Ежа

Выбіраем чырвоную ікру. Як адрозніць далікатэс і падробку

Чырвоная ікра — адзін з самых дарагіх далікатэсаў. Тым не менш менавіта гэты прадукт нязменна падаецца да навагодняга стала кожнае 31 снежня. Смак чырвонай ікры добра знаёмы дарослым і дзецям, аднак, каб атрымаць асалоду ад упадабанага пачастунку, трэба ведаць тонкасці выбару. Як правільна выбраць чырвоную ікру і як выглядае яе падробка, расказала намеснік галоўнага доктара Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Мілановіч, піша «Звязда».

— Ірына Уладзіміраўна, чым карысная чырвоная ікра?

— Чырвонай называюць ікру ласасёвых рыб. У кожнай рыбы яна адрозніваецца па выглядзе, але ўся яна мае шэраг карысных уласцівасцяў дзякуючы вітамінам і мікраэлементам. Найперш гэта вітаміны A, D, E, фоліевая кіслата, кальцый, фосфар, бялок, поліненасычаныя тлустыя кіслоты.

— Як не купіць падробку? Перад навагоднімі святамі дзе толькі ні прадаецца гэты далікатэс…

— Перш за ўсё, ікру варта купляць толькі ў правераных гандлёвых пунктах і ні ў якім разе не з рук. Абавязкова патрабуйце дакументы, якія пацвярджаюць якасць, калі ў вас узніклі сумневы. На этыкетцы павінны быць пазначаныя вытворца, імпарцёр і дзве даты — вырабу і фасоўкі.

— Здаецца, не лішнім будзе загадзя пацікавіцца месцамі лоўлі…

— Звяртайце ўвагу на дату вытворчасці. Перш за ўсё, каб не купіць пратэрмінаваны прадукт. Акрамя таго, ёсць і такі нюанс: калі гэта ліпень ці жнівень, значыць, ікра сабрана і закансервавана неўзабаве пасля нерасту.

Як правіла, у шкляных слоіках ікра мае тэрмін прыдатнасці да 9 месяцаў, у металічных — да года. Важны момант: тэрмін прыдатнасці на бляшанцы павінен быць выціснуты вонкі, а не ўнутр, інакш гэта падробка. Праверце, наколькі шчыльна закатаны слоік ці бляшанка. Вечка не павінна быць уздутым нават нязначна. Адваротнае сведчыць пра тое, што ў бляшанцы жыве і развіваецца небяспечная для здароўя мікрафлора.

— Што яшчэ важна?

— Від рыбы, нумар завода-вытворцы і змены, асартыментны знак «Ікра», індэкс рыбнай прамысловасці і наяўнасць іншых прадуктаў. Звычайна гэта соль і раслінны алей. Часам дадаюць кансерванты, якія падаўжаюць тэрмін захоўвання, — алергікам варта пазбягаць такога далікатэсу.

— Якія дадатковыя тонкасці дазволяць адрозніць падробку ад сапраўднай ікры?

— У слоіку павінна адсутнічаць вадкасць. Што да бляшанай непразрыстай тары, то можна патрэсці яе і прыслухацца: ці няма ўсярэдзіне вадкасці. Пах прадукту мусіць быць прыемным рыбным, але слабым. Моцны пах кажа пра тое, што ікра нясвежая ці штучна араматызаваная. Зачарпніце ікру лыжкай і разгледзьце: якасная ікра шчыльная, пругкая, рассыпістая і не склейваецца. Пра нізкую якасць сведчыць занадта слабая ці вельмі шчыльная абалонка ікрынак. Яны павінны быць аднолькавага колеру і памеру.

Ці ёсць карысць у «імітацыі»?

Рыбін тлушч — словазлучэнне, знаёмае кожнаму. Аднак сустракаюцца бляшанкі, на якіх напісана «рыбны тлушч». Розніца ўсяго ў дзве літары здаецца неістотнай, аднак рыбін тлушч часцей прадаецца як лекі з усімі складанасцямі ў рэгістрацыі сродку. Атрымліваюць яго выключна з печані рыб тлустых парод. У ім траціна сутачнай дозы вітамінаў А, D, ёду і жалеза. Для падрыхтоўкі харчовай дабаўкі — рыбнага тлушчу — перапрацоўваюць любых даступных рыб, а ў расход ідзе не толькі печань, але і ўсе вантробы цалкам. Вітамінаў у рыбным тлушчы ў дзясяткі разоў менш, але кіслаты амега-3, неабходнай для рухомасці суставаў і правільнай работы мозгу, там удвая больш.

Спачатку трыбух для рыбнага тлушчу вывальваюць у велізарную мясасечку і добра праварваюць. Але робяць гэта не ў каструлі на пліце, а пры дапамозе помпаў ганяюць фарш па трубах і апрацоўваюць з усіх бакоў гарачай парай. Прайшоўшы скрозь лабірынты труб, фарш ад нагрэву як бы распластоўваецца на ваду, тлушч і бялок. Затым трапляе ў велізарную пральную машыну, барабан якой круціцца з хуткасцю да дзвюх тысяч абаротаў у хвіліну, падзяляе гэтыя пласты. Ваду зліваюць у каналізацыю, рэшткі трыбухоў — у смецце, а вось каштоўны тлушч заліваюць у адмысловую ёмістасць. Гэты вытаплены рыбны тлушч у кантэйнерах вагой у тону раз'язджаецца па заводах. Вытворцы прызнаюцца: без фарбавальнікаў у псеўдаікорным бізнесе нікуды.

У асноўным выкарыстоўваюцца натуральныя фарбавальнікі. Гэта «кармін» (Е120), які атрымліваюць з насякомых, і фарбавальнік «папрыка» (Е160С) расліннага паходжання. У невялікай колькасці дадаюцца і сінтэтычныя фарбавальнікі, што забяспечваюць стабільнасць афарбоўкі падчас захоўвання.

Каб атрымалася ікра, рыбны булён змешваюць з альгінатам. Той як быццам наліпае на кроплі булёну, а далей гэты камячок боўтаецца па трубах, паралельна ахалоджваецца і застывае. Самае галоўнае — не перабраць, бо калі альгінату наліць занадта шмат, то ікрынкі будуць гумовыя, а калі мала — то ікра ператворыцца ў пюрэ.

Потым гэтыя шарыкі атрасаюць ад вязкага раствору і прамываюць. Аднак смак у гэтага вырабу пакуль адсутнічае. Каб імітацыя нагадвала натуральную ікру не толькі вонкава, але і па смаку, у яе дадаюць соль і розныя араматызатары.

Сумесь складаецца з солі, цукру і комплекснай харчовай дабаўкі, асноўным кампанентам якой з'яўляецца, напрыклад, сушаны экстракт з панцыра ракападобных. Гэта дазваляе ікры надаць смак натуральнага прадукту. Затым у ікру ўліваюць клейкую вадкасць: так і больш натуральна выглядае, і лягчэй мазаць на бутэрброд.

Але ёсць яшчэ адна хітрасць: на імітацыю ікры няма ніякіх ГОСТаў. Састаў застаецца на сумленні вытворцы. Таму некаторыя, каб сэканоміць, у такія слоікі наогул ніякага рыбінага тлушчу не дадаюць. І такі прадукт не вытрымлівае нагрэву. А значыць, на ўпакоўцы трэба ўчытвацца не толькі ў састаў, але і шукаць надпіс «пастэрызаваная».

Калі правільна выбраць бляшанку, то імітаваная ікра акажацца смачнай і карыснай. Галоўнае, каб вытворца сапраўды пазначаў, што гэтая ікра толькі «прыкідваецца» натуральнай. Інакш кажучы, гэта ўжо не імітацыя, а падробка.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Фардо больш няма». ЗША нанеслі ўдары па ядзерных аб'ектах у Іране21

«Фардо больш няма». ЗША нанеслі ўдары па ядзерных аб'ектах у Іране

Усе навіны →
Усе навіны

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер5

У Мінску прайшоў вялікі выпускны ФОТАРЭПАРТАЖ8

Кіраўнік палесцінскага падраздзялення КВІР забіты ў кватэры ў Іране

«Напісала CEO — праз два дні выдалілі з усіх сістэм». Беларуска 3 гады навучалася на курсах EPAM, але так і не атрымала працу24

Буйнога мінскага бізнэсмена, які займаўся вырабамі са шкла, пасадзілі за палітыку

Суд у Азербайджане вынес суровыя прысуды журналістам, якія расследавалі бізнэс сям’і Аліева2

Праз два тыдні беларусаў чакаюць чатыры запар выходныя

Людзі здзіўляюцца таму, што ў вёсках на Браслаўшчыне няма платоў. Чым гэта можна патлумачыць?3

Нябензя назваў расійскі «мемарандум» «найлепшай прапановай» для Кіева

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Фардо больш няма». ЗША нанеслі ўдары па ядзерных аб'ектах у Іране21

«Фардо больш няма». ЗША нанеслі ўдары па ядзерных аб'ектах у Іране

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць