўзрост?

НД: Ніводнага дня. На пенсію па ўзросце я выйшла, яшчэ знаходзячыся ў СІЗА. І ўжо калі прыехала ў калонію, то мяне залічылі да пенсіянераў. Яны там не працуюць, сядзяць у атрадзе — у тым інтэрнаце, дзе знаходзіцца атрад. Калі іншыя дзяўчаты ідуць на працу, мы робім усё па распарадку дня. Але, натуральна, у нас было больш вольнага часу, у які мы маглі выпіць гарбаты, свае прадукты з’есці. Маглі пачытаць, пагуляць па лакальным участку — такім дворыку, дзе ўсюды платы і дрот. Перамяшчацца па калоніі мы маглі толькі ў суправаджэнні дзяўчат з нашага атраду, якіх начальства для гэтага прызначыла.

«Сам следчы неяк прагаварыўся, што «вашай катэгорыі лісты ад не сваякоў нельга»

«НН»: Ці даходзілі да вас лісты?

НД: Ад маці ўсё даходзіла, ад мужа — з напружаннем. Агулам — лісты былі толькі ад блізкіх. Мне сам следчы неяк прагаварыўся, што «вашай катэгорыі (палітычным. — НН) ад іншых нельга».

Быў яшчэ адзін момант збою, калі не даходзіла нічога. Думаю, тут сыграў чалавечы фактар. У мяне, скажам так, былі прэтэнзіі да аператыўніка. У кожнага атрада ёсць начальнік атрада, афіцэр, і куратар аператыўнага аддзела (аператыўнік), і куратар рэжымнага аддзела. Рэжымнік адказвае за рэчы, якія ў нас з сабой, за наш знешні выгляд, ці ўсе правілы распарадку выконваюцца. Аператыўнікі больш па паводзінах, па нейкіх парушэннях нематэрыяльнага плану. Калі, напрыклад, мы сядзім у кухні, і я пачаставала сваю сяброўку цукеркай — мне за гэта будзе рапарт, за гэта могуць пазбавіць спаткання ці пасылкі. У рэдкіх выпадках за гэта можна атрымаць ШІЗА.

Я ў свой час атрымала ШІЗА за тое, за што туды звычайна не адпраўляюць — і гэта было зроблена мэтанакіравана, як паказвае досвед, мой і чужы. Калі вас па прозвішчы гукае афіцэр, вы павінны да яго падысці і назвацца. І вось аператыўніку я не адрапартавала, хто я і што. І яму не спадабалася, як у мяне шапка надзета (хаця яна проста трошкі была большая па памеры, гэта абсалютна некрытычна было). І ён склаў на мяне рапарт, пры гэтым дадаткова схлусіў там.

На камісіі па пакаранні на чале з начальнікам калоніі табе прапаноўваюць патлумачыць, што адбылося. І далей могуць паразмаўляць і сказаць: «Столькі сутак ШІЗА вам. Ці пазбаўленне вось гэтага». У мяне адно ШІЗА было толькі ў выніку, на пяць сутак. І тое, думаю, таму, што я не прызнала віны за маё «злачынства». Помста такая была. Я шчыра казала ўсім, што не лічу сябе вінаватай, таму навошта мне трэба хлусіць.

Мне тады на камісіі сказалі, што я плыву супраць плыні, на што я адказала, што жывая рыба заўсёды так плыве. А начальнік калоніі ў дыялогу адзначыў: «Вы ведаеце, Дуліна, вы плывеце ў бок Зарэчча». Калоніі для шматходаў, тых, хто атрымлівае другі артыкул ці 411 артыкул, для рэцыдывістак, адным словам.

Хлусню аператыўніка на мой адрас я тады, дарэчы, так проста не пакінула, напісала на яго скаргу на імя начальніка калоніі і на куратара нашага атрада. У панядзелак адправіла праз цэнзараў, у аўторак мяне перавялі ў іншы атрад, а ў сераду была камісія па пакаранні. Я там яшчэ раз агучыла: я вам пісала скаргу. Што я атрымала? Пасля гэтага ўсяго мне, акрамя ШІЗА, яшчэ і перасталі прыходзіць лісты.

«НН»: Які з момантаў у вашым зняволенні для вас аказаўся самым агідным, страшным?

НД: Фізічны дыскамфорт, вядома, у ШІЗА. І я вам хачу сказаць, калі хаця б з мяне акуляры не здымалі, магчыма, мне было б лягчэй, таму што так я адчувала сябе залішне безабароннай са сваёй блізарукасцю. І там было вельмі холадна, імунітэт паціху абтрапаўся.

Агулам усё дрэннае, што я магла перажыць, я перажыла на Акрэсціна яшчэ. Там былі невыносныя ўмовы, пра якія мы ўсе ведаем.

«НН»: На сутках вы ўмудраліся вучыць іншых італьянскай мове. А ў калоніі?

НД: Ні ў якім разе. Там нельга іншых нават пачаставаць — цыгарэтамі, цукеркай. Там на чалавека склалі рапарт за тое, што асадку пазычыў, а камера гэта зафіксавала.

Ці вось дзяўчат адпраўляюць па раскладзе чысціць бульбу, і ты даў камусьці пальчаткі гумовыя — усё, гэта ўжо адчужэнне ўласнасці, што караецца. А калі б я вучыла кагосьці, гэта называлася б «прымусам да працы ў карысных мэтах». Гэта як у Оруэла: свабода — гэта рабства, мір — гэта вайна, любоў — гэта нянавісць. Гэта Залюстроўе.

«НН»: Ці знаходзіліся нагоды для радасці ў зняволенні? Што вас падтрымлівала?

НД: Былі радасныя дні, калі выходзілі на волю дзяўчаты. Гэтыя навіны пра вызваленні — яны з атрада ў атрад ляталі, такі палёт ад іх быў! Але я разумела, што гэта драбнічкі, пыл у вочы з боку ўлады, што ўсё яшчэ вельмі дрэнна. То-бок яны выпусцілі людзей, але гэта ўсё — ашуканства, таму што ён аднаго выпускае, а дзесяць запускае.

Дапамагала яшчэ ўнутранае ўсведамленне, што ўсё зрабіла слушна, што маеш рацыю. Табе тваё сумленне кажа: малайчынка, малютка, ты ўсё добра робіш! Ведаеце, табе нібыта цукерку далі: так, ты — малайчына! Ты не здрадзіла самой сабе, саму сябе не ашукала.

На прэс-канферэнцыі Сяргея Ціханоўскага разам з Ігарам Карнеем, Сяргеем Шэлегам і Кірылам Балахонавым. Вільня, 22 чэрвеня 2025 года.

«Ніколі не бачыла Машу Калеснікаву без усмешкі»

«НН»: Можаце распавесці пра іншых жанчын-палітвязняў, з якімі вы перасякаліся? У каго, па вашых назіраннях, найбольш дрэнна са здароўем, каго б варта было мець на ўвазе для спісаў на вызваленне?

НД: Я ведаю, што ў Ірыны Мерхель, якая па справе Аўтуховіча шла, у яе вельмі дрэннае здароўе. Яшчэ Любоў Рэзановіч хворая вельмі, і муж у яе, Сяргей, праваслаўны святар, дыябетык. Канечне, Машу [Калеснікаву] трэба ратаваць. Яна вельмі трывалая, я яе ніколі не бачыла без усмешкі. І яна да ўсіх там з зычлівасцю ставіцца, паводзіць сябе вельмі годна. Яна ўжо зноў у атрадзе, працуе.

З Марфай Рабковай мы былі ў адным атрадзе. У яе вельмі складаная сітуацыя, таму што ёй забаранілі грашовыя пераводы. З Настай Лойкай тое ж самае. Дзяўчаты, канечне, моцна ўсе схуднелі, але агулам трымаюцца.

З Кацяй Андрэевай я асабіста не перасякалася, камунікацыі ў нас не было — мы аказваліся ў розных атрадах, але бачыла яе там. Яна чалавек моцны, хаця кажуць, што яна крыху… Не тое каб замкнулася, але неяк, відаць, яе паводзіны змяніліся. Але агулам яна не зламалася.

Увесь гэты досвед не можа так ці інакш не адбівацца на здароўі. Тую ж Машу і ў санчастку цягалі, і спрабавалі прывесці ў парадак — перад сустрэчай з бацькам яна была на ўзмоцненым харчаванні, як Сяргей Ціханоўскі. Пасля таго, як еўрапейцы ці іншыя сілы запатрабавалі яе паказаць. Яе да гэтага падрыхтавалі.

«Мы не можам цішком, як радыкальныя зоаабаронцы, пракрасціся ў лабараторыі і адкрыць клеткі»

«НН»: Ці ёсць у вас думкі наконт таго, што яшчэ можна рабіць для вызвалення палітвязняў?

НД: Разумееце, гэта вельмі глабальная рэч, таму што мы ж не можам цішком, як радыкальныя зоаабаронцы, якія пракрадваюцца ў лабараторыі і адчыняюць клеткі, дзе сядзяць жывёлы для даследаванняў. Каб вызваліць палітвязняў, у ідэале патрэбна іншая краіна, іншае ўсё. Краіна, як ёсць па дакументах. Тады б гэта было проста тэхнічнае пытанне.

Я выйшла без адзінага лістка паперы. Я — ніхто. То-бок пашпарт у мяне ёсць, але незразумела, ці то я яшчэ сяджу, ці не. Які ў мяне статус? Я не ведаю. У мяне няма ніводнай паперы. Я не магу, напрыклад, атрымліваць пенсію, таму што не магу звярнуцца ў Беларусь у ФСАН.

А што да вызвалення іншых… Мне здаецца, тое, што дагэтуль рабілі, гэта быў шлях да сённяшняга моманту. Доўгі, як апынулася. Але раз хутчэй не атрымалася, відаць, гэта і не магло хутчэй атрымацца.

Памятаеце, Трамп казаў, што «я вырашу ўкраінскае пытанне за тры дні». А што можа зрабіць звычайны чалавек? Той, хто мог, ужо зрабіў, і нават сядзіць ужо за гэта. Людзі, якія адпраўлялі пасылкі, грашовыя пераводы рабілі тым, хто сядзіць у СІЗА, лісты пісалі, каб падтрымаць, іх потым пасадзілі. І я якраз сядзела з адной дзяўчынкай такой. Яна засталася там, а я тут.

«НН»: Ці ёсць у вас пачуццё нянавісці, злосці да тых, хто вас катаваў?

НД: Зусім ніякай нянавісці няма. Проста ведаеце, калі я чую пра нейкую нялюдскасць, у мяне неяк адразу скіроўваюцца мазгавыя дзеянні ў бок ахвяры. У мяне дзікая эмпатыя да ахвяры, я праз сябе гэта прапускаю. А вось такога, каб сціскаліся кулакі — «вось вы, сволачы» — у мяне такога няма. Ці з узростам гэта прыходзіць, ці досвед агулам. Пры гэтым я не апраўдваю, канечне, забойцаў і здраднікаў.

«Я разумею, што заставацца ў Беларусі было б рызыкоўна. Але там мой дом, мая маці, мой муж, мае коткі»

«НН»: Што захацелася зрабіць на волі ў першую чаргу?

НД: Мне хацелася пабыць адной, нейкі такі вось стан. І я думала пра тое, што вось трэба, значыць, трэнажорная зала, басейн, нешта такое. Заняцца сабой, таму што ўсё адбіваецца, трэба цяпер аднаўляць усё.

А ў сённяшняй сітуацыі ў нейкі момант мне захацелася яшчэ, каб гэта быў сон. Каб я вярнулася назад, дасядзела свой тэрмін і пабачыла сваіх блізкіх у Мінску. З таго моманту, як нас адправілі ў памяшканне з нашымі рэчамі, я больш за ўсё баялася абмену. Я не хацела і на новы этап, каб зноў каранцін… Але найбольш баялася, што мяне вымусяць выехаць. Жыццё працягваецца, я разумею, але пакуль што я ў стане адчаю.

Я ж спецыяльна не пісала ніякіх прашэнняў аб памілаванні. Маладыя студэнты таксама не прызналі віны, і адсядзелі свае тэрміны да канца. Прасіць памілаванне за тое, што мяне кінулі ў клетку? Для мяне б гэта было раўназначна пляўку самой сабе ў твар.

Я разумею, што заставацца ў Беларусі было б тэарэтычна рызыкоўна. Але там мой дом, мая маці, мой муж, мае коткі. Мне хочацца быць у сябе дома. 

Чалавек можа шмат перанесці, калі ён адчувае, што не страціў кантроль над сітуацыяй. Пакуль жа я адчуваю, што я страціла кантроль над сітуацыяй, нібыта я чагосьці пазбавілася. Быццам стаю не на цвёрдай глебе, а як быццам пада мной такі мяккі матрац, і вось я пераступаю і не разумею, дзе ў мяне мякка, я не адчуваю. Свабода не каштуе таго, каб яе давалі гвалтам, як далі мне. Можа, гэта дзіўна цяпер ад мяне чуць, але вы напішыце.

«НН»: Ці будуеце вы пры гэтым нейкія планы на будучыню?

НД: У мяне пакуль не можа быць планаў. У мяне былі планы, калі я збіралася выйсці ў снежні, калі б у мяне скончыўся тэрмін. Я збіралася быць дома. Мне нават гэта часта снілася. Разважала пра тое, што мне трэба тэрмінова запісвацца ў трэнажорную залу, таму што не было магчымасці займацца фізічнымі практыкаваннямі. І такія вось дробныя рэчы, якія складаюць павуцінку майго жыцця, я ўжо абдумала. Плюс, што я буду рабіць, кім магу працаваць ці не працаваць. Я на пенсіі, пасля шасцідзесяці жыццё толькі пачынаецца (шасцідзесяцігоддзе я ўжо адзначыла ў калоніі).

Я пачувалася вельмі добра і з аптымізмам глядзела ў будучыню. Вядома, можна было заўсёды завесці новую справу за пару тыдняў да выхаду. Але я ўсё адно намагалася распланаваць сваё жыццё [на волі]. Цяпер у мяне няма ніякіх планаў, я пакуль не магу пра гэта думаць.

«НН»: З 2020 года вас неаднаразова кідалі за краты па адміністрацыйных справах, але вы да апошняга заставаліся ў Беларусі і казалі, што варта «працягваць дэманстраваць, што супраціў не скончаны, нашы патрабаванні ў сіле». Ці змяніўся у вас тут падыход? Што параіце беларусам унутры краіны і за мяжой?

«НН»: Ёсць рэчы, якія нам не падуладныя. Але нам заўсёды падуладныя нашы паводзіны. Чалавек так уладкаваны, што ён заўсёды можа абіраць. І пажадана, каб у яго былі хатнія нарыхтоўкі перад тым, як прыйдзецца рабіць выбар, каб ён загадзя думаў над тым, як я буду сябе паводзіць, калі здарыцца нешта. Каб пасля не думаць: лепш бы я зрабіў наадварот. Найлепшая імправізацыя — яна з хатняй падрыхтоўкай.

Для адных пасуе рызыкнуць уласным дабрабытам: а ну ж пашанцуе — можа, я не сарвуся з абрыву, а пераскочу яго. А іншы падумае: правільна, што я застаўся, таму што мая фізічная падрыхтоўка не цягне, я б разбіўся. Я зычу ўсім загадзя зрабіць такі выбар, каб ён быў максімальна асэнсаваны.

Фактычна мы ўсе сядзім за іншадумства, за тое, што думаем па-іншаму і нейкімі спосабамі спрабуем данесці свае думкі да іншых. Але ж мы таксама грамадзяне гэтай дзяржавы — нават калі нас было б 1,5%, з намі таксама мусілі б лічыцца, а не саджаць у засценкі.

Што рабіць цяпер? Стаяць на сваім, кожны на колькі можа. І быць асцярожнымі, каб пацярпець мінімальна, спадзявацца на свайго анёла-ахоўніка — у нас хворы рэжым. 

Каментары4

  • Grazie, Signora
    22.06.2025
    Не спецыяльна патапталіся, не спецыяльна ў СІЗА, суд, калонію завезлі... Інтэлігентнасць і годнасць нібы ў кінутых у ГУЛАГ акадэмікаў. Здароўя пані Наталлі, але ж сябе варта вышэй цаніць і не надзяляць катаў неўласцівымі ім якасцямі.
  • Nope
    23.06.2025
    Гэта добра, калi у цябе моцнае здароўе, але ж калi не - лепш пicаць гэтую памiлоуку. Шмат хто семьямi патрапiу за краты
  • Ваш былы студэнт Андрэй
    23.06.2025
    Вы сіла! І Ціханоўскі сёння падняў настрой, і вы. Схіляю калені!

Цяпер чытаюць

«Стаяць на сваім, кожны на колькі можа!». Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі4

«Стаяць на сваім, кожны на колькі можа!». Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

У Магілёве пасля прапагандысцкай кампаніі за будаўніцтва царквы ў ахоўнай зоне лесапарку выявілася, што будаваць яе нельга3

Стала вядома пра смерць 38-гадовага экс-палітвязня Алега Гнедчыка1

Святлана Алексіевіч павіншавала Ціханоўскую з вызваленнем мужа1

Так жылі багатыя мінчукі 90-х. Прадаюць кватэру ў доме для партыйнай эліты5

Пазняк пра вызваленне палітвязняў: Яны крычалі: «душыць санкцыямі». Тое, што мы бачым — падрыхтавалі іншыя107

«Казырамі не раскідваюцца. Бацька перайграў і знішчыў». Як прапаганда патлумачыла вызваленне Ціханоўскага19

Франак Вячорка пра Ціханоўскага і іншых вызваленых: Спісы мяняліся ў самы апошні момант19

З чым Келаг параўнаў Палац незалежнасці Лукашэнкі?9

«Пабачыў шмат крыві». Сябар 43-гадовага Змітра Каспяровіча расказаў, як знайшоў яго цела3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Стаяць на сваім, кожны на колькі можа!». Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі4

«Стаяць на сваім, кожны на колькі можа!». Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць