Адмыслоўцы УП «Мінскпраект» сканчаюць працу над архітэктурным праектам адбудовы Верхняга гораду.
Адмыслоўцы УП «Мінскпраект» сканчаюць працу над архітэктурным праектам адбудовы Верхняга гораду. Яны ставілі перад сабой задачай рэстаўрацыі, аднаўлення страчанага і аднаўлення гістарычнага асяроддзя як адзінага цэлага.
З вынікамі працы архітэктараў знаёміць часопіс «Архітэктура і будаўніцтва». Што варта адзначыць у першую чаргу: спецыялісты «Мінскпраекту»
галоўнай мэтай сваёй працы паставілі аднаўленне цэласнасці гісторыка-культурнага асяроддзя шляхам адбудовы страчаных дамінантаў.Пра аднаўленне адной з іх — царквы Святога Духа, — СМІ ўжо паведамілі. Яна дазволіць завершыць галоўную прасторавую вось плошчы Свабоды.
Дэталёвы план, распрацаваны архітэктарамі, утрымліваў канкрэтныя прапановы па аднаўленні разбуранага ў 1960-1990-х гг комплексу будынкаў на пл. Свабоды пад нумарамі 19, 21, 23 (так званы Малы Гасцінны двор каля праваслаўнага сабору), аднак гэтая задума адкладзеная на перспектыву, а пакуль там абмяжуюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі.
Распрацоўшчыкі праекту мяркуюць, што гістарычнаму цэнтру гораду ў першую чаргу трэба надаць публічны, а не адміністрацыйны характар, дзеля чаго ў рамках праекту прапануецца змяніць функцыі наяўных аб’ектаў. Паводле меркавання спецыялістаў, гістарычнаму цэнтру моцна не хапае кавярняў, мастацкіх галерэяў, майстэрняў.
Адным з істотных накірункаў працы архітэктараў ёсць спалучэнне гістарычнай забудовы і сучасных элементаў добраўпарадкавання, малых архітэктурных формаў, скульптурных кампазіцый, якія б падкрэслівалі характар і гістарычную атмасферу ўсёй прасторы. Асаблівую ўвагу збіраюцца ўдзяліць дарожнаму пакрыццю — вулкі Верхняга гораду плануюць вымасціць брукам, а не пліткай. Акрамя таго, тут плануецца стварыць амаль суцэльную пешаходную зону, пакінуўшы транспарту толькі вуліцу Гандлёвую, што ідзе паўз гару ўздоўж Свіслачы і злучае Нямігу з Інтэрнацыянальнай.
Пры аднаўленні цэласнасці гістарычнага цэнтру, архітэктары лічаць неабходным
захаваць планіровачную структуру, якая мусіць стаць непарушнай каштоўнасцю і кропкай адліку для любога праектавання і ўкаранення ў гістарычны цэнтр.
Над праектам працаваў аўтарскі калектыў архітэктараў Г. Перлінай, А. Дубрынскай, А. Хворык, В. Агеенка, В. Новікавай, А. Кашанскага, А. Хадзякова.
Ілюстрацыі з darriuss.livejournal.com
Цяпер чытаюць
«Быў галодны, як з Асвенціма, не еў ні мяса, ні гародніны». Што вядома пра смерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы
Каментары