Дасведчанага аўдытара пасадзілі за палітыку і дадалі ў спіс «тэрарыстаў»
Іван Каваленка больш за 20 гадоў працуе ў сферы аўдыту. Ён працаваў у кампаніях «вялікай чацвёркі» і з'яўляецца членам брытанскай асацыяцыі прысяжных бухгалтараў ACCA. Цяпер Іван за кратамі.

Івану Каваленку 51 год, ён з Бараўлянаў. У 1996 годзе скончыў лячэбны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Але ў медыцыне ён затрымаўся ненадоўга — адпрацаваўшы пяць гадоў, паступіў у Вышэйшую школу кіравання і бізнэсу пры Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік».
У 2001-м іван пачынае працаваць у сферы фінансаў. Сем гадоў адпрацаваў фінансавым менеджарам у кампаніі «СофтЛайн Бел». З 2009 па канец 2010 працаваў у кампаніі KPMG Audit, якая ўваходзіць у «вялікую чацвёрку» аўдытарскіх кампаніяў.
З 2011 па 2022 год мужчына працаваў у беларускім офісе кампаніі BDO, дзе дарос да партнёра і дырэктара па кансалтынгу. BDO — пятая па велічыні ў свеце аўдытарская сетка. Апошняе месца ягонай працы — кампанія Business Assurance, дзе ён быў партнёрам і кіраўніком напрамкаў менеджменту рызык і кантролю якасці.

У 2009 Іван стаў паўнавартасным чальцом ACCA — прэстыжнай арганізацыі, якая яднае спецыялістаў у сферы фінансаў, уліку і аўдыту па ўсім свеце. А ў 2014 годзе атрымаў тытул FCCA — ганаровага сябра арганізацыі. Такіх людзей у Беларусі некалькі дзясяткаў.
У 2013 годзе Каваленка прайшоў кваліфікацыю Міністэрства фінансаў на аўдытара і атрымаў атэстат. У тым жа годзе атрымаў пасведчанне Нацбанка пра тое, што можа быць аўдытарам у банках і небанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях. Удзельнічаў у шматлікіх прафесійных канферэнцыях.
Апошні раз Каваленка быў анлайн 8 месяцаў таму — у той час яго і затрымалі. Яго асудзілі ў 2025 годзе па двух артыкулах — «заклікі да прычынення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Івану пагражала ад 4 да 12 гадоў калоніі па першым з артыкулаў. 16 чэрвеня Каваленку ўключылі ў спіс «тэрарыстаў», які складае КДБ.
Цяпер Іван за кратамі. Дакладны прысуд і сутнасць абвінавачанняў невядомыя.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары