Літаратура11

Ці чытаў Караткевіч сябрам бунінскую «Бабу-Ягу»?

Паэт, літаратуразнаўца і журналіст Міхась Скобла на сваёй старонцы ў фэйсбуку разважае пра падабенства і агульныя рысы твораў беларускага і расійскага класікаў: «Машэкі» Уладзіміра Караткевіча і «Бабы-Ягі» Івана Буніна.

Калаж: budzma.org

«Перачытваючы нядаўна Івана Буніна, яго знакамітыя «Акаянныя дні», я па інерцыі пагартаў увесь ягоны шасцітомнік і спатыкнуўся вокам на вершы «Баба-Яга». Ён падаўся мне знаёмым, хоць, прызнацца, Буніна-паэта я амаль не чытаў, паланёны яго чароўнай прозай. Так бывае — каб самахоць не дамяшаць лыжку расчаравання ў бочку любові да пэўнага пісьменніка, пачынаеш неяк інстынктыўна абмінаць тыя жанры, дзе твой улюбёнец не дасягнуў належнай вышыні. Так у мяне сталася з Буніным, чыя паэзія маé чытацкія рэцэптары пакідае амаль безуважнымі (ох і даў бы мне выспятка за гэта ганарлівы нобелеўскі лаўрэат!).

Пачатак «Бабы-Ягі» безуважным мяне не пакінуў:

«Гулкий шум в лесу нагоняет сон — / к ночи нá море пал сырой туман. / Окружен со всех четырех сторон / Темной осенью островок Буян».

Зрабіўшы закладку ў кнізе, я не адразу ўспомніў, адкуль гэта пазнавальная інтанацыя, гэты знаёмы парадак слоў?

З «Машэкі»! Верша Уладзіміра Караткевіча пра беларускага паўстанца. Я хуценька адшукаў на паліцы яго зборнік «Матчына душа» і ўпэўніўся, што памяць, з кожным годам усё больш дзіравая, на гэты раз мяне не падвяла. «Машэка» пачынаўся так, быццам Уладзімір Сымонавіч з Іванам Аляксеевічам за адным сталом сядзелі і ў бурымэ гулялі. Ёсць такая літаратурная гульня, калі адзін верш пішацца рознымі паэтамі на зададзеныя рыфмы і загадзя вядомую тэму.

«Лісце алае засыпае роў, / Пушчу чорную апавіў туман. / Атачон з усіх чатырох старон / Золкай восенню мой лясны будан».

Бунінская «Баба-Яга» датуецца 1908 годам, караткевічаўскі «Машэка» — 1955-м. Зразумела, хто каму наследаваў і, нібы месяц у сонца, пазычаў паэтычнае святло (з’ява ў сусветнай літаратуры даволі распаўсюджаная). 

На жаль, факт гэтай пазыкі-наследавання не быў заўважаны даследчыкамі ў каментаваных Зборах твораў Уладзіміра Караткевіча — ні ў даўнім 8-томным, ні ў цяперашнім 25-томным, які працягвае выходзіць у свет.

І гэта не дзіўна, бо творчасць Караткевіча — як айсберг: і на паверхні выглядае як гара, але яшчэ большая гара схавана ў глыбіні. А ў глыбіню не кожны даследчык данырне, не кожны мае адпаведны глыбакаводны «скафандр».

І ўсё ж мáю спадзяванне, што з цягам часу нехта данырне і да грота «Караткевіч і Бунін» ды агледзіць яго з усіх бакоў.

А ныраць, відаць, трэба, адштурхнуўшыся ад успамінаў Адама Мальдзіса: «Лепшым творам усіх часоў і народаў Валодзя назваў тады «Чысты панядзелак» Івана Буніна. Мы з Міколам Грынчыкам са скрухай прызналіся, што не чыталі яго. Тады гаспадар прынёс адпаведны том, пачаў зачытваць урыўкі. Потым з задавальненнем перачытваў уголас бунінскія вершы».

Ну, з «Чыстым панядзелкам» справа ясная — там захмялелы Васіль Качалаў на маскоўскім акторскім капусніку прамаўляе тосты «з буйным потам на ілбе, на які звісае касмыль яго беларускіх валасоў». 

А ці чытаў тады сябрам Уладзімір Сымонавіч бунінскую «Бабу-Ягу»?

Чытайце таксама:

Хто адцэнзураваў Уладзіміра Караткевіча?

«Пакіньце жыццё мне!» Як савецкая цэнзура змусіла Пімена Панчанку замяніць канец хрэстаматыйнага верша

Як Мальдзіс выратаваў архіў Ларысы Геніюш ад чыноўнікаў, што ўчынілі ў яе дома ператрус у пошуках антысавеччыны

Каментары1

  • баба яга против!
    29.11.2022
    "А ці чытаў тады сябрам Уладзімір Сымонавіч бунінскую «Бабу-Ягу»?"
    а што - там нешта таксама эратычнае?

    а я была на сапраўдным востраве Буяне...
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?2

Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?

Усе навіны →
Усе навіны

Выбары ў Польшчы: экзіт-полы з улікам галасоў за апошнія гадзіны галасавання вывелі ў лідары Наўроцкага5

Беларускі фермер раскладаў вогнішчы на полі, каб выратаваць клубніцы2

Выбары ў Польшчы: па выніках першых экзіт-полаў лідзіруе Рафал Тшаскоўскі — але на долі працэнта29

Зяленскі: У аперацыі «Павуцінне» былі выкарыстаны 117 дронаў7

Саліст расійскай групы «Руки вверх» адкрые ў Мінску свой бар13

У Польшчы арыштавалі былога кіраўніка беларускага «Паспалітага рушэння» — пагражае 10 год за наркотыкі32

У Белым доме не ведалі пра падрыхтоўку Украінай спецаперацыі «Павуцінне»6

Каля расійскага аэрадрома, які не трапіў пад удар СБУ, згарэла фура4

Расійскае Мінабароны пракаментавала атаку СБУ па сваіх аэрадромах13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?2

Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць