Навука і тэхналогіі

«Гэтае «вынаходніцтва» гадоў 20 на складзе праляжала!» Што паказвалі Лукашэнку на нарадзе па мікраэлектроніцы

Цягам гадзіны кіраўніцтва краіны разважала пра нанатэхналогіі, але пры гэтым разглядала схемы, запаяныя на абы-якія правады, спаленыя кандэнсатары і разліты па платах прыпой…

Сёння Аляксандру Лукашэнку дэманстравалі перадавыя айчынныя напрацоўкі ў сферы мікраэлектронікі — гэтаму нават прысвяцілі спецыяльную нараду. Візуальны матэрыял калейдаскопам мяняўся перад афіцыйнымі асобамі. Тады як тлумачэнні, перасыпаныя тэрміналогіяй, павінны былі запэўніць, што санкцыі ў сферы высокіх тэхналогій краіне абыякавыя.

Аднак варта было больш дэталёва разгледзець скрыншоты «прарыўных напрацовак», як людзей, звязаных з гэтай галіной, накрыла істэрыка.

Фота тут і далей: тг-канал пула Лукашэнкі

«Дастаткова глянуць на фота платы з некалькімі кандэнсатарамі, каб схапіцца за галаву. Які дэвайс не згадай, яна туды ні ў пяць, ні ў дзесяць. Нават калі гэта макет пэўнай прылады, то прыкладны сэнс элементу-наватвору і туды не прыдумаць»,

— адзначаюць суразмоўцы, дасведчаныя ў сферы мікраэлектронікі.

І дадаюць, што падобныя платы распрацоўваліся ў лепшым выпадку напачатку стагоддзя, дзесьці ў 2003-м. Можа, менавіта таму яе стан сёння такі безнадзейны: функцыяналу няма, схема запаяная на абы-якія правады, кандэнсатары спаленыя, а па самой плаце ўсюды разліты прыпой…

«Людзі кпяць, маўляў, нешта падобнае рабілі апошнім разам у шостым класе. І, ведаеце, гэта недалёка ад ісціны. Як мінімум па часе. Бо калі ўважліва прыглядзецца да фота, лёгка пабачыць нумар мікрасхемы, які напісаны асадкай.

У сучаснасці ж ідэнтыфікацыя зусім іншая як па тэхналогіі, так і па афармленні, — распавядаюць суразмоўцы. — Такое адчуванне, што дадзенае «вынаходніцтва» некалі даўно для кагосьці індывідуальна распрацавалі, але патрэбы яно так і не займела. З-за чаго 20 гадоў на складзе і праляжала».

Дарэчы, крытыку прафесіяналаў выклікалі не толькі дробязі, але і сама сутнасць нарады разам з фарматам правядзення. Бо недасведчанаму чалавеку нюансы мікраэлектронікі не патлумачыць. Тым больш на прыкладах нейкіх сур'ёзных распрацовак.

«Максімум, што ты можаш атрымаць, — эстэтычнае задавальненне ад колераў ды форм, — аднагалосна сцвярджаюць дасведчаныя людзі. — Калі б не фота з дыёднымі мікрасборкамі, якія ўжо процьму год «Інтэграл» вырабляе, то ўвесь стэнд можна было б назваць «пастановай», а нараду — «перформансам».

Не дадае вістоў палітычным сцверджанням і рэальная вага беларускай прадукцыі на сусветным рынку. Слова «канкурэнтаздольнасць» выклікае сумныя ўсмешкі.

«Ведаеце мем «усё вельмі дрэнна»? Вось гэта пра айчынную мікраэлектроніку. Запытайце ў практыкаў, хто мінімум гадоў 15 працуе ў сферы, колькі разоў за гэты час яны сустракаліся з беларускай «начынкай» у дэвайсах? Дай бог, каб хаця б аднойчы такое спатканне адбылося!»

Суразмоўцы тлумачаць: наладзіць вытворчасць усёй высокадакладнай прадукцыі ў адной краіне немагчыма. Таму амерыканскія напрацоўкі нават унутры аднаго корпуса суседнічаюць з кітайскімі, а акаляе іх які-небудзь карэйскі элемент.

«Мы ж з развалам уласных вытворчасцяў — на «Інтэграле» палова цахоў ужо не адпавядае прызначэнням — адсталі ад сусвету. Нават калі аб'яднаць высілкі з Расіяй, стаць з лідарамі вытворчасці ў адзін шэраг не ўдасца. Хутчэй вернемся ў часы, калі на кітайскія маніторы клеілі этыкеткі «Інтэграла».

А што да санкцый у сферы мікраэлектронікі — ці адчуваюцца яны? Бо Лукашэнка ўслед за Пуціным намякае: калі нечага хапаць не будзе, падгледзім ды «пазычым» на Захадзе альбо Усходзе.

«Бравада дый толькі! — настойваюць суразмоўцы. — Сёння нават ідэі скрасці немажліва. Тыя ж кітайцы зараз супыняюць адгрузку ўласнай вытворчасці на тэрыторыю Расіі ды Беларусі, бо ў аснове іх тэхналогій ляжаць запатэнтаваныя амерыканскія ідэі. І калі нарушыць правілы на карысць нашай дзяржавы, можна самім вельмі моцна пацярпець.

Мікраэлектроніка — сфера, дзе завязаныя інтарэсы вельмі многіх краін. І рызыкаваць вытворчасцю, прыбыткам альбо рынкамі ніхто наўпрост не будзе. Тым больш калі партнёр усё яшчэ падпісвае платы асадкай».

Каментары

Цяпер чытаюць

Жанчыну-пульманолага з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах9

Жанчыну-пульманолага з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску здарыўся чарговы патоп

Шрайбман: Лукашэнка больш прагматычны за Пуціна10

У Закарпацці падлеткі 13, 14, 16 і 17 гадоў згвалтавалі 46-гадовую жанчыну3

Палітвязню з Маладзечна, у якога няма адной нагі, прысудзілі 4 гады калоніі1

Блогер-канспіролаг Вірус спыняе сваю дзейнасць, бо ніхто яму не данаціў13

«Прагноз кіроўцы — 15—16 гадзін на мяжы». Пасажыры аўтобусаў, што едуць у Літву, скардзяцца на незвычайна доўгае чаканне1

«Нават дарослыя хацелі далучыцца». Як беларусы ў эміграцыі арганізавалі летнік для дзяцей у Белавежскай пушчы

Застаўся без парэчак. Уладальнік гадавальніка пад Мінскам — пра тое, як надвор’е паўплывала на працу1

Топ-менеджарка Astronomer, якая абдымалася з CEO кампаніі на канцэрце Coldplay, таксама звольнілася4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жанчыну-пульманолага з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах9

Жанчыну-пульманолага з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць