Літаратура

Пісьменніца Марыя Вайцяшонак расказала, чаму ў свае 80 гадоў слухае рэпераў

…Адчыняюцца дзверы
Ў хаце,
Трэба сказаць
Гаспадыні,
Па што я
Прыйшла.
Па дарагія ўспаміны,
Быццам еду
З сёстрамі
З млына
на конях
Напудраваўшыся вальцам,
І кветка ў валасах.
«Асадніцкія дзеўкі»…

«Гучаць — ліюцца замовай радкі верша са зборніка Марыі Вайцяшонак «Альбом для цёткі Марылі». Аб'ёмісты том, у якім проза, вершы, згадкі, мудрасць, настальгія, прыгажосць, шмат сэнсаў і падтэкстаў. Вось сабралася згадаць, што ў Марыі Антонаўны 80-гадовы юбілей — і таксама падтэкст… Бо яна сама магла не ведаць пра гэтую дату», — піша пісьменніца Людміла Рублеўская ў газеце «Звязда». 

«Асадніцкая дзеўка», дачка польскага асадніка, яна нарадзілася на далёкім Алтаі, у Змяінагорску, куды ў 1940-м саслалі сям'ю. Маці, беларуская сялянка, у час высылкі была цяжарная. Таму Марыя і не ведала ні свайго дакладнага дня нараджэння, ні нават года. Запісалі ўзрост пасля, прыблізна… І толькі нядаўна Марыя Вайцяшонак даведалася з дакументаў, што нарадзілася 1 снежня 1940 года.

Першае жытло яе — зямлянка, у якой змушаныя былі туліцца разам з козамі. Бацька там, у высылцы, хутка завёў іншую сям'ю. А «асадніцкім дзеўкам» давялося выжываць…

Па дарозе з дзіцячага дому ў Змяінагорску ў вёску Грыдзькі.
Па дарозе з дзіцячага дому ў Змяінагорску ў вёску Грыдзькі.

Але не, і гэта няправільнае слова. Марыя заўсёды жыла — так, як іншым не дадзена, як не ўмеюць. Там, дзе іншыя б зламаліся, ачарсцвелі душой, яна праходзіла з кветкай у валасах, з уменнем бачыць прыгажосць, прабачаць і спачуваць…

У Боркаўскай школе на Пружаншчыне.
У Боркаўскай школе на Пружаншчыне.

Марыя напісала дзясяткі кніг — прозы, публіцыстыкі, паэзіі, працавала ў часопісах «Беларусь» і «Нёман», у «Сельскай газеце». І заўсёды ўспрымалася для мяне ў атачэнні кветак… І ў дзівосным садзе, які гадуе на лецішчы… І ў доме, у густоўным стракаценні карцін, букетаў, каменняў і ракавінак… І ў яе вершах — кветкі, кветкі… Лілея ў пакрышаным бурай садзе, напёрстка на пахавальным пагорку, таямнічая алтайская брунера, юлёвая ясная кампанула, познія дзікія юргіні, белыя канваліі…

На Піншчыне ў камандзіроўцы.
На Піншчыне ў камандзіроўцы.

Сёння Марыя жыве за горадам, каля свайго саду. У яе сур'ёзныя праблемы са зрокам — свае думкі яна надыктоўвае, і з дапамогай гісторыка Аксаны Ёркінай яны трапляюць на адмысловую старонку ў фэйсбуку «На прызбе ў Сілічах», дзе кожны можа сустрэцца з Марыяй, пачуць яе.

І гэтая наша размова — быццам шлях праз яе Сад.

МАР'ІН КОРАНЬ

— Памятаеш сваю першую сустрэчу з кветкамі?

— Так… На Алтаі… Памятаю сопкі, горы… Я не ўсведамляла, што мы былі сасланыя, што быў голад, што было вельмі холадна. Таму што ў мяне мелася воля. Я хадзіла сама па сопках, ніхто мяне не чакаў: ні старэйшая сястра, ні мама. Бацька ўжо з намі не жыў. І самы дарагі твар, першы, які ўспамінаю, — твар прыроды. Нам дазволілі пераехаць у горад, у Змяінагорск, пасля рэабілітацыі, там ужо жылі ў падвале. А калі ў зямлянцы, дарослыя мяне пакідалі зусім маленькую і ішлі працаваць на руднік. Першы ўспамін: прыйшла вясна, столь зямлянкі пачала працякаць, на падлозе стаяла лужына. І раптам бачу, што кавалак гліны, які зваліўся са столі, пачаў рухацца — гэта была жаба… Самае цікавае — не ўспамінаю адчування голаду. Я ж магла карыстацца ўсім, што ў мяне пад нагамі: лісце, трава… Не было прадчування бяды. Здавалася, вось яно, жыццё, такім і павінна быць. Жук, які жыве недзе ў зямлі, пэўна ж, не маркоціцца, не сумуе, не лічыць сябе няшчасным, што ў яго такое асяроддзе. Выходзіш з падвала і бачыш такі прыгожы свет… Дык вось, памятаю, як я знайшла паўзучую півоню — мар'ін корань. І гэта была такая падзея, што гэтая кветка мне сустрэлася. Яна не бухматая, але пялёсткі вялікія, яркі колер, пурпуровы. Я адчула асабовасць кветкі і сябе таксама. Нехта мяне вылучыў нарэшце! Па сёння памятаю схіл той сопкі…

— Колькі гадоў табе было?

— Ну, можа, пяць. Па сёння шукаю — на кірмашах, Камароўцы мінскай — той мар'ін корань. Купляю насенне, мне нешта прыносяць, але гэта не той мар'ін корань дзікі… Падобны, але ён ужо бухматы, некім адкарэкціраваны… У тыя гады на ўсе вочы мае была тая кветка… Здавалася, гэта не расліна, а разумная істота.

КАСМЕЯ

— У тваіх вершах часта згадваецца касмея…

— На Алтаі мы жылі толькі за тое, што мама магла прасці, у падвале нашым стаяў калаўрот, а старэйшая сястра Уладзя на прутках вязала хусткі раблёныя, белыя, з казінага пуху. У падвале з намі жылі козы. Мы з сястрой неяк адносілі заказ да жанчыны… А яна кажа: «Я зараз вам нарэжу кветак». Гэта былі касмеі. Яны стаялі вельмі густа. Цэлая дзялка… І ў мяне з'явілася жыватворчае адчуванне… Таму што нам часам давалі ў дадатак да аплаты нейкія прадукты, рэчы, а кветкі ніхто ніколі не прапаноўваў. Гэта першы раз. Нам было вельмі важна, што ў нас, худых, галодных, кепска апранутых, пабачылі тых, каму можна падарыць кветкі. Можа, таму, што Уладзя вязала вельмі прыгожыя хусткі. І святла ж не было ў падвале, але атрымлівалася ў яе мастацтва… У мяне ёсць нават некалькі фотаздымкаў, дзе Уладзя ў такую хустку захутаная, хустка вялікая, хавае ўсю постаць.

Сінегалоўнік.
Сінегалоўнік.

— У цябе яшчэ былі сёстры, браты?

— Уладзя была сасланая з бацькам і маці ў Змяінагорск. А малодшыя, Гелена, Лёня, як яе звалі па-хатняму, і брат Бронік, памерлі яшчэ ў аблозе, пахаваныя ў Паставах, на гарадскіх могілках. А мама на Алтаі памерла, і бацька. Але яго ўжо хавала іншая сям'я. Дарэчы, цяпер у мяне раскоша…Тут, у Сілічах, доўжыцца мой Алтай, бо козы нашага суседа ідуць на выган каля маіх вокнаў… Тады клічу свайго сабаку: «Мальта, паглядзі: козлікі ідуць!»

БЕЛАЯ РУЖАЧКА

— Чаму твой зборнік называецца «Альбом для цёткі Марылі»?

— Пасля смерці маці я была ў дзіцячых дамах, у Змяінагорску, потым у Маскве, у Залессі, потым у Ракаве. Уладзя вельмі хутка памерла, сэрца не вытрымала. Яна ўжо на рудніках была хворая. А галоўнае — знайшла мяне цётка Марыля. Я была ў яе з другога па сёмы клас і з дзіцячых дамоў на канікулы прыязджала. Яна з мужам Віталікам жыла ў Грыдзьках, на Пастаўшчыне. Гэта радзіма мамы, мая радзіма. Ад Грыдзек, за кіламетр, не болей, была аблога бацькава. Хата цёткі і дзядзькі маленькая, з адным акенцам — будавалася пасля вайны як варыўня. Дзядзька і цётка тады думалі, што пасля яшчэ пабудуюць хату, але так і не разжыліся — з гэтай варыўні і пайшлі ў іншы свет. Я ніколі не чула, каб мае дзядзька і цётка гаварылі, што яны бедныя. Падлога была земляная, страха саламяная… І ніхто ніколі не жаліўся. Не бедавалі, не зайздросцілі, ні пра кога не гаварылі кепска. Для мяне яны — святое сямейства. А пад акном у нас расла белая ружачка. І, пэўна, мой дзядзька Віталік заўважыў, што ў мяне да гэтых кветак асаблівае стаўленне. Ён прыходзіць дамоў і трымае руку за спінай. І раптам падносіць мне ружу… Але не белую, а ружовую, таксама не садовую, а з куста. «Глядзі, кажа, у Вінцука якая ружа ёсць!» І гэта была першая кветка, якую мне падарыў мужчына — мой дзядзька. А быў ён «вараўны», як у нас казалі, не любіў размаўляць…

— Гэтая твая фраза — «Прысела і думаю, ці не доўга я сяджу» — адтуль, ад сялянскага ўкладу цёткі?

— Так. Я лічу, што воля і сваволя ходзяць, за рукі пабраўшыся. Я прывыкла шанаваць час. Вельмі важна, каб у дзіцяці была свая адказнасць. Мне дзядзька Віталік мог сказаць: «Вось гэта зробіш, а потым куды хочаш, туды ідзі». Гэта такі заробак, ты зарабляеш сабе волю. А калі твая воля заробленая, у яе зусім інакшы колер. І вакол цябе тады ўсё такое каляровае, бухматае, шыкоўнае. Ты ўжо напоўзаўся ў лехах, нешта выбіраў, палоў… І раптам — воля. Дзеці павінны, як у жмені, разам быць усё жыццё са старэйшымі. Я дзіўлюся, калі наша суседка, маладая мама, прыводзіць сваю дачку ў капялюшыку з карункамі, і штонікі на ёй таксама як на даваенных святочных паштоўках. А побач жа зямля дыхае, вяскоўцам ні прысесці, ні ўстаць, ні пагуляць… Мне ў вёсцы ўдзень пераапрануцца ў нешта лепшае няма як. І вось гляджу я на тую маладую маму і дачку ў капялюшыку і дзіўлюся: на якое жыццё яны разлічваюць? Лепш пачынаць з зямлі, падымацца ад яе. Вучыць дзіця садзіць цыбулінку, зярнятка. Не цурацца тае зямлі, не адгароджвацца ад яе нейкімі ўборамі, сукенкамі. Трэба дыхаць гэтай зямлёй. Тады ў дзіцяці будзе «зазямленне», яно «магнэз зямлі» стане адчуваць. Мы яшчэ так мала спасціглі таго, што ў нас пад нагамі. Толькі жывучы ў вёсцы, можаш мець нейкія здаровыя адчуванні, рэакцыю на тое, што адбываецца.

КАТАЛЬПА

— У тваім садзе ёсць любімыя кветкі?

— Я дзіўлюся, калі гавораць: зараз модная вось такая кветка ці вось такая… Не разумею гэтага, таму што сад павінен мець гісторыю гаспадара, люстраваць яго адносіны да зямлі. Каб было адзінства з ім. Напрыклад, калі мы набылі гэты дом, у садзе расло вялікае дрэва катальпа, яно родам з Японіі, Кітая. Былы гаспадар непакоіўся, ці будуць на ім лісты вясной, прапаноўваў спілаваць. Я пачала дрэва выходжваць… І гэтым летам здарыўся вялікі вецер. Я паглядзела ў акно і ўбачыла, што за ноч вецер змяніў катальпу. Расахатае галлё стала інакшым, а само дрэва развярнулася тварам да сцежкі, па якой звычайна мы ходзім. Да нас. І гэта было так нечакана… Як быццам які чалавек раптам сказаў табе нешта добрае. І цяпер ідзеш паўз тое дрэва — абавязкова звяртаеш увагу на яго. І гэтым летам яно цвіло… Ярусамі, вялікімі белымі кветкамі… Ёсць у мяне яшчэ кветка, якая родам з Алтая, саранка. Яна абавязкова павінна быць у мяне, яна для мяне як радня. Гэта такая лілея… Яе карэнні можна нават есці. Не памятаю, магчыма, у дзяцінстве і каштавала яе.

КВЕЦЕНЬ БУЛЬБЫ І САКУРЫ

Жанчыны
Майго племя
Не ходзяць глядзець
На сакуру
На вішню
Ў ружовым.
Яны перапытваюць
Адна ў адной,
Ці зацвіла ў гародзе
Бульба.
Дробная кветка без паху,
Не маючы прыгажосці,
Толькі сваім з'яўленнем
Вабіць увагу,
Абяцае
Ружовую завязь паспешкі.

— Гэта верш з твайго зборніка, у якім нібыта супрацьпастаўляюцца вясковы прагматызм і рамантыка тых, хто глядзіць на квецень вішні… З аднаго боку, ты спавядаеш прывязку да зямлі, з іншага — супрацьстаіш залішняй заземленасці… Вось мой муж, вясковец паходжаннем, неахвотна дорыць мне букеты… Аднойчы прызнаўся, што не любіць «трупы кветак».

— Мы з ім у гэтым супадаем. Нядаўна прасіла сяброў толькі ружы мне не купляць, таму што яны паміраюць на другі-трэці дзень, і я не хачу, каб яны паміралі на маіх вачах.

— Але ж калі ты была настаўніцай, табе дарылі кветкі?

— Чамусьці не памятаю. Мусіць, не было ў той вёсцы такога звычаю. Гэта Пружаншчына, вёска Барок. Тады яшчэ вучылася завочна ва ўніверсітэце. Я здымала пакой у бабулі. Ніхто не мог узяць пастаяльца, толькі яна згадзілася. У яе былі дзень і ноч адчыненыя дзверы, як у нары. Я гатавала на прымусе, у мяне быў маленькі пакой… У Грыдзьках расло шмат кветак, абавязкова гародчыкі каля хаты як прывітанне тым, хто ідзе і едзе па гасцінцы. Жанчыны вясной увесь час абменьваліся насеннем, карэннем. А на Пружаншчыне я гэтага не бачыла. Затое там Белавежская пушча побач.

— Заўсёды дзівілася твайму ўменню бачыць прыгажосць у дэталях, як умеюць японскія паэты. У сваім блогу ты расказала эпізод, як табе ў дзіцячым доме далі на сняданак яечка і якое гэта было свята.

— Дзядзька Віталік быў пастырам, пастухом. Да яго прыходзілі зарана ўзімку, дамаўляліся і з іншых вёсак, бо ён быў вельмі добры пастыр, ніколі карову або цяля не страціў. Вясной ён знаходзіў гнёзды качак, усе яйкі ніколі не забіраў — толькі некалькі, каб прынесці дамоў. І калі я прыязджала з дзіцячага дома да цёткі, яна збірала для мяне яйкі… А ў Ракаве, у дзіцячым доме, калі мне давалі яйка, на нейкі момант мне здавалася, што я зноў у цётчынай хаце з адным акенцам — месцы, дзе найлепей сябе адчувала. У яйку ўсё так сканцэнтравана, такая сіла, з яго можа нарадзіцца птушаня, як з цыбуліны — кветка лілеі… І яго можна ўзяць у руку… У ім таямніца. Разумееш, калі ты абезаблічаны, у вас агульныя ложкі, дваццаць у пакоі, агульная вопратка, аднолькавая… Штаны, памятаю, называлі «бб» — чаму, не ведаю… Чаравікі аднолькавыя… І раптам — яйка, такая дасканаласць у ім… Да гэтага прывыкнуць, колькі я жыву — а жыву я шмат, як ты ведаеш, — немагчыма. Калі я на вячэру адвару сабе яйка — гэта свята. У нас на лецішчы, у кошыку, які быў у кустах бэзу для дэкору, пасялілася сойка, вывела птушанят. І ў людзей з'явіліся новыя сцежкі, памянялася жыццё. Мы хадзілі вакол — хоць праз плот лезь, бо сойка, калі бачыла, што набліжаешся, так стракатала… Быццам яна мае ружжо, быццам яна — такая абарона…

— У тваёй біяграфіі быў і часопіс «Нёман», які святкуе 75-годдзе…

— Так, працавала там у аддзеле нарыса, калі быў рэдактарам Анатоль Кудравец. Памятаю, што працавалі са мной Браніслаў Спрынчан, Эдзік Каспяровіч. Прыходзілі ў рэдакцыю Міхась Стральцоў, Кастусь Тарасаў…

— Гэта было ў васьмідзясятыя?

— Не згадаю. Ведаеш, пэўна, мне так наканавана: я ўсё жыццё не ведала, колькі мне гадоў, і лічбы па сёння не запамінаю, адчужанасць у мяне да лічбаў.

— А яшчэ ты сказала ў сваім блогу: «Калі ты жывеш у часе, у якім жыве рэпер, у цябе абавязкова павінна быць нешта ад рэпера»…

— Мне проста вельмі цікава, што такое вулічныя танцы. Можа, я ў сваіх гадах мушу прасіць прабачэння за тое, што мне гэта цікава, — але мне цікава. Як яны рухаюцца, іх музыка… І да мяне яна даходзіць. Мне цікава, што пішуць маладзейшыя: і Наста Кудасава, і Таццяна Скарынкіна, і Георгій Барташ, і Андрэй Горват, і Вольга Злотнікава ды многія іншыя. Аксана Ёркіна чытае мне публікацыі, бо сама я ўжо не магу. Вельмі рада, што магу падзяліцца ўражаннямі на старонцы «На прызбе ў Сілічах» у «Фэйсбуку». І апошняе: калі адзінокі чалавек не адчувае сябе адзінокім, гэта значыць, што побач з ім знаходзіцца Бог. Гэтае выслоўе мяне вельмі падтрымлівае.

Новая кніга Марыі Вайцяшонак прадаецца ў "Акадэмкнізе".

Новая кніга Марыі Вайцяшонак прадаецца ў «Акадэмкнізе».

Каментары

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана14

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прапануюць забараніць пераходзіць чыгуначныя рэйкі ў навушніках1

Студэнта з Кот д'Івуара публічна судзілі ва ўніверсітэце ў Гродне, яго вышлюць з краіны2

Дураў расказаў, што думае пра Маска, Цукерберга і Альтмана2

Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, пасадзілі ў калонію і назвалі тэрарысткай6

Пуцін назваў расійскую атаку на дзевяціпавярховік у Кіеве, падчас якой загінулі 23 чалавекі, ударам па ваенным заводзе1

У Аргенціне выкрылі разведгрупу з Расіі1

Канапацкая прызналася, што гэта яна арганізавала візіт Келага ў Беларусь23

Беларусы, якія хочуць украінскі пашпарт, але не могуць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі афіцыйна, змогуць зрабіць гэта дэкларатыўна2

Алексіевіч: Ціханоўская сімпатычная, шмат зрабіла, Латушка і Вячорка разумныя. Але няма адчування трываласці апазіцыі38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана14

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць